Cмерць за “Мужыцкую праўду”

Гісторыя

Cмерць за “Мужыцкую праўду”

Або чаму Міхаіл Мураўёў пастанавіў расстраляць Мацею Цюхну

31 кастрычніка 2019 а 16:23

Васіль Герасімчык

21 кастрычніка 1862 года ў вёсцы Войнаўцы Сакольcкага павета Гродзенскай губерні пабіліся два мужыкі, наступствы чаго праз некалькі месяцаў адчула на сабе ўся ваколіца.

Польскі сялянін. Крыніца: L’Illustration (1863).

Мясцовы селянін Іван Рабічка, вядомы запальчывым норавам, прыехаўшы на кірмаш у Адэльску, пасварыўся з Мацеем Цюхнам з вёскі Зубрыцы. Той, вяртаючыся праз Войнаўцы разам са знаёмым тутэйшым жыхаром Андрэем Банцковічам, вырашыў наведаць Рабічку, каб памірыцца. Але застолле перарасло ў сварку, пад час якой Іван парваў Мацею святочную світку і пагражаў забойствам.

Польскі сялянін. Крыніца: L’Illustration (1863).

У гэты час у Войнаўцах прысутнічаў міравы пасрэднік Церпалоўскі, які для вырашэння канфлікта звярнуўся па дапамогу да мясцовага землеўладальніка Цыдзіка. У выніку вінаватым быў прызнаны Іван Рабічка, прысуджаны да выплаты Цюхну паўтара рубля за парваную світку. У адваротным выпадку злачынцу пагражалі 20 удараў бізуном, якія, урэшце, праз месяц пасля нясплаты штрафа Рабічка і атрымаў.

Польскія сяляне. Крыніца: L’Illustration (1863).

31 снежня 1862 года ў вёску Войнаўцы Мінкавіцкай воласці прыбыў земскі іспраўнік Саколкі, які атрымаў паведамленне пра распаўсюджванне “каких-то враждебных правительству прокламаций”.

Пакрыўджаны селянін прыхаваў крыўду да зручнага моманту. І яго не давялося доўга чакаць: 31 снежня 1862 года ў вёску Войнаўцы Мінкавіцкай воласці прыбыў земскі іспраўнік Саколкі, які атрымаў паведамленне пра распаўсюджванне “каких-то враждебных правительству прокламаций”. На фоне чутак пра падрыхтоўку паўстання на землях колішняй Рэчы Паспалітай Рабічка адразу ўцяміў, як адпомсціць крыўдзіцелям. Ён перадаў іспраўніку два экзэмпляры пятага нумару “Мужыцкай праўды”, якая таемна распаўсюджвалася сярод тутэйшых сялян. На судзе 3 студзеня 1863 года Рабічка заявіў, што ў Войнаўцах дзейнічае цэлая таемная арганізацыя па падрыхтоўцы паўстання. Адзін з яе найважнейшых удзельнікаў – 44-гадовы Мацей Цюхна.

Мужыцкая праўда № 5.
Мужыцкая праўда № 5. Адваротны бок.

13 студзеня пад грыфам “сакрэтна” з Вільні ў Войнаўцы для высвятлення ўсіх абставін справы накіраваліся генерал-маёр Абрамовіч, якога Віленскі губернатар выкарыстоўваў для асаблівых даручэнняў, штабс-капітан корпуса жандармаў Шпэер і аўдзітар Малыгін. На новым допыце Рабічка змяніў першапачатковыя паказанні, адзначыўшы, што “Мужыцкую праўду” знайшоў не ўваткнутай у плот уласнай хаты, а атрымаў ад роднага брата Антона, якому, у сваю чаргу, яе перадаў часоваабавязаны селянін вёскі Гапелы Рыгор Баярчукоў.

Абрамовіч быў занепакоены такім шырокім арэалам ахопу сялян антыўрадавай літаратурай, таму звярнуўся да кіраўніцтва 2-га стралковага батальёна ў Саколцы з загадам накіраваць да яго вайсковыя падмацаванні. 24 студзеня ў мястэчка Адэльск выправіліся 40 чалавек на чале з прапаршчыкам Дзьякавым.

Жанчына таксама паведаміла, што людзі  збіраліся “для чтения и писания каких-то бумаг противу Правительства”.

У Саколцы распачала працу следчая камісія. У ліку яе першых зняволеных апынуліся арыштаваны па даносу Рабічкі Мацей Цюхна і 26-гадовы былы студэнт Пецябургскага ўніверсітэта Іосіф Горчак, паказанні супраць якога дала сваячка Рабічкі – Агата Садкоўская. Жанчына таксама паведаміла, што Горчак разам з пісарчуком з вёскі Зубрыцы Аляксандрам Паўловічам, яго братам фельчарам і шляхцічам Мікалаем Падвысоцкім збіраліся ў хаце селяніна вёскі Войнаўцы Ігната Маркевіча “для чтения и писания каких-то бумаг противу Правительства”. І нягледзячы на тое, што доказаў гэтаму не знайшлі, Горчака, які ў 1862 годзе ўдзельнічаў у студэнцкіх хваляванняў і два месяцы правёў у Кранштадскай крэпасці, адкуль быў сасланы пад нагляд паліцыі ў родную вёску Скарбляны, абвінавацілі ў іншым – укрывальніцтве збеглага Казіміра Станкевіча, які таксама падазраваўся ў распаўсюджванні “Мужыцкай праўды”.

