Перапіс у краіне цудаў

Меркаваньні

Перапіс у краіне цудаў

17 кастрычніка 2019 а 18:36

Зміцер Віцько

Апошнія тыдні нарастае хваля нейкіх фобій, звязаных з перапісам, часам даходзіць ледзь не да заклікаў байкоту (у сувязі з чым успамінаюцца рухі супраць штрыхкодаў і асабістых нумароў). Не сказаць, каб гэтыя страхі былі зусім беспадстаўныя, але яны відавочна перабольшаныя. Калі вы не хочаце пускаць незнаёмых людзей у кватэру або не жадаеце ўказваць нумар мабільнага, ды яшчэ і прывязанага да банкаўскай карты, – можна перапісацца стацыянарна. Што аўтар паспяхова і зрабіў. Можна нават не ўказваць асабісты нумар (у дзяржавы ён усё адно ёсць, таму розніца невялікая).

Перад тым як перапісвацца, пачытаў анкету на сайце “Белстата”, каб параўнаць з тым, што будуць пытацца. І вось тут пачынаюцца дзівы.

Пытаюцца сапраўды не ўсё

У адказах на пытанне пра сямейнае становішча, акрамя “не быў у шлюбе”, ёсць варыянт “знаходжуся ў незарэгістраваных адносінах”. Пры гэтым трэба ўказаць нумар (!) не толькі мужа ці жонкі, але і сужыцеля (для донжуанаў пакінута двухзначная лічба). Мала таго, пра гэта пытаюцца ў непаўналетніх ад 15 гадоў (хаця прызненне можа ўтрымліваць прыкметы парушэння Крымінальнага кодэкса).

Не ведаю, хто будзе пра ўсё гэта расказваць, ды яшчэ ў прысутнасці іншых членаў сям’і. Самі перапісчыкі гэта проста прапускаюць. Зразумела, што статыстыка па гэтых пунктах будзе несапраўднай. Зрэшты, усё гэта было ўжо на мінулым перапісе, але не прыгадваю, каб нехта пра такое пытаўся.

Неразуменне выклікаюць пункты, звязаныя з рознымі жаданнямі і хаценнямі. Гэта ўвогуле асабістая сфера. Звычайна іх замяраюць пры дапамозе сацапытанняў. Плюс апошніх у тым, што яны ананімныя, і людзі больш ахвотна адказваюць, што думаюць пра вось гэта ўсё. Знаходжанне за мяжой ці такія жаданні – рэальнай карціны дзяржава тут не атрымае. А варыянты адказу тыпу “пошук прытулку” – наогул песня. Дзеля чаго таму, хто збіраецца прасіць прытулак, пра гэта паведамляць? Каб яму тут забяспечылі гэты прытулак раней?

У пункце пра адукацыю акрамя “вышэйшай”, з’явіўся варыянт “паслядыпломная” (аспірантура, магістратура), але на ім, зноў жа, не акцэнтуюць увагу. Знік чамусьці пункт пра “іншыя мовы, якімі свабодна валодаеце”. Ці для IT-краіны гэта неістотны паказчык? Што тычыцца розных пытанняў пра крыніцы сродкаў да існавання, пошукі працы, працу за мяжой і г. д. – калі хтосьці разлічвае з іх дапамогай атрымаць нейкія аб’ектыўныя дадзеныя, то гэтыя спадзяванні марныя.

Мова і нацыя

Пытанні пра мову і нацыянальнасць, на маю думку, у нечым састарэлі – па сутнасці, гэта ўсё тая ж савецкая парадыгма. У суседняй Польшчы, напрыклад, на перапісе можна ўказваць некалькі нацыянальнасцяў. Сапраўды, часам чалавеку складана вызначыцца, а яго фактычна прымушаюць да выбару. Гэта датычыць і народжаных у змяшаных шлюбах. Так бы мы пабачылі і “знікаючыя” меншасці, і асіміляцыйныя працэсы. Бо ад росту працэнта беларусаў вялікага задавальнення ўсё адно неяк не адчуваецца - з улікам таго, колькі ў нас рэальна ўсяго беларускага.

Родная мова – пытанне вельмі няпэўнае, нягледзячы на тлумачэнні. Зразумела, што частка, адказваючы, будзе разумець адно, частка – другое. Лічба на выхадзе не будзе адлюстроўваць нейкую канкрэтную з’яву рэчаіснасці. Калі перапісваць першую (мацярынскую) мову, тады гэты пункт варта так і назваць. Тады б мы атрымалі дакладкую карціну асіміляцыі (ды яшчэ па пакаленнях – пры супастаўленні з узроставымі групамі). Хтосьці заклікае разумець у гэтым пункце “родную мову” як мову сваёй нацыянальнасці і “блізкую мне асабіста”. Але тое, што беларуская – родная мова беларусаў як народу, – і так зразумела. Які сэнс пра гэта пытацца? Можна проста ўзяць працэнт беларусаў. “Блізкая мне асабіста” – гэта яшчэ іншая рэч, эмацыйны стасунак на ўзроўні “падабаецца – не падабаецца”. Ці ёсць сэнс гэта высвятляць? Падаецца, перапіс – не месца для апытання эмоцый, жаданняў, намераў і г.д., перапісвацца павінны аб’ектыўныя характарыстыкі.

