Як Анісім і Канапацкая пракаментавалі свой нядопуск да выбараў

Палітыка

Як Анісім і Канапацкая пракаментавалі свой нядопуск да выбараў

18 кастрычніка 2019 а 09:51

Зала пасяджнняў Палаты прадстаўнікоў
Фота БелТА (CC BY-SA 4.0)

Учора стала вядома, што дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая не былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў у дэпутаты.

Прыводзім вытрымкі з іх меркаванняў у сацыяльных сетках.

Так, Алена Анісім на сваёй старонцы ў Фэйсбуку кажа, што інтуітыўна чакала такога выніку, і не бачыць у гэтым трагедыі. Паводле яе слоў, камісія убачыла наступныя парушэнні ў сабраных ейнай ініцыятыўнай групай подпісах: не пазначаны раён пражывання, у некаторых падпісных лістах дату паставіў сам збіральнік подпісаў, а не падпісант. Яна з памочнікам плануе падаць апеляцыю, але не разлічвае на станоўчы вынік.

Ганна Канапацкая лічыць, што адмова ёй у рэгістрацыі шляхам «зрэзу» подпісаў — стандартны і распаўсюджаны механізм выключэння моцных кандыдатаў з перадвыбарчай гонкі. Яна плануе абскарджваць рашэнне камісіі. Відавочна, кажа Канапацкая, улада пачала зачышчаць кандыдацкае поле, прыбіраючы моцных праціўнікаў, і ёй шкада, што на баку ўлады аказалася Аб’яднаная грамадзянская партыя, «падарыўшы ёй маім невылучэннем буйны козыр» (АГП прагаласавала супраць вылучэння Ганны Канапацкай у якасці кандыдаткі ад партыі. Пры вылучэнні ад зарэгістраваных партый няма неабходнасці збіраць подпісы. Заўв. рэд.). Але, паводле Канапацкай, цяпер яна ведае на каго можна разлічваць, а на каго не.

Анісім і Канапацкая лічыліся адзінымі апазіцыйнымі дэпутатамі ў бягучым складзе Палаты прадстаўнікоў.