Рэха выстралаў у Забайкаллі

Меркаваньні

Рэха выстралаў у Забайкаллі

13 лістапада 2019 а 16:04

Андрэй Вашкевіч

Калі чытаў навіну пры тое, што расійскі салдат-татарын забіў восем сваіх саслужыўцаў, бо тыя хацелі яго згвалціць – дык мяне не пакідала думка – усё гэта ўжо было, усё гэта я ўжо недзе і некалі чуў і бачыў.

Пасля ўсё такі згадаў адзін з самых страшных фільмаў свайго дзяцінства – “Каравул” Аляксандра Рагожкіна, які паўпываў на мяне хіба што не менш, чым “Ідзі і глядзі” Элема Клімава. У фільме радавы Андрэй Іверэнь забівае сваіх саслужыўцаў, разам з якімі вязе эшалон са зняволенымі.

У таго, савецкага яшчэ фільма, была рэальная перадгісторыя, - у 1987 годзе ваеннаслужачы савецкай арміі Артурас Сакалаўскас застрэліў восем чалавек – сем сваіх саслужыўцаў і правадніка спецвагона. Сакалаўскаса затрымалі, пад час следства выявіліся брутальныя падрабязнасці гвалту над ім “дзядоў”, якія, дарэчы, пацвердзілі і адшуканыя следчымі зэкі з таго спецвагона.

У турме Сакалаўскас пачаў патроху траціць розум, яго ў выніку так і не судзілі і, пасля некалькіх гадоў прымусовага лячэння, выдалі незалежнай ужо Літве, бо сотні тысяч літоўцаў падпісаліся пад патрабаваннем вярнуць на Радзіму свайго земляка. У Літве след Сакалаўскаса згубіўся, але тыя, хто сустракаліся з ім – сведчаць – сціплы інтэлігентны літоўскі хлопец так і не змог вянуцца да нармальнага жыцця. 

А цяпер жудаснае крывавае паўтарэнне той самай гісторыі, нават забітых столькі ж. І такое ж самае адмаўленне сапраўдных прычын трагедыі, тады літоўца хацелі ад самага пачатку абвесціць хворым параноікам, а цяпер татарына робяць чалавекам, які “перагуляў” у кампутарныя гульні. Відавочна, што ў сучаснай расійскай арміі, якая з гонарам аб’яўляе сваю пераемнасць з арміяй савецкай, у стаўленні да людзей змянілася вельмі мала.

Магчыма нехта згадае тут справу беларускага вайскоўца Паўла Коржыча і нават скажа, што беларускае войска ў плане дзедаўшчыны мала чым адрозніваецца аб расійскага. Але на тыя словы адкажу катэгарычна – гэта не так.

І беларускія ўлады і вайсковае кіраўніцтва аказаліся здольнымі адпаведна адрэагаваць на нашу трагедыю.

Пасля “справы Коржыча” беларускія казармы былі насычаны камерамі, радавым раз на два-тры дні выдаюць мабільныя тэлефоны, каб яны маглі пазваніць бацькам, раз на месяц з бацькамі сазвоньваюцца камандзіры ўзвадоў, хаця б раз але абавязкова пазвоніць камандзір роты ці нават батальёна. Мой блізкі сваяк, які паўтара года праслужыў у войску ў 2017-2019 гг. штораз паўтарае, што ніякіх намёкаў на “дзедаўшчыну” не было нават блізка.

Не скажу, што з неўстаўнымі адносінамі ў Беларусі войску скончана, але сітуацыя ў нас і ў Расіі – гэта неба і зямля!

А цяпер самае важнае. Літоўскі рэжысёр, які здымаў дакументальны фільм пра “справу Сакалаўскаса”, успамінаў, што пабываў у вясковай школе, дзе вучыўся адзін з забітых літоўскім радавым “дзядоў”. Ён згадаваў, што здымак гэтага “дзеда” вісеў у школе на сцяне, разам са здымкам аднавяскоўца, які загінуў у Афганістане. Маўляў, ахвяру Сакалаўскаса таксама забілі “пры выкананні вайсковага абавязку”.

Што ж, магчыма і здымкі тых, хто некалькі дзён таму быў забіты саслужыўцам у Забайкаллі, з’явяцца ў расійскіх школах каля здымкаў тых землякоў, якія загінулі недзе ў Сірыі, на Данбасе, у Грузіі ці Бог ведае дзе яшчэ – куды сягаюць геапалітычныя інтарэсы нашага старэйшага брата.

Нас, беларусаў, амаль трыццаць гадоў ужо няма ў расійскай арміі і мы не ўдзельнічаем у глабальнай вайне, якую Расея вядзе бясконца. Толькі з экранаў тэлевізараў мы бачылі Грозны ў 1995-м, Грузію ў 2008-м, Ілавайск у 2014-м і сірыйскі Ідліб у 2018-м. І мы, беларусы, маглі вельмі па-рознаму думаць пра тое, перажываць, спачуваць ці гневацца, але ў душы добра ўсведамляць адно – нашых хлопцаў там, дзякуй Богу няма. І не будзе пакуль ёсць незалежная Беларусь.

Важна разумець, што адсутнасць у шэрагах расійскай арміі мільёнаў беларусаў і ўкраінцаў фантастычна падарвала яе патэнцыял.

Тое самае тычыцца грузінаў, казахаў і іншых прадстаўнікоў рэспублік былога СССР, але асабліва беларусаў і ўкраінцаў. Бо тыя на шматлікіх “чужых для Беларусі войнах”,

як выказаўся прэзідэнт рэспублікі Аляксандр Лукашэнка, разам складалі добрую траціну жаўнераў, якія гінулі пад Барадзіном, гнілі ў акопах пад Баранавічамі ці назаўжды прапалі ў балотах Усходняй Прусіі.

Нездарма Дз.Мядзведзеў так балюча адрэагаваў на цалкам справядлівае выказванне прэзідэнта Беларусі пра “чужыя войны”. У Расіі добра разумеюць – вытрывалых, разумных ды паслухмяных украінцаў і беларусаў не заменіш вясёлымі чачэнскімі “спецназаўцамі” ці “бурацкімі танкістамі”, якія, дэкларуючы вернасць Маскве, даўно паглядаюць у іншыя бакі.

Адным словам – глабальнай расійскай геапалітычнай вайне вельмі патрэбнае беларускае "гарматнае мяса" і толькі існаванне незалежнай Беларусі, умацаванне яе самастойнасці – важнейшая гарантыя таго, што беларусы не будуць удзельнічаць у чужых войнах.

Вам можа спадабацца