Рабічка пайшоў яшчэ далей, назваўшы мэтаю збору ў хаце Маркевіча напісанне “Мужыцкай праўды”. Ён, сам неадукаваны, не ведаў розніцу паміж друкаваным і напісаным. Але ў следства гэта не выклікала пытанняў. Пытанні з’явіліся толькі тады, калі Рабічка абвінаваціў у саўдзеле ў распаўсюджванні антыўрадавых паперак і падбухторванні да ўдзелу ў паўстанні міравога пасярэдніка Цярпілоўскага і памешчыка Льва Антонавіча Цыдзіка.

Абрамовіч выявіў у паказаннях 33-гадовага неадукаванага каталіка Івана Юр’ева Рабічкі шэраг недакладнасцяў і відавочных скажэнняў. Напрыклад, Рабічка сказаў, што ніколі не трапляўся ў поле зроку мясцовай паліцыі. Але яшчэ ў 1861 годзе ён быў схоплены аканомам маёнтка Войнаўцы Падвысоцкім пры патраве панскай жывёлы і нават пабіўся з ім. Але памешчык Цыдзік не рашыўся даць далейшы ход справе, нават пасля таго, як Рабічка паспрабаваў уступіць у новую бойку з Падвысоцкім.

У справу ўмяшаўся асабіста віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў.

На падставе атрыманых звестак Абрамовіч арыштаваў самога Рабічку. Але ў справу ўмяшаўся асабіста віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў. Нягледзячы на выкрытае махлярства Рабічкі, таго было загадана вызваліць ад далейшай крымінальнай адказнасці, паколькі ён назваў прозвішчы многіх з тых, хто ў сакавіку-красавіку 1863 гадоў далучыўся да паўстання.

Урэшце, Мацей Цюхна быў абвінавачаны ў распаўсюджванні сярод аднавяскоўцаў “Мужыцкай праўды”, угаворванні іх стварыць таемную арганізацыю і не даваць рэкрутаў у царскае войска. Ён гаварыў сялянам, што ў Варшаве ўжо шмат нарыхтавана зброі і адзежы для будучага паўстання, якое пачнецца вясною з выступлення памешчыкаў і шляхты. Маёмасць тых жа, хто не далучыцца да паўстання будзе спаленая, а яны самыя будуць парубаныя сякерамі. Аднойчы на пярэчанне селяніна Свідэрскага “Посмотрим чья сила возьмет”, Цюхна адазваўся: “Я сам, один, вас десятерых своею рукою побью”.

Таксама ён запэўніваў, што імператара Аляксандра ІІ падстрэліў нейкі рускі і таму цар выехаў на лячэнне за мяжу. Гэтыя звесткі хадзілі па ўсёй ваколіцы. Напрыклад, у вёсцы Номікі іх распавядаў Матэвуш Вароніч, а жыхар той жа вёскі Мацей Шкута гаварыў, што ў Войнаўцах ужо створана змова не даваць рэкрутаў і сяляне рыхтуюцца ісці ў паўстанне.

У выніку па даносе Рабічкі былі арыштаваныя таксама сяляне Андрэй Шкута з в. Номікі і Рыгор Гурскі з вёскі Мінькаўцы.

За распаўсюджванне чутак пра падрыхтоўку паўстання і нарыхтоўку ў Варшаве рознай зброі і адзення для паўстанцаў па даносе сяброўкі Антаніны Аброжы шэсць тыдняў за кратамі правяла сялянка Каміла Марцэлевіч, якая так і не прызналася ў злачынстве і не данесла на селяніна Ігната Маркевіча, у якога служыла, пра таемныя начныя сходы ў яго хаце.

Што тычыцца Мацея Цюхны, то 24 мая па рашэнні Міхаіла Мураўёва ён быў прыгавораны да расстрэла, які павінен быў адбыцца ў Гродне. Аднак напачатку лета яго перавялі ў Саколку, дзе 6 (18) чэрвеня 1863 года ў 10 гадзін раніцы на плошчы побач з Беластоцкай заставай ён і быў пакараны смерцю.

Рабічка ж працягваў дапамагаць расійскім уладам. 22 жніўня студэнту Горчаку быў зачытаны прысуд і ён быў накіраваны ў ссылку ў Пермскую губерню. Іншага ворага Рабічкі, аканома Падвысоцкага адправілі ў ссылку ў Пензенскую губерню. У далейшым Рабічка заняўся вымагальніцтвам грошай, пагражаючы палітычным даносам тым, хто адмовіцца плаціць. Урэшце, 10 траўня 1864 года, Рабічка быў арыштаваны. Аднак дзякуючы яму царскія ўлады саслалі ў Сібір дзясяткі чалавек і расстралялі селяніна Мацею Цюхну.