Венесуэла: рэвалюцыя Уга Чавеса (заканчэнне)

Палітыка

Венесуэла: рэвалюцыя Уга Чавеса (заканчэнне)

6 сакавіка 2013 а 14:29

Працяг артыкула, прысвечанага асвятленню прыходу да ўлады і першага прэзідэнцкага тэрміна Уга Чавеса. (Пачатак). Мілітарызацыя палітычнага жыцця З пяцідзесяці двух венесуэльскіх урадаў ад часоў атрымання незалежнасці трыццаць пяць ачольвалі вайскоўцы ці, прынамсі, людзі блізкія да вайсковых колаў. Дабіцца ўдзелу арміі, гэтага апошняга арбітра ўлады, у рэвалюцыі было крытычны важна для Чавеса. Аднак для прэзідэнта пытанне не абмяжоўвалася гарантаваннем бяспекі свайго рэжыму. Ён цвёрда верыць, што войска мусіць граць актыўную ролю не толькі ў рэвалюцыі, але і ў паўсядзённым жыцці краіны. Паводле аналогіі з тым, як Армія незалежнасці Сімона Балівара стварыла венесуэльскую нацыю, сучасныя Нацыянальныя ўзброеныя сілы пакліканыя ўмацаваць баліварыянскую рэвалюцыю. Неафіцыйным сімвалам рэвалюцыі стаў чырвоны берэт дэсантніка, які тады яшчэ палкоўнік Чавес насіў падчас перавароту 1992 г. Адданая прэзідэнту армія ўжо аднойчы выратавала рэвалюцыю і, як падаецца, зробіць гэта ізноў, калі ўзнікне такая патрэба. Падчас агульнанацыянальнага страйку 2003 г. менавіта армія дазволіла яму выстаяць — не толькі таму, што вайскоўцы выконвалі функцыі паліцыі, але й размяркоўвалі тавараў і аказвалі паслугі, захавалі PDVSA у функцыянальным стане. Нягледзячы на значнае падзенне аб’ёмаў здабычы нафты, армія падтрымала прыхільную да Чавеса меншасць, што засталася ў «Petrуleos de Venezuela» пасля звальнення амаль паловы яе супрацоўнікаў. Да таго ж, у той час вайскоўцы фактычна ўзялі на сябе функцыі паліцыі Каракаса, якая была настроена апазіцыйна. Чавес радыкальна змяніў стасункі паміж грамадствам і арміяй: адначасна з павелічэннем долі вайскоўцаў сярод вышэйшага кіраўніцтва краіны аслабляецца закладзеная канстытуцыяй сістэма стрымак з боку грамадства. Армія стала асноўным палітычным акторам, і яна захавае свой уплыў пасля сыходу Чавеса, які заахвочвае значную прысутнасць афіцэраў у сваім урадзе і сцвярджае, што яны й надалей «будуць паволі пранікаць у палітычную эліту краіны, але не праз партыі». Чавес яшчэ больш абмежаваў і без таго слабы кантроль грамадства за дзейнасцю арміі. Канстытуцыя 1999 г. заклала асновы для ўмяшання ў справы грамадства і развіццё дзяржавы. Арт. 331 перадаў права зацвярджаць вайсковыя прызначэнні ад Нацыянальнага сходу прэзідэнту, які пасля перавароту 2002 г. узнагародзіў шэраг вышэйшых афіцэраў за асабістую адданасць і правёў чысткі ад вайскоўцаў, каго лічыў палітычна ненадзейнымі. Пераварот сапраўды выявіў адсутнасць інстытуцыяналізаванага кантролю грамадства за войскам, на што Чавес адказаў не яго ўвядзеннем, а палітызацыяй войска і ўмацаваннем свайго ўплыву на яго праз асабістае зацверджанне чарговых вайсковых званняў. Маладыя афіцэры праходзяць у вайсковай акадэміі не толькі вайсковую падрыхтоўку, з імі праводзіцца й палітычнае выхаванне. Афіцэрам намаўляюць, што армія сённяшняй Венесуэлы — не тая самая, якая падаўляла паўстанне «Каракасо» 1989 г. Вайскоўцы мусяць памагаць народу, а не прыгнятаць яго. І што іх інстытуцыйная філасофія — быць праваднікамі рэвалюцыі ў грамадстве. План «Балівар 2000», ухвалены праз дзесяць гадоў пасля «Каракасо», стаў сімвалам новага кірунку развіцця краіны і выявіў новую ролю арміі як асноўнага выканаўцы ўрадавых праграмаў. У яго функцыі ўваходзіла разбудова і рамонт дзяржаўнай інфраструктуры, аказанне медычнай дапамогі бяднейшым слаям насельніцтва, раздача харчовых прадуктаў і ліквідацыя непісменнасці ды беспрацоўя. Паветраныя сілы выступалі ў ролі таннага віду мясцовага транспарту. Рэсурсы на вайсковыя патрэбы забіраліся ў губернатараў штатаў і мэраў гарадоў. У той самы час заслона сакрэтнасці дазваляла войску абараніцца ад цікаўных поглядаў і стварала глебу для карупцыі67. Першым і апошнім прызначаным Чавесам міністрам абароны быў цывільны (Хасэ Вісэнтэ Ранхель, люты 2001 — травень 2002 гг.), аднак агульная тэндэнцыя ўлады і яе апарату скіравалася ў іншым кірунку, з беспрэцэдэнтнай доляй дзейных і адстаўных вайскоўцаў на палітычных і ўрадавых пасадах. У кастрычніку 2000 г. больш за 150 дзейных афіцэраў займалі высокія міністэрскія і адміністрацыйныя пасады, у тым ліку ў PDVSA, філіі амерыканскай нафтавай кампаніі CITGO, паліцыі, падатковай інспекцыі, мытні і нават Вярхоўным судзе. Надзейных дадзеных паводле стану на сённяшні дзень няма, але, як падаюць пэўныя крыніцы, у дзяржаўных органах ужо працуюць тысячы дзейных і былых вайскоўцаў. Урад прызначыў былога вайсковага афіцэра на пасаду міністра ўнутраных спраў і юстыцыі68. Падобна, усё ідзе да стварэння нацыянальнай паліцыі, бо гэта дазволіць прэзідэнту атрымаць такі ж уплыў на паліцыю, як і на войска. Адной з мэтаў паліцэйскай рэформы ёсць вывядзенне паліцыі з-пад кантролю апазіцыйна настроеных губернатараў і мэраў. Чавес распачаў маштабную, шырока разрэкламаваную ў СМІ кампанію па пераўзбраенні войска, якую Вашынгтон ахарактарызаваў як пачатак гонкі ўзбраенняў. Набыццё ў Расіі баявых самалётаў і 100 000 адзінак сучаснай аўтаматычнай зброі, а таксама некалькіх гішпанскіх баявых караблёў пераследавала дзве мэты. Па-першае, гэта адпавядае вайсковай дактрыне, прынятай у 2005 г., згодна з якой Венесуэла нарошчвае патэнцыял для асіметрычнага адказу на агрэсію звонку, у прыватнасці, на напад ЗША, як непасрэдна, гэтак і праз тэрыторыю іх саюзніцы Калумбіі69. Па-другое, гэта і надалей забяспечвае Чавесу лаяльнасць арміі. Нацыянальны рэзерв і тэрытарыяльная гвардыя Нацыянальны рэзерв і тэрытарыяльная гвардыя, заснаваныя ў верасні 2005 году, — нарожныя камяні дактрыны асіметрычнай вайны. 4 лютага 2006 г., падчас урачыстага шэсця, прысвечанага гадавіне няўдалага перавароту, Чавес пацвердзіў намер ураду вышкаліць і ўзброіць больш за мільён грамадзян у Нацыянальным рэзерве, штаб-кватэра якога месціцца ў Вайсковым музеі, дзе Чавес здаўся ўладам у 1992 г. Абедзве структуры не падпарадкоўваюцца вайсковаму камандаванню і, нягледзячы на тое, што яны фінансуюцца з абароннага бюджэту, нясуць адказнасць непасрэдна перад прэзідэнтам. Іх узначальвае Камандаванне Нацыянальным рэзервам і нацыянальнай мабілізацыяй (Comando General de la Reserva Nacional y Movilización Nacional), а самі структуры складаюць два асобныя рады войска, у дадатак да сухадольных войскаў, флоту, паветраных сілаў і Нацыянальнай гвардыі. Складзеныя з асобаў, якія раней прайшлі службу ў рэгулярнай арміі, а таксама з грамадзянаў, гатовых ахвяраваць дваццаццю суботамі запар для праходжання курсу вайсковай падрыхтоўкі (за 8 даляраў у дзень), яны ўвасабляюць з сябе нацыю, якая ўзялася за зброю, каб супрацьстаяць любой вонкавай агрэсіі. Галоўнай пагрозай абвешчана агрэсія ЗША70, хоць крытыкі рэжыму Чавеса сцвярджаюць, што гэта ўсяго толькі палітычны інструмент для пераследу ўнутранай апазіцыі ці, як найменш, падаўлення і запалохвання выбарцаў. Так, падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. чальцы Нацыянальнага рэзерву і тэрытарыяльнай гвардыі ахоўвалі выбрачыя ўчасткі і інструктавалі выбарцаў, як галасаваць. Палітычнае выхаванне займае значную частку іх падрыхтоўкі. Некаторыя з апытаных чальцоў Нацыянальнага рэзерву ведалі больш пра баліварыянскую рэвалюцыю, чым пра тое, як абыходзіцца са зброяй. Вывеўшы Нацыянальны рэзерв і тэрытарыяльную гвардыю за рамкі звычайнага вайсковага камандавання, Чавес стварыў моцную перашкоду для любога перавароту, бо цяпер патэнцыйныя змоўнікі будуць вымушаныя перацягваць на свой бок ці нейкім чынам нейтралізаваць іх. Небяспека для будучай улады Чавес, былы вайсковы афіцэр, верыць, што вайсковы дух і дысцыпліна робяць вайскоўцаў больш эфектыўнымі лідэрамі і кіраўнікамі, чым прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Да таго ж яны выконваюць функцыю назіральнікаў у тых міністэрствах, куды яны праніклі. Хоць шэраг аналітыкаў мяркуе, што Чавес стварыў прэтарыянскі