Схаваныя сэнсы маласэнсоўнай кампаніі

Палітыка

Схаваныя сэнсы маласэнсоўнай кампаніі

Паслоўе да парламенцкіх выбараў 2019

17 лістапада 2019 а 11:07

Валер Булгакаў

Экспертныя ацэнкі ў дачыненні да парламенцкіх выбараў 2019 у цэлым зводзіліся да іх руціннасці і прадказальнасьці. Увага звярталася на знешні антураж, напрыклад, грошы і маёмасць, якія задэкляравалі кандыдаты ў дэпутаты. Так, палітолаг Андрэй Казакевіч быў уражаны даходамі аднага з кандыдатаў у дэпутаты, якія мае шанцы сёння стаць народным абраннікам.

Як і раней, эксперты гаварылі пра пагрозы, якія зыходзяць з Расіі, пра няздольнасць рэжыму рэфармавацца, пра амбівалентную пазіцыю Захаду, і г.д.

Ніжэй я хацеў бы спыніцца на тым, пра што толкам не пагаварылі, і пару рэчаў прагаварыць.

Лукашэнка сур'ёзна хворы і лечыцца

Злівы пра сур'ёзную хваробу Аляксандра Лукашэнкі пачаліся задоўга да дня галасавання 17 лістапада.

Ужо на пачатку кастрычніка вядомая грамадская дзяячка Вольга Карач размясціла інфармацыю, што, магчыма, Лукашэнка сур'ёзна захварэў.

Але цэлую медыйную хвалю падняла паведамленне блогера Нексты праз месяц, што цяжка хворы Лукашэнка паехаў у Эміраты, каб палячыцца там у клініцы Burjeel Hospital

Тут выбарка навінавых загалоўках усяго за пару дзён:

Неўзабаве пасля апошняга зліву Лукашэнка адведаў Аўстрыю, і нічога не паказвала на яго "смяротную стому".

Лукашэнка ў Аўстрыі.

То ці была цяжкая-цяжкая хвароба? Пакуль грамадству не прад'яўлены жалезныя аргументы "за", трэба меркаваць, што такой хваробы не было, а саму гэтую гісторыю ўспрымаць як элемент выбарчай драматургіі.

Выбары ў Беларусі -- гэта амаль вайсковая апэрацыя, дзе захады па маскіроўцы і дэзарыентацыі палітычнага праціўніка сумяшчаюцца з кропкавымі ўдарамі, якія дазваляюць адчуць рэальны сілавы сцэнар гэтай падзеі.

Чаму ў Анісім з Канапацкай не выйшла, а ў Марзалюка выйдзе

Адной з сюжэтных ліній выбарчай кампаніі была рашэнне дэпутатак Палаты Прадстаўнікоў 6 склікання Алены Анісім і Алы Канапацкай балаватацца ў Палату Прадстаўнікоў наступнага склікання, і крах іх амбіцый на этапе рэгістрацыі ўчастковымі камісіямі.

Падзялюся і сваімі меркаваннямі, чаму так сталася.

Статус палітыка ў нашай краіне мала залежыць ад амбіцый той ці іншай асобы. Пры чым гэта тычыцца не толькі ў цэлым лаяльных дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў, але і дзеячоў дэмакратычнай апазіцыі. Мне часам здаецца, што беспрэцэдэнтны размах рэпрэсій пасля падзеяў на Плошчы 19 снежня 2010 быў таксама звязаны з непрыхаванымі амбіцыямі часткі кандыдатаў у прэзідэнты разжыцца  палітычным капіталам на адну-другую пяцігодку наперад.

Іначай навошта было так жорстка гнабіць, напрыклад, Алеся Міхалевіча.

Таму ў сістэме, дзе статусы даруюцца зверху, а не здабываюцца па ўласнай ініцыятыве, Анісім з Канапацкай нічога не свяціла. Будзем шчырымі: пераабранне ў наступны склад Палаты Прадстаўнікоў магчымае толькі за асаблівыя заслугі перад айчынай (=прэзідэнтам).

Казус Марзалюка цікавы, аднак, тым, што ў ім прысутнічаюць і "заслугі перад айчынай", і відавочная ўласная ініцыятыва.

