Дэградацыя апазіцыі ў аўтарытарных краінах і «казус Мікалая Статкевіча»

Палітыка

Дэградацыя апазіцыі ў аўтарытарных краінах і «казус Мікалая Статкевіча»

14 кастрычніка 2019 а 17:10

Ленін перад домам урада ў Менску
Фота — insider51 (CC BY-SA 3.0)

Усе людзі эгаістычныя паводле сваёй прыроды. Гэта натуральна. Вельмі часта за ўяўным альтруізмам крыецца цалкам рацыянальны разлік. Так, у нармальных краінах палітыка мала чым адрозніваецца ад бізнесу. Урэшце і палітыкі, і прадпрымальнікі атрымліваюць ад сваёй працы дывідэнды ў выглядзе стабільнага даходу, павагі грамадства, спакойнай старасці.

У аўтарытарных краінах справы ідуць па-іншаму. Кіруючы рэжым робіць так, каб займацца палітыкай было вельмі нявыгадна. У выніку адбываецца паступовая інтэлектуальная дэградацыя апазіцыі — усе, у каго ёсць розум і талент, альбо з’язджаюць за мяжу, альбо знаходзяць сябе ў прыватнай сферы, альбо ўбудоўваюцца ў сістэму ўлады і спрабуюць мяняць яе знутры. Некаторыя кампетэнтныя людзі становяцца праваабаронцамі або аналітыкамі і займаюцца карыснай дзейнасцю, што не вядзе ні да якіх палітычных наступстваў. Палітыкі «старой закалкі» праз пэўны час эмацыянальна выгараюць і не могуць выйсці па-за межы напрацаваных шаблонаў.

Паступова асноўная маса палітыкаў у такіх краінах пачынае складацца з людзей, якія дзеля свайго асабістага спакою і стабільнага заробку не выходзяць за ўмоўныя «чырвоныя лініі». У Беларусі ўся іх «барацьба» зводзіцца да рытуальнага ўдзелу ў выбарах і руціннай дзейнасці паміж выбарамі. Дзяржаўная прапаганда выкарыстоўвае гэта для дыскрэдытацыі сваіх апанентаў, выстаўляючы іх у вачах грамадства меркантыльнымі і прадажнымі.

Некаторыя палітыкі раптам выходзяць за чырвоныя лініі. У нейкі момант яны па розных прычынах гатовыя плюнуць на ўсе рызыкі і пайсці ва-банк. Паколькі яны не паспелі заручыцца масавай падтрымкай простых беларусаў, такіх людзей жорстка караюць за дзёрзкасць, пасля чаго яны вяртаюцца да звыклага для іх сытага спакойнага жыцця (Казулін, Саннікаў). Такіх прапаганда выстаўляе авантурыстамі, якія не турбуюцца за народ, а проста прагнуць улады.

Самаахвярныя палітыкі Беларусі

Але ёсць адзінкавыя прыклады ультраідэйных палітыкаў, якія дзеля сваіх прынцыпаў гатовыя да самаахвяравання. Іх можна пасадзіць, але рана ці позна яны выходзяць і працягваюць сваю дзейнасць. «Тое, што цябе не забівае, робіць цябе мацней», — гэта менавіта пра іх. У вачах свайго электарату яны атрымліваюць бясспрэчны аўтарытэт менавіта дзякуючы сваёй самаахвярнасці. Дзяржаўнай прапагандзе складана стварыць для ніх нейкі негатыўны вобраз.

На ўсю 140-мільённую Расію знайшоўся толькі адзін сур’ёзны палітык такога кшталту — Аляксей Навальны. Напэўна, Пуцін прыняў рашэнне не саджаць яго ў той момант, калі зразумеў, што мае справу менавіта з такім кшталтам палітыка.

Два самыя вядомыя беларускія самаахвярныя палітыкі — гэта Зміцер Дашкевіч і Павел Севярынец.

Пра першага я нават рабіў асобны пост — агулам ён правёў у месцах пазбаўлення волі 5 гадоў, па сутнасці, ні за што. Так, ён адышоў ад палітыкі, ажаніўся і заняўся бізнесам. Але ў галоўнай справе свайго жыцця — абароне Курапатаў — ён не адступіўся ні на крок і ўжо атрымаў маральную перамогу.

Павел Севярынец двойчы адбываў пакаранне ў выглядзе 3 гадоў абмежавання волі за акцыі пратэсту 2004 і 2010 гадоў. Пасля кожнай «ходкі» ён выходзіў з новым досведам зносін з простымі людзьмі і новай кнігай. Непадобна, каб ён адышоў ад спраў або здрадзіў прынцыпам — ён працягвае актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх вулічных акцыях і цэліць у кандыдаты на Прэзідэнта.

Севярынца і Дашкевіча немагчыма спыніць, таму што гэта глыбока веруючыя людзі. Але яны з’яўляюцца радыкальнымі носьбітамі кансерватыўна-хрысціянскіх перакананняў, у сувязі з чым ніколі не змогуць выйграць выбары ў Беларусі. У электаральным плане яны не нясуць ніякай пагрозы для рэжыму. Але акрамя іх ёсць яшчэ адзін чалавек, які працягвае ўдзельнічаць у палітыцы нягледзячы ні на што.

Казус Статкевіча

Мікалай Статкевіч у 2005 годзе атрымаў тое ж пакаранне, што і Севярынец, а вось у 2010 годзе ён разам са сваім сябрам Саннікавым ўжо атрымалі па поўнай — Андрэй 5 гадоў пазбаўлення волі, а Мікалай — 6 гадоў. Пасля эміграцыі Саннікава ў 2012 годзе Лукашэнка да апошняга спадзяваўся, што Статкевіч адправіцца ўслед за ім — апошні распавядаў, што яго ў калоніі нават забяспечылі бясплатнымі аўдыёкурсамі англійскай мовы «ЕШКО»».

Лукашэнка памыліўся — Статкевіч не падпісаў прашэнне аб памілаванні, выйшаў летам 2015 года і вярнуў са спячкі пратэстны электарат, за кароткі тэрмін «адваяваўшы вуліцу». У 2017 годзе менавіта з яго мінскай акцыі пачалася хваля пратэстаў «дармаедаў». Праўда, ён не адразу заўважыў спад пратэстнай хвалі і пачаў ужо выклікаць смех сваімі шапказакідальнымі заклікамі. Падобна на тое, што і ўлада перастала ўспрымаць яго ўсур’ёз, прыняўшы за старога вар’ята. Але складваецца ўражанне, што цяпер Статкевіч выбраў правільную тактыку — памяркоўная рыторыка, максімальную прысутнасць на ютубе, паездкі па рэгіёнах і праца на «саўковы» электарат.

Чым скончыцца барацьба Статкевіча, сказаць складана. Нерэгістрацыя ягонай ініцыятыўнай групы, асабліва калі словы прая яе шматтысячную колькасць — не блеф, будзе прявай слабасці рэжыму. Рэгістрацыя можа прывесці да непрадказальных наступстваў — прапагандзе будзе складана стварыць яму негатыўны вобраз. Ці зможа Статкевіч перавярнуць гульню ў жніўні 2020 года або зноў сядзе ў турму? Адзінае, што мы ведаем дакладна — рэжым не вечны, а Прэзідэнтам можна стаць і пасля доўгага турэмнага зняволення ва ўзросце 76 гадоў.
 

Дунем,Марцінкевіч? — аўтар тэлеграм-канала