рэжым, цалкам залежны ад войска, ён, на самай справе, проста палітызаваў і падпарадкаваў сабе ключавыя вайсковыя структуры. Тым не менш, Чавес аслабіў кантроль любога будучага прэзідэнта над вайсковымі сіламі. Яго рэформы змянілі ментальнасць вайскоўцаў, асабліва маладых афіцэраў, якія вераць у тое, што іх роля не абмяжоўваецца абаронай краіны ад ворагаў звонку. Яны лічаць, што адна з іх місій — абараняць рэвалюцыю ад вонкавых і ўнутраных непрыяцеляў. Канстытуцыя 1999 г. аслабіла грамадскі кантроль над войскам. Любы небаліварыянскі прэзідэнт сутыкнецца з вышэйшым начальствам, якое зрабіла кар’еру дзякуючы палітычнай ангажаванасці, а не асабістым прафесійным здольнасцям, з малодшым афіцэрскім корпусам, ідэалагічна выхаваным у вайсковай акадэміі, ды з дзвюма структурамі, Нацыянальным рэзервам ды тэрытарыяльнай гвардыяй, адданымі канкрэтнай асобе, а не яго пасадзе. Чавес як былы вайсковец добра разумее патрэбы і настроі войска. А вось яго наступніка, хутчэй за ўсё, чакаюць сур’ёзныя праблемы пры адбудове стасункаў з арміяй, не кажучы ўжо пра ўсталяванне над ёй кантролю. Свабодныя і справядлівыя выбары? Чавес рэгулярна звяртаў увагу сваіх крытыкаў на тое, што ад 1998 г., калі ён прыйшоў да ўлады, у Венесуэле адбылося больш выбараў, чым у якой-колечы краіне рэгіёну. Аднак якасць дэмакратыі залежыць ад таго, наколькі выбары свабодныя і справядлівыя. Снежаньскія выбары 2006 г., якія прынеслі Чавесу трэцюю перамогу, узнялі сур’ёзныя пытанні. Галасаванне 3 снежня праходзіла пад кантролем міжнародных назіральнікаў71, але ўмовы правядзення выбарчай кампаніі ніяк нельга было назваць роўнымі. Сярод галоўных прычын няроўнасці выбарчых магчымасцяў апазіцыя называе заканадаўчую забарону на фінансаванне выбарчай кампаніі з дзяржаўнага бюджэту і няздольнасць Нацыянальнай выбарчай рады (НВР) пакрываць выдаткі на кампанію, што зніжае ўзровень палітычнай канкурэнцыі. Пастанова НВР ад 1 жніўня 2006 г. аб агітацыі падчас выбараў затушавала адрозненне паміж афіцыйнымі і выбарчымі выступамі, таму прыхільнікі Чавеса дамінавалі ў электронных СМІ. Міністр камунікацыі і інфармацыі Вільям Лара (William Lara) дазволіў асвятляць дзейнасць улады падчас выбарчай кампаніі, падкрэсліўшы, што яе нельга разглядаць як агітацыю. Чавеса паказвалі па тэлевізіі ў 22 разы часцей, чым яго апанента Разалеса. Апазіцыйныя СМІ асвятлялі кампанію свайго кандыдата, што, аднак, не ішло ні ў якое параўнанне з інфармацыйным ціскам афіцыйных тэлеканалаў. У якасці асноўнага сведчання пабудовы абяцанага «Сацыялізму 21 стагоддзя» рэкламаваліся сацыяльныя праграмы ўраду. Шмат хто ўспрыняў выплату «трынаццатай зарплаты» дзяржаўным службоўцам напрыканцы году як спробу подкупіць выбарцаў. У лістападзе 2006 г. у электронныя СМІ пратачыўся відэафільм, на якім міністр энергетыкі Рафаэль Рамірэс загадаў супрацоўнікам «Petrуleos de Venezuela» галасаваць за ўладу або шукаць іншую працу. Замест таго, каб асудзіць свайго міністра, Чавес сказаў, што той мусіць паўтараць сваю прамову 100 разоў на дзень і што тое самае датычыць арміі. Тыя, хто хочуць працаваць на дзяржаву, мусяць галасаваць за рэвалюцыю, а ўсім іншым трэба падумаць пра пераезд у Маямі. Пытанне таямніцы галасавання міжволі знеахвоціла галасаваць за Чавеса тых, хто да канца не мог вызначыцца. Таямніца галасавання гарантаваная канстытуцыяй, але назіральнікі ад Еўразвязу прыйшлі да высновы, што праз скандалы са спісамі «Таскона» і «Праграмай Маісанта» («Maisanta») выбарцы не былі ўпэўненыя ў таемнасці галасавання. Прагучалі таксама заявы пра магчымасць супастаўлення адбіткаў пальцаў выбарцаў з інфармацыяй, атрыманай з машынаў для галасавання. На прэзідэнцкіх выбарах у штатах Сулія (Zulia), Міранда (Miranda), Ансаатэгі (Anzoбtegui), Апурэ (Apure), Тачыра (Táchira), Карабоба (Carabobo), Манагас (Monagas) і сталічнай акрузе Каракас (Caracas) было выкарыстана 12 тыс. машын для галасавання. НВР і прадстаўнікі кампаніі-вытворцы праграмнага забеспячэння для машын запэўнілі, што супастаўленне немагчымае, а сеткі перадачы дадзеных будуць «запячатаныя» для прадухілення парушэнняў. Верагоднасць таго, што па адбітку пальцаў можна будзе вызначыць асобу, якая галасавала, вельмі малая, бо ідэнтыфікацыя выбарцаў праходзіла ў вольным парадку, пасля чаго гэтак жа некантралявана людзі ішлі аддаваць свае галасы. Чарговасць выбарцаў паміж зняццем адбітку і машынай для галасавання не падтрымлівалася. Тым не менш, апытанні пацвярджаюць перасцярогі экспертаў наконт таго, што боязь помсты (не важна, наколькі абгрунтаваная) уплывала на пэўную долю выбарцаў. Падчас кампаніі Чавеса непрыхавана выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, каб пераканаць людзей ісці на выбарчыя ўчасткі і галасаваць за прэзідэнта. Дзе-нідзе Нацыянальны рэзерв і рэгулярныя войскі супрацоўнічалі з мясцовымі актывістамі Чавеса, каб зранку будзіць людзей і пераконваць іх галасаваць Чавеса. Дзяржаўная служба «Ідэнтыдад» таксама працавала на перамогу Чавеса. У некаторых выпадках яе спрацоўнікі заклікалі людзей адначасова атрымаць новую ідэнтыфікацыйную картку і прагаласаваць за прэзідэнта. Кампанія была скіраваная на калумбійцаў, якія жывуць у Венесуэле і маюць венесуэльскія ідэнтыфікацыйныя карткі72. З лютага 2004 г., калі «Ідэнтыдад» пачала сваю дзейнасць, да верасня 2006 г. колькасць зарэгістраваных выбарцаў вырасла з 12,3 млн да 16,08 млн. Патэнцыял для ўнутраных канфліктаў і нестабільнасці Прэзідэнт Чавес — чалавек, які не ўнікае супярэчнасцяў і канфрантацыі. Ён часта бескампрамісны ў вербальнай рыторыцы супраць сваіх апанентаў. Першым ворагам Чавеса была «дзікая алігархія», г. зн. апазіцыя, аднак у 2004 г. ён пераключыўся на барацьбу з «Містэрам Пагрозай», як Чавес называе прэзідэнта ЗША Джорджа Буша. Нават найбліжэйшыя паплечнікі венесуэльскага прэзідэнта прызнаюць яго патрэбу ў палітычным змаганні. Былы віцэ-прэзідэнт Ранхель так ахарактарызаваў Чавеса: «Ён атрымлівае асалоду ад пастаяннай канфрантацыі. Чавес — экстраверт і выдатны аратар, ён любіць палеміку і дамагаецца яе». Рытарычны стыль Чавеса часам мае вельмі сур’ёзныя наступствы, як, напрыклад, напярэдадні перавароту 2002 г. Так, 11 сакавіка яго прыхільнікі пачалі страляць ва ўдзельнікаў апазіцыйнага мітынгу. Калі ўзнікне пагроза новай рэвалюцыі, прэцэдэнт можа паўтарыцца. Сам прэзідэнт запытаў: Ці можаце вы ўявіць сабе, што здарыцца, калі адбудзецца яшчэ адзін вайсковы ці дзяржаўны пераварот? Краіна ператворыцца ў зону баявых дзеянняў. Калі ў Калумбіі ёсць раёны, дзе дзейнічаюць партызаны, якія ладзяць дыверсіі на нафтаправодах, дык што ж будзе тут, дзе народ і войска ўважаюць уладу сваёй адзінай надзеяй на добрую будучыню? Пасля перавароту 2002 г. Чавес папярэдзіў: Я здаўся 4 лютага 1992 года прыкладна а 10-й гадзіне раніцы. І я здаўся дзесяць год пасля гэтага — 11 красавіка 2002 г. а 3-й гадзіне ночы. Але калі гэта здарыцца трэцім разам, я здавацца не буду, чаго б мне гэта ні каштавала. Баліварыянскія арганізацыі, нерэгулярныя вайсковыя групоўкі і ўзброеная апазіцыя За абарону дасягненняў рэвалюцыі адказвае шырокі спектр структур. З мэтай развіцця ідэі дэмакратыі непасрэднага ўдзелу і пашырэння падтрымкі прэзідэнта знізу было створана некалькі «баліварыянскіх» арганізацыяў. Непрыхаваная задача некаторых з іх, напрыклад, баліварыянскіх гурткоў (БГ) ці Фронту Франсіска дэ Міранды (Francisco de Miranda Front, ФФМ), — абарона рэвалюцыі, прычым, калі неабходна, са зброяй у руках. БГ былі першапачаткова задуманыя для нейтралізацыі ЦСРВ, апазіцыйнага прафсаюзнага руху. Яго стварэнне было абвешчана 7 снежня 2001 г. падчас штотыднёвага тэлевізійнага шоў «Алё, Прэзідэнт», калі Чавес даў народу клятву, часткова вайсковага характару: «Клянуся, што буду няспынна змагацца за рэвалюцыю, нават коштам свайго жыцця». Гільерма Гарсія, тагачасны кіраўнік Палітычнага камандавання рэвалюцыі73, так патлумачыў задачу БГ: Сфармаваць рэвалюцыйныя брыгады, адданыя працэсу змен, творчых