На рэстаўрацыю Крэўскага замка сёлета няма фінансавання

Грамадзтва

На рэстаўрацыю Крэўскага замка сёлета няма фінансавання

18 кастрычніка 2019 а 14:21

Рэстраўрацыйныя працы на Крэўскім замку, 2018 г.

Хоць у папярэдніх планах было працягнуць сёлета кансервацыю руінаў Крэўскага замка, работы на мурах не аднавіліся, паведамляе Радыё Свабода.

Яшчэ на пачатку года кіраўнік аўтарскага нагляду Уладзмір Сіняўскі запэўніваў, што з прыходам вясны будаўнікі прыступяць да аднаўлення баявых галерэй бліжэй да замкавай вежы, а таксама паўночна-ўсходняй часткі сцяны, дзе ў 1920-х польскія рэстаўратары паставілі каменную «падпорку» — контрфорс. Усё гэта планавалася зрабіць да канца 2019 года.

Аднак ні рыштаванні, ні бытоўкі, ні самі будаўнікі на тэрыторыі так і не з’явіліся. Тым часам фартэцыя XIV стагоддзя па ўсім неўмацаваным перыметры імкліва асыпаецца.

У Смаргонскім райвыканкаме, на балансе якога знаходзіцца аб’ект, Свабодзе сказалі, што сродкі на рамонт выдаткоўваюцца з прэзідэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва, самастойнаму рэгіянальнаму бюджэту такіх выдаткаў не пацягнуць. Да таго ж мясцовыя ўлады маюць цяпер зусім іншыя клопаты — паспець управіцца з абласнымі «Дажынкамі»: часу ў абрэз, а ўвесь горад дагэтуль перакапаны.

Археалагічны нагляд у Крэве ажыццяўляе кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. Паводле яго, на гэты сезон сродкаў на кансервацыйна-будаўнічыя работы ў замку не выдзелена, але прафінансаваныя работы над праектам, «Спадзяюся, налета працягнем будаўнічыя і даследчыя работа».

Ігар Карней, Радыё Свабода (фрагмент)

Вам можа спадабацца