Хто аб’яднае беларусаў?

Грамадзтва

Хто аб’яднае беларусаў?

17 кастрычніка 2019 а 13:00

Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года, карціна Пётры Сергіевіча
Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей

Прынята лічыць, што беларусы яшчэ не да канца сфармаваліся як грамадзянская нацыя, таму і нацыянальнай ідэі ў нас няма. Першае, на жаль, праўда. А вось нацыянальная ідэя ў беларусаў ужо ёсць. Вось толькі Лукашэнка прыкладае ўсе магчымыя намаганні, каб як мага больш беларусаў альбо нічога не ведалі пра яе, альбо былі дэзынфармаваныя.

Чаму? Па-першае, таму што амаль усе яны супярэчаць ягоным асабістым поглядам. Па-другое, таму што як толькі народ набывае згуртаванасць і самасвядомасць, ён становіцца самастойным суб’ектам палітыкі. Калі б Лукашэнка хацеў быць сапраўдным прэзідэнтам, «прэзідэнтам усіх беларусаў», увайсці ў гісторыю — ён бы даўно ўзняў нацыянальную ідэю на шчыт.

Але ён клапоціцца толькі пра самога сябе.

Таму як толькі з’яўляецца нейкі аб’яднаўчы фактар, ён, калі гэта магчыма, «прымазваецца» да яго, альбо спрабуе задушыць гэты фактар у зародку, а калі і гэта не дапамагае — проста замоўчвае яго. Таму што адкрыта змагацца з грамадскім кансэнсусам вельмі складана – на працягу гэтай барацьбы ўлада толькі церпіць каласальныя рэпутацыйныя страты.

Музыка, літаратура, спорт

Што можа аб’яднаць людзей адной краіны незалежна ад узросту і палітычных перакананняў? Тое, чым захапляюцца ўсе, што не дзеліцца на «апазіцыйнае» і «праўладнае», «для старых» і «для моладзі». Тое, што бывае толькі добрым ці дрэнным. Гэта — музыка, літаратура, спорт. Любы беларус ведае песню «Купалінка» або спадчыну «Песняроў», вучыў у школе Коласа і Купалу, заўзее за БАТЭ на міжнародных чэмпіянатах. Вялікія беларусы, якія ствараюць папулярныя хіты, пішуць цікавыя кнігі і дасягаюць вялікіх поспехаў у сусветным спорце, уносяць велізарны ўклад у яднанне нацыі.

Як улада ставіцца да такіх людзей? Лукашэнка ў прынцыпе раўнуе народ да любых вялікіх асоб — адсюль безаблічныя купюры і перайменаванне двух цэнтральных праспектаў.

Дадатковая праблема ў тым, што ў Беларусі не было, мабыць, ніводнага сапраўды таленавітага музыкі або пісьменніка, які б адкрыта падтрымліваў кіруючы рэжым.

Таму Лявон Вольскі, чые песні «Простыя словы», «Тры чарапахі» і «Госці» даўно сталі народнымі, дагэтуль не атрымаў званне «Народнага артыста». Сам Лукашэнка, падобна, наогул не слухае беларускую музыку, таму ўручае ордэн Скарыны Бабкінай, Баскаву, Кіркораву і Дробышу.

Па гэтай жа прычыне званне «Народны пісьменнік Беларусі» апошні раз уручалася ў 1995 годзе, а «Народнага паэта Беларусі» Лукашэнка так нікому і не прысвоіў за апошнія 25 гадоў. Пісьменнікаў прасцей замоўчваць, таму што кнігі ўжо не такія папулярныя, як раней.

У 2015 годзе прэзідэнт быў вымушаны перапыніць маўчанне ў дачыненні да беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч.

Спроба абліць брудам першую нобелеўскую лаўрэатку Беларусі была дэзавуяваная на наступны ж дзень Лукашэнка адчуў, што яе аўтарытэт яму не па зубах.

А вось спартоўцы паводле сваёй прыроды людзі апалітычныя, спорт Лукашэнка вельмі любіць, таму «вучыць» Домрачаву катацца на лыжах, «корміць» Азаранка булачкамі і робіць Чаркашыну сваёй даверанай асобай. Пры гэтым перамогі відавочна «апазіцыйнага» Віталя Гуркова старанна замоўчваюцца — адкрытым «змагарам» забаронена аб’ядноўваць нацыю.

Яшчэ народ аб’ядноўвае кіно і гумар, але з гэтым у нашай краіне ўсё дрэнна.

Аб’яднаўчыя тэзісы

Любая нацыянальная ідэя складаецца з сукупнасці сцвярджэнняў пра тую ці іншую краіну (нацыю), па якіх існуе кансэнсус самых розных сацыяльных груп, а публічна аспрэчваць гэтыя сцвярджэнні могуць дазволіць сабе толькі маргіналы.

