Рэканструкцыя Другой сусветнай

Меркаваньні

Рэканструкцыя Другой сусветнай

3 кастрычніка 2019 а 18:35

Зміцер Віцько

У рэканструкцыі ваенных падзеяў розных эпохаў няма нічога незвычайнага. Зусім інакш у апошні час выглядае справа з Другой сусветнай. Па-першае, штогадовае адзначэнне звязаных з ёю галоўных падзеяў з элементамі рэканструкцыі з кожным годам усё пашыраецца і ахапіла ўжо многія райцэнтры. Па-другое, рэканструкцыя тут выходзіць за рамкі ўласна баявых дзеянняў і ўсё часцей ператвараецца ў публічную дэманстрацыю табуяваных рэчаў. Таксама, мякка кажучы, сумнеўна з этычнага пункту погляду выглядае святкаванне ПАЧАТКУ вайны, якая, як вядома, прынесла столькі няшчасцяў і памяць пра якую яшчэ жывая ў народзе. Пра тое, як яно адбывалася ў гэтым годзе ў Лідзе, паведамляла Лідская газета. Тэатралізаваная рэканструкцыя провадаў на вайну прайшла з песнямі і скокамі. У аднаго з яе удзельнікаў, апранутага ў ваенную форму, на грудзях сярод узнагарод можна было заўважыць два ордэны Вялікай Айчыннай (атрыманыя, трэба думаць, да яе пачатку).

На Магілёўшчыне пайшлі далей і правялі рэканструкцыю спалення вёскі. Незразумела, якія пачуцці ў яе ўдзельнікаў яна магла выклікаць, ці атрымалі яны задавальненне ад удзелу? Па вялікаму рахунку, з такім жа поспехам можна займацца рэканструкцыяй падзеяў крымінальнай хронікі. Бачыце, маўляў, наколькі жахліва – глядзіце, каб не паўтарылася.

Мода на рэканструкцыю вайны ва ўсёй яе паўнаце, не толькі баявых дзеянняў, прыйшла, несумненна, з Расіі. Па сутнасці, гэта набыло форму аднаўлення сакральнага ў масавай свядомасці часу і адсюль імкненне да максімальна поўнай яго рэканструкцыі, з усімі падрабязнасцямі.

Найбольшую вядомасць набыла рэканстукцыя канцлагера ў Чыце, якая нават не патрабуе асаблівых каментароў:

У гэтым годзе адзначыліся на Алтаі, дзе правялі рэканструкцыю Дняпроўскай аперацыі, у ходзе якой спалілі вёску і правялі перад публікай паказальны расстрэл здрадніка:

Звычайна такія рэчы дэманструюцца ў форме арыгінальных сведчанняў эпохі ў музеях. Тое, што сёння яны пашыраюцца ў публічнай прасторы, сведчыць, што адбываецца зрушэнне маральных і эстэтычных арыенціраў, калі пачатак трагедыі ператвараецца ў свята, а рэальныя зверствы і садызм аднаўляюцца ў гульнявой форме і выстаўляюцца на агляд.

Вам можа спадабацца