Вільня «наша» — з Каліноўскім

Рознае

Вільня «наша» — з Каліноўскім

25 лістапада 2019 а 17:58

Аляксандр Пашкевіч

Падчас перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім літоўская сталіца Вільня на пару дзён стала «нашай». Настолькі масавых беларускіх мерапрыемстваў у гэтым сімвалічным для нашай гісторыі горадзе не было, бадай, з сакавіка 1944 года, калі віленчукі хавалі забітага невядомымі пісьменніка Францішка Аляхновіча.

Вільня бел-чырвона-белая

22 лістапада на плошчы перад Віленскім кафедральным касцёлам на вялікіх экранах, па якіх можна было непасрэдна сачыць за ходам жалобнай імшы ў касцёле, відавочна пераважалі літоўскі і польскі кантэксты: цырымонія вялася збольшага па-літоўску, камера пастаянна наводзілася на высокіх літоўскіх і польскіх урадоўцаў.

Калі паказваліся ўскладзеныя афіцыйнымі дэлегацыямі ў гонар паўстанцаў вянкі, то літоўскі і польскі размяшчаліся на вышэйшым узроўні, а беларускі – ніжэй, фактычна зраўняны з украінскім і латвійскім.

Але гэта толькі ў памяшканні.

На вуліцы амаль безальтэрнатыўна панавала бел-чырвона-белае мора.

У ім цалкам губляліся нешматлікія польскія сцягі, а літоўскія ў асноўным належалі да сферы афіцыёзу. Колькасць простых людзей з імі ў руках можна было пералічыць па пальцах.

Фота: Ivan Murauyou/ Facebook.

Складвалася ўражанне, што тут адбываецца не міжнароднае, а чыста беларускае мерапрыемства.

У нейкай ступені так яно і было. Падзея, якая тэарэтычна мусіла мець вялікае значэнне для ўсяго рэгіёна, па сутнасці аказалася па-сапраўднаму важнай толькі для беларусаў.

Бо сярод перапахаваных – парэшткі нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Зыгмунт Серакоўскі, яшчэ адзін з кіраўнікоў паўстання і найбольш значная з перапахаваных асоба з перспектывы палякаў, у польскім нацыянальным пантэоне нават і блізка не мае такога статусу.

Да таго ж палякі даўным-даўно прайшлі этап нацыятварэння, калі перапахаванні дзеячаў такога кшталту маюць глыбокае сімвалічнае значэнне. Значнасці падзеі дастаткова, каб прэзідэнт Польшчы ўключыў удзел у ёй у свой напружаны працоўны каляндар, але яна зусім не матывуе шырокія масы польскіх грамадзян, каб усё кідаць і стрымгалоў ляцець у не такую ўжо геаграфічна блізкую сталіцу суседняй дзяржавы, каб асабіста засведчыць павагу героям «Студзеньскага паўстання» на колішніх так званых «крэсах».

Падазраю, што нават сярод тых адносна нешматлікіх палякаў, якія такі ўдзельнічалі ў цырымоніі, пераважалі прадстаўнікі польскіх супольнасцяў Літвы і Беларусі.

Што тычыцца літоўцаў, то вядома, што

падзеі паўстання 1863—1864 гадоў увогуле не адыгрываюць у іх нацыянальнай ідэалогіі такой ролі, як у беларусаў.

Алармісцкія фобіі некаторых нашых суродзічаў, што, маўляў, літоўцы толькі спяць і бачаць, каб «украсці» ў нас Кастуся Каліноўскага, ператварыць яго ў «Костаса Калінаўскаса» і ўключыць у свой нацыянальны пантэон –  дурноты, бязмежна далёкія ад рэчаіснасці. У літоўцаў таксама ёсць свой уласны сімвалічна шанаваны дзеяч таго паўстання, нечым падобны да Каліноўскага, прынамсі з такім жа трагічным лёсам – ксёндз Антанас Мацкявічус, які дзейнічаў на тэрыторыі Жамойці. Але ён быў павешаны ў снежні 1863-га ў Коўне, таму ягонага цела сярод пахаваных на віленскай Замкавай гары не было і не магло быць. З тых жа паўстанцаў, чые парэшткі перапахоўваліся, зрабіць уласна літоўскіх нацыянальных дзеячаў было б можна, відаць, хіба толькі пры вельмі вялікіх нацяжках.

Літоўцам патрэбы на гэта ісці ніякай няма: іх нацыянальны пантэон і без таго больш чым дастаткова напоўнены дзеячамі ХІХ стагоддзя.

