Час страчаны, мінулы, цяперашні

Меркаваньні

Час страчаны, мінулы, цяперашні

20 лістапада 2019 а 17:46

Сяргей Грунтоў

У нядзелю можна было прачытаць і пачуць словы пра тое, што чарговы твой знаёмы не пайшоў на выбары, каб не траціць час. Дэкларатыўнасць гэтага не-дзеяння кідалася ў вочы і парадаксальным чынам усведамлялася як учынак. Прычыны гэтага ў бягучай сітуацыі, здаецца, для большасці відавочныя і не раз прамоўленыя, артыкуляваныя ў публіцыстычных тэкстах і абыдзёных размовах. Цікавей тут звянуць увагу на час і перажыванне часу, якое ўзнікае ў такіх сітуацыях. Назваўшы гэтую тэму, мы павінны прайсці ў нашых разважанняк паміж Сцылай і Харыбдай крайняй аб’ектыўнасці (час як уніфікаваная фізічная дадзенасць) і крайняй суб’ектыўнасці (кожны перажывае і адчувае яго вельмі індывідуальна).

Давядзецца казаць пра сацыяльны час як уласнае перажыванне і дапускаць, што яно не ўнікальнае і зразумелае іншым людзям наўкол. Мяркую, тут многім з нас даводзіцца сутыкацца з цікавым і не вельмі прыемным феноменам – адчуваннем страчанага часу, якое ўзнікае кожны раз, калі актывізуецца палітычнае жыццё ў краіне. Ні ўдзел у выбарах, ні ігнараванне іх не дапамагаюць пазбавіцца ад гэтага адчування. Сітуацыю немагчыма патлумачыць і адным толькі перажываннем абсурднасці, якая вядзе да абясцэньвання зместаў, якія павінны гэты час насычаць. Апынуўшыся на доўгім і бяздарным спектаклі, які нязручна пакінуць, ці ў чаканні ў аэрапорце рэйсу, які моцна затрымліваецца, мы адчуваем нуду, але не такое вострае перажыванне беcсэнсоўна страчанага часу.

На мой погляд, сапраўднай прычынай гэтага з’яўляецца культурна засвоеная звычка ўспрымаць час цяперашні як час мінулы. Сыходзячы ва ўнутраную эміграцыю ў той ці іншай форме, мы ў тым ліку трапляем і ў іншы тэмпаральны рэжым. Бягучы час і яго падзеі звыкла ўспрымаць з перспектывы ўяўнай будучыні, якой трэба толькі дачакацца. Оптыка такога позірку на наша цяперашняе супадае з оптыкай успрыняцця познесавецкага рэжыму. Мы глядзім на яго з іншага боку катастрофы, якая скончыла ягонае існаванне. Прытым падзеяй тут з’яўляецца толькі сітуацыя катастрофы, распаду, і тое, што ўбудоўваецца ў яе логіку - пачатак Перабудовы, Чарнобыль і інш. Па той бок знаходзіцца ўмоўная “вечнасць”, савецкі лад, застой. Тое, што Аляксей Юрчак так удала схапіў у назве сваёй вядомай кнігі “Гэта было назаўжды, пакуль не скончылася”.

Перажыванне часу як цяпершняга завершанага мае татальны характар навыка, засвоенага ад доўгага пражывання ў Беларусі. Выбары прыводзяць толькі да абвастрэння гэтай хранічнай хваробы, таму што становяцца нагодай артыкуляцыі ўсё тых жа абарончых стратэгій. Гэта прызнанне паразы на першым – і зноў такі, гістарычна добра вядомым рубяжы – умоўнага часу: калі б, маглі бы, зрабілі б. Варта звярнуць увагу на допісы і каментары з нагоды мінулых выбараў, каб заўважыць, як рэдка гэта моўная форма ўжываецца сёння. Песімістычная прагматыка, што расце з досведу мінулых гадоў і дзесяцігоддзяў, прыводзіць да самацэнзуры, якая стрымлівае нас у мысленні ў гэтых катэгорыях. Наша сённяшняе “калі б” не належыць цяперашняму часу, яно таксама змешчана ў будучым, надзейна схавана за рэдутамі новай мяжы ўнутранай эміграцыі.

Уяўнае ці не, падабенства сённяшняй эпохі “стабільнасці” да савецкай эпохі “застоя” толькі часкткова тлумачыць такую оптыку ўспрыняцця часу. Другая прычына заключаецца ў звычцы ўспрымаць гістарычнае развіццё як лінейны працэс – хай і насуперак фактам. Згодна з ёю, ёсць нейкі агульны напрамак развіцця еўрапейскіх краін, і адхіленні ад яго – гэта дэвіяцыя, адставанне, якое давядзецца наганяць. Пакінуўшы ў баку абмеркаванне самаго гэтага тэзісу, адзначу, што ў такой перспектыве Беларусь успрымаецца як неда-Польшча, Літва, Еўропа. Цяперашняе гэтых краін – гэта будучыня Беларусі (а калі не, то і ніякай будучыні няма – адно знікненне нацыі, паглынанне Расія і так далей). Адпаведна, з перспектывы чужога цяперашняга наша сённяшнее лёгка ўспрыняць як састарэлае, ужо мінулае. У адной з маіх любімых цытат з Анджэя Стасюка ён схоплівае гэта адчуванне так, калі піша пра Усходнюю Еўропу 90-х гадоў: “Будучыня прыходзіць сюды як паветра, якім ужо нехта дыхаў”.

Мала сумневу, што такія часавыя змяшчэнні з’яўляюцца шкоднымі і для пражывання ўласных жыццяў і для жыцця краіны, як бы пафасна апошняе не гучала. Усведамленне гэтага можа быць першым крокам да вяртання сабе цяперашняга часу. Што да будучыні, то некалі Аўрэлій Аўгусцін у знакамітым пасажы адзначыў, што будучыня – гэта толькі нашы надзеі, спадзяванні на яе. Верагодна, адчуванне безнадзейнасці, якое так часта абвастраецца ў нас з-за судакранання з палітычнай сферай, вядзе да зменаў ва ўспрыняцці часу і такіх лёгкіх змяшчэнняў у ім. Здаецца, і тут іншага выйсця няма, як паслядоўна вучыцца спадзявацца і вяртаць сабе надзею.

А іначай нам застанецца толькі замкнуцца ў пастцы ўласнай рэтраспектыўнасці і загаворваць дэманаў часу старым лацінскім заклёнам: plusquamperfectum, plusquamperfectum!..