Уладзімір Арлоў і “адвакат д’ябла”

Грамадзтва

Уладзімір Арлоў і “адвакат д’ябла”

29 траўня 2014 а 11:53

Рэцэнзія кандыдата гістарычных навук Вадзіма Гігіна (ён жа рэдактар часопіса “Беларуская думка”) на кнігу Уладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча “Краіна Беларусь” пакідае неадназначнае ўражанне. Яна нібыта вытрыманая ў навуковым стылі (з адпаведнымі фармулёўкамі, са спасылкамі), але раз-пораз у ёй прабіваецца голас прапагандыста, гэтакага “мэтра” афіцыёзу. Наймацней ён чутны ў падзагалоўках: “Тэндэнцыйнасць ці невуцтва?”, “Найноўшую гісторыю трэба падвучыць!”, “Дыягназ – русафобія”. Нібыта ідэалагічны начальнік пакрыквае (згадайце, у чыім стылі), на заслужанага ў беларускай культуры чалавека, якому да таго ж па ўзросту сп. Гігін падыходзіць у сыны. Увогуле сучасны “западнарусізм”, да адэптаў якога можна залічыць сп. Гігіна, уяўляецца глыбока амаральнай з’явай. Як яшчэ можна ацэньваць людзей, якія адмаўляюць самастойнае існаванне беларускага народа і адначасова кормяцца з яго працы? Ці можна лічыць “западнарусаў” прыстойнымі людзьмі, ведаючы пра ахвяру жыццём тысячаў беларусаў за Беларусь? Памятаючы хоць бы пра адну расстрэльную ноч 1937 г., калі было забіта больш сотні беларускіх пісьменнікаў? Сёння падтрымка “западнарусізму” – здзек з іх памяці і апляванне святых магілаў. Ніводнага “западнаруса” ніколі не тое што не расстрэльвалі, нават у турму не сажалі за ягоныя погляды. Гэта аранжарэйныя расліны, якія могуць існаваць выключна ў спецыяльных, штучна створаных умовах – расейскай акупацыі, ці прарасейскага рэжыму. Толькі аднойчы ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі Беларусь здабыла незалежнасць, дэкларавацца “западнарусам” стала няўтульна маральна, ды яшчэ маглі і ў морду даць. Затое сёння быць “западнарусам” у Беларусі бяспечна і даволі камфортна матэрыяльна (дзяржаўныя пасады, падкормка з Расеі наўпрост ці праз бюджэт “саюзнай” дзяржавы). Грошы трэба адпрацоўваць і сёння “западнарусы” шчэмяцца ў навуковую супольнасць гісторыкаў, у акадэмічную прастору – тое месца, дзе яны адназначна прайграюць. Таму праяўляюць актыўнасць – здабываюць навуковыя ступені, прыдаюць сваім тэкстам навуковападобную форму, стараюцца навязаць дыскусію з навукоўцамі, адным словам мімікруюць, каб разваліць беларускую гістарыяграфію знутры. Аднак асяроддзе беларускіх гісторыкаў, хоць і не аформленае выразна арганізацыйна, не надта паддаецца і трымае “западнарусаў” за маргіналаў. Праўда, неяк на канферэнцыі давялося пачуць ад прадстаўніцы маладога пакалення, што ў Беларусі існуюць дзве плыні навуковай гістарыяграфіі – патрыятычная і заходнеруская і “абедзве знаходзяць свае аргументы”. Значыць, тым больш трэба ставіць бар’ер гэтаму вірусу, які ў святле украінскіх падзеяў ужо не выглядае бяскрыўдна. Здаецца, “западнарусаў” нельга браць у навуку па адной простай прычыне – яны выступаюць супраць навукова даказанага існавання асобнага, самастойнага беларускага народа. Таму “западнарусы” не навукоўцы, а публіцысты і дыскутаваць з імі трэба на полі публіцыстыкі. Сучасныя “западнарусы” у пэўным сэнсе дыскрэдытуюць “заходнерусістаў” 19 ст., бо Каяловіч і ягоныя аднадумцы настойвалі на адметнасці нашага “рэгіёна” ў Расейскай імперыі і праз тое набліжаліся да агульнай плыні беларускага нацыяналізму. Сённяшнія “западнарусы”, наадварот, настойваюць на “неадметнасці”, таму прапаноўваю іх адрозніваць тэрміналагічна (у 19 ст. – “заходнерусісты”, а ў 21 ст. – “западнарусы”). Аднак і сённяшніх “западнарусаў” можна на нешта выкарыстаць. Кажучы на мове іх гаспадароў: “С паршивой овцы хоть шерсти клок!” Рэцэнзію сп. Гігіна можна прыняць як выступ “адваката д’ябла”, калісьці ў сярэднявеччы неад’емнага ўдзельніка навуковага дыспуту. Тым больш, што наш “адвакат д’ябла” працуе, што называецца, ад душы, з аганьком. У аб’ёмнай рэцэнзіі сп. Гігіна (падобна, над ёй працаваў не адзін аўтар) многае перакручана і пастаўлена з ног на галаву, але ёсць і шмат слушных заўвагаў. Мне здаецца, У.Арлову і З.Герасімовічу варта іх выкарыстаць дзеля ўдасканалення ўласнага інтэлектуальнага прадукта: паправіць факталогію, дзе трэба – узмацніць аргументацыю, адным словам, адшліфаваць. Не пераймацца грубаватай танальнасцю рэцэнзіі (усё ж не навукоўцы пісалі) і ісці далей сваёй дарогай. Пройдзе нядоўгі час, творы і імёны “западнарусаў” кануць, што называецца, у лету. Ужо зараз не адразу ўспомніш прозвішча аднаго такога важнага ідэолага, які служыў спачатку Кебічу, потым Лукашэнцы, яшчэ хіба быў дырэктарам “Беларусьфільму” – Падмяталін ці Замяталін…, здаецца апошняе бліжэй… Хто праз дзесятак гадоў успомніць нейкага рэдактара нейкай “Беларускай думкі” ? А Уладзімір Арлоў быў, ёсць і будзе.