і дзейсных, каб бараніць баліварыянскую рэвалюцыю ад яўных і прыхаваных ворагаў. У 2002 г. былі выпадкі, калі сябры БГ нападалі на прадстаўнікоў апазіцыі і СМІ. Паралельна з тым, як да БГ падаў інтарэс, паўставалі іншыя нізавыя арганізацыі. Шмат хто з іх падтрымлівае кантакты з былымі партызанскімі групоўкамі, у асноўным Тупамарас74. Апошнія маюць разгалінаваную рэгіянальную сетку структураў, чальцы якіх часцяком маюць зброю і гатовыя выкарыстаць яе, калі рэвалюцыі будуць пагражаць «рэакцыйныя элементы». У Каракасе такіх нерэгулярных узброеных груповак як найменш дваццаць, некаторыя з іх няўзброеныя, іншыя валодаюць дробнай зброяй, а некаторыя маюць на ўзбраенні арсеналы аўтаматаў і гранатамётаў. Нават нягледзячы на тое, што яны падтрымліваюць існую ўладу, паміж гэтымі групамі ўжо здараліся ўзброеныя канфлікты і забойствы. Урад стварыў ФФМ у 2003 годзе ў якасці самаадданай ды ідэалагічна падкаванай баліварыянскай арганізацыі. Яна мае 10 000 чальцоў і прадстаўленая ва ўсіх 24 штатах. Добраахвотнікі ФФМ навучаюцца на Кубе і праходзяць курс палітычнага выхавання. Рух атрымаў імя аднаго з герояў вызваленчай барацьбы Венесуэлы Франсіска дэ Міранды, які ўдзельнічаў у францускай, амерыканскай і гаіцянскай рэвалюцыях і быў паплечнікам Балівара. ФФМ пазіцыянуе сябе як «рэвалюцыйную пяхоту»75 і мае камандаванне, на ўзор вайсковага, якое прызначаецца асабіста Чавесам. Тым часам як ФФМ засяроджваецца на сацыяльнай і адукацыйнай дзейнасці ў сацыяльных службах, асабліва «Рабінзон» і «Ідэнтыдад», прэзідэнт паабяцаў яго чальцам новыя аўтаматы Калашнікава. На трэцюю гадавіну стварэння ФФМ яе кіраўніца Эрыка Фарыяс назвала арганізацыю «сцяной супраціву, якая спыніць імперыялізм» і заявіла пра гатоўнасць абараніць краіну ад любой агрэсіі. Акрамя гэтых сіл, спансараваных уладамі, і не беручы пад увагу калумбійскіх партызанаў, якія дыслакуюцца на тэрыторыі Венесуэлы, у краіне дзейнічае шмат нелегальных нерэгулярных узброеных груповак. Большасць з іх падрыміваюць Чавеса, шмат якія ўзніклі па яго прыходзе да ўлады, аднак толькі адзінкі маюць больш за 100 сяброў. Найбуйнейшай і самай актыўнай ёсць арганізацыя «Баліварыянскія вызвольныя сілы» (Fuerzas Bolivarianas de Liberaciуn, FBL), якая ўжывае тую самую рыторыку, што і Чавес76. Ані ўрад, ані войска не імкнуцца раззброіць БВС, хоць шэсць іх чальцоў былі арыштаваныя ў траўні 2006 г. пасля таго, як узброеная калона партызанаў у складзе 20 чалавек уступіла ў сутычку з паліцыяй штату Тачыра. БВС дзейнічаюць збольшага ў памежных штатах Тачыра і Апурэ (Apure) і разьмешчаным далей ад мяжы штаце Барынас (Barinas), хоць графіці ў падтрымку БВС з’яўляюцца і ў бяднейшых кварталах Каракаса. Арганізацыя распаўсюджвае заявы ў падтрымку Чавеса ў інтэрнэце і праўладнай прэсе. БВС падтрымліваюць сувязі з калумбійскімі партызанамі і на пачатку сваёй дзейнасці супрацоўнічалі з Нацыянальнай вызваленчай арміяй (НВА) у Венесуэле з мэтай выкрадання людзей і рэкету. Аднак нядаўна ў выніку перадзелу сфер уплыву БВС сталі цалкам самастойнай арганізацыяй. Улады сцвярджаюць, што існуе шэраг узброеных апазіцыйных груповак, якія імкнуцца падарваць здабыткі рэвалюцыі пры дапамозе гвалту. У снежні 2006 г., напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, Чавес заявіў, што спецслужбы сарвалі «фашысцкі» план забойства яго апанента з мэтай дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне77. Ён не ўдакладніў свайго цверджання, а пра арышты па гэтай справе не з’явілася ніякай інфармацыі. Групы прыхільнікаў Чавеса, таксама без усякіх доказаў, абвінавацілі вайскоўцаў у змове з экстрэмісцкімі апазіцыйнымі групоўкамі з мэтай забіць прэзідэнта. Яны заявілі, што апазіцыйныя групы вербуюць калумбійскіх паўстанцаў, каб распачаць баявыя дзеянні супраць прэзідэнта і службаў бяспекі. Адзіным сведчаннем гэтага застаюцца падзеі траўня 2004 г., калі 130 чалавек, нібыта калумбійскіх баевікоў, якія быццам планавалі замах на прэзідэнта, былі арыштаваныя на ранча пад Каракасам. Большасць з іх дэпартавалі, аднак 27 чалавек былі асуджаныя на шэсць гадоў зняволення ў траўні 2006 г. Былі паведамленні пра актывізацыю на мяжы былых калумбійскіх баевікоў і партызанаў, але доказаў таго, што яны супрацоўнічаюць з венесуэльскай апазіцыяй, няма. У 2003 і 2004 гг. апазіцыю беспадстаўна абвінавачвалі ў арганізацыі актаў гвалту. У лютым 2003 г., усяго праз некалькі дзён пасля таго, як Чавес асудзіў Гішпанію і Калумбію за ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Венесуэлы, ля амбасадаў гэтых дзяржаў былі закладзеныя бомбы. У абодвух месцах былі знойдзеныя ўлёткі БВС. Аднак БВС катэгарычна запярэчылі супраць свайго дачынення да акцыі, і заявілі, што бомбы былі закладзеныя апазіцыяй. Абвінавачванні ў арганізацыі тэрактаў былі высунутыя супраць трох апазіцыйна настроеных афіцэраў Нацыянальнай гвардыі, якія збеглі з краіны. У лістападзе 2004 г. ад выбуху замінаванай машыны загінуў следчы Даніла Андэрсан (Danilo Anderson), які вёў гэтую справу, а таксама займаўся расследаваннем дзяржаўнага перавароту 2002 г. Улады Венесуэлы сцвярджалі, што гэтая акцыя была спланаваная ў Маямі лідарамі венесуэльскай апазіцыі, але абвінавачванні супраць Андэрсана ў хабарніцтве і карупцыі заблыталі справу. Імклівы рост колькасці узброеных фармаванняў, як падрыманых уладамі, так і ўсякіх іншых, павялічвае верагоднасць гвалту, калі прэзідэнт Чавес пакіне сваю пасаду. Рэвалюцыя зруйнавала сістэму дэмакратычных стрымак праз ператварэнне вайсковых сілаў у палітычны інстурмент і ўзбраенне цывільных групаў. Армія больш не мае манаполіі на агняпальную зброю. Падрыхтоўка Нацыянальнага рэзерву і тэрытарыяльнай гвардыі да вядзення партызанскай барацьбы можа азначаць, што наступны рэжым сутыкнецца з баліварыянскім паўстаннем. Злачыннасць Выбарчая кампанія 2006 г. выявіла, што выбарцаў больш за ўсё хвалюе праблема злачыннасці, і яны глыбока незадаволеныя дзеяннямі ўлады ў гэтай сферы. Венесуэла перасягнула Калумбію, на тэрыторыі якой вядуцца баявыя дзенні, па колькасці забойстваў. У 2005 г. у Венесуэле на 100 000 жыхароў прыпадала 57 забойстваў, у той час як у Калумбіі — 3878. Гэтыя лічбы — найдакладнейшы даступны паказнік узроўню злачыннасці. Паліцыя фактычна закрыла сваю прэс-службу два гады таму, а міністэрства ўнутраных спраў і юстыцыі вельмі неахвотна дае дакладную інфармацыю. Нягледзячы на пагаршэнне крымінагеннай сітуацыі ў краіне, што ў сваю чаргу павышае верагоднасць нестабільнасці і ўзнікнення канфліктаў, барацьба са злачыннасцю не ёсць прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, а ўлады не маюць адпаведнай стратэгіі дзеянняў. На фінансаванне праваахоўных органаў выдзяляецца толькі ад 3 % да 4 % нацыянальнага бюджэту, а ў міністэрстве ўнутраных спраў і юстыцыі за восем гадоў змянілася дзевяць кіраўнікоў. У Венесуэле няма федэральнай паліцыі — кожны муніцыпалітэт і штат мае свае органы аховы правапарадку, каардынацыя паміж якімі амаль адсутнічае. У адной толькі акрузе Каракаса існуе адзінаццаць розных паліцэйскіх службаў. На незадаволенасць барацьбою са злачыннасцю накладаецца ўсё большая палітызацыя і мілітарызацыя паліцыі. Нэўтралізацыя незалежных інстытутаў і органаў, створаных для дапамогі паліцыі, сярод іх можна назваць генеральную пракуратуру, кантрольна-рэвізійную палату ды омбудсмана, а таксама адсутнасць дэбатаў у Нацыянальным сходзе — усё гэта спрычынілася да слабасці праваахоўных органаў. У венесуэльскіх турмах высокі ўзровень злачыннасці, праграмаў перавыхавання злачынцаў практычна не існуе. Штодзень у турмах памірае як найменш адзін вязень. Нацыянальную гвардыю, якая ахоўвае турмы, пераследуюць скандалы, звязаныя з перавышэннем службовых паўнамоцтваў. Паводле папярэдніх звестак, у 2006 г. у венесуэльскіх турмах загінула каля 400 вязняў, да 800 чалавек было паранена. Заявы самога Чавеса спрыялі росту злачыннасці. Так, прэзідэнт сказаў, што ў некаторых выпадках, напрыклад, каб прагнаць