Чытаючы «Пушчанскую адысею» Аляксея Карпюка

Рознае

Чытаючы «Пушчанскую адысею» Аляксея Карпюка

Матэрыялы да беларускага слоўніцтва

2 сьнежня 2019 а 15:16

Юры Пацюпа

Выданне, якое аглядаецца:
 

Карпюк Аляксей. Пушчанская адысея. Аповесць, апавяданні / Уклад. Юрась Пацюпа. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2009. — 527 с. — (Беларуская проза XX стагоддзя).

Неяк Ігар Жук расказваў мне, як у канцы 80-х гарадзенскія філолагі абмяркоўвалі раман Аляксея Карпюка «Карані». І, калі даходзіла да мовы, то ўсе ў адзін голас хвалілі каларытную і багатую мову персанажаў і ганілі мову аўтара. Пасля абмеркавання Аляксей Нічыпаравіч падняўся, падзякаваў і сказаў:

«Гэта ўсё добра, што Вы мне тут сказалі, але не забывайцеся яшчэ і тое, што і мова персанажаў, і мова аўтара – гэта мая мова».

Сапраўды,

ніякі персанаж не загаворыць каларытнаю моваю, калі тае няма ў арсенале творцы.

Мне пашчасціла быць асабіста знаёмым з Аляксеем Карпюком, чуць, як ён гаворыць, як выступае. Трэба сказаць, што

маўленне пісьменніка было своеасаблівае, ён яўна не быў пурыстым, часам балансаваў на мяжы трасянкі, але не ад слабога ведання, проста, у яго была такая арыгінальная манера гаварэння.

Ёсць розныя сведамасці, у адных паміж рознымі мовамі, рознымі пластамі маўлення існуе строгі водападзел, у іншых гэтыя бар’еры менш строгія – галоўнае максімальна поўна выявіць думкі і пачуцці.

Аляксей Нічыпаравіч быў адукаваным чалавекам, з незвычайным лёсам, багатым жыццёвым досведам: ён скончыў польскую школу, пабываў у нямецкім палоне, здолеў уцячы адтуль, далучыцца да партызанкі, пасля вайны скончыў факультэт замежных моў. Я не чуў, як ён гаворыць па-польску, па-нямецку, але, думаю, што ён свабодна размаўляў на гэтых мовах.

Ягонае пабытовае маўленне я б назваў вольным і раскаваным, без усякіх комплексаў аб «правільнасці» і «няправільнасці». Але адна справа гутарковае маўленне, і зусім іншая – пісьмовае. Я гэта разумеў, але тады недаацэньваў Аляксея Нічыпаравіча як знаўцу мовы. А па-новаму адкрыў для сябе Карпюка, калі прачытаў яго з алоўкам. Асабліва пасля таго, як, працуючы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», стаў укладаннікам і рэдактарам выбранага пісьменніка. Не адразу я разгледзеў, як добра ён валодае сваёю роднаю беластоцкаю гаворкаю, як дасціпна ўмее перадаваць яе фанетычныя асаблівасці, колькі ў яго цікавай лексікі. А разгледзеўшы, быў уражаны.

Здаўна ў мяне ёсць завядзёнка, калі ўжо чытаю кнігу, то вычэрпваю яе як мага больш поўна, вылучаю і адзначаю і лінгвістычныя, і эстэтычныя і ўсякія іншыя факты. Вядома, увага канцэнтруецца толькі на тым, актуальнасць чаго ты ўсведамляеш, таму ніякую кнігу нельга і за адзін, і за два, і за тры разы вычарпаць да дна. Але ў ідэале імкнуся да гэтага. Зазвычай звяртаю ўвагу не толькі на тыя словы, якія мне незнаёмыя, рэдкія, але і на тыя, якія могуць паслужыць ілюстрацыяй да нейкіх ужо прадуманых ідэяў. А асабліва канцэнтрую ўвагу на звыклых словах, якія маюць значэнні адрозныя ад папулярных, часам гэта і ёсць шчырыя беларускія значэнні. У нас жа масавыя карыстальнікі беларускай мовы часта не звяртаюць увагі на значэнні, нават лічаць іх неістотнымі, а нацыянальнае аблічча мовы – гэта не толькі і не столькі лексіка, суфіксы і карані, а яшчэ і значэнні слоў, суфіксаў і каранёў, якія склаліся здаўна, былі ўстойлівыя не адно стагоддзе і адрозніваюцца ад значэнняў блізкароднасных моў.