Ці ёсць нешта падобнае ў Беларусі? Можна, вядома, сфармуляваць тэзісы ў дачыненні да пісьменнікаў, музыкаў і спартоўцаў — напрыклад, «Дар’я Домрачава — гонар Беларусі». Дзеля смеху варта згадаць «Не Белоруссия, а Беларусь!», што заўзята адстойваюць нават самыя далёкія ад палітыкі людзі і якое даўно стала Інтэрнэт-мемам. Але ў астатнім здаецца, што і ў апазіцыйнай грамадскасці, і ва ўлады — свая гісторыя і свае погляды на дзяржаву, якія ніяк не перасякаюцца. Тым не менш, па шэрагу пытанняў кансэнсус у грамадстве, падобна, усталяваўся, нягледзячы на паўзучае процідзеянне гэтаму дзяржаўнай прапаганды.

Дык вось, першае па часе з’яўлення аб’яднаўчае сцвярджэнне — «ВКЛ — беларуская дзяржава». Хоць водгукі яго можна знайсці ўжо ў Каліноўскага, сфармуляваў яго Францішак Багушэвіч у прадмове да «Дудкі Беларускай»: «А ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь!». Гэтая ідэя была горача падтрыманая як заснавальнікамі БНР, так і раннімі дзеячамі БССР. Савецкая ўлада ненадоўга яе знішчыла, але ў канцы 80-х гадоў яна ўспыхнула з новай сілай. Лукашэнка неаднаразова адкрыта крытыкаваў ВКЛ, а таксама перапісваў у духу савецкай школы падручнікі для 10-11 класаў і ВНУ.

Другую ідэю таксама сфармуляваў Францішак Багушэвіч, і з тых часоў яна застаецца непарушнай: «Беларуская мова — родная для кожнага беларуса». Нават савецкая ўлада не замахвалася на гэтую ідэю, але Лукашэнка назваў беларускую мову «беднай», на якой «нельга выказаць нічога вялікага», і амаль ніколі не выступае на ёй публічна.

Трэці аб’яднаўчы тэзіс — «Беларускія нацыянальныя сімвалы — бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня». Гэтая думка з’явілася ў 1917 годзе, была задушаная савецкімі ўладамі, але на кароткае імгненне ў 1991—1995 гадах зрабілася дзяржаўнай, калі за яе галасаваў і Пазняк, і Шэйман. Яе разам з папярэдняй Лукашэнку удалося дыскрэдытаваць пры дапамозе рэферэндума 1995 года і нерашучай апазіцыі. «Мова» і «сцяг» з агульнадзяржаўных каштоўнасцяў ператварыліся ў маркер палітычных поглядаў.

Выкажу здагадку, што чацвёртай ідэяй у апошні час (зноў-такі, насуперак Лукашэнку) становіцца «Беларусь павінная быць незалежнай дзяржавай». З кім будаваць саюзы — тут ужо беларусы разыходзяцца ў меркаваннях, але зліццё з Расеяй не асабліва папулярнае.

Нягледзячы на ўсе намаганні ўлады, цалкам перамагчы гэтыя ідэі ў іх не атрымалася. Аб’яднаўчымі становяцца ўмоўна «апазіцыйныя» ідэі, якія знаходзяць сімпатыі або спачуванне ў апалітычнага і нават праўладнага электарату. У звычайных краінах гэта дасягаецца праз СМІ і іншыя сацыяльныя інстытуты.

У Беларусі апошнім інстытутам, які аб’ядноўвае, з’яўляецца школа.

Так, ажно да 9 класа гісторыя Беларусі выкладаецца з цалкам прабеларускіх пазіцый, таму цяпер сярод маладога пакалення ВКЛ вельмі папулярнае. Больш за тое, паводле некаторых апытанняў, амаль палова беларусаў лічаць ВКЛ першай беларускай дзяржавай. Калі ў познім БССР можна было адмовіцца ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры, то цяпер гэта абавязковая школьная праграма, таму цяжка знайсці нават цалкам расейскамоўнага беларуса, які б не саромеючыся назваў беларускую мову чужой або неяк яе зняважыў. «Пагоня» застаецца папулярнай шмат у чым дзякуючы гісторыі ВКЛ, а бела-чырвона-белы сцяг паступова становіцца модным дзякуючы дзейнасці спартовых фанатаў і крамаў з нацыянальнымі атрыбутамі.

Аб’яднаўчыя культы

Як гэта ні цынічна гучыць, найбольш цесна нацыі цэментуюцца чалавечымі ахвярамі. Смерць нават аднаго чалавека ад пэўнай «цёмнай сілы» вельмі моцна матывуе нацыю да плённай дзейнасці, каб ягоная смерць не была марнай. Асаблівае значэнне маюць не проста ахвяры, а героі — гэта значыць людзі, якія загінулі праз сваю прынцыповасць і актыўную дзейнасць. Гэта добра разумеюць аўтарытарныя рэжымы, таму спрабуюць «зляпіць» культ ахвяр штучна. Напрыклад, нацысты абвясцілі героем Хорста Вэсэля, а цяперашні кіруючы рэжым Беларусі (і Расеі) спрабуе спекуляваць на ахвярах Другой сусветнай вайны. Але ўсё штучнае рана ці позна адмірае.