голад, злачынства можна апраўдаць. Аднак сам ён імкнуўся дыстанцыявацца ад росту злачыннасці, абвінаваціўшы сваіх падначаленых і заявіўшы, што міністр унутраных спраў і юстыцыі Хэсэ Чакона (Jesse Chacón) ды кіраўнікі паліцыі мусяць пакінуць свае пасады, «калі не адчуваюць сваёй адказнасці за барацьбу са злачыннасцю». У студзені 2007 г., у выніку перастановак ва ўрадзе, Чакон быў пераведзены ў міністэрства тэлекамунікацый. Як улада, гэтак і апазіцыя прызнаюць факт недаверу да паліцыі і судовай сістэмы. Усведамленне беспакаранасці злачынцаў і ўсюдыісная карупцыя прымушаюць грамадзян вырашаць праблемы законнасці самастойна. У апошнія гады пашырылася практыка заказных забойстваў (sicariato). Раней гэты феномен сустракаўся толькі ўздоўж калумбійскай мяжы, а такія забойствы былі адзінкавымі. Сёння наёмныя забойцы дзейнічаюць па ўсёй краіне: іх паслугамі карыстаюцца падчас крымінальных разборак і для запалохвання сялян ды мясцовых кіраўнікоў, якія ажыццяўляюць аграрную рэформу. Хоць у 2007 г. колькасць заказных забойстваў крыху паменшылася, у 2006 г. было ўчынена 70 такіх злачынстваў. За апошнія шэсць гадоў колькасць выкраданняў людзей павялічылася ў шэсць разоў79. Выкраданні людзей больш за ўсё хвалююць грамадства, пра што сведчаць вулічныя акцыі пратэсту ў красавіку 2006 г., выкліканыя дзвюма гучнымі справамі. Першай было выкраданне і забойства братоў Фадул (Faddoul) — Джэйсана, Кевіна і Джона (адпаведна па 12, 13 і 17 гадоў) разам з іх кіроўцам Мігелем Рывасам (Miguel Rivas). Сведкі сцвярджалі, што хлопцаў пад руляй пісталетаў выкралі людзі ў паліцэйскай форме. У гэтай справе арыштаваныя тры чалавекі, пад падазрэннем знаходзяцца афіцэры паліцыі. 28 сакавіка 2006 г. стала вядома пра забойства вядомага венесуэльскага бізнэсоўца італьянскага паходжання Філіпа Сіндоні (Filippo Sindoni), якога выкралі за 370 км ад Каракаса ў горадзе Маракай. І ў гэтай справе былі замяшаныя людзі ў форме. У сувязі з двума гучнымі выкраданнямі ў паліцыі былі праведзеныя арышты. Аналітыкі сцвярджаюць, што ў склад бандаў, якія спецыялізуюцца на гэткіх злачынствах, уваходзяць дзейныя і былыя супрацоўнікі службаў бяспекі. У чатырох з дзесяці выпадкаў выкрадання людзей сваякі ахвяраў не звяртаюцца ў праваахоўныя органы з прычыны страху рэпрэсіяў ці недаверу да паліцыі. Сярэдняя сума выкупу складае каля 200 000 даляраў. Наркотыкі Наркотыкі таксама жывяць сур’ёзныя злачынствы. Паводле інфармацыі амерыканскіх і калумбійскіх уладаў, праз тэрыторыю Венесуэлы штогод перапраяўляецца 500 тон калумбійскага какаіну, што робіць яе галоўнай рэгіянальнай краінай транзіту наркотыкаў80. Калумбійскі наркагандаль абраў венесуэльскі кірунак з дзвюх асноўных прычынаў. Па-першае, наркабізнэс перажывае праблемы ў самой Калумбіі, звязаныя з ціскам ЗША на ўрад гэтай краіны. Так, пасля абрання Альвара Урыбэ (Álvaro Uribe) прэзідэнтам Калумбіі амаль 500 наркагандляроў былі выданыя ўладам ЗША. Другая прычына палягае ў тым, што пасля адмовы Чавеса супрацоўнічаць з Дэпартаментам па барацьбе з наркотыкамі ЗША (Drug Enforcement Administration) і забаронай манітараваць паветраную прастору Венесуэлы, апошняя стала найпрасцейшым шляхам транзіту наркотыкаў, даючы доступ ня толькі да рынку ЗША (праз Гаіці, Дамініканскую рэспубліку і Мексіку), але і да выгаднага еўрапейскага рынку. Існуе небяспека, што Венесуэла паўторыць шлях Мексікі, якая яшчэ ў 1980-я гг. была толькі транзітнай краінай для паўднёваамерыканскага какаіну, а мясцовыя крымінальныя групоўкі зараблялі на дастаўцы наркотыкаў у ЗША. Аднак пасля знішчэння магутных калумбійскіх наркакартэляў і інвестыцый у гэты прадукт мексіканскія картэлі занялі месца калумбійскіх. Сёння яны валодаюць манаполіяй на пастаўку наркотыкаў на заходняе ўзбярэжжа ЗША і зрабілі частку Мескікі некіраванай тэрыторыяй. Павелічэнне спажывання наркотыкаў у самой Мексіцы справакавала рост вулічнага гвалту і крымінальныя войны за права кантраляваць продаж наркотыкаў. У Венесуэле пакуль няма буйных наркакартэляў ці груповак, якія спецыялізуюцца на транзіце наркотыкаў, часткова таму, што венесуэльскі наркабізнэс пакуль кантралююць калумбійскія «міні-картэлі», складзеныя з былых баевікоў і партызанаў. Іх дзейнасць значна спрашчаецца вялікай колькасцю калумбійцаў у Венесуэле, якія могуць адносна лёгка атрымаць ідэнтыфікацыйныя карткі ў місіі «Ідэнтыдад». Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай статыстыкі, усе эксперты пагаджаюцца, што спажыванне наркотыкаў у Венесуэле расце. Паводле інфармацыі спецслужбаў, праваахоўныя органы ў Багаце і Каракасе нагэтулькі цесна звязаныя з наркагандлярамі, што яны не толькі заплюшчваюць вочы на транспартаванне наркотыкаў, але часам нават забяспечваюць яго паліцэйскае суправаджэнне. Каракаскі аэрапорт Майкетыя (Maiquetia) называюць галоўным перавалачным пунктам калумбійскага какаіну і гераіну. Паводле пэўных крыніцаў, праз яго штомесяц вывозіцца каля тоны наркотыкаў. У красавіку 2006 г. у аэрапорце С’юдад дэль Кармэн (Ciudad del Carmen), што на ўсходзе Мексікі, быў затрыманы самалёт DC-9 з Майкетыі, у якім перавозілася пяць тон какаіну ў 128 валізах. Пагрузка такой колькасці наркотыкаў сведчыць пра дапамогу з боку службоўцаў і супрацоўнікаў службы бяспекі каракаскага аэрапорту. Канфіскацыя тоны какаіну 6 лютага 2007 г. у аэрапорце Мехіка пацвярджае той факт, што наркотыкі стала вывозяць з Майкетыі. Штогод расце колькасць канфіскаваных наркотыкаў і арыштаў наркакур’ераў. У 2005 г. было канфіскавана 58,4 тон какаіну, што на 87 % больш, чым у 2004 г. Чавес абвесціў, што «аніводзін папярэдні ўрад не дабіваўся такіх поспехаў у барацьбе з наркатрафікам». Урад прыводзіць гэтыя дадзеныя ў якасці доказу таго, што ён вядзе сур’ёзны наступ на наркагандаль, пра што таксама сведчыць стварэнне Нацыянальнай службы па барацьбе з наркотыкамі і прыняцце двух адпаведных законаў81. Аднак Служба толькі замяніла Нацыянальную камісію па барацьбе супраць незаконнага распаўсюду наркотыкаў, якой, паводле былога міністра Чакона, кіравалі з Дэпартаменту па барацьбе з наркотыкамі ЗША. Апазіцыя ўважае, што павелічэнне колькасці арыштаў і канфіскацыяў наркотыкаў ёсць непазбежным наступствам росту наркаіндустрыі. Пасевы ў Венесуэле кокі, сыравіны для вытворчасці какаіну, і маку, з якога робяць гераін, ахапляюць новыя тэрыторыі. Плантацыі маку знаходзяць на венесуэльскай частцы хрыбту Сэрран’я дэ Пэрыя (Serrania de Perija), а кампактныя пасевы кокі былі сфатаграфаваныя спадарожнікам у венесуэльскай Амазонцы. У параўнанні з Калумбіяй, Перу ці Балівіяй, дзе кокай у 2005 г. былі засеяныя адпаведна 86 000, 48 200 і 25 400 га, венесуэльскія пасевы застаюцца малымі (ад 500 да 3000 га). Тым не менш, павелічэнне транзіту калумбійскіх наркотыкаў і іх унутранага спажывання, рост колькасці забойстваў і выкраданняў людзей — усё гэта сведчыць не толькі пра актывізацыю злачыннага свету, але й пра паўстанне крымінальных сындыкатаў. Калумбія і Мексіка ёсць прыкладамі таго, да чаго гэта можа прывесці. Венесуэльскія праваахоўныя сілы, прасякнутыя карупцыяй, не маюць дастатковых ведаў і досведу, каб паспяхова змагацца з новымі праблемамі. Паскарэнне Рэвалюцыі Сацыялізм XXI стагоддзя 2006-ты год стаў канцом пераходнага перыяду82. Чавес цяпер імкнецца кансалідаваць рэвалюцыю, пабудаваўшы «Сацыялізм XXI стагоддзя». Што гэта значыць дакладна — пакуль невядома, хоць заявы, зробленыя ў студзені 2007 г., сведчаць, што змены будуць адбывацца хутчэй, чым чакалася. Новая дактрына ўпершыню была прадстаўлена на Сацыяльным форуме Порту Алегрэ (Porto Alegre) (Бразілія) 10 студзеня 2005 г., калі Чавес заявіў, што змены першых год яго кіраўніцтва ішлі павольна, але незваротна, але цяпер наступіў час больш рашучых дзеянняў Сацыялізм павінен пераўзыйсці капіталізм... Я — рэвалюцыянер, і я штодня станаўлюся ўсё больш палкім рэвалюцыянерам, таму што кожны новы дзень пераконвае мяне — адзіны магчымы шлях, якім мы разбурым капіталістычную