Дык вось, выступаючы рэдактарам ці ўкладаннікам тых ці іншых кніг у выдавецтве «Мастацкая літаратура», я таксама стараўся, калі ўдавалася, фіксаваць цікавыя моўныя факты. Адна толькі «Пушчанская адысея» істотна ўзбагаціла мой нататнік. І гэтымі выпісамі я сёння хачу падзяліцца з сваімі чытачамі.

Карпюкова мова мне вельмі блізкая, шмат што сустракаецца і ў роднай мне гаворцы вёскі Дамэйкі Лідскага раёну, і ў гаворцы мястэчка Азёры Гарадзенскага раёну, дзе я вучыўся ў школе. Такія выпісы, спадзяюся, спатрэбяцца не толькі аматарам беларускага слова, але і могуць папоўніць новы тлумачальны слоўнік. Хацелася б думаць, што яны натхняць новых чытачоў класічнай беларускай літаратуры на «чытанне кніг з алоўкам» і такія слоўнічкі стануць рабіць для сябе тыя, хто неабыякавы да нашай мовы. Калі каму нешта тут падасца банальным і нецікавым, ці нават лішнім, то хай выбачае, выпісы я рабіў для сябе, чакаць ад іх сістэмы не варта. Гэта хоць і каштоўны, але усё ж сыры матэрыял. Я нават не стаў падаваць граматычных пазнак, толькі раскрыў значэнні слоў, дый то, у некаторых выпадках даволі прыблізныя. І я не пэўны, што ўсе яны слушныя, калі нехта мяне паправіць ці ўдакладніць, то буду ўдзячны. Вывучайма разам беларускую мову, ці як казалі старажытныя рымляне: docendo discimus. Калі ж слова ўжо ёсць у тлумачальным слоўніку ці дыялектных, то нічога страшнага, значыць, яно нечым мяне зацікавіла, а можа, палічыў, што яно крыху прызабытае намі – καὶ δίς γάρ, ὃ δεῖ, καλόν ἐστιν ἐνισπεῖν (тое, што варта, можна сказаць двойчы), казаў Эмпедокл.

Дарэчы, у 1983 г. выходзіў слоўнік «Народная лексіка Гомельшчыны», укладзены на падставе выпісаў з літаратуры і фальклору. Мой «Крывіцкі лексікон» (2007, часопісная версія) – таксама збольшага засноўваецца на выпісах з тэкстаў пісьменнікаў Віцебшчыны. Але ж такія дыялектныя слоўнікі можна рабіць па кожным рэгіёне. І прапанаваныя выпісы з Карпюка – гэта пазлы ў мазаіку беларускіх гаворак. Многія словы мне знаёмыя з маленства: доўжыцца ‘надакучаць у чаканні’ (Покуль сядзеў, надта мне здоўжылася), бярэма ‘бярэмя”, блашчыца ‘клоп’, сванька ‘свацця’, мо’ і не самы пашыраны, але арыгінальны варыянт побач з свацця, сваха, свашня і г. д. Вартая ўвагі зборная назва хвойнага лесу хваіна́ ‘хвойнік’, сустракаецца яна і на Лідчыне поруч з аналагічнымі назвамі: альшына́ ‘алешнік’, еліна́ ‘ельнік’, даліна́ ‘нізкае месца’ (але бярэзнік, асіннік) – усюды націск на канчатку. Адрозненне гэтых зборных найменняў ад канкрэтных (алешнік, хвойнік) у тым, што лес азначаецца як масіў, як характарыстыка мясцовасці, а не як пэўнае месца. І іх не трэба блытаць з назвамі адзінкавых дрэў: хваі́на ‘адна хвойка’, але́шына ‘адна вольха’, ялі́на ‘адна елка’ – тут націск на суфіксе ці на корані. Некаторыя Карпюковы словы, такія, як заменак, зубан, патыка, мне не да канца зразумелыя, а то і зусім незразумелыя. І таму я буду ўдзячны, калі хто прапануе больш дакладнае азначэнне.

