Курды: канец мараў пра самастойнасць?

Міжнародныя дачыненьні

Курды: канец мараў пра самастойнасць?

12 кастрычніка 2019 а 15:43

Зміцер Віцько

Курды ў Сірыі жывуць у паўночнай частцы краіны, у пяці асобных анклавах уздоўж мяжы з Турцыяй, і складаюць крыху менш за 10 % насельніцтва. У 2016 г. яны аб’явілі пра стварэнне аўтаноміі з уключэннем у яе вялікіх тэрыторый, вызваленых імі ад Ісламскай дзяржавы пры падтрымцы ЗША. Паказальна, што ў тым жа годзе афіцыйна было вырашана адмовіцца ад назвы Ражава (г. зн. Захад, Заходні Курдыстан), як называюць сваю радзіму самі сірыйскія курды, бо па меры пашырэння тэрыторыі яны сталі ў ёй меншасцю, і сёння аўтаномія носіць назву Паўночна-Усходняя Сірыя.

Аднак гэтая меншасць добра арганізаваная. Вядучую ролю сярод курдаў адыгрывае Партыя дэмакратычнага саюзу (ПДС). Па сутнасці, гэта камуністычная групоўка, якая ўзнікла пад уплывам Рабочай партыі Курдыстана (РПК). Апошняя дзейнічае на тэрыторыі Турцыі, дзе ўжо шмат гадоў вядзе ўзброеную барацьбу супраць турэцкага ўраду. Доўгі час яна практыкавала адкрыта тэратыстычныя метады, што кідае цень і на яе сірыйскіх прыхільнікаў. Турцыя настойвае, што ПДС – таксама тэрарысты, а суседства з імі нясе для яе пагрозу. Хаця ніякіх тэрактаў яны не здзейснілі, аднак сам факт, што групоўка трымаецца крыху мадыфікаванай версіі камунізму, не дадае ёй сімпатый. У сірыйскім Курдыстане часта можна пабачыць партрэт Абдулы Аджалана – лідара РПК, які з 1999 г. адбывае пажыццёвае зняволенне ў турэцкай турме. Прысутнічае ён паўсюль – ад нашывак у курдскіх байцоў да вялізных банераў на вуліцах гарадоў. Эвалюцыя поглядаў Аджалана ў бок анарха-камунізму паўплывала на складванне ідэалогіі ПДС і адмову ад пабудовы нацыянальнай дзяржавы – замест гэтага цяпер стаўка робіцца на аўтаномныя курдскія грамады, якія не жадаюць падпарадкоўвацца ніякай дзяржаўнай уладзе.

Яшчэ ў пачатку грамадзянскай вайны ПДС пачала стварэнне ўласных узброеных фармаванняў – Аддзелаў народнай самаабароны. Нароўні з мужчынамі ў іх служаць і жанчыны. Сёння курдскія аддзелы складаюць аснову Сірыйскіх дэмакратычных сіл – узброеных фармаванняў аўтаноміі. Менавіта яны адыгралі ключавую ролі ў разгроме Ісламскай дзяржавы ў Сірыі. Зразумела, што без цяжкіх узбраенняў іх лёс прадвырашаны. У іх няма РСЗА і авіяцыі, як у туркаў, зусім слабыя сродкі СПА, артылерыя і бранетэхніка.

