
Адразу па сканчэнні Першай сусветнай вайны так званыя вялікія дзяржавы, асабліва Францыя, самі падштурхоўвалі да новай вайны і Нямеччыну, і сваіх учарашніх саюзнікаў. Маю на ўвазе Італію, якую пакрыўдзілі пры новым падзеле свету (у прыватнасці, германскіх і турэцкіх уладанняў). А таксама Японію. Хворая на расізм еўраатлантычная цывілізацыя, калі стваралася Ліга Нацый, не пажадала ўключыць у яе статут пункт супраць расізму. Японіі, якая не хацела паўтарыць лёс каланіяльных і паўкаланіяльных краін Азіі, удалося на пачатку ХХ ст. давесці, што яна таксама вялікая дзяржава. Яна жадала, каб прынамсі жоўтая раса была афіцыйна прызнана гэткай жа паўнавартаснай, як і белая. Белая раса з гэтым не згадзілася. І японцы гэта не забылі. Так паступова нараджалася дактрына Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту пад гегемоніяй Японіі, якая пачала складвацца ў эру Тайсё пад лозунгам “Азія для азіятаў” (1912–1926). Канчаткова ж дактрына аформілася на пачатковым этапе эры Сёва (1926–1941).
Да канчатковага афармлення дактрыны Вялікай усходнеаазіяцкай сферы суросквіту Японію падштурхнулі Злучаныя Штаты Амерыкі сваім актам аб кантролі экспарту (26 ліпеня 1941 г.) Па сутнасці Злучаныя Штаты абвясцілі Японскай імперыі вайну, бо гэтым акту быў забаронены экспарт нафты і нафтапрадуктаў у Японію і яе заморскія ўладанні не толькі са Штатаў, але і з трэціх краін. Кантроль за экспартам нафты трэцімі краінамі ўсклалі на ваенна-марскі флот ЗША. Амерыканскія войскі на Гаваях прывялі ў баявую гатоўнасць, філіпінскую нацыянальную гвардыю перадалі пад амерыканскі кантроль, японскія авуары ў банках ЗША замарозілі. Ці гэта ўсё разам узятае не абвяшчэнне вайны? Ці здарыўся б Пёрл-Харбар (7 снежня 1941 г.), калі б не акт 26 ліпеня? Не ведаю, але нагадаю, што японскімі войскамі 7 снежня камандаваў праціўнік вайны са Штатамі і нават іх сімпатык Ісароку Ямамота.
ВАЙНУ ПАЧАЛА ІТАЛІЯ
Губляць свае ўладанні Брытанія не хацела. У 1940-м яна стала саюзніцай Эфіопіі і з яе дапамогай нгусэ нэгест Хайле Селасіе вярнуўся на радзіму ды узначаліў барацьбу за вызваленне Абісініі ад італьянцаў. Супольныя брытана-абісінскія дзеянні прывялі да аднаўлення ў траўні 1941 г. незалежнасці Эфіопіі.
Як бачым, ваенна-палітычная кампанія, распачатая Італіяй ў 1935 г., была прадоўжана і завяршылася ўжо ў той час, які еўрапейцы ды амерыканцы лічаць часам 2-й сусветнай вайны. Адначасова з Заходнім фронтам з’явіліся Італьянскі і Усходнеафрыканскі франты. Калі ваенныя падзеі на Усходнеаафыканскім фронце завярышліся ў лістападзе 1941 г., дык ваяваць з італьянскімі фашыстамі на поўначы Афрыкі, на Сіцыліі, Сардыніі і Апенінскім паўвостраве аліянтам давядзецца аж да 2 траўня 1945 г.
ЯПОНІЯ, МАНЧЖУРЫЯ І КІТАЙ
Другая сусветная вайна ва Усходняй Азіі пачалася 7 ліпеня 1937 г., калі Японія напала на ўласна Кітай. І раней паміж кітайцамі і японцамі адбываліся сутычкі, але цяпер разгарэлася поўнамаштабная вайна.
Калі чытаць нашы падручнікі, дык можа скласціся ўражанне, што супраць японцаў ваяваў увесь Кітай – і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія партыі Гаміньдан на чале з Чан Кайшы, і камуністычная Народна-вызваленчая армія Кітая. Але гэта далёка не так.