гегемонію, панаванне алігархаў, што валадараць на нашых палетках, — гэта шлях рэвалюцыі. Іншага шляху няма83. Пасля выбараў снежня 2006 г. прэзідэнт пачаў удакладняць, што пацягне за сабой пабудова «Сацыялізму XXI стагоддзя». Пасля прыняцця 31 студзеня 2007 г. законаў пра дадатковыя прэзідэнцкія паўнамоцтвы Чавес займеў адзінаццаць месяцаў амаль неабмежаванай улады для правядзення ператварэнняў. Крызіс 2001 г., які перарос у пераварот, пачаўся пасля прыняцця падобнага пакету законаў і выдання прэзідэнтам 49 дэкрэтаў. Чавес абяцаў, што пасля падрыхтоўкі законаў усе змены і праект канстытуцыйнай рэформы будуць выстаўленыя на рэферэндум. Чавес хоча змяніць артыкул Канстытуцыі 1999 г. датычна пераабрання прэзідэнта84, скасаўшы абмежаванне, якое не дазваляе адной асобе займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны. Чавес ужо выказаў намер застацца прэзідэнтам Венесуэлы да 2021 г.85. Паўстае пытанне адпаведнасці й іншых аспектаў рэформы датычна такіх асноўных элементаў прадстаўнічай дэмакратыі, як рэгулярныя выбары, доступ да судовай сістэмы, існаванне плюралістычных палітычных партыяў і падзел галінаў улады. Падмуркам новага сацыялізму стане нацыяналізацыя ключавых галінаў прамысловасці, пры якой мае ўлічвацца спецыфіка кожнага сектара эканомікі. 1 лютага 2007 г. Чавес абвесціў, што да 1 траўня дзяржава займее кантрольны пакет акцыяў ва ўсіх нафтавых прадпрыемствах басейну ракі Арынока. На той момант ва ўласнасці нацыянальнай нафтавай кампаніі знаходзілася ад 30 % да 49,9 % акцыяў гэтых фірмаў, астатняе падзялялі паміж сабой шэсць транснацыянальных кампаніяў. Дзве мішэні для нацыяналізацыі ў сферах тэлекамунікацыі і электрычнасці на сённяшні дзень — гэта «C. A. Nacional Teléfonos de Venezuela» і «Electricidad de Caracas». Міністр Чакон заявіў, што першая будзе экспрапрыяваная дзяржавай, калі не будзе дасягнутая дамоўленасць пра яе нацыяналізацыю. Іншыя абвешчаныя захады накіраваныя на павелічэнне кантролю дзяржавы над СМІ і НУА. 13 чэрвеня 2006 г. былі прапанаваныя папраўкі да Закону пра міжнароднае супрацоўніцтва. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і амбасадары краін Захаду выказваюць занепакоенасць тым, што перагляд закону можа абмежаваць дзейнасць НУА і не дапусціць нават канструктыўнай крытыкі ўладаў. Законапраект прадугледжвае заснаванне Нацыянальнага фонду міжнароднага супрацоўніцтва і дапамогі з шырокімі паўнамоцтвамі па наглядзе за замежнымі крыніцамі фінансавання арганізацыяў і Сістэмы цэнтралізаванага рэестру, які будзе збіраць поўныя звесткі НУА ў выпадку яе рэгістрацыі. Аналітыкі мяркуюць, што фонд дазволіць блакаваць фінансаванне тых НУА, якія лічацца антырэжымнымі. Напярэдадні выбараў законапраект быў адкладзены, але падобна, што неўзабаве ён будзе разгледжаны. Яшчэ адна прапанаваная ініцыятыва — правядзенне рэферэндума аб праве закрываць тэлевізійныя каналы за антыдзяржаўную дзейнасць. Абмяркоўваецца стварэнне структур паралельнай улады ў выглядзе камунальных радаў (Consejos Comunales)86. Плануецца, што яны будуць незалежнымі ад структур муніцыпалітэтаў і федэральных штатаў і будуць супрацоўнічаць непасрэдна з выканаўчай уладай, атрымліваць бюджэтнае фінансаванне і возьмуць на сябе немалую частку функцыяў мясцовай улады. Стварэнне камунальных радаў абмяжуе ўладу мэраў і губернатараў, надасць прэзідэнту дадатковыя рычагі ўплыву, паралельна абмежаваўшы магчымасці патэнцыйных супернікаў, якія традыцыйна пачынаюць сваю прэзідэнцкую кампанію ў якасці губернатараў ці мэраў. Выказваліся нават меркаванні, што пасады губернатараў і мэраў будуць наогул скасаваныя. Стварэнне адзінай партыі ўлады, «Аб’яднанай сацыялістычнай партыі Венесуэлы» (Partido Socialista Unido de Venezuela, PSUV, АСПВ) яшчэ больш абмяжуе палітычны дыялог і павялічыць прэзідэнцкую ўладу. Хаця ў «Падэмас» (Podemos), адной з праўрадавых партыяў, чуваць прыглушаныя нараканні наконт стварэння адзінай партыі, маўляў, фармаваць апазіцыю Чавесу ў гэты момант было б палітычным самазабойствам. АСПВ будзе штучным партыйным утварэннем, чыя ідэалагічная стракатасць дазволіць прэзідэнту цалкам падпарадкаваць яго сабе, бо нават найбольшая праўрадавая партыя РПР вядомая размаітасцю поглядаў сваіх сяброў. Рознагалоссі паміж праўрадавымі партыямі і завялікая колькасць баліварыянскіх народных (grassroots) рухаў маюць усе шанцы стаць галаўным болем улады, асабліва калі прэзідэнт сапраўды імкнецца радыкалізаваць палітычную сітуацыю ў якасці аднаго з крокаў пераходу да сацыялізму. Арэнай канфлікту могуць стаць бюракратычныя квоты. Некаторыя эксперты мяркуюць, што такія партыі, як РПР і РДУ, ужо вядуць барацьбу за тое, каб быць бліжэй да прэзідэнта. Шмат якія сектары грамадства выказваюць сваё незадавальненне слабай эфектыўнасцю ўраду, што прызнае і сам Чавес. Гэта часткова выклікана хуткай ратацыяй «наменклатуры»87. Існуе магчымасць ідэалагічнай барацьбы паміж радыкальнымі групамі рэвалюцыянераў («los Talibanes») і больш памяркоўнымі прыхільнкамі Чавеса («chavista lites»). РПР застаецца найбольш уплывовым праўрадавым рухам, але, часткова дзякуючы падтрымцы прэзідэнтавага брата Адана Чавеса (Adan Chávez), які займае пасаду міністра адукацыі, набірае папулярнасць Камуністычная партыя. Таксама існуюць асцярогі, што сістэма адукацыі стане часткай рэвалюцыйнай прапагандысцкай машыны. Развіццё палітычных падзеяў будзе залежаць і ад сілы ды згуртаванасці апазіцыі. Разалес, супернік Чавеса на выбарах 2006 г., здолеў згуртаваць разнашэрсныя апазіцыйныя групоўкі і дамогся добрага выніку — 4,19 млн галасоў. Калі ён зможа захаваць гэты кантроль і забяспечыць згуртаванасць руху88, апазіцыя мае шанцы падарваць дамінаванне чавістаў на рэгіянальных выбарах мэраў і губернатараў штатаў у 2008 г. Пакуль, аднак, перспектывы апанентаў Чавеса падаюцца цьмянымі — у 2007 г. раскалолася найвялікшая апазіцыйная партыя «Primero Justicia», з яе сышоў папулярны мэр горада Чакаа (Chacao) Леапольда Лопэс (Leopoldo López), які стварыў сваю партыю. Яшчэ адзін выклік — пазбавіць прыхільнікаў Чавеса на манаполію на Нацыянальны сход. Аднак наступныя парламенцкія выбары пройдуць толькі ў 2010 г., а гэта значыць, што да гэтага часу не будзе існаваць ані апазіцыі ўрадавым заканадаўчым ініцыятывам, ані форуму для агульнанацыянальнага абмеркавання ўрадавых праектаў. Фінансаванне рэвалюцыі Рэвалюцыя ў вялікай ступені залежыць ад высокіх цэнаў на нафту і аб’ёмаў яе вытворчасці ў краіне. Першае падаецца гарантаваным, прынамсі, у бліжэйшай перспектыве, дзякуючы нестабільнасці на Блізкім Усходзе. З другім аспектам рэвалюцыі сітуацыя складанейшая. Можа падацца, што калі ў бюджэце закладзеная цана на нафту ў дваццаць дзевяць даляраў за барэль, а яна на самай справе каштуе каля пяцідзесяці, рэжым Чавеса купаецца ў нафатадалярах. Але гэта не зусім так. У бюджэце закладзены афіцыйны прагноз здабычы нафты, які складае 3,4 млн барэляў за дзень. На самай справе дзённая здабыча склала ўсяго толькі каля 2,6 млн барэляў89. Яшчэ адно спрэчнае пытанне ў тым, якія цэны на нафту патрэбныя Чавесу пры існым узроўні здабычы, каб фінансаваць сацыяльныя праграмы і раздзьмутыя бюджэтныя выдаткі90. Аналітыкі мяркуюць, што пункт раўнавагі для рэжыму знаходзіцца недзе паміж 30 і 50 далярамі за барэль. Гэтым, хутчэй за ўсё, тлумачыцца намер уладаў ісці на непапулярныя меры, такія, як падвышэнне цэнаў на бензін. Разглядаецца таксама магчымасць адкрыцця для «Petróleos de Venezuela» новых крэдытных лініяў. Ключавымі фактарамі для забеспячэння неабходных аб’ёмаў вытворчасці нафты стала падтрыманне нафтавай інфраструктуры і інвестыцыі ў распрацоўку новых радовішчаў. Урад не надзяляе дастатковай увагі аніводнаму з іх. Кошт абслугоўвання нафтавай індустрыі падвысіўся з 7,4 млрд даляраў у 2005 г. да 8,1 млрд у 2006 г. збольшага ў выніку зносу інфраструктуры. Старшыня Цэнтрабанку Венесуэлы Дамінга Маса Савала (Domingo Maza Zavala) пацвердзіў, што цяперашнія аб’ёмы інвестыцый