“Маскоўская справа”: Расея судзіць дзеяча культуры

Грамадзтва

“Маскоўская справа”: Расея судзіць дзеяча культуры

20 верасьня 2019 а 15:38

Арсень Чупрыгін

Акцёр Павел Усцінаў

“Маскоўская справа” — гэта агульная назва, якая апісвае судовы пераслед затрыманых 27 ліпеня на Пушкінскай плошчы. Найбольшы рэзананс выклікала затрыманне акцёра Паўла Усцінава. 3 жніўня ён не ўдзельнічаў у пратэстах. Ён проста чакаў сябра на Пушкінскай плошчы, калі яго затрымалі і жорстка збілі байцы Расгвардыі, адзін з якіх вывіхнуў сабе плячо. Пазней суд прыгаварыў хлопца да 3,5 гадоў зняволення. Неўзабаве быў запушчаны флэшмоб у сацсетках, які падтрымалі акцёры, рэжысёры, журналісты — агулам дзясяткі чалавек.

“Раcказвайце адзін аднаму! Вывучыце матэрыялы іншых фігурантаў “маскоўскай справы”! Мы мусім аб’яднацца!” — заклікала ў сваім Інстаграме расейская актрыса беларускага паходжання Аляксандра Борціч. Тым больш, што паспяховы прыклад аб’яднання прафесійнай супольнасці меўся перад вачыма. Пасля арышту журналіста “Медузы” Івана Галунова нібыта за распаўсюд наркотыкаў яго калегі дамагліся яго вызвалення.

За Паўла Усцінава заступіліся не толькі акцёры. У пікетах каля Адміністрацыі расійскага прэзідэнта пад транспарантам  “Мы — уся краіна”  актыўна ўдзельнічалі простыя людзі, не звязаныя са сферай культуры.

Салідарнасць такога маштабу прынесла свае плады. Сёння, 20 верасня, суд разгледзеў прашэнне Генпракуратуры РФ і адпусціў Паўла Усцінава пад падпіску аб нявыездзе. Разгляд справы запланаваны на панядзелак.

Акцыі салідарнасці працягваюцца. 19 верасня на афіцыйным YouTube-канале рэпера OXXXYMIRON (Мірона Фёдарава) у жывым эфіры прайшлі літаратурныя чытанні #cядьзатекст. Акцёры і музыкі чыталі ўрыўкі з літаратурнай класікі і выказванняў знакамітых людзей: “Гора ад разума” Аляксандра Грыбаедава, лістоў Вісарыёна Бялінскага, Максіма Горкага, прамоў Марціна Лютэра-Кінга, вершаў Уладзіміра Маякоўскага, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Пушкіна, — якім давалася прававая ацэнка. Амаль кожны аўтар “атрымаў” адміністрацыйны арышт да 15 сутак ці тэрмін да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Нагода для гэтай акцыі — новыя абвінавачванні ў адрас фігуранта “маскоўскай справы” Ягора Жукава, на гэты раз — у экстрэмізме ў відэа на YouTube, а таксама тэрмін у пяць гадоў, які адбывае Уладзіслаў Сініца за свой твіт. Ён таксама удзельнік пратэстаў.

Спыніць судовы пераслед затрыманых 27 ліпеня на Пушкінскай плошчы заклікалі настаўнікі, святары Расейскай праваслаўнай царквы, прафсаюз журналістаў. Гэтыя людзі пайшлі наперакор уладзе. Чым шырэйшы будзе рух салідарнасці, тым цяжэй у Крамлі будзе ігнараваць іх галасы.

Вам можа спадабацца