Наступалы хамула

Міжнародныя дачыненьні

Наступалы хамула

1 траўня 2014 а 12:21

Трэба паўтарыць ці нагадаць слушна расчараваным у расейцах беларусам, што ня ўсе на Ўсходзе захварэлі на пуцінскі вірус фашызму. Мы бачылі, чыталі, што ў цьмянай Расеі поўна стветлых, крытычных людзей, якім прыкра жыць пад кіраўніцтвам фашыстоўскіх ураду, парлямэнту і ацаранага прэзыдэнта. А яшчэ скажам многім расейцам Беларусі, што далёка ня ўсе беларусы цешацца гвалту, учыненаму крывавакаменнай Масквой. На самым ускрайку цывілізаванай Эўропы прыгадаем і падтрымаем іх, расейцаў-за-дэмакратыю. Бо сяньня якраз беларусы і дэмакратычная крытычная ваенная літаратура Быкава, Брыля, Навуменкі, Карпюка можа дапамагчы ўсходняму суседу, як калісьці іх дэмакратычная літаратура дапамагала нам. І раней расейскія інтэлігэнты прадбачылі надыход хамулы, і ён, узгадаем, прыйшоў крыху меньш за сто год таму.  Прыйшоў ня толькі ў Расею, ва ўсю Ўсходнюю Эўропу. Цяпер зноў наступае хамула, узброены гэтым разам ня проста бязкультур'ем і фізычнай сілай, а нахабствам, велічным прыродным рэсурсам і падтрымкай інтэлектуальна і дэмакратычна зьлегчанага народу. Хамула тут на мяжы з Беларусьсю, хамула ўжо сярод нас, але нясьмелы ён, запалоханы аўтарытарызмам, а таму стрыманы, закілзаны ён. Нястрашны наш уласны хамула. І страшны хамула з Усходу, хаўрусьніка шукалы ў нас, на савецкае мінулае налягалы, расейскай мовай размаўлялы з стомленым партызанскім народам. Наступалы хамула згвалціў уласны інтэлект, квапіцца на саслаблыя савецікім мінулым суседнія нацыі, культуры. Слабая дэмакратыя ва Ўкраіне не спраўляецца з разьюшаным азыяцкім хамулам, ці здужае беларускі аўтарытарызм вытрываць псэўдапатрыятычным, да савецкага схілялым, савецкім і іншым штучным нібы супольным апраўдалым хітрыкам. Няма апраўданьня аўтарытарызму і сілкаваньню Лукашэнкам дыктатуры, няма апраўданьня Лукашэнку за адвучэньне беларусаў ад дэмакратыі, але каліва будзе апраўданьня дыктатару, калі не саступіць ён усходняму наступаламу хамулу. Час спыніцца, задумацца, ці можам мы, нацыя на самым ускрайку эўрапейскай дэмакратыі, у Эўропу заўсёды глядзелая, у Эўропе раней стагодзьдзі жылая, ад Эўропы ўзялая свае гуманістычныя пачаткі, надалей рабіць шчасную міну ад сяброўства з гвалтаўніком, забойцам, парушальнікам законаў і чалавечнасьці, хлусам і хамулам? Ці можам мы заставацца беларусамі, сябруючы  з тым, хто забыў, што коштам мільёнаў беларускіх жыцьцяў мы ўжо некалі выратавалі іх Маскву, Расею, нібы супольную краіну? Хамула забыў гэта і вераломна гвалціць блізкую нам Украіну, яшчэ апраўдваючы гвалт савецкім вычынам, перамогай. Ці вытрывае беларускі абываталь перад навалай наступалага ўсходняга хамулы? Ці адратуе нас, калі не здаровы сэнс, то хаця б досьвед мінулых войнаў? Наступалы хамула зноў тут, ён сьмяецца, пяе, гамоніць, гуляецца з беларусамі праз хлусьлівыя каналы. Зрэшты, наступае час, калі рубам становіцца пытаньне, ці мы яшчэ беларусы?
Публікуецца з захаваннем аўтарскага стылю

Вам можа спадабацца