у нацыянальную нафтавую кампанію недастатковыя для захавання існых тэмпаў вытворчасці. Ён таксама заўважыў, што, беручы пад увагу будучыя змены ў правілах для замежных нафтавых кампаніяў, мала хто з іх пагадзіцца інвеставаць вялікія грошы ў распрацоўку новых радовішчаў. Дагэтуль венесуэльская ўлада не рабіла радыкальных крокаў у кірунку сацыялістычнай эканомікі, але сацыялістычныя памкненні Чавеса леглі ў аснову новай і пакуль не да канца зразумелай эканамічнай мадэлі. Падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну, ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызісу ў Лацінскай Амерыцы і падзення сусветных цэнаў на нафту, Чавес ухваліў артадаксальныя захады па стабілізацыі эканомікі. Ён абмежаваў бюджэтныя расходы і кантраляваў інфляцыю, адначасова праводзячы падатковую рэформу для павелічэння нянафтавай часткі даходаў91. Аднак пачынаючы з другой паловы 2003 г. сітуацыя кардынальным чынам змянілася, што стала вынікам, між іншага, росту цэнаў на нафту, лепшага кантролю над «Petrуleos de Venezuela», паляпшэння падатковай сістэмы, нарошчвання дзяржаўнага доўгу і пераразмеркавання даходаў (utilidades cambiarias) і багацця (patrimonio) ад венесуэльскага Цэнтральнага банка да ўрада. Пасля гэтага Чавес значна падвысіў долю дзяржавы ў эканоміцы, беспрэцэдэнтна ўзняў дзяржаўныя выдаткі шляхам заснавання сацыяльных службаў, адначасова падняўшы заробкі дзяржаўным чыноўнікам92. Высокія цэны на нафту і агульныя пазітыўныя тэндэнцыі сусветнай эканамікі падтрымлівалі рост эканомікі венесуэльскай. Так, валютныя рэзервы падвоіліся ад 2004 г. і склалі 35 млрд даляраў, выдаткі ўраду штогод падвышаюцца на 30 %, без уліку непадкантрольнага паралельнага бюджэту, з якога фінансуюцца праўрадавыя групы і хутка растучыя вайсковыя выдаткі. Фактар эканамічнага дабрабыту стаў важным складнікам перамогі Чавеса на снежанскіх выбарах 2006 г. Аднак рэжым дагэтуль не вырашыў дзвюх праблем: праблемы інфляцыі і беспрацоўя. Сёлета першая прагназуецца ўрадам на ўзроўні 10 %, што ёсць вельмі аптымістычным прагнозам з улікам таго, што ў 2006 г. яна дасягнула 17 % і існуюць аб’ектыўныя прычыны для яе далейшага росту. Другая мэта ўраду — панізіць беспрацоўе з 10 % пры канцы 2006 г. да 7 %. Інфраструктурныя інвестыцыі дасягнулі памеру выдаткаў на сацыяльныя праграмы. У 2006 г. Чавес засяродзіў увагу на такіх праграмах, як пабудова мастоў праз раку Арынока і чыгуначнай сістэмы, якая звяжа Каракас з далінай Туі (Tuy), а таксама ўшырэнні каракаскага метро. Будаўніцтва большасці гэтых аб’ектаў пачалося яшчэ да 1999 г. Эканамічная стратэгія «Сацыялізм XXI стагоддзя» апісваецца як развіццё з апорай на ўласныя рэсурсы (эндагеннае), як альтэрнатыва індустрыялізацыі і залежнасці ад замежных інвестыцыяў. Яе мэта — спрыяць росту знутры мясцовых супольнасцяў, у адрозненне ад палітыкі імпартазамяшчэння 1970-х гг., якая спарадзіла магутныя кангламераты, і нэаліберальнага падыходу, які надае асаблівае значэнне замежнаму капіталу. Увасабляць «Сацыялізм XXI стагоддзя» пакліканы так званыя цэнтры эндагеннага развіцця (Núcleos de Desarrollo Endógeno, NUDE, ЦЭР)93 і прадпрыемствы сацыяльнай вытворчасці (Empresas de Producciуn Social, EPS, ПСВ). ЦЭРы ўводзяцца за грошы ўраду і пры ўзгадненні з мясцовымі супольнасцямі вакол прамысловых, турыстычных і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама інфраструктурных аб’ектаў і цэнтраў аказання паслуг. Падчас першай фазы разгорвтання ЦЭРаў сацыяльная служба «Вуэльван Карас» навучала чальцоў мясцовых супольнасцяў, так званых «lanceros», засноўваць кааператывы, якія маглі б эфектыўна ажыццяўляць супольныя праекты. Гэтыя ініцыятывы фінансуюцца міністэрствам народнай эканомікі і, акрамя гэтага, атрымліваюць вялікія датацыі ад «Petróleos de Venezuela»94. Атрымаўшы прыблізна 863 млн даляраў, служба «Вуэльван Карас» заснавала 130 ЦЭРаў і 6814 кааператываў, на падтрымку якіх было выдаткавана 423 млн даляраў. Тым не менш, застаюцца сумневы ў доўгатэрміновай акупнасці інвестыцыяў. Вышэйшыя службовыя асобы прызналі хібы ў планаванні праектаў. ЦЭРы не заўсёды ствараліся на падставе аналізу патэнцыялу развіцця праекту ці кансультацыяў з мясцовымі супольнасцямі. Кааператывы ствараюцца, каб атрымаць доступ да танных урадавых крэдытаў, але дагэтуль застаецца няясна, як ЦЭРы будуць інкарпараваныя ў эканоміку ў доўгатэрміновай перспектыве. Мала таго, існуе небяспека, што наданне новым праектам прывілеяванага доступу да ўрадавых кантрактаў і субідыяў пашкодзіць іх канкурэнтаздольнасці ў доўгатэрміновай перспектыве. Мясцовы эканаміст спрагназаваў для «Крайсіс груп», што ва ўмовах адкрытай эканомікі шмат якія ЦЭРы не вытрымаюць канкурэнцыі венесуэльскіх і міжнародных кампаніяў. У якасці ўзорна-паказальнага прыводзяць прыклад ЦЭРу «Fabricio Oreja», які знаходзіцца ў каракаскім прыгарадзе Каціа (Catia). Ён мае два кааператывы, заснаваныя пры дапамозе ўрадавых крэдытаў: адзін з іх вырабляе абутак, другі — адзенне. Дырэктар ЦЭРу адразу ж вызнае, што па кошце яго прадукцыя прайграе кітайскаму імпарту, а вытварчасць адзення падтрымліваецца выключна дзякуючы дзяржаўным замовам ды пашыву маек для баліварыянскіх арганізацыяў. Без дзяржаўнай падтымкі кааператывы былі б неканкурэнтаздольнымі. Калі не адбудзецца новага падвышэння цэнаў на нафту, рэвалюцыя запатрабуе новых дзяржаўных выдаткаў. Паскарэнне тэмпаў экспрапрыяцыі зямель можа аказацца пшыкам у доўгатэрміновай перспектыве. Паводле афіцыйных дадзеных, перападзеленыя ўжо 3 млн га сельскагаспадарчых зямель. Аднак вялікія грошы, укладзеныя ў праграмы развіцця сельскай гаспадаркі, прынеслі больш чым сціплыя вынікі. У выніку нерацыянальнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў памер пасяўных плошчаў павялічыўся ўсяго на 9 %, а прадукцыйнасць — на 3 %. Субсідыяванне прадуктаў, якія прадаюцца праз дзяржаўныя супермаркеты «Мэркал», негатыўна адбіваецца на стане сельскай гаспадаркі. Ёсць сведчанні (якія ўрад адкідае), што ў «Мэркал» назірваецца дэфіцыт некаторых базавых прадуктаў харчавання. Танны імпарт не дае развівацца сельскай гаспадарцы Венесуэлы і заахвочвае з’яўленне чорнага рынку, у прыватнасці, на калумбійскія прадукты. Міністр сельскай гаспадаркі і зямлі Эліас Хаўа (Elías Jaua) прызнаў, што ў 2006 г. у гэтым сектары працягвалася стагнацыя, хоць, паводле яго словаў, гэта толькі часовая з’ява. Прэзідэнт заявіў, што экспрапрыяцыя зямлі працягнецца, аднак падкрэсліў, што за яе будзе выплачана рынкавая цана95. У 2005 г. урад экспрапрыяваў заводы фірмаў Parmalat, Heinz і Polar Group, якімі, на яго думку, іх былыя ўласнікі распараджаліся неэфектыўна. Тым не менш, спроба мэра Каракаса ў тым жа годзе нацыяналізаваць два палі для гольфу пад забудову іх жытлом была асуджаная як парушэнне канстытуцыйнага права на недатыкальнасць уласнасці. Каўдыльё Чавес? Што такое баліварыянская рэвалюцыя, апрача як адзінаасобная ўлада Чавеса з дэмакратыяй непасрэднага ўдзелу як фасадам для ўсё больш аўтакратычнага рэжыму? Шматлікія эксперты, асабліва звязаныя з апазіцыяй, разглядаюць Чавеса як чарговую інкарнацыю лацінаамерыканскага каўдыльё, аўтакрата, аднак не абавязкова дыктатара. Шмат хто з прыхільнікаў Чавеса прызнае, што не мае паняцця пра сацыялізм, але ўлады эксплуатуюць іх ідэнтыфікацыю з харызматычным лідэрам. Усе ўрадавыя праграмы распачынаюцца ад імя Чавеса. Праўрадавыя СМІ апісваюць працу сацыяльных службаў так, нібыта сам Чавес раздае ўсё народу, а ўрачыстае адкрыццё баліварыянскіх ці інфраструктурных праектаў або выдзяленне дзяржаўных субсідыяў, крэдытаў пазыкаў і грантаў прадпрыемствам і асобным грамадзянам суправаджецца агучваннем яго праграмных палажэнняў. У сваіх прамовах Чавес увесь час спасылаецца на рэвалюцыю як сродак надзялення рэальнай уладай народных масаў. Ён прызнае адзінаасобны стыль свайго кіравання, але заўсёды дадае, што толькі народ захавае яго ва ўладзе: Калі я некалі адчую, што стаў нагэтулькі слабым кіраўніком, што