Халакост, гендар і LGBT-правы

Меркаваньні

Халакост, гендар і LGBT-правы

Або чаму месца Беларусі -- паміж Башкірыяй і Чувашыяй

23 лістапада 2019 а 09:58

Валер Булгакаў

Мяркую, што першай рэакцыяй на такі загаловак будзе шчырае нездаўменне: "Што за недарэчнае супастаўленне?" Што можа быць супольнага паміж Халакостам, гендарам і LGBT-рухам? Вы там ужо зусім з глуздоў з'ехалі?

Так, гэта рэчы не аднаго парадку, іх нельга мераць адной меркай. Але ёсць адна акалічнасць, якія ўсё такі дазваляе іх паставіць у адзін шэраг: гэта медыйныя канструкты, створаныя на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны. З цяперашнім сэнсавым напаўненнем яны былі фактычна невядомыя на тэрыторыі СССР да моманту яго распаду.

Мову не падманеш: усе тры словы -- непасрэдныя запазычанні з ангельскай, прычым апошняе з шэрагу часам і дагэтуль пішацца лацінскімі літарамі, што ясна паказвае кірунак культурнага імпарту.

Далей пачынаюцца адрозненні.

Халакост -- рэальная гістарычная падзея, адной з асноўных арэнаў якой была Беларусь. У  1941-1945 у Еўропе, акупаванай нацысцкай Германіяй, было знішчана каля 6 млн. яўрэяў -- дзве траціны яўрэйскага насельніцтва еўрапейскага кантыненту.

Пэўная частка яўрэяў была дэпартаваная з Заходняй Еўропы ў Беларусь, і тут пайшла з жыцця. Вынішчалася і аўтахтоннае яўрэйскае насельніцтва Беларусі. Паводле нямецкага гісторыка Аляксандра Бракеля, толькі на на тэрыторыі Баранавіцкага гебітскамісарыяту было знішчана каля 20 тыс. яўрэяў.

Але Халакост не ўнікальная гістарычная падзея. Унікальнай яе рабіць іншыя акалічнасці.

Халакост -- гэта найлепш задакументаваная і вывучаная падзея, звязаная з масавым забойствам людзей адной нацыянальнасці.

І, адпаведна, гэта найбольш увекавечаная (у мэмарыяльнай культуры і публічнай прасторы) падзея масавага забойства людзей адной нацыянальнасці -- у выглядзе манументаў, дзякуючы музеям, пры дапамозе навуковых цэнтраў, а таксама несупыннай плыні медыйнай прадукцыі.

Расстрэл партызанамі атрада Туўі Бельскага экіпажа нямецкага танка ў Налібоцкай пушчы.
Кадр з фільма  "Defiance" (2008).

Пра тое, што масавае вынішчэнне яўрэяў уладамі нацысцкай Германіі не было ўнікальнай падзеяй у гісторыі XX ст., таксама найлепш сведчыць мова.

Сам тэрмін "генацыд", уведзены ўраджэнцам Беларусі Рафаэлем (Рафалам) Лемкіным у 1943, спачатку выкарыстоўваўся для апісання масавага вынішчэння армян у Асманскай імперыі ў 1914-1918 г.  Тады было вынішчана каля 1.4 млн з 1.7 млн армян, якія пражывалі ў гэтай дзяржаве, г.зн. працэнт ахвяр сярод тагачаснага армянскага насельцтва быў большы, чым сярод яўрэяў на тэрыторыі, акупаванай Германіяй падчас апошняй вайны.

У ходзе развязанага савецкімі ўладамі Галадамору  ў савецкай Украіне ў 1932-1933 г. памерлі да 12 млн. украінцаў (усё насельніцтва якой, паводле перапісу 1937 г., складала 28 млн. чалавек).

Цягам генацыду ў Руандзе (красавік-ліпень 1994), апошняга буйнога генацыда ў XX ст., было знішчана каля 70 % тутсі -- прадстаўнікоў адной з дзвюх этнічных групаў гэтай краіны.