Таму і стаўленне як літоўскіх элітаў, так і простых літоўцаў да паўстанцаў, парэшткі якіх перапахоўваліся, пазбаўленае асаблівай эмацыйнасці. Так, яны заслужаныя і слаўныя дзеячы, але толькі рэгіянальнай, не нацыянальна-этнічнай гісторыі. І як такія заслугоўваюць ушанавання хоць і на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, але без асаблівага пафасу. Уласна кажучы, пра незапатрабаванасць гэтых дзеячаў літоўскім нацыянальным пантэонам вымоўна сведчыць адзін толькі факт, што

літоўскія палітыкі і навукоўцы цэлымі гадамі і дзесяцігоддзямі не ініцыявалі самі і не дазвалялі іншым праводзіць раскопкі на Замкавай гары, хоць пра наяўнасць там пахаванняў было даўно вядома.

Толькі аварыйная сітуацыя на той гары змусіла такі нарэшце гэта зрабіць.

Роўныя без «раўнейшых»

Аднак жа шчыра падзякуем літоўскім уладам – яны зрабілі ўсё ад іх залежнае, каб цырымонія перапахавання прайшла на адпаведным узроўні. І, што вельмі важна – літоўцы відавочна стараліся, каб гэтая цырымонія максімальна паспрыяла паляпшэнню міжнацыянальных адносін і звонку, і ўсярэдзіне краіны.

Нават тое, што на пачатковым этапе не планавалася пры перапахаванні выкарыстоўваць у дадатак да літоўскай і польскай моў беларускую, можна патлумачыць хутчэй абыякавасцю да гэтай праблемы беларускай дзяржавы, чым свядомым жаданнем літоўцаў беларускі фактар замаўчаць і прамінуць.

У кожным разе, звароту ад прадстаўнікоў не такой ужо магутнай і ўплывовай беларускай меншасці ў Літве хапіла, каб да дзвюх моў дадалася і трэцяя – беларуская.

І гэта тычылася не толькі надпісаў на саркафагах з трунамі ў капліцы на старадаўніх Росах.

Назіраючы за самой цырымоніяй перапахавання, прыемна было ўсведамляць, што беларуская мова не стала на ёй сціплай Папялушкай, яна выкарыстоўвалася на адным узроўні з польскай (літоўская па зразумелых прычынах мела асаблівы статус). Калі падчас жалобнай імшы нешта чыталася па-польску – то абавязкова наступны кавалак быў па-беларуску, калі выступаў біскуп-паляк па-польску, то слова давалася і беларусу Тадэвушу Кандрусевічу па-беларуску.

Прытым мянялася і чарговасць выступленняў: часам першым выступаў паляк, часам беларус. Наўрад ці гэта было выпадковасцю: відавочна ўсё рабілася дзеля таго, каб не складвался ўражання, што сярод фармальна роўных моў усё ж ёсць адна «раўнейшая».

Выкруціцца не ўдалося

Доўгі час афіцыйны Мінск не праяўляў аніякай цікавасці да гэтай справы, прынамсі публічна. Толькі ў апошнія месяцы беларуская дзяржава адышла ад поўнай індыферэнтнасці да абмежаванага ўдзелу ў працэсе перапахавання паўстанцаў. Хоць узровень афіцыйнай дэлегацыі, вызначаны амаль у апошні момант, аказаўся ў выніку не вельмі высокім: дэлегацыю ўзначаліў усяго толькі віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, чыноўнік не сказаць каб надта вядомы.

Адносна ж асабістага ўдзелу ў цырымоніі самога Лукашэнкі гаворкі ад пачатку не было. Лукашэнка не мог не разумець, што будзе выглядаць зусім чужым на гэтым мерапрыемстве, на арганізацыю якога не мог бы непасрэдна ніяк уплываць. Яго цяжка ўявіць пасярод натоўпу, спрэс пакрытага ненавіснымі яму бел-чырвона-белымі сцягамі. 

Варожасць да Лукашэнкі перакінулася і на ягонага падначаленага.

Ігара Петрышэнку даволі масава абсвісталі і пачалі крычаць «Ганьба!» яшчэ да пачатку ягонай прамовы.

То-бок яе змест для немалой колькасці беларускіх удзельнікаў ад пачатку не меў аніякага значэння.

Хоць сам гэты змест аказаўся дастаткова ўзважаным.

Выступае віцэ-міністр Ігар Петрышэнка. Фота: nn.by

Сярод іншага Петрышэнка адзначыў, што

дзейнасць Кастуся Каліноўскага «звязана з перарастаннем беларускага нацыянальна-культурнага руху ў барацьбу за беларускую дзяржаўнасць» і нават згадаў пароль паўстанцаў: «Каго любіш? Люблю Беларусь!».