Не буду засяроджвацца на кожным слове, але на адно з выпісаных тут звярну пільную ўвагу. Слова возік ‘дзіцячая каляска’ вельмі не стае нашай літаратурнай мове. Яно мне таксама знаёмае з маленства, і ў нас на Лідчыне гаварылі: Купіла новы возік; Дзяця заснула ў возіку і г. д. Паміж маёй Лідчынай і Карпюковай Беласточчынай немалая адлегласць, аднак і там, і там гэтае слова бытавала шырока і, мабыць, бытуе дагэтуль. Фіксуецца яно і ў «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Сцяшковіч, ёсць (хоць і не ў рэестры) у прыкладах «Слоўніка паўночна-заходніх гаворак». Адметнае яно тым, што ўтвараецца з дапамогай суфікса -ік. Калі суфікс -ок збольшага чыста памяншальны: лісток ‘маленькі ліст’, каток ‘маленькі кот’, то -ік – не проста памяншальны, а «дзіцячы» суфікс, памяншальна-лагодны, менавіта да дзяцей звяртаюцца, калі гавораць лісцік, коцік. Таму возік ідэальна пасуе менавіта для назвы дзіцячай каляскі, а проста маленькі воз – будзе вазок.

Працуючы ў розных установах я часта чуў, як беларусы лёгка пераймаюць “цялежка”. Мне было дзіка і дзіўна такое чуць. Навошта нам тая “цялежка”, калі ёсць вазок, і навошта нам дзіцячая каляска, калі ў нас ёсць возік. Праўда, у Карпюка і ў народных гаворках возік часта ўжываецца і шырэй, як вазок. Аднак надалей у літаратурным ужытку лепш размежаваць возік і вазок, тады не трэба будзе ўдакладняць, які з іх «дзіцячы».

Думаю, што не варта залічваць у паланізмы такія словы, як гамаваць, ладаваць (ладунак, наладаваны). Яны не толькі пашыраныя ў гаворках, але і ўжываліся ў старабеларускай мове. У нас з палякамі шмат супольнай лексікі, асабліва ў назвах з’яў культуры, побыту, чаму не пашанцавала гэтым словам – не ведаю. Я б іх пакінуў для ўжывання ў пераносным значэнні, у высокім стылі, калі ў тэхніцы тармазіць і грузіць, то ў інтэлектуальнай сферы – гамаваць і ладаваць, аналагічна, як руль і стырно. Дарэчы, у в. Дамэйкі на Лідчыне ладаваць значыла не проста грузіць, а грузіць ёмка і старанна. Вартымі ўвагі я палічыў і словы пазбывацца, відочны замест якіх ужываюцца штучныя калькі пазбаўляцца, бачны, назоўнікі дзеяння пісанне, рванне, бо без працэсуальных назоўнікаў (герундыўма, ці дзееназоўніка) наша граматыка заўсёды будзе няпоўная, аднабаковая. Да апошніх пасуе і дзеепрыметнік засунены, менавіта ад дзеепрыметнікаў на -ены ўтвараюцца дзееназоўнікі на -енне (су́ненне). Не выпадковыя тут і іншыя словы, бо па-беларуску пята, а не пятка (як і печ, а не печка), пэўны – часам лепш, чым упэўнены, цішэць, а не толькі сцішвацца. У слоўніках літаратурнай мовы вельмі няпоўна аказаныя экспрэсіўныя формы, таму я палічыў патрэбным выпісаць хэпнуць, бялюткі, раўнюткі, хоць апошнія два і сёння шырока ўжываюцца. Не раз я адзначаў, што ў беларускай мове варта адрозніваць азірацца ці аглядацца (назад) і разглядацца (у розныя бакі). І, нарэшце, вельмі цікавы непераходны дзеяслоў зеляніць у значэнні ‘зелянецца’, які ўжываўся ў XIX ст. і ў нашаніўскую пару, а ў наш час заняпаў пад уплывам рускай мовы, дзе аналагічнага няма.

Не скажу, што ў Карпюка няма слоў, да якіх я стаўлюся крытычна, на іх я не звяртаў увагі, такія словы ёсць у кожнага класіка, і ў Коласа, і ў Купалы. Я не прыхільнік таго, каб абагаўляць пісьменнікаў і рабіць кананічным кожнае іх словаўжыванне. Наадварот, я лічу, што мы мусім будаваць літаратурную мову, абіраючы найбольш тыповыя і арыгінальныя з’явы. Як гэта рабіць, каб не скаціцца да экзатызмаў ды ў балота густаўшчыны? А трэба ўсяго толькі ведаць нацыянальную традыцыю і бачыць мову ў сістэме. Пра гэта можна доўга пісаць, але гэта ўжо іншая тэма і іншая гаворка.