Аднак у першых шэрагах у Сірыі наступаюць ў асноўным не туркі. Непасрэдна курдам супрацьстаіць Сірыйская нацыянальная армія (СНА), якая аформілася на аснове колішняй Сірыйскай свабоднай арміі. Незадоўга да аперацыі ў яе ўліліся памяркоўныя ісламісты з Фронту нацыянальнага вызвалення. Такім чынам, на сёння практычна ўсе паўстанцкія групоўкі, за выключэннем радыкальных ісламістаў, аб’ядналіся ў адну рэгулярную армію. На гэта пайшло шмат гадоў, і вось, калі аб’яднанне нарэшце адбылося, выявілася, што кантралюе гэтая армія толькі невялікі пас на поўначы правінцыі Алепа, які адбіла ў Ісламскай дзяржавы пры дапамозе туркаў, ды некалькі малых гарадоў у правінцыі Ідліб. Падпарадкоўваецца яна цалкам турэцкаму Генштабу і рэкрутуецца за кошт вярбоўкі ўцекачоў у лагерах на тэрыторыі Турцыі. Падтрымку ёй аказвае турэцкая армія, але наогул туркі імкнуцца мінімізаваць страты, таму сваю прысутнасць на перадавой абмяжоўваюць, надаючы пераважна артылерыйскую падтрымку. У выніку аперацыі, якія такім чынам вяліся раней супраць Ісламскай дзяржавы і супраць курдскага анклава Афрын, узялі дастаткова шмат часу. Як будзе прасоўвацца гэтая, пакажа час. На дадзены момант СНА і туркі наступаюць на два памежныя гарады – Рас-эль-Айн і Тэль-Аб’яд. Паміж імі цягнецца пас арабскіх паселішчаў, ды і каля паловы насельніцва гэтых гарадоў складаюць арабы, таму, магчыма, турэцкае камандаванне разлічвае, што на гэтым адрэзку яны прасунуцца хутчэй.

Турцыя не прэтэндуе на ўсю тэрыторыю аўтаноміі. Эрдаган у якасці мэты абазначыў заняцце памежнага пасу шырынёй пару дзясяткаў кіламетраў. Яго галоўная задача – пазбавіць РПК тылавога заплечча ў памежнай паласе з боку Сірыі. Але з улікам таго, што ў гэтай паласе жыве абсалютная большасць сірыйскіх курдаў, гэта будзе канцом іх мараў пра самастойнасць. Таксама турэцкі лідар хоча перасяліць у гэтую зону мільёны сірыйскіх бежанцаў. Па сутнасці, гэта азначае гвалтоўную змену этнічнага складу насельніцтва і арабізацыю курдскіх тэрыторый.


Напрыканцы варта спыніцца на пазіцыі ЗША, дакладней, асабіста прэзідэнта Трампа, з адмашкі якога стала магчымай гэтая аперацыя. Можна ўпэўнена казаць, што амерыканскага прэзідэнта сапраўды цікавяць толькі гандлёвыя інтарэсы сваёй краіны, па ўсіх астатніх пытаннях, якія ЗША непасрэдна не датычаць, ён схільны дамаўляцца няважна з кім. Можна, канешне, абвінавачваць яго ў няўдзячнасці і здачы саюзнікаў (курды не мусілі вызваляць арабскія тэрыторыі ад Ісламскай дзяржавы, але пайшлі насустрач пажаданням ЗША, страціўшы тысячы байцоў) – і хаця далейшая падтрымка лявацкай групоўкі таксама б выглядала, мякка кажучы, экстравагантна, але ўжо сёння зразумела, што гэта трывожны званок увогуле партнёрам ЗША. Зрэшты, наўрад ці амерыканцам давялося б доўга супрацоўнічаць з мясцовымі камуністамі – першыя свабодныя выбары ў аўтаноміі засведчылі б паразу ПДС, паколькі курды там складаюць меншасць. Але пакуль выглядае на тое, што ЗША згубілі важнага саюзніка ў рэгіёне, дабраахвотна адмовіўшыся ад магчымага ператварэння ў будучым трэцяй часткі тэрыторыі Сірыі ў асобную дэмакратычную краіну. Турэцкі наступ з поўначы пагражае актывізацыяй сіл Асада, які не супраць вярнуць нафтавыя радовішчы, адбітыя курдамі ў Ісламскай дзяржавы. Усё гэта можа скончыцца падзелам Паўночна-Усходняй Сірыі паміж Турцыяй і Асадам. Па дапамогу Асада могуць звярнуцца і самі сірыйскія курды. У выпадку яго рэалізацыі гэта быў бы найгоршы сцэнар. У такім выпадку адзіным вынікам сірыйскай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны была б непадкантрольная Асаду вузкая паласа ўздоўж паўночнай мяжы, існаванне якой цалкам залежала б ад Турцыі.
 

Фота: YPG Press Office