У Беларусі створаная «Рада даследчыкаў камуністычнага тэрору»

Грамадзтва

У Беларусі створаная «Рада даследчыкаў камуністычнага тэрору»

14 кастрычніка 2019 а 09:38

Крыжы ў Курапатах
Фота Andrej Kuźniečyk (CC BY-SA 3.0)

На сустрэчы, якая адбылася ў Менску 13 кастрычніка, грамадскія актывісты і прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятыў па мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяр сталінізму аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Рада даследчыкаў камуністычнага тэрору».

У сустрэчы прынялі ўдзел каля дваццаці чалавек, якія займаюцца ўшанаваннем памяці бальшавіцкага тэрору, сярод якіх: каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч, лідар грамадскай ініцыятывы «Хайсы» ў Віцебску Ян Дзяржаўцаў, даследчыкі пахаванняў і актывісты мясцовых ініцыятыў па мемарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мэмарыяла Курапаты Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, абаронцы Курапатаў.

Прадстаўнікі ініцыятыў распавялі пра працу, якую яны вядуць дзеля ўшанавання памяці, а таксама абмеркавалі тое, як яны могуць аб’яднаць высілкі і выпрацаваць адзіныя падыходы па мемарыялізацыі месцаў масавых пахаванняў.

На сустрэчы было адзначана, што асноўная крыніца звестак пра ахвяр — база звестак рэпрэсаваных, якая складалася ў Беларусі ў 1990-я гады, аднак пасля 10 гадоў працы дзейнасць архіўнага ўпраўлення была спыненая ўладамі. Доступ да архіваў у Беларусі закрыты, атрымаць з іх звесткі могуць толькі сваякі рэпрэсаваных.

Ініцыятары стварэння Рады даследчыкаў камуністычнага тэрору дамовіліся наступным разам сустрэцца ў другой палове студзеня 2020 года ў больш шырокім складзе, і тады выпрацаваць рэзалюцыю, ды сфармаваць каманду, якая будзе займацца стварэннем сайта рады, агульнай базы месцаў масавых пахаванняў ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.

Паводле tut.by

Вам можа спадабацца