агортваць – ахапляць, абымаць. Паступова мяне агортвае бунтарская ўпартасць, зухвальства. (Карпюк Аляксей. Выбраныя творы ў двух тамах. Том 1. Аповесці. Мінск, 1980 (Далей: ПА): 218.

адга́йкацца – акрыяць, аддыхацца (параўн. рус. прийти в себя). На ўра рускага падкідвай! – Дайце адгайкацца чалавеку! ПА: 245.

адхла́нь – месца адыходу душ памерлых. Я бытта правальваюся ў адхлань – цёмную і халодную. ПА: 222.

апа́ска – павязка (параўн. пол. opaska). Насустрач нам – эсэсаўскі чын з чырвонай апаскай дзяжурнага на рукаве. ПА: 200.

аплята́ць – прагна есці. Успамінаю, з якім апетытам хлопцы апляталі маміны прыпасы. ПА: 282.

блашчы́ца – клоп. Чалавек быў у такім стане, калі забываеш – адкуль ты, як цябе завуць, ды ператвараешся ў засушаную блашчыцу за абразом. ПА: 219.

бу́хаць – кідаць з глухім стукам. Тым часам хлопцы рэчавыя мяшкі абыякава бухаюць у снег. ПА: 279.

бы́тта – быццам. Арыштантаў бытта падмянілі. ПА: 192

бялюткі – узмацняльнае да “белы”. У яго стралістым даху – колеру спелай маліны, у бялюткіх сценах й венецыянскіх вокнах я кожны раз знаходжу штосьці новае. ПА: 200.

бярэма – бярэмя. Кухар Салвэсь памылкова папрасіў закінуць у камандзірскую зямлянку бярэма смалякоў. ПА: 317.

відочны – відомы (параўн. рус. видимый). Арыштантам ад канала ды нам ад гліны быў добра відочны сіні матацыкл, што імчаў па дарозе са Штутгофа. ПА: 196.

возік – дзіцячая каляска. Задняя пяцёрка піхае возік на гумовым ходзе. ПА: 197; Цяпер цэлы дзень [трупы] ляжаць на возіку голыя, прыкрытыя шмаццём. ПА: 196; Нядаўна такія восем чалавек везлі саматугам на цагельню абед на возіку. ПА: 210.

выносны – гонкі, прытны. Адгэтуль нявідныя выносныя сосны з гладкімі вашчонымі стваламі засланяюць будынак крэматорыя. ПА: 200.

высцерага́цца – асцерагацца. Палякі-стрэлачнікі папярэджваюць – на граніцы высцерагайся. ПА: 260.

вы́хіліцца – выступіць, вытыркнуцца. Хтосьці выхіліўся з шарэнгі. ПА: 198.

гамава́ць – тармазіць (параўн. пол. hamować). На падворак вылятае сіні матацыкл з начальнікам лагера ды раптоўна гамуе. ПА: 196.

гамола – камяк (параўн. пол. gomółka). Ляцяць на сцяну акрываўленыя бінты, набрынялая крывёю гамола ваты, і коратка ўскрыквае Мікалай. ПА: 196.

ганьбава́ць – ганіць. Няма ў цябе іншай работы, як ганьбаваць мяне?.. ПА: 196.

гарката́ – горкае рэчыва, тут: гарэлка. І чаго мужчыны перад вайной ганяліся так за гэтай гаркатой?.. ПА: 259.

гоцаць – скакаць. Па дарозе гоцае стары заяц. Во’ – стаіць хвіліну, разважае. Нечага скрабе снег пярэднімі лапамі. ПА: 281.

гру́да – камяк ссохлай ці змерзлай зямлі. Гарэзніцы пуляюць грудамі ўжо ў яго, а я ўсё прыглядаюся да рыцара. ПА: 290.

грэбацца – капацца. [Я] апамятаўся, што мала набраў саломы, уваткнуў вілы глыбей, але паленаваўся пераадолець цяжар і зноў пачаў імі грэбаццаПА: 222–223.

грэбнуць – імгненнае дзеянне да “грэбаць”, “грэбацца”. [Я] механічна грэбнуў віламі – раз, другі. ПА: 222–223.

грэць – прапальваць, цепліць. Дык жа сёння субота, лазню трэба грэць! ПА: 292.

гумовы – гумавы. Задняя пяцёрка піхае возік на гумовым ходзе. ПА: 197.