Пакуль захоўваецца такая няпэўнасць, беларусам варта, канешне, пазначаць беларускую як родную – з палітычных прычын.

Зусім нельга такога сказаць пра хатнюю размоўную мову. Гэта – дастаткова адназначная характарыстыка, і заклікі хлусіць тут недарэчы. Сцверджанні, што Пуцін прыедзе на танку, пабачыўшы вынікі нашага перапісу – мякка кажучы, наіўныя. Там, дзе кіруюцца сілай, аргументы – наогул рэч другасная. Такія рашэнні прымаюцца дакладна не на падставе перапісаў, а на падставе зусім іншых дадзеных, атрыманых па іншых каналах. Тое, што краіна русіфікаваная і шансы сустрэць у Менску беларускамоўнага роўныя шансам сустрэць Дзеда Мароза – гэта і без перапісаў вядома.

Зразумела, што пераход на іншую мову суправаджаецца ўключэннем у склад замежнага інфармацыйнага поля і ўсяго таго, што яно з сабой нясе. Таму замест пашырэння палымяных заклікаў, можа, варта зрабіць нарэшце смелы крок і абраць беларускую не толькі на перапісе раз у дзесяць гадоў, але і ў жыцці. Альбо, прынамсі, стаць рэальна дзвюхмоўнымі, тады не трэба будзе нікога падманваць. Бо падмануць статыстыку можна (ад сілы на пару працэнтаў), але рэальнасць такім чынам не падманеш. Калі тэндэнцыі захаваюцца, то наступны раз пабачым яшчэ большае падзенне, і ніякія заклікі тут не дапамогуць, тым больш, што дабіваюць яны толькі да абмежаванага кола.

Зрэшты, арганізатары перапісу маглі б прадугледзець магчымасць падаваць дзве мовы. Моўная карціна Беларусі тады атрымалася б нашмат больш дакладнай. Варыянт, які прадугледжвае трасянку, не пасуе, бо тады з’явіліся б чарговыя праблемы: як адрозніць трасянку ад беларускай, як адрозніць ад рускай?

Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з апошнім лістом.

Пладова-ягадная тэма

“З іх усе рагочуць”, – так рэагуюць перапісчыцы на маё шкадаванне, што пытанні з апошняга ліста мяне не датычыць, бо ў мяне няма ўчастка. Сапраўды, такое ўражанне, што іх складаннем займаліся ў тэатры сатыры і гумару “Хрыстафор” пад кіраўніцтвам Яўгена Крыжаноўскага.

Усё, што расце на агародзе, трэба ўказваць разам з плошчай, якую займаюць розныя культуры. Не ўяўляю, каб вясковая бабуля калісьці задумвалася, колькі метраў квадратных у яе займае гарох ці бурачкі. Перапісчыкі землямерамі працаваць таксама не будуць, а прыблізныя ацэнкі тут могуць даць лічбы, якія адрозніваюцца ў разы. Не кажучы пра тое, што адказчыкі ці перапісчыкі не будуць гэтым проста замарочвацца.

У раздзеле “Пладова-ягадныя насаджэнні і кусты” трэба ўказаць плошчу, якую займаюць, напрыклад, абрыкосы, персікі і нектарыны. Але найбольшае здзіўленне выклікаюць, канешне ж, кусты глогу (знакамітага “баярышніка”). Вось нашто гэта вам? Нейкая стратэгічная культура? Абкласці чарговым падаткам?

З усёй дамашняй жывёлы асобін жаночага полу, акрамя кароў, чамусьці прапануецца ўказваць толькі ў адным выпадку. Гэта козаматкі. Чаму менавіта козаматкі? Якія сантыменты ў складальнікаў да гэтай жывёліны? Дзе, урэшце, свінаматкі, дзе іншыя?

Пасля такога асобны ўлік з усіх птушак толькі перапёлак і страусаў ужо неяк не дзівіць.

Падагульняючы, шэраг пытанняў сфармуляваны нерэалістычна, у іншых заўважаецца празмерная цікавасць да асабістай сферы, і адказы на іх таксама будуць непрыдатныя для выкарыстання.

Вам можа спадабацца