Адрозніваецца "Халакост" ад "гендару" і "LGBT-правоў" і сваім ідэйным радаводам. Адна з прычын пастаяннай прысутнасці гэтай падзеі ў медыйнай прасторы (і заходняй масавай свядомасці) -- яго сувязь з мадэрным яўрэйскім нацыяналізмам. Як і геаграфічна блізкая нам Польшча, яўрэйская нацыя ўяўлялася як ахвяра магутных, падступных і крыважэрных нацый, якая, нягледзячы на ўсё, здолела адрадзіцца і стварыць уласную дзяржаву,

У "гендар-" і "LGBT-"  праблематыцы можна бачыць адначасова і марксісцкі, і неаліберальны радавод. "Няроўнасць", "прыгнёт", "эксплуатацыя", "дыскрымінацыя", "вызваленне" -- гэта звыклы марксісцкі паняційны апарат. Нязвыклым яго робіць нестандартнае для тутэйшага кантэксту словаўжыванне:

"сексуальная эксплуатацыя", "вызваленне жанчын", "няроўнасць гендэрных роляў", "дыскрымінацыя LGBT-прадстаўнікоў пры прыёме на работу".

Розніцца таксама грамадска-палітычны кантэкст станаўлення гэтых канцэптаў. Яны ўзнікаюць і шырацца на Захадзе ў 1960-1970 гг., г.зн. калі там намячаецца пераход ад індустрыяльнага да постіндустрыяльнага грамадства, і рэзка падае значэнне т.зв. рэальнага сектару, дзе засяроджваецца пралетарыят -- ранейшы адрасат пасланняў пра "эксплуатацыю", "няроўнасць" і "вызваленне". Праз нейкі час пасля распаду СССР дзякуючы навукоўцам і праваабаронцам гэтыя канцэпты і праграмы, якія стаяць за імі, далятаюць да нашых краёў і пачынаюць верадзіць розумы нашых суайчыннікаў.

Да чаго гэта я?

Да таго, што рэальныя патрэбы і праблемы беларускага грамадства хаваюцца за фальшывай павесткай, за  г.зн. каньюнктурнымі, свежа імпартаванымі з заходняга культурнага кола канцэптамі.

Больш за тое, апошнія набываюць імператыўны статус, ад іх імя пачынае вяршыцца правасуддзе.

Палітычнае вызваленне Беларусі, дасягненне такога стану, калі сам народ будзе мець права выбіраць будучыню, у агляднай будучыні не прыйдзе па лініі "LGBT"-правоў або гендарнай роўнасці.

У такой барацьбе значымыя толькі такія каштоўнасці, якія робяць чалавека гатовым ахвяраваць, у тым ліку, як у Вільні ў 1991 ці ў Кіеве ў 2014  -- сваім жыццём.

Асноўны аб'ект прыніжэння ў Беларусі -- гэта нацыянальная культура (яна ж асноўная ахвяра стратэгій па ўзурпацыі палітычнай уладу ў краіне),  а самая масавая група прыгнечаных -- гэта людзі, якіх з высокіх трыбун грэбліва называюць "свядомымі".

На жаль, калі чалавек неўкарэнены ў беларускай культуры, ён часта не адчувае гэтага. Як і не адчувае наагул асаблівага прыніжэння ў статусе гэтай культуры. Больш за тое, ён нярэдка заўважае адзнакі паўзучай беларусізацыі. Не раз і не два я чуў заўвагі ад гасцей нашай рэспублікі з Расіі, Германіі і інш. краін з багатым імперскім мінулым:  Ды што вы кажаце, у вас жа абвесткі ў транспарце / шыльды на вуліцах па-беларуску!

Прадчуваю ў гэтым месцы абурэнне вялікай часткі чытачоў гэтага допісу: ну колькі можна пераліваць з пустога ў парожняе! Мы -- дзеці вялікай універсальнай культуры, а вы ізноў пра местечковую зашоренность. Ды і сам Лукашэнка скора па-беларуску загаворыць!

Не загаворыць.

Самі гэтыя прадказанні лішні раз дэманструюць стаўленне да беларускай мовы як да нечага каньюнкурнага.

Бо не беларуская мова -- мова палітычнай дэспатыі, узурпацыі ўлады ў Беларусі вось ужо 25 гадоў,

Чым менш беларускай мовы -- тым менш палітычнай свабоды ў краіне.

Таму беларуская мова -- гэта сімвал палітычнага вызвалення Беларусі.

Не згодныя -- спрачайцеся!

Але жывіце рэальнымі клопатамі і праблемамі, а не моднымі фішкамі.

Калі вы іх, натуральна, адчуваеце.


 

Вам можа спадабацца