Новыя абліччы ўкраінскага алігархату

Міжнародныя дачыненьні

Новыя абліччы ўкраінскага алігархату

1 верасьня 2019 а 01:30

Сёлетнія прэзідэнцкія выбары ва Украіне, на першы погляд, укладаюцца ў агульнасусветную тэндэнцыю росту папулізму, калі незасвечаныя ў палітыцы асобы з добрымі навыкамі працы з аўдыторыяй, часта розныя акторы і шоумэны, робяць імклівую палітычную кар’еру і з дапамогай простых лозунгаў, а то і проста абаяльнай усмешкі заваёўваюць сэрцы мільёнаў грамадзян. Але гэтая паралель не цалкам спрацоўвае ў выпадку з Уладзімірам Зяленскім.


Справа ў тым, што яшчэ ў пачатку выбарчай кампаніі назіральнікі звярнулі ўвагу, што Зяленскі – фігура несамастойная. Практычна адразу ж яго выстаўленне было расцэнена як праект алігарха Ігара Каламойскага. Праца на ягоным канале, асабістыя адвакат і ахоўнік алігарха, падтрымка ягоных СМІ – здавалася б, хто хацеў і мог, усё зразумелі. Дый без гэтага: з чаго б гэта чалавек, міма якога прайшлі ўсе найвялікшыя ўзрушэнні, майданы і г.д., раптоўна вырашыў ашчаслівіць сабою краіну? Аднак цікава, што гэта асабліва не перашкодзіла Зяленскаму на шляху да ўлады. Яго прыхільнікі часта разважалі ў катэгорыях, што горш, прынамсі, ужо не будзе, і рост уплываў аднаго алігарха замест другога моцна іх не палохаў. Наколькі апраўданы такі рэлятывізм?

Калі паспрабаваць коратка ўхапіць сутнасць гэтых выбараў, то ў аснове іх - надзвычай востры канфлікт Ігара Каламойскага і былога ўжо прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Каламойскі апалчыўся з-за адабраных у яго Праватбанка і Укрнафты. А вось дзеля чаго Парашэнку спатрэбілася нацыяналізацыя Прыватбанка - большасць электарату, мабыць, проста не здагадвалася. Хаця акурат тут і хаваецца самае цікавае. Афіцыйная прычына: малыя рэзервы і вялікая доля праблемных крэдытаў, рызыка банкруцтва, а з улікам яго долі на рынку (40 % дэпазітаў) гэта пагражала крахам усёй фінансавай сістэмы. Але гэта афіцыйна. На справе размова пра асаблівасці ўкраінскага банкаўскага сектара і эканомікі наогул. Гэтыя праблемныя крэдыты (абсалютная большасць выдадзеных) – гэта тое, што Каламойскі выдаваў сабе, сваім прадпрыемствам. Але рабіў гэта не напрамую, а праз падстаўныя свае ж кампаніі-“пустышкі”, якія не вялі ніякай дзейнасці (палова ішла яго украінскім кампаніям, палова – кіпрскім афшорам). І так рабіў не толькі Каламойскі, пры слабасці дзяржавы многае было магчыма. Гэта цягнулася гадамі, з ігнараваннем усялякіх норматываў, што рэгулююць памер такіх “звязаных” крэдытаў, памер банкаўскіх рэзерваў і г.д. І вось у 2014 г. Нацбанк пры падтрымцы МВФ пачаў рэформу, дакладней, чыстку банкаўскага сектара. Праблемным банкам давалася альтэрнатыва: або ліквідацыя, або прывядзенне да нарматываў і дакапіталізацыя. За два гады 65 банкаў зніклі, частка выканала ўмовы, атрымала дапамогу і засталася. Але гэта былі не самыя буйныя. А вось з Прыватбанкам узнікла праблема. Каламойскаму прапанавалі перавесці крэдыты на рэальныя кампаніі і падмацаваць нечым рэзервы.

Апошні, падтрымаўшы пасля рэвалюцыі новую ўладу, спадзяваўся, што ўсё, прынамсі для яго, застанецца па-ранейшаму, і нават штосьці дастанецца пры перадзеле. Атрымаўшы спачатку дзве вобласці (у Днепрапятроўскай стаўшы губернатарам, а ў Адэскай паставіўшы свайго чалавека), не саромеўся адкрыта называць, што хоча яшчэ.

