Асноўныя тэзісы размовы Макея з незалежнымі СМІ

Асноўныя тэзісы размовы Макея з незалежнымі СМІ

17 кастрычніка 2019 а 10:32

Уладзімір Макей
Фота Nina Zambrano Díaz/Cancillería del Ecuador (CC BY-SA 2.0)

16 кастрычніка міністр замежных спраў Уладзімір Макей даў вялікае інтэрв’ю пяці недзяржаўным СМІ: БелаПАНу, Еўрарадыё, Нашай Ніве, Радыё Свабода і Тут.баю. Прыводзім асноўныя тэзісы Макея з гэтай размовы.

Пра «глыбокую інтэграцыю з Расеяй». Ніякіх палітычных кансультацый, якія маюць дачыненне да паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, не вядзецца і не плануецца весці. Ідзе размова толькі пра больш паглыбленую эканамічную інтэграцыю паміж дзяржавамі. На пачатковым этапе прадстаўнікі расейскіх міністэрстваў унеслі прапановы, якія змяшчалі элементы палітычнай інтэграцыі, аднак беларускі бок палічыў іх непрымальнымі, таксама аб немэтазгоднасці такіх прапаноў пагадзіліся прэзідэнты Беларусі і Расеі. Пагаднення не будзе да часу ўрэгулявання цэн на нафту, газ, падатковага манеўра.
Да заканчэння працы і абмеркавання дарожных карт няма сэнсу абнародвання дакументаў, таксама няма запыту на гэта з боку грамадскасці.

Пра незалежнасць. Эканамічная інтэграцыя з Расеяй не нясе пагрозаў для незалежнасці Беларусі. Ніхто не збіраецца аддаваць незалежнасць, бо выраслі цэлыя пакаленні, якія не бачаць сябе ў іншай дзяржаве. Сёння існуе сітуацыя, якая нясе пагрозы для незалежнасці, найперш гэта эканамічная небяспека, а эканамічная інтэграцыя з Расеяй накіраваная на ліквідацыю гэтай небяспекі. Сёння Беларусь залежная ад Расеі ў эканамічным плане, аднак у Расеі няма інтарэсаў пагоршыць сітуацыю ў Беларусі, таксама Беларусь працуе на стварэнне балансаваных адносін з рознымі краінамі, развівае адносіны з ЕЗ і ЗША.

Пра смяротнае пакаранне. Любы палітык мусіць узважваць рашэнне з настроямі ў грамадстве. Цяпер, калі правесці рэферэндум, бальшыня беларусаў выкажацца за захаванне смяротнага пакарання, пра што кажуць і незалежныя апытанні.

Пра абмен пасламі з ЗША. Ёсць рашэнне бакоў прызначыць паслоў як мага хутчэй. Усё залежыць ад хуткасці бюракратычных працэдур.

Пра Тэслу ад Ілана Маска. МЗС наладжвае кантакты з рознымі кампаніямі па пытанні вытворчасці электрамабіляў у Беларусі. З Ілінам Маскам кантакты былі, аднак яны не атрымалі далейшага развіцця.

Пра беларускую мову. У нас дзве дзяржаўныя мовы, мы стварылі ўмовы для нармальнага развіцця абедзвюх моў. З боку дзяржавы зроблена ўсё, далейшае залежыць ад грамадства. Але ствараць нейкія ўмовы дзеля прымусовага развіцця беларускай мовы не трэба, грамадства не зразумее, таксама гэта не будзе зразумета іншымі дзяржавамі. Сёння няма праблемаў запісацца ў беларускую школу.

Пра Кастуся Каліноўскага. Ідзе аналіз экспертызы парэшткаў брата Кастуся Каліноўскага. Таксама вядуцца перамовы наконт мерапрыемстваў па перапахаванні паўстанцаў 22 лістапада ў Вільні. Верагодна, беларускі бок бузе ўдзельнічаць. Няма сэнсу пераносіць парэшткі Каліноўскага ў Беларусь. «Зянон Пазняк выказаўся катэгарычна супраць пераносу парэшткаў Каліноўскага ў Беларусь і за тое, каб ён заставаўся там, дзе знаходзіцца. Я тут больш згодны з Зянонам Пазняком, чым з тымі, хто падтрымлівае ідэю аб пераносе яго парэшткаў у Беларусь».

Пра дэсаветызацыю. Савецкія помнікі — наша гісторыя, нельга руйнаваць помнікі. Што наконт перайменавання вуліц — гэтым павінныя займацца гарадскія ўлады, але было б добра мець вуліцы ў гонар герояў Беларусі.

Паводдле tut.by

Вам можа спадабацца