30 сакавіка 1940 г. часовы ўрад Кітайскай Рэспублікі са сталіцай Пекіне і рэфармаваны ўрад Кітайскай Рэспублікі вырашылі стварыць цэнтральны ўрад Кітайскай Рэспублікі. Гэты ўрад, у які ўвайшлі вядомыя дзеячы Гаміньдана і які выступаў за прымірэнне з Японіяй, працаваў у Нанкіне. Інакш паўсталую ў 1940-м паралельную Кітайскую Рэспубліку называлі рэжымам Ван Цзінвэя. З 1940-га на тэрыторыі Кітая, апроч ураду Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і рэжыму Ван Цэзінвэя (Нанкін), існаваў і трэці ўрад – Мэнцзяна. У 1937–1939 гг. аўтаномны ўрад у дзейнічаў у Паўночнай Цзінь. Гэта паўночная частка правінцыі Шаньсі, якая тры тысячагоддзі мела сваю дзяржаўнасць (царства Цзінь, сінонім Шаньсі).
На поўдні правінцыі Хэбэй у 1937–1939 гг. дзейнічаў аўтаномны урад Паўднёвага Чахара. У 1937–1939 гг. дзейнічаў і аўтаномны ўрад Аб’яднаных мангольскіх аймакоў.
1 верасня 1939 г. (калі пачалася германа-польская вайна) аўтаномныя ўрады Паўночнай Цзінь, Паўднёвага Чахара і Аб’яднаных мангольскіх аймакоў стварылі аб’яднаны аўтаномны ўрад Мэнцзяна (у перакладзе – мангольскіх памежных земляў, мангольскага памежжа). У 1941 г. японцы дазволілі гэтаму ўтварэнню называцца Мангольскай аўтаномнай федэрацыяй. Але захоўвалася і назва Мэнцзян. Прыйшоўшы да ўлады, кітайскія камуністы вымушаны будуць стварыць ва Унутранай Манголіі сваю аўтаномію. Што праўда, некаторыя землі з мангольскім насельніцтвам у склад аўтаноміі не трапілі.
Нарэшце, нельга не прызнаць, што ў Кітаі ў час вайны з Японіяй меўся яшчэ адзін урад – камуністычны, пад кантролем якога знаходзілася немалая частка краіны. У гісторыю ўвайшла Пячорная Яньань, дзе ў 1937–1947 адседжвалася кіраўнцітва КПК на чале з Мао Цзэдунам. Гэта быў чацвёрты кітайскі ўрад, калі не лічыць Манчжоў-го.
Асноўны цяжар барацьбы з японцамі ўзвалілі на свае плечы саюзныя заходнім дзяржавам і Савецкаму Саюзу ўрад Кітайскай Рэспублікі (Чунцін) і Нацыянальна-рэвалюцыйная армія на чале з Чан Кайшы.
Калі пачытаць гісторыю барацьбы камуністаў з японскімі захопнікамі, дык міжволі прыходзіш да высновы, што пэўны час змагалася толькі адна Восьмая армія, бо з усіх дзесяці маршалаў КНР шэсць рабілі кар’еру менавіта ў яе шэрагах. Ну, і Чэнь І вызначыўся ў 4-й арміі. А што тычыцца такога палкаводца, як Е Цзянінь, дык гэта тыповы палітык, нават палітычны інтрыган. Кар’еры ж маршала Сюй Сянцяня паспрыяла яго перамога над… кітайцамі з Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Гаміньдана ў 1932 г. Пра яго поспехі у вайне з японцамі чытаць не давялося. Нічога не ўдалося мне пачытаць пра подзівгі у вайне з Японіяй і маршала Не Жунчжэня.
2-я япона-кітайская вайна (першая адбылася ў 1890-х гг.), пачаўшыся ў ліпені 1937 г., доўжылася восем гадоў – да верасня 1945 г. Яна папярэднічала ваенным падзеям у Еўропе і працягвалася пасля іх. Ужо гэта дае права сцвярджаць, што 2-я сусветная вайна пачалася задоўга да 1 верасня 1939 г.
“Вялікая вайна Супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам паклала пачатак галоўнаму ўсходняму фронту сусветнай вайны з фашызмам”, – чытаем мы ў кнізе “Вялікі ўклад – Кітай у сусветнай вайне з фашызмам” (Пекін, 2015). Гэтае выказванне належыць старшыні КНР Сі Цзіньпіну.