доўжыцца – гаворыцца пра надакучлівае чаканне (безасабовае). Хлопцу доўжыцца, і для забавы ён пачынае выць воўкам. ПА: 311.

жанкі́ – жанчыны (толькі мн. лік). У сямейным яўрэйскім лагеры ў Гута-Міхаліне жывуць жанкі ды старыя з Брэста, Кобрына, Ружан і Пружан. ПА: 303.

загла́да – вынішчэнне (параўн. пол. zagłada). У сямейным яўрэйскім лагеры ў Гута-Міхаліне жывуць жанкі ды старыя з Брэста, Кобрына, Ружан і Пружан – з тых нямногіх, якім удалося ўцячы ад заглады. ПА: 303.

заду́ма – задуменне, задумлівасць. З задумы [мяне] вырывае сойка. ПА: 281.

заме́нак – нягоднік (?). Няхай ён раней здохне, заменак гэты, каб яшчэ ўніжала я перад гэтай гнідай сваіх дзяцей! ПА: 265.

заскрэплы – застылы. Пад носам у брата чамусьці заскрэплыя згусткі крыві. ПА: 222.

засу́нены – засунуты. Дзверы ў сені чамусьці не засунены, а ўжо дзесяць гадзін ночы. ПА: 268.

затаймава́ць – утаймаваць. Вата адразу набрыняла. – Трэба найсамперш затаймаваць кроў! – раяць вакол. ПА: 194.

зашчапляць Залажу ў цяплушку, засоўваю з сярэдзіны дзверы, зашчапляю іх на гак. ПА: 260.

зеляні́ць – зелянецца. Вакол будынка-казкі, бытта ў цёплую пару, зеляніць сабе скавітая траўка – роўная, сцяблінка ў сцяблінку. ПА: 200.

Знішч – бог агню, Зніч. Дыміць яно [вогнішча] ўжо не адзін месяц, ад попелу паспеў вырасці курганчык, і вечны Знішч блішчыць ужо бытта на горцы. ПА: 304.

зуба́н – зубіла (?). Зацікаўлены чалавек праз хвіліну нерашуча пора зубан у цвёрдае. ПА: 223.

кампа́нія: на кампанію – у кампанію. Уласціва, пойдзеш з ім не адзін. Дам табе на кампанію Кулешу. ПА: 317.

ка́ўкаць – каўтаць з шумам. Партызаны прагна кураць і каўкаюць гартанямі, нібы ў спякоту п’юць ваду, змораныя смагай. ПА: 307.

клюмпа – драўляны абутак. Зноў цэлы тыдзень мясі клюмпамі гразь, лаўчы, хавай спіну ад капо. ПА: 206; Паспешліва ламацяць клюмпы, і натоўп бытта здувае з пляцоўкі ветрам. ПА: 196.

крыссё – зборнае ад “крысо”. Скарыпін – камандзір, відаць, з вайсковых абкружэнцаў, крыссё шыняля заткнуў за пояс, як рыбак. ПА: 278.

ладава́ць – грузіць. Мы кудысьці паедзем, штосьці будзем уначы ладаваць, вернемся толькі раніцой ды завалімся на цэлы дзень спаць. ПА: 209.

ладу́нак – груз. Трэба з аднаго вагона ў другі перакідаць ладунак. ПА: 213; Пад сеткай – стандартная паперка, якая паказвае маршрут, катэгорыю ладунку ды горад, куды ён едзе. ПА: 247.

ламаце́ць – стукацець. Паспешліва ламацяць клюмпы, і натоўп бытта здувае з пляцоўкі ветрам. ПА: 196.

лёскат – частае, дробнае лясканне. Над месцам, дзе яго паклалі, з лёскатам адчыняецца акно. ПА: 194.

ле́сціць – падабацца. Усё гэта мне лесціць. ПА: 280.

мастакава́ць – майстраваць; прыладжваць. Макс падыходзіць да мяжы, нагінаецца над бліжняй гурбай і нешта там мастакуе. ПА: 192.

наапа́шкі – накінуўшы на плечы (параўн. рус. наопашь). Ім наперарэз вылятаюць дзве курносыя дзяўчыны ў кажушкох, накінутых наапашкі. ПА: 289.

на́гла – злосна, люта. Ах, цётачку, ах, мілая, няма, няма ўжо больш маіх хлопцаў, пабралі злыдні, каб так іхна тым свеце нагла цягала, халера на іх! ПА: 263.

