Кампанія 2020: зламаць спектакль

Меркаваньні

Кампанія 2020: зламаць спектакль

30 жніўня 2019 а 21:42

Павал Севярынец

“Выбарчы” спектакль, які рыхтуецца на 2020 год, пакуль бачыцца адным з нямногіх спосабаў мабілізаваць беларусаў для абароны незалежнасці і змены сістэмы.

Адразу скажам: сапраўдных выбараў у Беларусі няма ўжо 25 гадоў. Замест гэтага арганізоўваецца грубая паказуха, з дапамогай якога Лукашэнка хоча падмануць тых, хто «падманвацца рад». Пры гэтым большасць беларусаў бачыць, што у нас няма ні дэмакратычных выбараў, ні незалежных выбарчых камісіяў, ні падліку галасоў, ні свабоды слова.

Мы з калегамі з правацэнтрысцкай кааліцыі – Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Рух “За свабоду”, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя – пастанавілі правесці напачатку 2020 года дэмакратычны праймерыз, каб вызначыць адзінага лідара ад асноўных апазіцыйных сілаў на час найбліжэйшай палітычнай кампаніі. Гэта не азначае аўтаматычна, што мы выстаўляем кандыдата ў прэзідэнты. Адзіны лідар можа быць як лідарам удзелу, так і лідарам ігнору ці масавых пратэстаў – усё залежыць ад таго, як будзе складвацца палітычнае становішча.

Іншага рэальнага спосабу мабілізаваць беларусаў перад пагрозай незалежнасці, расчараваных, стомленых да поўнай млявасці і абыякавасці, я пакуль не бачу. Маё асабістае меркаванне: удзел у “выбарах” мае сэнс, калі мы апынаемся ў сітуацыі форс-мажору. Што такое форс-мажор? Пачынае адкрыта ўмешвацца Расея, у Лукашэнкі моцна пахіснулася здароўе,  палацавы пераварот або масавыя народныя пратэсты. Тады апазіцыі патрэбны адзіны моцны лідар, які гатовы ўзяць на сябе адказнасць і казаць ад імя беларускага народа. Тады можна выкарыстаць спектакль для таго, каб на сцэну нарэшце выйшаў народ. Ёсць верагоднасць такога сцэнару, нават 5%? Тады трэба яе выкарыстаць на 100%.

Менавіта таму мы цягам некалькіх месяцаў будзем праводзіць рэйды па рэгіёнах, выступы ў Менску і кампанію ў інтэрнэце, каб людзі ўбачылі некалькіх прэтэндэнтаў і змаглі прагаласаваць за чалавека, якога яны ўважаюць за свайго лідара.

Праймерыз будуць рэальнымі і сапраўднымі выбарамі - абсалютна празрыстымі, у адрозненне ад таго, што робіць Ярмошына. Прыехалі мы, некалькі прэтэндэнтаў, у Маладзечна, выступілі перад людзьмі, на стале скрынка. Прагаласавалі, адчынілі скрынку, палічылі – на вачох ва ўсіх. І я думаю, што вынікі ў розных гарадах, праграмы прэтэндэнтаў, цікавасць людзей да выбараў адзінага дэмакратычнага лідара павінна падняць пэўную палітычную хвалю. Гэта ўсё будзе суправаджацца інтэрнэт-галасаваннем, выступамі ў СМІ, актыўнасцю ў сацсетках. Такім чынам, праймерыз стануць часткай той палітычнай «вакханаліі», якой так спалохаўся Лукашэнка.

Прэзідэнцкі спектакль юрыдычна дае пэўнае вакно магчымасцяў для змены ўсёй сістэмы рэжыму, гэта літаральна 3-4 месяцы. Калі пачынае адбывацца нешта сур’ёзнае, трэба рыхтавацца і ў вырашальны момант спектакль ламаць. Калі ўсё ідзе як ідзе, ніякіх форс-мажораў, закручванне гаек – рабіць падтанцоўку для Лукашэнкі я сэнсу не бачу. 

Патэнцыял для зменаў насамрэч вялізны. Але і страх, і стомленасць, і расчараванне ня меншыя. Як хрысціянскі дэмакрат я веру – калі мы зробім усё, што зможам, Бог дасць беларусам перамогу.

Вам можа спадабацца