Стала вядома, як перапахаваюць паўстанцаў Каліноўскага

Грамадзтва

Стала вядома, як перапахаваюць паўстанцаў Каліноўскага

9 кастрычніка 2019 а 09:46

Кастусь Каліноўскі, 1862—1863 гг.

Канчатковы варыянт праграмы ўшанавання быў зацверджаны 8 кастрычніка ў Вільні на пасяджэнні літоўскай дзяржаўнай камісіі ў справе перапахавання паўстанцаў 1863 года. Ад беларускай грамады ў пасяджэнні ўдзельнічаў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч, таксама далучыліся біскупы з Літвы, Беларусі і Польшчы.

Урачыстая жалобная цырымонія зойме тры дні. 20 лістапада труны з паўстанцамі будуць змешчаныя ў віленскім Ніжнім замку, дзе яны прабудуць да 22 лістапада, а пасля іх перанясуць у Віленскі кафедральны касцёл. 22 лістапада (пятніца) адбудзецца асноўнае жалобнае мерапрыемства. Ад 11 да 11:45 — развітанне грамадскасці з паўстанцамі, 12:00 — урачыстая імша ў кафедральным касцёле, а пасля выступ афіцыйных прадстаўнікоў Літвы і Польшчы. Удзел беларускай дзяржаўнай дэлегацыі застаецца пад пытаннем, бо адказу на запрашэнне афіцыйны Менск пакуль не даў. 13:20 — вынас парэшткаў з касцёла і пешая працэсія на могілкі Росы, 14:00 — цырымонія пахавання ў неагатычнай капліцы.

Літоўскае тэлебачанне плануе арганізацыю жывой трансляцыі на Першым нацыянальным канале, а Міністэрства замежных спраў Літвы абмяркоўвае магчымасць візавай падтрымкі для беларусаў. Тэма перадачы парэшткаў Кастуся Каліноўскага для перазахавання ў Беларусі не ўздымалася.

Паводле Радыё Свабода