Робім навуку разам: красуня і пачвара

Меркаваньні

Робім навуку разам: красуня і пачвара

13 лістапада 2019 а 18:11

Анатоль Шымшонак

Прыемна часам пачытаць нешта эзатэрычнае.

Трапіў мне ў рукі адзін расійскі артыкул пра ранні перыяд напалеонаўскіх войнаў, як яны выглядалі ў жывапісе Луі-Франсуа Лежэна. Лежэн напісаў карціны “Бітва пры Марэнга”, “Бітва пад Ладзі”, “Бітва ля Фаворскай гары” і іншыя. У 1792 годзе падчас вайны з Аўстрыяй мастак падаўся дабраахвотнікам у так званую “мастацкую роту”.

У роце служылі скульптары і жывапісцы, першую бівачную ноч рота правяла... ў галерэі Луўра. Начаваць у музеі, праўда, забаўна?

У бітве пад Марэнга Лежэн удзельнічаў непасрэдна, і ён сам ёсць на карціне. У мемуарах ён зафіксаваў, што ў баталіі ён быў амаль ва ўсіх месцах, а па заканчэнні бою зрабіў тапаграфічную здымку

У артыкуле пастаўлена мэта прааналізаваць жывапіс Лежэна як гістарычную крыніцу.

Аказалася, што аўтар на сваіх карцінах часам сумяшчаў сцэны, якія адбываліся неадначасова. Напрыклад, падчас бою пры Марэнга генерал Дэзэ быў упаў, забіты; бачачы гэта, французы разгубіліся... Сітуацыю ўратаваў генерал Келерман, які праз некалькі хвілін атакаваў аўстрыйцаў. На карціне відаць і падзенне з каня Дэзэ, і тое, як кавалерысты Келермана ўразаюцца ў аўстрыйскі шыхт. У гэты ж момант мастак не мог бачыць, як французская кавалерыя бярэ ў палон аўстрыйскага генерала Цаха, бо гэта адбылося яшчэ праз колькі часу.

Амаль усе персанажы пярэдняга плану карціны “Бой пры Марэнга” спісаны з канкрэтных афіцэраў. Так, артылерыяй кіруе такі а такі капітан. Побач з Берцье яго ад’ютанты -- такі, такі і сякі, а таксама яго брат. І партрэт гэтага брата, і партрэт палкоўніка такога а такога, якому дапамагаюць зняць экіпіроўку з забітага каня, надзвычай дакладныя.

У творах Лежэна ёсць зрухі не толькі ў часе, але і ў месцы. Келерман атакаваў аўстрыйцаў з левага флангу, а на карціне ён атакуе справа. Гэта абумоўлена мастацкімі задачамі, якія ставіў перад сабой мастак.

За аснову свайго скончанага ў 1808 годзе твора “Бітва пад Ладзі” (адбылася ў 1796 годзе) Лежэн  узяў рысунак іншага мастака. Кампазіцыі абодвух твораў ідэнтычныя, Лежэн толькі трохі змяніў размяшчэнне фігур на першым плане. Акрамя таго, уніформа ваяк на карціне не зусім тая, якую насілі ў 1796 годзе. На шчасце, пішацца ў артыкуле, гледачу гэта амаль незаўважна. У астатнім гэта “вельмі дакладнае” сведчанне аднаго з самых яркіх эпізодаў італьянскай кампаніі Напалеона.

Праўдзівасць у творах Лежэна, сцвярджаецца ў артыкуле, ні ў якім выпадку не пацярпела.

Вось да чаго дайшла сучасная расійская гістарычная навука! Аўтары ўмеюць прааналізаваць партрэтнае падабенства з рэальнымі асобамі ў французскіх батальных палотнах двухвекавой даўнасці, на якіх паказаны дзесяткі, калі не сотні людзей. Могуць убачыць нават дробныя змены ў абмундзіроўцы, якія адбыліся на працягу кароткага часу.

Але я тут не захапляюся, а іранізую.

Тое, што ў батальных карцінах часта паказваецца не імгненна-дакладная, а акумуляваная гісторыя, добра вядома. Аўтары пішуць, што пра Лежэна ў расійскай гістарыяграфіі няма спецыяльных прац. Але, як можам здагадацца, спецыяльныя працы ёсць у французскай гістарыяграфіі. Здагадлівасць нам будзе нялішняй, бо ў артыкуле пішацца, што пра Лежэна-мастака існуе толькі адно французскае даследаванне 2012 года.

Як жа так? Лежэн быў выдатным мастаком і генералам, мае некалькі дзесяткаў твораў, выстаўляўся, ужо ў маладыя гады яму прадказвалі славу жывапісца (у артыкуле пра ўсё гэта напісана) – а французы ўспомнілі пра яго толькі праз дзвесце гадоў?

Неверагодна! І любы некалькіхвілінны пошук любога неспецыяліста ў французскім жывапісе пачатку ХІХ стагоддзя пацвярджае, што гэта сапраўды так.

Дарэчы (пра гэта ў артыкуле не ўпамінаецца), тое адзінае спецыяльнае французскае даследаванне пра Лежэна складаецца з 280-ці старонак, і выканана яно пад кіраўніцтвам аўтара, які да таго меў некалькі публікацый пра Лежэна.

Артыкул надрукаваны ў навуковым часопісе. Пры ім ёсць ключавыя словы, рэзюмэ, спіс літаратуры на дзвюх мовах, робяцца спасылкі, прыточаны ілюстрацыі, стыль выкладання пераважна навуковы. Асобна ў артыкуле гаворыцца пра яго навізну.

Мы прывыклі думаць, што ў навуковых часопісах друкуюцца ўнікальныя артыкулы з новымі навуковымі вынікамі. Калі нехта ў навуковым артыкуле карыстаецца вынікамі чужых прац, то ў такіх выпадках прынята рабіць спасылкі на гэтыя працы. У нашым артыкуле гэтага часам няма. Гэтых спасылак няма таму, што многія публікацыі па тэме не ўлічаны, то як бы і няма на што спасылацца. Гэта развязвае рукі нядобрасумленным аўтарам. Навошта асабліва цырымоніцца з карэктнасцю, калі можна “творча” пераказаць чытачу ўжо вядомыя французскай навуцы веды? Навукова не этычна, затое можа быць прадуктыўна з пункту гледжання руху па шляху да навуковай ступені.

...Той, хто не паленаваўся зазірнуць у першую спасылку, ведае, што тут ідзе гаворка пра публікацыю не звычайнага аўтара. Артыкул “Ранний период Наполеоновских войн глазами художника и воина Луи-Франсуа Лежена” надрукавалі пецярбургскія гісторыкі,  дацэнт-рэканструктар Сакалоў і нябожчыца, аспірантка Ешчанка. Так-так, тыя самыя, якія... Відаць, артыкул напісала аспірантка, а яе кіраўнік паслужыў “паравозікам” для здзяйснення публікацыі. У гэты момант выкладзеныя тут меркаванні як бы не істотныя, цяпер з увагі на ўчыненае злачынства найважней іншае...

І ўсё ж яны маюць значэнне. Для асэнсавання таго, як у нас (няхай: не ў нас, а ў Расіі, але ж...) часам можа прадукавацца навука. Без захавання этычных нормаў. І таго, што ў гэтым прадукаванні, бывае, могуць удзельнічаць як пажылыя шматвопытныя пачвары мужчынскага полу, так і малодзенькія сціпленькія правінцыйныя красуні. 

Вам можа спадабацца