Марзалюк пазіцыянуе сябе не толькі як дзяржаўнага дзеяча, але і вулічнага байца.

Сустракаецца з людзьмі.

Во тут ён пяе песню "Мой путь ваш выбор":

А тут ён як інсайдэр "злівае" па-беларуску інфармацыю пра падрыхтоўку 17 варыянтаў новай Канстытуцыі.

Учора паявілася інфармацыя, што на выбарчым участку, дзе балатуецца Марзалюк, неўстаноўленыя асобы пачалі брутальную контрагітацыю.

Навошта ўвесь гэты цырк на дроце, калі доўгі час галоўнай запаведдзю дэпутата Палаты Прадстаўнікоў было "сядзі ціха -- не будзі ліха"?

Магчыма, перад намі якасна новая з'ява ў палітычным жыцці Беларусі: санкцыяваны на самым версе кастынг на статус "пераемніка Лукашэнкі". І тут мала быць вопытным апаратным гульцом, вітаецца здольнасць не тушавацца перад публікай, і наагул працаваць з масамі.

Ускосным аргументам "за" гэтае тлумачэнне служыць тая акалічнасць, што

кар'ера адыёзнага ў вачах шэрагу грамадзян міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча нядаўна была пахаваная менавіта ў Магілёве (рэгіёне паходжання і Лукашэнкі, і Марзалюка).

Марзалюк быў адным з публічных спікераў падчас разгортвання гісторыі самагубства Яўгена Патаповіча. Ён нават прызнаваўся, што асабіста ведаў нябожчыка. Саму гэтую заяву можна інтэрпрэтаваць на карысць таго, што Марзалюк меў нефармальны статус "смотрящего" за сілавымі органамі ў рэгіёне (калі, натуральна, Патаповіч не быў хлопцам з яго двара).

Хоць Шуневіч і блізка не меціў у пераемнікі, яго адстаўка непазбежна пахіснула баланс сіл і ўплываў у сілавых структурах і шырэй у апараце ўлады. Дарэчы, і сама кадравая палітыка Лукашэнкі ў дачыненні сілавікоў (з пункту гледжання рэгіёнаў іх паходжання) накіраваная на прадухіленне кланавасці і кансалідацыі іх асяроддзя. Таму прынамсі для знешняга назіральніка Юрый Караеў, Валерый Вакульчык і Андрэй Раўкоў не выглядаюць групай, здольнай эфектыўна лабіраваць свае інтарэсы, якія выходзяць за рамкі профільнай, ведамаснай дзейнасці.

Ці ёсць ва ўладаў стратэгія?

Алесь Пашкевіч, мой шматгадовы супрацоўнік па часопісе "ARCHE", любіць паўтараць, што Лукашэнка мысліць тактычна, і не здольны ўзняцца да стратэгічнага ўроўню. Як на мяне, гэтаму меркаванню супярэчыць у цэлым беспраблемнае 25-гадовае ўтрыманне  Лукашэнкі пры ўладзе. Для гэтага мэтаскіравана выкарыстоўваўся цэлы набор метадаў з галіны культуры, ідэнтычнасці, эканомікі, дзяржаўнага кіравання, і г.д.

Ды й цяпер нішто не паказвае, што сёлета адбудзецца крызіс створанай Лукашэнкам сістэмы і ў краіне настане рэвалюцыйная сітуацыя.

Але Лукашэнка пражыў ужо столькі, колькі жыве сярэднестатыстычны мужчына-беларус за цэлае жыццё.

У 2020 годзе Лукашэнка будзе пераабраны на адзін з апошніх тэрмінаў (і не важна, якім дакладна будзе гэты тэрмін -- апошнім, перадапошнім, ці трэцім з канца).

Ніхто  дакладна не скажа, калі наступіць той момант, калі Лукашэнка па стане здароўя ня зможа рэальна кіраваць краінай, але гэты момант няўхільна набліжаецца.

ВІдаць, на самым версе рызыкі ад палітычнай рэформы ўспрымаюць меншым злом, чым  рызыкі краху сістэмы ад бяздзеяння цяпер і страты кіраванасці заўтра. Адсюль і ўвесь "кастынг". І далёка не факт, што Марзалюк выйдзе яго пераможцам.

Вам можа спадабацца