Нават фінальныя дастаткова рытуальныя словы пра недапушчальнасць выкарыстання постаці Каліноўскага «ў палітычных мэтах», якія большасцю нашых незалежных СМІ былі названыя прычынай абсвіствання Петрышэнкі, насамрэч не так ужо тую прамову і сапсавалі. У кожным разе прычына абструкцыі – яўна не ў гэтым. Бо абсвісталі, паўтаруся, яшчэ да таго, як віцэ-прэм’ер увогуле прамовіў першае слова і нават было невядома, па-беларуску ён будзе гаварыць ці па-расейску.

У той жа час характэрна, што ва ўладаў фактычная адаптацыя да ўласных патрэб поглядаў ідэалагічных апанентаў адбываецца звычайна тады, калі асноўная меркаваная аўдыторыя – замежная.

Улетку мы бачылі збольшага нацыянальныя паводле зместу адкрыццё і закрыццё Еўрапейскіх гульняў у Мінску, а цяпер з тых жа нацыянальных пазіцый выступленне афіцыйнага прадстаўніка Беларусі ў Вільні.

Гэта сведчыць пра тое, што, здаецца, і самі ўладныя чыннікі разумеюць штучнасць і непераканаўчасць той неасавецкай ідэалогіі, якую яны часткова па інерцыі, а больш з-за адсутнасці асаблівай альтэрнатывы працягваюць прымяняць ва ўнутранай палітыцы. 

Тым не менш, з прамовы беларускага афіцыйнага прадстаўніка на гэтым мерапрыемстве ёсць і відавочная практычная карысць. Усё ж такі ў ёй прагучала выразна станоўчая характарыстыка Кастуся Каліноўскага і ягонай справы, прызнанне важнасці гэтай асобы для фармавання беларускай дзяржаўнасці. Гэта яўна палегчыць працу беларускіх гісторыкаў з дзяржаўных навуковых і навучальных устаноў, якім па службе нярэдка даводзіцца даваць адлупы розным антыбеларускім зваротам і прапановам. Апеляцыя не толькі да навуковых аргументаў, але і да афіцыйна прамоўленых ад імя беларускай дзяржавы словаў высокага функцыянера надаюць контраргументацыі асаблівую моц. 

На імшы як на мітынгу

Што мне асабіста кінулася яшчэ ў вочы падчас цырымоніі –

яўна спецыфічная, выразна мітынговая культура ўдзелу ў падобных мерапрыемствах нашай беларускай супольнасці.

Тлумачэнне гэтай спецыфікі – на паверхні:

амаль чвэрць стагоддзя гэтая супольнасць выключаная з сістэмнага палітычнага жыцця, выштурхнутая на вуліцы, на якіх, аднак, таксама даўно ўжо проста так не збярэшся ды не памітынгуеш.

 У Вільні такая магчымасць якраз была, і скарысталіся з яе напоўніцу. Хоць, як мне асабіста падаецца, далёка не заўсёды да месца.

Зусім недарэчным, на маю думку, было скандаванне нацыянальных лозунгаў у ходзе жалобнай імшы ці падчас вынасу трунаў пры біцці званоў.

Ды і па вуліцах Вільні за картэжам з трунамі куды больш велічна, эфектна і фарматна было б ісці не з лозунгамі, а са спевамі хорам беларускіх жалобных песень. Але тут усё ўпіраецца ў прычыну абсалютна банальную:

мы гэтых песень у масе сваёй проста не ведаем — ні свецкіх, ні рэлігійных.

«Спеўная рэвалюцыя», якая некалі стала фірмовым знакам балтыйскіх рэспублік падчас савецкай Перабудовы, нам дакладна не пагражае. Бо ў нас сувязь з традыцыйнай культурай на масавым узроўні фактычна страчаная, а новыя традыцыі толькі фармуюцца.

Зрэшты, загадзя пагаджаюся, што гэта ўсё дастаткова суб’ектыўна. Галоўнае ж, што цвёрда і адназначна засведчылі віленскія падзеі апошніх дзён: пашана да Кастуся Каліноўскага з боку сучасных беларусаў – жывая і натуральная. Мёртвае і штучнае не пагнала б цэлыя тысячы беларусаў у будны марозны і ветраны восеньскі дзень у сталіцу суседняй дзяржавы — абсалютна добраахвотна і за ўласныя грошы.

Фота: Elena Yanushkovskaya/Facebook.

Таму незалежна да таго, ці будуць і надалей з боку беларускай дзяржавы працягвацца падкопы пад шматпакутнага «Яську-гаспадара з-пад Вільні», яго з нашых сэрцаў ужо не выкрасліць.

Вам можа спадабацца