Макей выказаўся пра адносіны з ЗША і Еўрасаюзам

Палітыка

Макей выказаўся пра адносіны з ЗША і Еўрасаюзам

1 кастрычніка 2019 а 10:34

На думку міністра замежных спраў, у сучасным узаемазвязаным свеце адсутнасць паслоў – гэта ненармальны стан, непаўнавартасныя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі. "І тым больш, калі будзем казаць адкрыта, няма нармальных адносін з дзяржавай, якая сёння лічыцца дзяржавай нумар адзін у свеце і, па маім асабістым ацэнкам, будзе заставацца такой у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Мы зацікаўлены ў развіцці нармальных адносін з ЗША. Мы хацелі б сысці ад той канфрантацыйнай рыторыкі, якая была ўласцівая нашым адносінам, скажам, гадоў дзесяць таму, калі па нашым настойванні паслы былі вымушаныя з'ехаць з абедзвюх краін", – адзначыў Уладзімір Макей у інтэрв'ю расійскаму выданню РБК.

Каментуючы магчымае паляпшэнне адносін з ЗША, Макей таксама заявіў, што для вяртання паслоў патрабуецца яшчэ выкананне шэрагу ўнутраных працэдур, звязаных з прызначэннем паўнамоцных надзвычайных прадстаўнікоў у абедзвюх краінах. ЗША плануюць таксама пабудаваць новы будынак амбасады ў Беларусі, таму што ранейшы не адпавядае, на іх думку, патрабаванням бяспекі. Яны зрабілі больш жорсткім гэтыя патрабаванні пасля вядомага тэракту ў Бенгазі.

Па словах міністра замежных спраў, Беларусь зацікаўлена ў першую чаргу ў наладжванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Ён адзначыў, што таваразварот з ЗША ў мінулым годзе склаў больш як 700 млн $ і вырас прыблізна на 18%. На думку Макея, Беларусі цікава мець нармальныя адносіны з ЗША як з краінай, якая ўяўляе з сябе добры ёмісты рынак для нашай прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У якасці прыклада былі прыведзены савецкія часы, калі ў ЗША пастаўляліся беларускія трактары.

Адказваючы на пытанне, ці не будзе гэта ў Расіі ўспрымацца як уварванне ЗША ў зону яе інтарэсаў, беларускі міністр замежных спраў заявіў, што ў ЗША з Расіяй існуюць значна больш прасунутыя адносіны, чым у Беларусі, у тым ліку і інстытуцыйныя, адбываюцца рэгулярныя сустрэчы найвышэйшым узроўні, і таму няма сэнсу падазраваць Беларусь у спробах "сысці на Захад ці яшчэ куды-небудзь".

Каментуючы беларуска-еўрапейскія адносіны, Уладзімір Макей адзначыў, што для яго незразумелая рэакцыя “некаторых, мякка кажучы, неразумных і невукаў” – расійскіх палітыкаў і дэпутатаў, якія крытыкуюць гатоўнасць Беларусі падпісаць пагадненне аб палягчэнні візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам, паколькі сама Расія заключыла гэтае пагадненне яшчэ ў 2006 г. У выніку расіяне сёння могуць выязджаць у Еўрапейскі саюз, купляючы візу за 35 €, а беларусы вымушаны плаціць па 60 €.

Паводле РБК

Вам можа спадабацца