Каліноўскі: мошчы ці парэшткі?

Меркаваньні

Каліноўскі: мошчы ці парэшткі?

4 кастрычніка 2019 а 14:30

Сяргей Грунтоў

Каліноўскі быў героем і міфам беларускага нацыянальнага руху, а цяпер, калі знойдзены ягоныя парэшткі, стаў яшчэ і сакральным аб'ектам. Дыскусія пра месца ягонага пахавання, якая распачалася, праходзіла хоць і актыўна, але параўнальна ветліва і з павагай адзін да аднаго. І гэта не дзіўна, таму што абодва бакі падзяляюць міф Каліноўскага і прызнаюць сакральнасць ягоных парэштак. А сп. Сяргей Абламейка на "Радыё Свабода" наўпрост назваў парэшткі "сакральнымі касцямі" і заклікаў размясціць іх у адпаведным "пантэоне". Сакральнасць маецца на ўвазе, канешне, у межах грамадзянскага нацыяналізму – тая самая, якой валодаюць парэшткі Міцкевіча ці Шаўчэнкі. Таму дыскусія вялася пераважна не пра самога Каліноўскага, а пра адпаведнасць ягонаму сакруму сучаснай Беларусі. Ці не спрафануюць тут яго парэшткі праз нядбайнасць уладаў ці праз абыякавасць саміх беларусаў? І калі Вільня наша – у сэнсе неад'емнасці ад нашай гісторыі і культуры – то ці не адпавядае яна ў большай ступені патрэбам ушанавання памяці нацыянальнага героя?

Сам факт гэтай дыскусіі, яе мова і змест сведчаць пра тое, што беларускі нацыяналізм усё яшчэ мысліць і артыкулюе сябе катэгорыямі ХІХ ст. Ён верыць у культ герояў, сакральную сілу іхных парэштак і іх здольнасць уплываць на цяперашняе жыццё, марыць пра пантэоны і збірае грошы на конныя статуі сярэднявечным князям. Магчыма, ён мае рацыю. Магчыма, такія катэгорыі блізкія і зразумелыя значнай частцы грамадства, а да таго ж адпавядаюць патрэбам вядзення "войнаў памяці" і ідэалагічных спрэчак з апанентамі ўнутры краіны і за яе межамі. І ўсё ж падаецца, што варта часам узгадваць год і стагоддзе, у якім мы жывем, і разумець, што працяг развіцця нацыянальнай рыторыкі ў такім ключы непазбежна вядзе да далейшай яе маргіналізацыі. У нас вырасла ўжо некалькі пакаленняў моладзі, якім падалася б абсурднай і смешнай ідэя пакланяцца любым парэшткам – хоць Леніна, хоць Каліноўскага. І гэта выдатна, гэта дае надзею на завяршэнне той сямейнай свары, якая вялася народамі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы на працягу ХХ ст.

Гэтымі словамі я ніяк не хацеў бы прынізіць значэнне Каліноўскага і ягоных парэшткаў. Наадварот, іх знаходку варта прызнаць адной з найбольш значных падзеяў для беларускага нацыянальнага руху за апошні час. Але за дыскусіямі пра месца пахавання, пра спосабы яго ўшанавання і пра меру нашай ім адпаведнасці забыліся пра адно – пра самі косці. Выява шкілета з закінутай назад галавою і рукамі за спіною, разуменне таго, што вось – гэта ён і ёсць, што перад намі фінальная кропка той даўняй гісторыі, нявольна кранала. Нават на візуальным фоне, перанасычаным выявамі эксгумаваных парэштак войнаў і генацыдаў, якімі было багатае ХХ ст. Гэта выява каштоўная для памяці пра Каліноўскага не менш, чым ягоныя лубочныя партрэты мужнага юнака, і заслугоўвае таго, каб тыражавацца не ў меншай ступені. Яна вяртае міф у гуманістычнае вымярэнне, нагадвае пра тое, што перад намі ў першую чаргу трагедыя чалавека, які марыў пра лепшы лёс для свайго народу і звярнуўся для выканання гэтай мары да гвалтоўных сродкаў; нагадвае пра кошт любога гвалту ў прынцыпе, пра яго наступствы, якія могуць доўжыцца пакаленнямі, і пра тое, што ніхто з тых, хто прымаў у гэтым удзел, не бывае нявінным. Выгляд аголеных костак, аблепленых глінай, ураўнаважвае пафас, дапамагае паглядзець на ўсю гісторыю не праз ідэалагічныя рамкі, а праз нашу ўласную экзістэнцыю, уласны лёс, падобны ва ўсіх людзей на зямлі.

Каліноўскага можна пахаваць у Вільні, а можна ў Менску, але розніца мае значэнне толькі ў межах старой нацыяналістычнай парадыгмы ХІХ ст. Яна мысліць парэшткі героя як мошчы – і сімптаматычна тое, што былі нават галасы, якія прапаноўвалі іх падзяліць. Яна імкнецца практыкаваць культ гэтых мошчаў і марыць пра ўсталяванне яго татальнасці з дапамогай выхавання, адукацыі і адпаведнай палітыкі памяці. У такім апалагетычным кантэксце фігура Каліноўскага не мае шансаў для яднання нацыі ды і самі інтэлектуальныя колы застаюцца ёю падзеленымі, як розныя напрамкі адной рэлігіі. Уся дыскусія, якая разгарнулася, мела б хоць нейкі сэнс, каб дапамагла падысці да крытычнага разумення гераізму і культывавання нацыянальных міфаў па старых шаблонах. На жаль, гэтага не адбылося, і калі такія галасы і былі, то яны патанулі ў агульным шуме.

У лістападзе Каліноўскага пахаваюць у Вільні. Будзе шмат словаў і пафасу. Міне нейкі час, і прыхільнікі ягонага культу пачнуць абурацца ў допісах, што вось, маўляў, палякі зноў прынеслі значна больш вянкоў і лампадаў да сэрца Пілсудскага, чым мы – да мошчаў нашага Кастуся.