Каліноўскі, які не аб'яднаў

Меркаваньні

Каліноўскі, які не аб'яднаў

1 кастрычніка 2019 а 16:19

Аляксандр Пашкевіч

Віртуальныя барыкады

Роўна тыдзень таму беларускі сегмент Сеціва нечакана выбухнуў гарачымі дыскусіямі аб магчымасці перапахавання парэштак нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні два гады таму), не ў Літве, а ў Беларусі. Падставай для гэтага стала публікацыя 24 верасня звароту беларускай інтэлігенцыі да Сейма і ўрада Літоўскай Рэспублікі, у якім дзясяткі вельмі вядомых беларусаў, у тым ліку і такіх, якіх сёння прынята называць «лідарамі думак» (сярод падпісантаў Святлана Алексіевіч, Юрый Зісер, Андрэй Дынько, Уладзімір Арлоў, Глеб Лабадзенка, Павел Белавус, Віталь Гуркоў і многія іншыя), прасілі літоўцаў перадаць парэшткі Каліноўскага для перапахавання ў нашай краіне.

Ніякай рэакцыі афіцыйных уладаў Беларусі на гэты зварот не было. Затое рэзка супраць перапахавання ў Беларусі выказваліся многія з людзей, у шанаванні якімі асобы Кастуся Каліноўскага і ўвогуле адданасці нацыянальнай ідэі сумнявацца не даводзіцца: Алесь Смалянчук, Сяргей Харэўскі, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, Вінцук Вячорка, Зянон Пазьняк, Аляксей Ластоўскі, Дзмітрый Гурневіч і многія іншыя. Па розныя бакі віртуальных барыкадаў нярэдка апыналіся члены адной сям’і, калегі па працы, шматгадовыя сябры і аднадумцы...

Дыскусія гарачая, але нядоўгая

Тры дні дыскусія ішла з асаблівым імпэтам, далей паступова заціхала. Апаненты падпісантаў у асноўным ціснулі на тое, што Вільня – зусім не чужы беларусам горад, і тым больш яна не была чужой для Каліноўскага. А вывозячы яго адтуль «на радзіму», мы нібыта сваімі рукамі «эвакуіруем» з Вільні беларускі кантэкст, тым самым адмаўляючыся ад яе гістарычнай спадчыны. Што Каліноўскага збіраюцца перапахаваць на славутых віленскіх могілках Росы не аднаго, а з двума дзясяткамі паплечнікаў па змаганні, што больш за паўтара стагоддзя праляжалі на Замкавай гары побач з ім. І цяпер іх штучна раздзяляць паводле нацыянальных падзелаў, якія цвёрда і канчаткова аформіліся толькі ў пазнейшы час, несправядліва і недарэчна. Што сённяшняя аўтарытарная Беларусь відавочна не ёсць той краінай, за якую змагаўся Каліноўскі. Што страшным сном для яго была наяўная сёння татальная русіфікацыя краіны і яе знаходжанне ў арбіце так званага «русского мира». Што ў сучаснай Беларусі магіле Каліноўскага, маўляў, будзе не зусім бяспечна знаходзіцца нават фізічна, бо яе могуць тут апаганьваць расійскія шавіністы ці фанатычныя прыхільнікі расійскага праваслаўя, пра якое, як вядома, Кастусь пры жыцці выказваўся вельмі непрыхільна. Аргументаў было шмат, і не скажаш, што яны былі заўсёды непераканаўчыя.

Але ўжо 26 верасня літоўскі ўрад паставіў у гэтай справе кропку, прызначыўшы перапахаванне парэшткаў усіх паўстанцаў на 22 лістапада на віленскіх могілках Росы. Для Каліноўскага выключэння не зрабілі.

Практычны сэнс працягваць дыскусію пасля гэтага знік, але пытанне, ці варта было б пераносіць парэшткі Каліноўскага ў Беларусь у прынцыпе, засталося. Відаць, будуць час ад часу ўспыхваць падобныя спрэчкі і пазней, асабліва пры набліжэнні даты пахавання.

Не ўсе страхі слушныя

Я асабіста быў адразу і паслядоўна супраць пахавання ў Беларусі ў сучасных умовах. Хоць і не магу сказаць, што падзяляў усе тыя вышэйцытаваныя перасцярогі эмацыйнага характару. Па-першае, не думаю, што вываз з Вільні парэшткаў Каліноўскага азначае хоць бы ў найменшай ступені адмову ад віленскай гістарычнай спадчыны. Гэтая спадчына – настолькі вялікая, багатая і храналагічна працяглая, што выкрасліць яе з нашай гісторыі проста нерэальна, нават пры вялікім жаданні. Духоўна гістарычная Вільня заўсёды будзе з намі незалежна ад дзяржаўнай прыналежнасці.

Не думаю таксама, што магіле Каліноўскага ў Беларусі сапраўды надта сур’ёзна нешта пагражае фізічна. Так, небяспека апаганьвання, вядома, заўсёды ёсць, але не варта яе надта перабольшваць. Вядома, Беларусь мае негатыўны досвед апошніх гадоў, звязаны з Курапатамі і Вайсковымі могілкамі. Але гэта ўсё-такі сітуацыя не зусім аднаго і таго ж парадку. І галоўная праблема ўсё ж не ў гэтым.