найсампе́рш – перш-наперш, перадусім. Вата адразу набрыняла. – Трэба найсамперш затаймаваць кроў! – раяць вакол. ПА: 194.

наладава́ны – нагружаны. Аднак вы добраахвотна начапілі сабе чарапы на пятліцы, ды пад прысягай я вам уручаю наладаваную зброю!.. ПА: 231.

на́мысел – развага. Халера на іх, дзе ж яны тут?!. Ага, вёслы напэўна забіраюць у хату на ноч!.. Без намыслу кладуся на нос ды пачынаю грабці пад сябе рукамі. ПА: 220.

недарэка – няўдалы, няўклюдны. Адначасна мучыць пытанне: на якую халеру здаўся мне Кулеша, куды падзену недарэку? ПА: 318.

немажлі́вы – неймаверны. Шукаць лодку здаецца мне немажлівым высілкам, і я не прыпыняю кроку. ПА: 239.

непаўнавартасцёвы – непаўнавартасны. Гэта тлумачыцца вельмі проста! Непаўнавартасцёвыя людзі. як раса, – тонам філосафа павучаў Хэмніца яго шэф. ПА: 232.

нядойда – недарэка, неданосак. Толькі навошта мне нядойда Кулеша, што я з гэтым прыдуркам стану рабіць? ПА: 317.

падгіна́цца – падгібацца. Ад жаху і пачуцця бяссільнай віны падгінаюцца ногі. ПА: 203.

падда́ць – выдаць, здрадліва здаць. Ну, групу паддаў правакатар. А хто – вёску? ПА: 273.

падмята́йла – падмятаннік. Спяць толькі “старыя нумары” – старасты груп ды майстры ад “цёплай” работы: кухары, падмятайла, пісары… ПА: 205.

пазбыва́цца – пазбаўляцца. У адзін момант людзі пазбываюцца ілюзіі й зноў робяцца вязнямі лагера смерці. ПА: 196.

пакана́ць – адолець, перамагчы. Вялікай Германіі яшчэ ніхто ніколі не паканаў! І на гэты раз пераможа яна! ПА: 308.

параконны – запрэжаны параю коней. З-за павароту вылятаюць на іх параконныя сані, і група паспешліва пакідае дарогу. ПА: 310.

паты́ка – тонкая палачка, сцябліна, спічак. Кідаюцца ў вочы тонкія патыкі рук і ног з вузламі суставаў, лабковыя косці й худыя ключыцы жанчын. ПА: 202.

паўслу́хацца – прыслухацца. Плакала яна з бяссіллем дзіцяці, пакутліва, а калі паўслухацца збоку – крыху як бы прытворна. ПА: 263.

пашарэлы – той, які стаў шэрым. Назад валакуцца абшарпаныя, пашарэлыя, няголеныя й прыгорбленыя – ледзьве перастаўляюць ногі. ПА: 306.

піса́нне – дзеянне ад дзеяслова “пісаць”. Затое ў лагеры яго чакае непрыемнасць пісання рапарта. ПА: 198. нне

прагавары́ць – давесці. Мэншэзкінд, вас жа на поўдні адагналі ўжо ледзь не напаўтысячы вёрст! – стараюся прагаварыць яму да розуму. ПА: 308. Г.

праганьбава́ць – зганьбіць дарэшты. Каб адно не праганьбаваць сябе. Ужо ж я тут і пастараюся! ПА: 290.

прызвыча́енне – навык. А я сваё піва без прызвычаення піць не магу. ПА: 259.

пуля́ць – кідаць, шпурляць; страляць. Гарэзьніцы пуляюць грудамі ўжо ў яго, а я ўсё прыглядаюся да рыцара. ПА: 290.

пуцулава́ты – шчакасты. Сёння камандуе вартай маўклівы й пуцалаваты унтэрафіцэр. ПА: 192; За лазой усё так жа вяла пускае кругі й марыць пра салдатку пыцулаваты унтэр. ПА: 192.

пэўны – упэўнены. А ў нашай вёсцы, хлопцы, каўбасу называюць – ведаеце як? Ніхто не здагадаецца, я пэўны! ПА: 278; Не верыш? Мусяць выпусціць! – Адкуль вы такія пэўныя? ПА: 292.

пята́ – канцавая шырокая частка, аснова. Скарыпін падыходзіць да рова, пятою прыклада стукае аб лёд, прабівае палонку. ПА: 288.