Што перадзел пачнецца з яго, Каламойскі не чакаў. Спачатку спрабаваў пераканаць Нацбанк, што ўсё нармальна столькі часу працавала і так і няма патрэбы нешта мяняць, карацей, прапанаваў верыць яму на слова. (Як яно працавала – не да канца ясна, агучваліся розныя версіі, у тым ліку цікавая версія пра “ісламскі банкінг” - крэдытаванне сваіх прадпрыемстваў не пад працэнты, а пад частку прыбытку, і іншыя.) У любым выпадку, куды ішлі грошы, дакладна можа сказаць толькі сам Каламойскі. Праблема была не ў тым, што яго пакрыўдзілі. Калі крэдыты ідуць невядома куды, а потым грошы невядома адкуль вяртаюцца – гэта ідэальная прастора для адмывання чаго заўгодна. І адмыванне – гэта тое, за што яго банк ліквідавалі ў Італіі, штрафавалі на Кіпры і тое, за што супраць яго была ўзбуджана справа ў ЗША, пасля чаго ён перабраўся са Швейцарыі ў Ізраіль. Урэшце, атрымальнікаў ён не раскрыў, на новых не перавёў, таму банк быў нацыяналізаваны (ліквідаваць яго з увагі на значэнне на рынку было нельга) і дакапіталізаваны.

Па вялікаму рахунку, уся гэтая гісторыя не пра Зяленскага і нават не пра Каламойскага, а пра тое, ці будзе ва Украіне цывілізаваны рынак, ці так і застанецца постсавецкае бязладдзе з адмываннем прыбыткаў, ценявой эканомікай, паўпустым бюджэтам, мізэрным сацыялам і велізарным разрывам у даходах. Але затое з прэзідэнтам, які ўмее абаяльна ўсміхацца.

З Укрнафтай усё прасцей: пры 42 % акцый у Каламойскага (50+1 – у дзяржавы), кампаніі ім было навязаная сваё кіраўніцтва, а каб яго нельга было змяніць, усталяваны кворум у 60 %. Калі Рада знізіла гэты кворум, з дапамогай баевікоў ім было заблакавана праўленне. Па сутнасці, гэта было парушэнне манаполіі дзяржавы на гвалт.

Наогул, украінскія алігархі дзеляцца на два тыпы: тыя, якія паразітуюць на прыўлашчанай здабываючай і перапрацоўчай прамысловасці, а таксама на імпарце энерганосьбітаў, а другі тып – гэта self-made. Іх менш, і найбольш палітычна заангажаваны з іх – былы ўжо прэзідэнт Парашэнка. Можна не любіць яго за многія рэчы: за тое, што пазбіраў у сваю партыю перабежчыкаў з Партыі рэгіёнаў (зрэшты, сумнеўна, што яны яго выкарыстоўвалі, хутчэй, наадварот), за карумпаваных супрацоўнікаў (якіх, зрэшты, звальняў), за шмат чаго яшчэ; наогул, у значнай ступені быў фігурай сістэмнай і радыкальных захадаў, пра якія ўсе марылі, пазбягаў. Але відавочна, што ўклаўся ў абодва Майданы ён акурат таму, што хацеў бачыць іншыя ўмовы для бізнэсу. Для гэтага трэба было прыстасоўвацца, супрацоўнічаць з ранейшымі ўладамі, каб не “зжэрлі”. Аднак ніхто, уключаючы Юшчанку, пакуль яшчэ столькі не зрабіў. Гэта толькі адна рэформа, не самая вядомая, але затое паслядоўная. Удар па алігархах, на якіх трымалася сістэма (ёсць яшчэ справа Фірташа, якую тут не закранаем, таксама пацярпелі інтарэсы іншых) таксама многага варты. Канешне, усе хацелі б “саджаць праз аднаго”, але як не саджаецца, то гэта не значыць, што выніку няма. У выбары паміж дрэнным і горшым народ, які не ў курсе, як арганізавана дзяржава і эканоміка, сам таго не ведаючы, абірае другое.

Не паспеў адбыцца першы тур выбараў (але ўжо было вядома, чым скончыцца другі), як суды, адчуўшы слабіну, пачалі выносіць рашэнні у справе канфіскацыі на карысць Каламойскага. Між тым, апальны алігарх вярнуўся ў краіну, яго кампаніі пачалі выйграваць тэндары нават там, дзе раней не бралі ўдзелу (напрыклад, пастаўкі паліва для Укрчыгункі), спецслужбы і правяраючыя органы блакуюць марскія парты, якія не кантралююцца кампаніямі Каламойскага, а юрыст Андрей Богдан, які абслугоўваў яго інтарэсы, стаў кіраўніком Офіса прэзідэнта (былой Адміністрацыі). Наогул, падобна на тое, што ва ўкраінскай палітыцы ў бліжэйшы час мала што зменіцца ў параўнанні з 90-мі і “нулявымі” гадамі. Для Беларусі гэтая, а таксама іншыя гісторыі постсавецкіх краін паказальныя тым, які можа быць вектар нашага далейшага развіцця, без асаблівых ілюзій і завышаных спадзяванняў. Зрэшты, апошнія апытанні паказваюць, што ўкраінцы задаволеныя, пытанне толькі, наколькі хопіць гэтай задаволенасці. У любым выпадку страчаныя шансы потым ужо не вернеш, бо ўсё гэта непазбежна адбіваецца масавай эміграцыяй і вымываннем чалавечага капіталу.

Вам можа спадабацца