Без дзяржавы няма сэнсу

Сэнс хаваць Каліноўскага ў Беларусі быў бы толькі тады, калі б гэта было магчыма зрабіць вельмі ўрачыста і ў добрым сэнсе слова гучна. Каб прыткнуць магілу не хоць бы дзе, а на сапраўды належным нацыянальнаму герою месцы. Каб падзея стала заўважнай і прыкметнай для ўсяго грамадства, а не толькі для той яго колькасна не вельмі вялікай часткі, што ўжо сёння прымае і вызнае нацыянальную ідэю.

А ўсё гэта немагчыма, калі ўбаку застаецца дзяржава.

Натуральна, згадка пра дзяржаву выкліча ў многіх раздражненне: маўляў, што за саўковы патэрналізм, няўжо ж без яе і кроку ступіць нельга? Давайце, маўляў, увогуле нічога ад дзяржавы не чакаць і не спадзявацца, робячы ўсё сваімі сіламі. Такая думка часта не пазбаўленая рацыі. Але ў нацыянальна-культурнай працы ёсць розныя ўзроўні, і ў кожным з іх рознае і значэнне дзяржаўнай падтрымкі ды дзяржаўнага заангажавання.

Калі казаць пра такія рэчы, як выдавецкая дзейнасць, арганізацыя непалітызаваных публічных мерапрыемстваў, розныя грамадскія кампаніі, зборы сродкаў на ўсялякія карысныя праекты і да таго падобнае – то тут, несумненна, незалежнае грамадства можа і павінна цудоўна даваць рады і самастойна, не стоячы з працягнутай рукой за дзяржаўнай падачкай. Выжываць і нават неяк мінімальна развівацца можна і без гэтага, што засведчана шматгадовай практыкай, – калі, падкрэслю, гаворка ідзе пра мікраўзровень, падтрыманне жыцця ў колькасна не вельмі шматлікіх асяродках.

А вось калі гаварыць пра трансляцыю нашых каштоўнасцяў на ўсё грамадства, выхад на макраўзровень – то для гэтага мусіць грунтоўна змяніцца дзяржаўная моўна-культурная і інфармацыйная палітыка. А яна пакуль калі і змяняецца, то зусім не прынцыпова.

Таму для належнага перапахавання праху Кастуся Каліноўскага ў Беларусі сёння няма неабходных умоў. Дзяржава ў гэтым яўна не зацікаўленая – бо інакш сама рабіла б па сваіх каналах неабходныя захады ад таго часу, як былі знойдзеныя і амаль стопрацэнтна ідэнтыфікаваныя парэшткі героя. А без удзелу дзяржавы урна з прахам можа мець праблемы нават з перасячэннем дзяржаўнай мяжы. Разлічваць жа на тое, што ўлады дазволяць праз сваю галаву дастойна, у статусным месцы пахаваць прах і зрабіць з гэтага сапраўды рэзанансную падзею – як мінімум наіўна. Не кажучы пра стварэнне згаданага ў звароце «пантэона змагароў за свабоду».

Немэтазгодна ні сімвалічна, ні практычна

Не выпадае гаварыць і пра адназначна станоўчую сімвалічную ролю магчымага пахавання Каліноўскага ў Беларусі. Натуральна, я не адмаўляю таго, што сімвалічныя акцыі бываюць не менш важнымі за практычныя. Але пры адной умове: яны мусяць яднаць, а не раз’ядноўваць. У нас жа, як засведчыла сітуацыя са зваротам, кансэнсусу ў пытанні перапахавання Каліноўскага няма нават сярод нацыянальна арыентаванай часткі грамадства. Яна раскалолася прыблізна напалову, і нельга сказаць, што адна з гэтых паловаў уплывовая, а другая маргінальная. А якая карысць ад сімвалічных акцый, якія не яднаюць нават у прынцыпе аднадумцаў?

Выказвалі прыхільнікі пераносу праху Каліноўскага ў Беларусь і аргументы практычна-прыземленага характару. Маўляў, калі магіла нацыянальнага героя за мяжой, то яе цяжэй наведваць. А наведванне такіх месцаў, маўляў, вельмі важнае для іх нацыянальнага ўзгадавання. Але падобныя аргументы – увогуле надуманыя, з імі нельга пагадзіцца нават часткова. У якой зямлі фізічна знаходзяцца косткі нацыянальнага дзеяча – не мае асаблівага значэння, калі ён належным чынам ушаноўваецца на радзіме. А калі палітыка памяці гэтага не прадугледжвае – то не дапамогуць ніякія магілы – ні блізкія, ні далёкія. Можна мець штосьці каштоўнае пад бокам і яго зусім не цаніць. Для нашай сённяшняй рэчаіснасці гэта хутчэй норма, чым выключэнне. І адна магіла, нават такая знакавая, нічога тут не зменіць. Бо, як той казаў, тут усю сістэму трэба мяняць.