разгле́дзецца – паглядзець на бакі (параўн. рус. осмотреться). Скіну, цётку, дайце разгледзецца ў вас!.. ПА: 261.

разгля́двацца – глядзець на бакі (параўн. рус. осматриваться). А гдэ Ніколяй? – пытае мяне чэх і разглядваецца. ПА: 202.

растапне́ць – растапіцца. Снег растапнеў, хавацца цяпер лягчэй. ПА: 238.

раўню́ткі Усё поле й будынкі, як толькі можа ахапіць мой позірк, пакрыла раўнюткая коўдра першага ў гэтым годзе снегу. ПА: 212.

рва́нне – дзеянне ад дзеяслова “рваць”. Нават памянялі мёртвым курткі на сваё рванне. ПА: 197.

самату́гам – сваімі сіламі. Нядаўна такія восем чалавек везлі саматугам на цагельню абед на возіку. ПА: 210.

сва́нька – свацця. Я нават памятаю, як Манька выходзіла замуж і гэтую коўдру п’янаватыя сванькі везлі на куфры, а мы перапынялі на могілках фурманку. ПА: 271.

спра́ўны – бойкі. Няхай немцаў ідзе біць, калі спраўны такі! ПА: 314.

стака́цца – мець зносіны. А-а, рыжая сцерва, літасць сваю вырашыла паказаць?! Стакалася ўжо з імі?! ПА: 196.

стачы́ць – злучыць. Лейцы сточаныя з парашутных лямак, канцы ад вузлоў целяпаюцца. ПА: 290.

стралі́сты – востраверхі. У яго стралістым даху – колеру спелай маліны, у бялюткіх сценах й венецыянскіх вокнах я кожны раз знаходжу штосьці новае. ПА: 200.

су́нуць – рушыць, ісці. Тыя, што выходзяць з лагера, сунуць пружыніста, бадзёра, з чырвонымі тварамі, у ладных кажушкох. ПА: 306.

траскаце́нне – дзеянне ад дзеяслова “траскацець”. Спачатку ад мураваных сцен адбіваецца рэхам траскаценне матора. ПА: 196.

трымкаце́ць дробна і часта дрыжаць. Хіба яны дурні? На краю лесу аж трымкаціць ад шыльдаў з надпісамі: “Міны!”, “Партызанскае царства!” ПА: 205.

пень: у пень – пад корань. ...Ноччу напалі мы на баўэра, – хваліцца. – Сям’ю ўсю выразалі ў пень! абчысцілі. ПА: 211.

узрадзі́цца – узнікнуць, нарадзіцца. У нас узрадзіліся іскры душэўнага кантакту. ПА: 312.

упор – падпорка, фіксатар. Гаўпштурмфюрэр выключае матор, ставіць машыну на ўпоры. ПА: 196.

успатне́ць – узмакрэць, спацець. Адразу [я] ўспатнеў, ногі адмаўляюць паслушэнства. ПА: 240.

успіна́цца – залазіць, чарэпкацца. Такое ўражанне, бытта я доўга ўспінаўся на гару, дзе мяне чакала збавенне, і нарэшце я такі залез. ПА: 267.

фарсу́н – франт. Падбадзёраныя маўчаннем дзяжурнага афіцэра-фарсуна, у прадчуванні адпачынку мы цяпер спяваем. ПА: 201.

хале́ра: хай іх хале́ра! хале́ра на іх! – лайчывы вокліч. Жадаю вам не нарывацца нідзе, хай іх халера!.. ПА: 277; Халера на іх, дзе ж яны тут?!. Ага, вёслы напэўна забіраюць у хату на ноч!.. ПА: 220.

хале́рны – вельмі кепскі. Не магу намацаць буфера, дрыжаць халерныя ногі. ПА: 216.

хваіна́ – хвойнік, сасоннік. Пару чалавек яшчэ блукала па хваіне, і сабраліся мы ўсе толькі пад самы вечар. ПА: 285.

хэпнуць – хутка і сквапна хапіць. – А хіба людзі Скарыпіна не маглі хэпнуць? ПА: 303.

цішэць – сцішвацца. Мае ворагі гэта бачаць і цішэюць. ПА: 315.дз.

шале́шчыць – шапацець. Дзьме бадзёры ветрык, мірна шалешчуць дрэвы. ПА: 216.

Вам можа спадабацца