гэта паддае небяспецы працэс [рэвалюцыі] і з’явіцца новы лідар, я без усякіх сумневаў падтрымаю гэтага чалавека. Тым не менш, яго рэгулярныя апеляцыі на Сімона Балівара стварылі новы папулярны міф, які атаесамляе Чавеса са спадчынай найвялікшага вайсковага стратэга і палітыка Венесуэлы96. Вайсковае паходжанне РПР абумовіла іерархічную структуру кіравання гэтай партыяй, якое наўрад ці паставіць пад пытанне лідарства Чавеса. Рэвалюцыйны працэс не спарадзіў новых значных фігур. Тыя, хто мог дасягнуць палітычных вышынь, адхіляліся з актыўнай палітыкі, напрыклад, паплечнік Чавеса па «БРР-200» і ягоны баявы таварыш Франсіска Арыяс Кардэнас (Francisco Arias Cardenas), які высунуў сваю кандыдатуру на выбарах 2000 г. Кардэнаса прызначылі амбасадарам у ААН, што азначала заняпад ягонай палітычнай кар’еры. У лагеры Чавеса існуюць дзве плыні: дэмакратычная, ідэолаг якой — былы віцэ-прэзідэнт Ранхель, і мілітарысцкая, якую ўвасабляе аргентынскі сацыёлаг Нарбэрта Сэрэзоле (Norberto Ceresole)97. Нягледзячы на тое, што Сэрэзоле быў вымушаны пакінуць Венесуэлу ў 1999 г., ён лічыцца творцам канцэпцыі грамадска-вайсковых стасункаў, уласцівых сацыяльным праграмам Чавеса. Аргентынец распрацаваў мадэль, якую назваў «постдэмакратыяй», пры якой адзінства народу і войска ў адзіным руху апраўдвае канцэнтрацыю ўлады ў руках аднаго чалавека — каўдыльё, прычым грамадска-вайсковая партыя ёсць пасярэднікам паміж лідэрам і народнымі масамі. Выглядае, што Чавес верыць у падобны сімбіёз як спосаб нацыянальнага развіцця. Пасля адхілення Ранхеля, які ўсё сваё палітычнае жыццё прытрымліваўся лявацкіх поглядаў і быў добра вядомы ў рэгіёне, з пасады віцэ-прэзідэнта знік адзін з апошніх незалежных галасоў у кабінетах улады. Ніхто з 27 міністраў новага ўраду ніколі не пярэчыць Чавесу. Прэзідэнт ставіцца да свайго кабінета, як да феадальнага двара, выкарыстоўваючы сваю штотыднёвую тэлевізійную праграму для таго, каб збэсціць іх за правалы ў рабоце. Нікому не дазволена быць вядомым, як Чавес, яго магчымыя наступнікі нават не абмяркоўваюцца. Афіцыйная пазіцыя палягае ў тым, што Чавес павінен застацца прэзідэнтам да 2021 г. Высновы Па васьмі гадох ва ўладзе Чавес атрымаў важкую перамогу дзякуючы свайму ашаламляльнаму пераабранню на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. Большасць людзей адчувае, што пры сістэме «дэмакратыі непасрэднага ўдзелу» ўлада стала бліжэйшай да іх. Якімі б ні былі прэтэнзіі простых грамадзян да ўлады, большасць верыць у шчырае жаданне прэзідэнта знізіць узровень галечы і даць людзям шанец быць пачутымі. Тым не менш, баліварыянская рэвалюцыя дагэтуль існуе больш на словах, чым у сапраўднасці. У аграмадных выдатках на сацыяльную сферу за кошт нафтадаляраў няма нічога новага. Нафтавыя бумы часоў Пунта Фіха выклікалі падобны ўздым сацыяльных і інфраструктурных праектаў. Калі й можна вылучыць характэрную рысу рэжыму Чавеса, дык ёй будзе падпарадкаванне ўсіх дзяржаўных інстытутаў прэзідэнту і разбурэнне стрымак прэзідэнцкай улады, што дасягнула кульмінацыі ў абранні на 100 % праўрадавага Нацыянальнага сходу ў 2005 г. і ўхваленні ў студзені 2007 г. законаў пра дадатковыя прэзідэнцкія паўнамоцтвы. На сённяшні дзень адзінай магчымасцю стрымаць Чавеса застаецца скліканне рэферэндуму ў пытанні даверу да прэзідэнта. Чавес стварыў умовы для рэжыму з аўтакратычнымі тэндэнцыямі, падкупіў войска, падпарадкаваў сабе праваахоўную сістэму і выбарчую камісію, ухваліўшы законы, якія дазваляюць запалохваць журналістаў і абмяжоўваць свабоду прэсы. Праз сваю сістэму паралельных інстытутаў ён дабіўся таго, што ўсе ўзроўні ўлады залежаць ад яго і толькі ад яго. У пэўных колах грамадства пануе атмасфера страху, створаная не шырокамаштабнымі рэпрэсіямі, а шэрагам гучных судовых працэсаў, якія прасігналізавалі пра існаванне межаў, якія нельга пераступаць. Прэзідэнт не мае патрэбы выкарыстоўваць усе даступныя яму рэпрэсіўныя інструменты. Яго папулярнасць такая, што ён можа гуляць больш-менш чыста і перамагаць. Даходы ад экспарту нафты дазвалюць яму фінансаваць сацыяльныя праекты, але калі кошт за барэль апусціцца ніжэй за 50 даляраў, Чавес будзе вымушаны ўрэзаць некаторыя праекты ці шукаць альтэрнатыўныя крыніцы даходу. Да таго ж застаецца невядомым, ці здолее прэзідэнт і надалей паспяхова перакладаць віну за відавочныя правалы ў барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй на сваіх міністраў. Тры сцэнары могуць падарваць пазіцыі Чавеса. Самым верагодным, прынамсі, у найбліжэйшыя колькі гадоў, з’яўляецца падзенне цэнаў на нафту да той ступені, калі прэзідэнт не здолее ані падтрымліваць існы ўзровень сацыяльных выдаткаў, ані згладжваць эканамічныя дэфармацыі, выкліканыя рэгуляваннем валютных курсаў ды кантролем над цэнамі, інфляцыяй і ўсё большай залежнасцю ад імпарту. Нягледзячы на антыамерыканскую рыторыку Чавеса, ЗША застаюцца галоўным эканамічным партнёрам краіны. Адмова прадаваць ЗША нафту ніколі сур’ёзна не разглядалася аніводным венесуэльскім урадам. (І наадварот, існуе пэўная практычная мяжа, якую ЗША не будуць пераходзіць падчас ціску на Венесуэлу, адну з галоўных пастаўшчыкоў нафты ў краіну98.) Высокія выдаткі на транзіт нафты на альтэрнатыўныя рынкі, напрыклад, кітайскі, і неабходнасць запуску новых заводаў для перапрацоўкі багатай на серу венесуэльскай нафты звужае магчымыя альтэрнатывы. Калі эканамічная рэцэсія падарве ўрадавыя расходы, унутраны эканамічныя сектар чакае калапс, што справакуе рост беспрацоўя і падарве веру ў рэвалюцыю. Урад будзе вымушаны скараціць свае раздзьмутыя выдаткі, што выкліча пратэсты прэзідэнцкіх прыхільнікаў. Другая небяспека для Чавеса — у палітычным адраджэнні апазіцыі, калі апошняя здолее здабыць большасць у Нацыянальным сходзе і прапанаваць сур’ёзную альтэрнатыву. Гэты варыянт амаль выключаны ў бліжэйшай будучыні, бо адбываецца далейшая фрагментацыя апазіцыі. Аднак калі гэта ўсё ж здарыцца, прэзідэнт можа ўжыць шырокі набор недэмакратычных інструментаў, якія ён назапасіў за восем год, а зацятыя прыхільнікі Чавеса пачнуць бараніць рэжым са зброяй у руках. Зброя і спансараваныя рэжымам нерэгулярныя арганізацыі і ўзброеныя групы пад рукой. Паводле трэцяга сцэнару, апазіцыя Чавесу паўстане ўнутры яго руху. Сярод яго прыхільнікаў існуюць супярэчнасці наконт таго, у якім кірунку прэзідэнт мусіць весці краіну, і ў той жа час ня выключана, што элементы ў дзяржаўнай адміністрацыі могуць кінуць Чавесу выклік у барацьбе за ўладу. А раз не толькі армія мае зброю, дык у рэвалюцыйным руху можа быць выклікана кровапраліцце. Нявырашаным застаецца пытанне, якую краіну ўспадкуе любы небаліварыянскі прэзідэнт. Калі існыя тэндэнцыі будуць доўжыцца, апазіцыйны прэзідэнт сутыкнецца з узброенымі паўстанцамі, маючы абмежаваныя сродкі, каб кантраляваць іх. Новая ўлада будзе вымушаная схіліць на свой бок ці ачысціць ад прыхільнікаў Чавеса Нацыянальны рэзерв ды тэрытарыяльную гвардыю, судовую сістэму, Нацыянальную выбарчую раду і міністэрскіх чыноўнікаў, перш як на іх можна будзе зноў пакладацца. Дадатковым чыннікам дэстабілізацыі, як і ў Калумбіі і Мексіцы, ёсць злачыннасць, асабліва ў форме наркагандлю. Яна нагэтулькі прасякнула ўсе дзяржаўныя інстытуты, што людзі страцілі ўсялякую надзею на паліцыю і судовую сістэму. Карумпаванасць арміі, відавочная ўжо сёння, таксама можа падарваць бяспеку. Аднак яшчэ больш небяспечным можа быць перараджэнне ўзброеных нерэгулярных праўрадавых груповак у крымінальныя мафіёзныя кланы. Іх значны ўплыў і сувязі з паліцыяй лёгка дазволяць ім выцесніць сабой мясцовыя крымінальныя групоўкі, а супрацьдзеяньне ім будзе вельмі цяжкой справай. Крывавы ўнутраны канфлікт — гэта ўсяго толькі адзін з трох сцэнараў. Аднак калі прэзідэнт Чавес працягне палітыку палярызацыі грамадства і знішчэння дэмакратычнай сістэмы стрымак і супрацьвагаў, распачатую ў першыя восем год свайго кіравання, рызыка гвалту значна падвысіцца. Багата/Брусэль, 22 лютага 2007 г.