Я б цалкам згадзіўся са старшынёю Сі, калі б не ведаў, што галоўным фронтам на Усходзе стаў Ціхаакіянскі тэатр ваенных дзеянняў, якія адбываліся і ва ўсходняй частцы Індыйскага акіяна, калі б не ведаў, што Кітайскай Рэспубліцы істотную мілітарную дапамогу аказалі Злучаныя Штаты (і тут безумоўна вялікая заслуга выхаванай у Амерыцы Сун Мэйлін, жонкі Чан Кайшы).
Нельга цалкам згадзіцца і з падзагалоўкам першай часткі кнігі, у якім напісана: “Кітай першы падняў заслону сусветнай антыфашысцкай вайны і стаў першым буйнамаштабным фронтам, дзе разгортвалася барацьба з фашыстамі”. У вайну супраць аўтэнтычных фашыстаў, італьянскіх, першая ўступіла ўсё ж Эфіопія. Што ж тычыцца буйнамаштабнасці фронту, дык гэта праўда. Але ці можна назваць Японскую імперыю таго часу фашысцкай дзяржавай?
АБСЯГ ВАЙНЫ
Аўтары даводзяць, што баі ля Халхін-Гола спатрэбіліся Савецкаму Саюзу, каб зрабіць бяспечным яшчэ адзін канал пастаўкі ўзбраенняў Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі (першы канал пралягаў праз Уйгурстан, другі пракладвалі праз землі манголаў).

Баі на Халхін-Голе пяпярэднічалі ваенным падзеям у Еўропе і скончыліся пасля нападу Нямеччыны на Польшчу. Можна іх выкрасліць з гісторыі 2-й сусветнай вайны?
СЛОВА ІОСІФА СТАЛІНА
Першая глава справаздачнага даклада Іосіфа Сталіна мае загаловак “Міжнароднае становішча Савецкага Саюза”. Першы раздзел даклада заканчваецца двума кароткімі абзацамі. Вось яны:
“Так стаў складвацца блок трох агрэсіўных дзяржаў.
На чарзе паўстала пытанне аб новым перадзеле свету з дапамогай вайны”.
Другі раздзел мае загаловак “Абвастрэнне міжнароднага палітычнага становішча, крушэнне паваеннай сістэмы мірных дагавораў, пачатак новай імперыялістычнай вайны”. Пачынаецца гэты раздзел са сказа: “Вось пералік важных падзей за справаздачны перыяд, якія паклалі пачатак новай імперыялістычнай вайне”. Далей ідзе гэты пералік: напад Італіі на Абісінію і захоп яе; ваенная інтэрвенцыя Германіі і Італіі ў Іспаніі, замацаванне Германіі ў Паўночнай Іспаніі і іспанскім Марока, замацаванне Італіі ў Іспаніі і на Балеарскіх астравах; уварванне ў 1937 г. Японіі ў Паўночны і Цэнтральны Кітай, захоп Кантона (1938) і вострава Хайнань (1939). Згадваецца таксама аншлюс Аўстрыі і захоп Судэцкай вобласці Чэхаславаччыны.
Пералічыўшы ўсе гэтыя гістарычныя факты, Сталін, рабіў выснову: “Такім чынам, вайна… уцягнула ў сваю арбіту больш за 500 мільёнаў насельніцтва, распаўсюдзіўшы сферу свайго дзеяння на агромністую тэрыторыю ад Цзянціна, Шанхая і Кантона праз Абісінію да Гібралтара”. І праз абзац: “Новая імперыялістычная вайна стала фактам”.
Гэтыя словы, нагадаю, прамоўленыя амаль за 6 месяцаў да нападу Нямеччыны на Польшчу, які з еўропацэнтрычнага (еўраатлантычнага) гледзішча лічыцца пачаткам 2-й сусветнай вайны. Калі ж глядзець на падзеі таго часу шырэй, то трэба згадзіцца з генеральным сакратаром бальшавіцкай партыі: імперыялістычная, або 2-я сусветная, вайна пачалася значна раней – у Эфіопіі.
Сталін ведаў, пра што казаў. Ён сам быў адным з падпальшчыкаў гэтай вайны і нават меў на гэты конт адмысловую тэорыю. Але пра тэорыю калі-небудзь асобна.