Першай па часе «сакральнай ахвярай» у гісторыі Беларусі стаў Кастусь Каліноўскі (1864 год). Упершыню яго імя падняў на сцяг беларускі нацыяналіст Вацлаў Ластоўскі, а ў савецкі час яго ўзвялі на п’едэстал як палымянага рэвалюцыянера і змагара супраць царызму. Да 1994 года Кастусь Каліноўскі ўжо стаў і па сённяшні дзень ёсць бясспрэчным героем для ўсяго беларускага народа — для кагосьці як «змагар за незалежнасць», а для некага — як змагар з царызмам. У падручніках гісторыі Беларусі ён апісваецца стрымана-станоўча, а ў абавязковую школьную праграму па літаратуры ўваходзіць раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», дзе Каліноўскаму створаны вобраз безумоўна станоўчага персанажа.

Менавіта таму Лукашэнка абыходзіць ягоную постаць магільным маўчаннем — у адрозненне ад Францыска Скарыны, галоўны гісторык краіны ніводнага разу не згадваў ягонае прозвішча, нават калі яму задалі простае пытанне ў 2013 годзе.

1930-я гады — ахвяры сталінскіх рэпрэсій, месцам памяці якіх стала адно з многіх вядомых пахаванняў расстраляных — Курапаты. Менавіта іх адкрыццё надало магутны імпульс барацьбе супраць камуністычнай дыктатуры і руху за незалежнасць Беларусі. Лукашэнка пасля прыходу да ўлады спачатку спрабаваў дыскрэдытаваць гэтае месца («там немцы расстрэльвалі»), але калі гэтыя спробы праваліліся — ізноў маўчанне, якое перарвалася незаконнай будоўляй бізнес-цэнтра ў 2017 годзе. Дзякуючы адважным дзеянням Змітра Дашкевіча і ягоных аднадумцаў справа атрымала шырокі рэзананс, і замоўчваць Курапаты стала немагчыма. Будоўлю спынілі, у Курапатах паставілі дзяржаўны мемарыял.

Апошні герой

Здавалася б, улада элегантна выйшла з канфлікту ў Курапатах, «прысвоіўшы» іх сабе. Але культ Курапатаў (як і Каліноўскага) нельга проста так «прысвоіць», таму што ён супярэчыць асновам дзяржаўнай ідэалогіі. Улада робіць крок назад — грамадзянская супольнасць робіць крок наперад: у адказ на заявы Лукашэнкі «усё роўна, хто там каго расстрэльваў» з’явілася традыцыя штогадовага памінання ў Курапатах расстраляных беларускіх паэтаў (Алесь Дудар, Міхась Чарот і інш.), якія не толькі сталі ахвярамі менавіта сталінскіх рэпрэсій, але і пацярпелі шмат у чым за сваю «беларускасць». Гэтаксама ўлада не можа проста аднавіць «ордэн Каліноўскага» і пачаць ўручаць яго Кіркораву і Баскаву, паколькі наступным крокам з боку грамадства будзе папулярызацыя асобы і ідэй Каліноўскага — аж да поўнага ўвасаблення іх у жыццё. Таму вельмі цікавая рэакцыя ўлады на ўрачыстае пахаванне паўстанцаў і ініцыятыву Анісім. Маўчаць у такой сітуацыі ўжо немагчыма, застаюцца два варыянты: альбо зрабіць крок назад (аднавіць ордэн), альбо пачаць кампанію ачарнення асобы Кастуся Каліноўскага. І тое, і іншае стане першым крокам да краху дзяржаўнай ідэалогіі, як ім ужо стаў знос крыжоў у Курапатах.

Але ці хопіць беларусам гістарычнага запасу ахвярнасці? Або пасля сыходу Лукашэнкі наменклатура зноў нас падмане і працягне кіраваць краінай у ранейшым рэжыме? Ва Украіне для карэннага злому старой сістэмы спатрэбіліся сотні ахвяр (Нябесная Сотня і воіны АТА), культ якіх зрабіў з украінцаў грамадзянскую нацыю. Хочацца верыць, што беларусам атрымаецца гэтага пазбегнуць. Астанкі Каліноўскага ляжалі ў зямлі 153 гады і выйшлі на паверхню ва ўнікальны гістарычны момант, калі кіруючы рэжым Беларусі вельмі слабы і не мае ні ўнутранай, ні знешняй падтрымкі. Парэшткі чатырох ахвяр яшчэ чакаюць свайго часу — гэта Захаранка, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі. І калі Ганчара яшчэ можна выставіць эгаістычным авантурнікам, а Красоўскі і Завадзкі — хутчэй проста ахвяры, то Юры Захаранка цалкам цягне на беларускага нацыянальнага героя. Ягоная фігура аб’яднае і «савок», з якога ён выйшаў, і апазіцыю, у якую ён прыйшоў. Просты вясковы мужык, які не плёў ніякіх інтрыг, а проста сумленна выконваў свой службовы доўг і змагаўся са злачыннасцю — і пад бела-чырвона-белым сцягам, і пад чырвона-зялёным.

Дунем,Марцінкевіч? — аўтар тэлеграм-канала

Вам можа спадабацца