65 З агульнай плошчы 8490 га уласнік здолее захаваць 1500. 2700 га пойдуць на рэзервовыя патрэбы для плаціны, а астатняе — раздадзена сялянам для арганізацыі прадпрыемстваў сацыялістычнай вытворчасці. 66 Паводле Нацыянальнага інстытуту зямлі, не ўрабляецца 80 % палеткаў. Інстытут прапануе пераразмеркаваць 2,4 млн га. 67 У жніўні 2002 г. кантрольна-рэвізійная палата выявіла значныя парушэнні пры фінансаванні плана «Балівар 2000», у тым ліку завышэнне закупных цэнаў, стварэнне фірмаў-аднадзёнак і неналежнае вядзенне бухгалтэрыі. Тым не менш, кантрольна-рэвізійная палата заявіла, што гэта не пацягнула за сабой шкоды грамадству. 68 8 студзеня 2007 г. Пэдра Карэнья, былы капітан войска, заняў пасаду міністра ўнутраных спраў і юстыцыі, беручы на сябе адказнасць за ўрадавую кампанію па барацьбе са злачыннасцю і рэфармаванне паліцыі. 69 Галоўнакамандуючы Рауль Бадуэль заявіў, што арміі патрэбныя новыя стратэгіі, каб нейтралізаваць узрастаючыя ўнутраныя і вонкавыя пагрозы дэстабілізацыі. 25 студзеня 2005 г. Мэлвін Лопэс, сакратар Рады нацыяльнай абароны, абвесціў, што прэзідэнт Чавес загадаў падрыхтаваць новую вайсковую стратэгію, якая ўтрымлівала б элементы дактрыны асіметрычнай вайны. 70 «Магчымасць асіметрычнага вайсковага канфлікту з ЗША не знікла. Я хачу, каб мы з годнасцю нейтралізавалі яе. Я не стану на калені, бо прадстаўляю гордую нацыю, — заявіў Чавес на вайсковай канферэнцыі. — Мы хочам міру, але нашыя ворагі мусяць ведаць, што, калі яны паспрабуюць на нас напасці, мы дамо адпор на полі бітвы, і яны дорага заплацяць за гэта». 71 Назіральнікаў на выбары даслалі Місія назірання за выбарамі Еўразвязу, Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, лацінанамерыканскі гандлёвы блок MERCOSUR і Цэнтр Картэра. Акрамя таго, за выбарамі назірала дэлегацыя дэпутатаў Еўрапейскага парламенту і прадстаўнікоў амбасадаў краін ЕЗ. 72 У Каракасе з’явіліся плакаты, дзе ад імя РПР сцвярждалася, што венесуэльскія калумбійцы падтрымліваюць Чавеса. 73 Заснаванае ў студзені 2002 г., ПКР было пакліканае кіраваць працэсам рэвалюцыі. У яго ўваходзіў 41 прадстаўнік практычна ўсіх прыхільных Чавесу партый і груповак. 74 Тупамарас (афіцыйная назва — Рэвалюцыйны рух Тупамара, Movimiento Revolucionario Tupamaro) быў заснаваны ў 1992 г. пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту супраць прэзідэнта Карласа Андрэса Пэрэса. 75 Графіці ў Каракасе. 76 «Мы — баліварыянская марксісцка-ленінская вайскова-палітычная арганізацыя. Наша канчатковая мэта — здабыццё ўлады для пабудовы сацыялізму ў Венесуэле» Гл.: Estamos dispuestos a conversar con el seńor Presidente. Frente Bolivariano de Liberación. Comuniqué. 1 кастрычніка 2004. cedema.org. 77 Заява Уга Чавеса падчас канферэнцыі ў Палацы Мірафлорэс, 30 лістапада 2006 г. 78 Колькасць забойстваў па гадах: 1994 — 4733; 1995 — 4481; 1996 — 4961; 1997 — 4225; 1998 — 4550; 1999 — 5968; 2000 — 8022; 2001 — 7960; 2002 — 9583; 2003 — 11330; 2004 — 9719; 2005 — 9962. Звесткі паводле НУА «Грамадзянская асацыяцыя за бяспечную Венесуэлу» (Asociación Civil Venezuela Segura). 79 Сярэдняя колькасць выкраданняў людзей узрасла з 55,6 цягам 1994—1999 гг. да 183 у 2000—2005 гг. 80 У 2004—2005 г. патэнцыйная вытворчасць какаіну ў Калумбіі складала 640 метрычных тон. 81 27 верасня 2005 г. Нацыянальны сход ухваліў «Асноўны закон пра незаконнае транспартаванне і спажыванне наркотыкаў і псіхатропных прэпаратаў», а 5 кастрычніка — «Закон пра арганізаваную злачыннасць», каб выканаць міжнародныя дамовы. 82 Інтэрв’ю з ключавой асобай кампаніі Чавеса, Каманда Мірандам (Comando Miranda) і чальцамі РПР, 25 кастрычніка 2006 г. 83 Прамова Чавеса на Сацыяльным форуме 2005 г., даступная на адрасе (link). На XVI Фестывалі моладзі ў Каракасе, які праходзіў у жніўні 2005 г., Чавес заявіў, што трэба рухацца да «посткапіталізму», ці, лепш, «прэсацыялізму». 84 Выступ Уга Чавеса падчас прэс-канферэнцыі ў палацы Мірафлорэс, 30 лістапада 2006 г. 85 Калі Чавес быў абраны прэзідэнтам у 1999 г., ён выказаў пажаданне завершыць сваю місію ў 2021 г., да дзвюхсотгоддзя бітвы пры Карабоба (Carabobo), якая канчаткова аформіла незалежнасць Венесуэлы. З 2005 г. Чавес сцвярджае, што рэвалюцыю можна скончыць толькі да 2030 г. 86 Паводле закону пра камунальныя рады 2006 г., для стварэння рады неабходна як найменей 200 сем’яў. 87 Цягам 2006 г. змяніліся тры міністры жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тры дырэктары інстытуту зямлі, два міністры сувязі і тры міністры народнай эканомікі. 88 Разалес заклікаў апазіцыйныя партыі стварыць новую структуру ці аб’яднацца. 89 Дадзеныя па здачы нафты значна розняцца ў залежнасці ад таго, хто робіць падлікі і ад іх метадалогіі, але найверагоднейшая лічба будзе 2,6 млн барэляў. 90 Колькасць міністэрстваў падвысілася з 13 да 27. Афіцыйных дадзеных па агульнай колькасці дзяржаўных службоўцаў не існуе, але з інтэрв’ю і газетных артыкулаў вынікае, што ў Венесуэле каля двух мільёнаў дзяржаўных службоўцаў пры агульнай колькасці насельніцтва 26 млн чалавек. 91 Чавес успадкаваў бюджэтны дэфіцыт 2,5 % ВУП, выкліканы найперш урадавымі выдаткамі ў памеры 21,2 % ад ВУП і падзеннем нафтавых даходаў, чаго не кампенсавала ўвядзенне падатку на даданую вартасць і падатку на зняцце сродкаў з банкаўскіх рахункаў. У 2001 г. ён быў вымушаны пайсці на далейшыя захады па ўтаймаванні інфляцыі, робячы акцэнт на абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Дзяржаўныя расходы былі ўрэзаныя яшчэ на адзін працэнт ад ВУП і ўдасканаленая сістэма збору ПДВ, мытаў і «рэнты». Гэтыя захады падаліся ўраду недастатковымі, і з-за пагрозы дэвальвацыі балівара ўлады адмовіліся ад сістэмы плаваючага абменнага курсу (banda cambiaria) у лютым 2002 г. Былі скасаваныя ільготы пры выплаце ПДВ, які быў адначасова ўзняты да 15,5 %. Новая стаўка падатку на зняцце сродкаў з банкаўскіх рахункаў склала 1 %. 92 Урадавыя выдаткі ўзраслі з 18,8 % ад ВУП у 1999 да 27,4 у 2005 годзе, дасягнуўшы ў 2003 годзе 28,8 %. Крэдытаванне ўраду Цэнтральным банкам падвысілася з 16,2 % у 1999 да 29,5 % у 2005 годзе, дасягнуўшы ў 2003 годзе 39,3 %. Рэзервы Цэнтральнага банку складаюць 35 мільярдаў даляраў. 93 Заснаванне 12 сакавіка 2004 г. місіі «Вуэльван Карас», якая мела на мэце спрыяць стварэнню эфектыўных мясцовых прамысловых праектаў, заклала падмурак для новай мадэлі ЦЭРаў. 94 ЦЭРы спансавалі Банк эканамічнага і сацыяльнага развіцця (BANDES), Прамысловы банк Венесуэлы (BIV), BANFOANDES, Жаночы банк, Банк жылля і навакольнага асяроддзя, Народны банк, Фонд развіцця мікра-фінансавання (FONDEMI), Нацыянальны кантрольны орган кааператываў (SUNACOOP), Нацыянальны інстытут развіцця сяла (INDER), Адзіны сацыяльны фонд (FUS), Фонд прамысловага крэдытавання (FONCREI), Фонд развіцця сельскай, рыбнай і лясной гаспадаркі (FONDAFA). 95 Выступ Уга Чавеса падчас прэс-канферэнцыі ў Палацы Мірафлорэс, 30 лістапада 2006 г. 96 Паплечнікі Чавеса, як, напрыклад, Хесус Урданета, кажуць, што прэзідэнт атаясамляе сябе з Есекілем Саморам (Ezequiel Zamora), радыкальным лідарам часоў Федэральнай вайны (1859—1863), які дабіваўся правядзення аграрнай рэформы на карысць сялян. 97 Сэрэзоле быў выгнаны з Венесуэлы ў 1995 г. з-за сувязяў з Чавесам. Ён быў радыкальным левым актывістам у 1960-я гг. у Аргентыне, дарадцам перуанскага дыктатара Хуана Альварада. Пазней Сэрэзоле супрацоўнічаў з аргентынскай вайсковай хунтай і шматлікімі іншымі рэжымамі Паўднёвай Амерыкі, а таксама з шэрагам урадаў арабскіх дзяржаваў. Чавес сустрэўся з ім у 1994 г. у Аргентыне. Яны падтрымлівалі кантакты да 1999 г., калі прысутнасць аргентынца ў краіне стала Чавесу непажаданай. Аргентынец памёр у 2003 г.  

Вам можа спадабацца