Літаратурны Нобель, Сярэдняя Еўропа і марскія свінкі

Меркаваньні

Літаратурны Нобель, Сярэдняя Еўропа і марскія свінкі

18 кастрычніка 2019 а 16:25

Сяргей Грунтоў

Уручэння Нобелеўскай прэміі па літартуры гэтым разам давялося чакаць два гады. Мінулы раз перапынак рабілі з-за Другой сусветнай вайны, цяпер – з-за сэксуальнага і карупцыйнага скандалаў. Наклаўшы на сябе гадавую епітымію, журы прэміі істотна абнавіла свой склад, паабяцала зрабіць “перазагрузку” самой прэміі і правесці рэвізію яе еўропацэнтрызма. Інтрыгі дадавала і тое, што ў гэтым годзе давалі адразу дзве прэміі – за бягучы і за мінулы год.

У прызначаны час з-за белых з золатам дзвярэй з’явіўся высокі мужчына сярэдняга веку. У яго шведскай прамове лёгка было пазнаць знаёмыя прозвішчы - Вольга Такарчук і Петэр Хандке. Такі выбар стаў літаратурным трыумфам Mitteleurop’ы з яе заблытанай этнічнай гісторыяй і картай, дзе пераплятаюцца межы гістарычных рэгіёнаў, неіснуючых дзяржаў і ідэалогій. Хандке нарадзіўся ў Карынтыі ад славенскай маці і нямецкага бацькі. Такарчук нарадзілася і жыве ў Ніжняй Сілезіі, паходзіць з сям’і перасяленцаў і мае галіцкія карані.

Між тым, загучала ангельская версія прамовы і стала зразумела не толькі каму, але і за што далі ўзнагароду. "За уплывовую працу, якая з лінгвістычнай вынаходлівасцю даследавала перэферыю і спецыфіку чалавечага досведу" і "за апавядальную фантазію, якая з энцыклапедычнай заўзятасцю прадстаўляе перасячэнне межаў як форму жыцця". Калі Вы не чыталі гэтых фармулёвак раней, паспрабуйце здагадацца, якая якому аўтару належыць. У сваім фірмовым стылі Нобелеўскі камітэт стварае фармулёўкі такія ёмістыя, што яны становяцца ўзаемазамяняльнымі. Пачынае здавацца, што за тымі белымі дзвярыма хаваюць клетку з марской свінкай, якая з адпаведнай міскі выцягвае наўгад складзеную паперку з тэкстам для кожнага з лаўрэатаў. (Але мы катэгарычна не падтрымліваем версію таго, што такім жа чынам адбіраюцца і самі нобелеўскія пераможцы).

Выбар журы аказаўся даволі моцнай дэманстрацыяй уласнай незалежнасці – насуперак абяцанням, абодва пераможцы з Еўропы, да таго ж адзін з іх, Петэр Хандке, мае скандальную рэпутацыю прыхільніка Слабадана Мілошавіча і чалавека, які ў свой час адмаўляў баснійскі генацыд. Само прысуджэнне яму Нобелеўскай прэміі стварае цікавы маральны казус. Нобелеўскі камітэт традыцыйна выкарыстоўвае маральные і эстэтычныя катэгорыі пры вызначэнні якасці творчасці тых ці іншых аўтараў, на свой лад зацвярджаючы, кананізуючы іх.  Прыняцце ў гэтае кола такога аўтара як Хандке служыць свайго кшталту цывільным адпушчэннем грахоў, прызнаннем, што яго літаратурныя заслугі большыя, чым палітычная недальнабачнасць. Іначай кажучы, на нашых вачах Нобелеўскі камітэт выводзіць сябе па-за межы толькі літаратурнага поля, выкарыстоўваючы стары сімвалічны капітал.

Вольга Такарчук, асоба зручная і безканфліктная ў параўнанні з Хандке – для ўсіх, акрамя палякаў, якія вітаюць ці асуджаюць гэта рашэнне ў залежнасці ад сваіх палітычных поглядаў, – таксама важны этап у гісторыі прэміі. Гэта першы нобелеўскі лаўрэат па літаратуры, народжаны ў 60-я гады. Такі факт можна было б успрыняць як чыста механічны, маўляў, вось, і гэта пакаленне дастаткова састарылася. Аднак за гэтым можна ўбачыць і выхад у зеніт свайго ўплыву і славы спецыфічнага і пазнавальнага пакалення, якое пачынала сваю літаратурную кар’еру ў канцы 80-х – 90-я гады. Прыгадаем тут імёны Андруховіча, Пялевіна, Стасюка, Бабкова; да іх жа можна далучыць крыху старэйшага Глобуса.

Характэрна і тое, што ў Беларусі перад уручэннем прэміі зусім не вяліся дыскусіі з нагоды магчымага кандыдата ад нашай краіны, што адбывалася рэгулярна да атрымання прэміі Святланай Алексіевіч. І справа тут бадай не толькі ў тым, што усе разумеюць, што другі раз за такі кароткі прамежак часу яе не атрымаць. Верагодна, за апошняе дзесяцігоддзе змянілася і разуменне таго, што такое літаратура і літаратурны поспех. У нас з’явіліся першыя аўтары, на аўтограф-сесіі якіх збіраюцца чэргі, беларуская літаратура, хай і вельмі павольна, пачала станавіцца тым, чым любая паўнавартасная літаратура і павінна быць – часткай кнігавыдавецкага рынку. Здаецца, гэта паўплывала на больш цвярозае усведамленне ўласных магчымасцяў. Нашым адзіным камерцыйна паспяховым аўтарам у вялікім літаратурным свеце застаецца Алексіевіч, месца нумар два працягвае быць вакантным, а без гэтага немагчыма марыць, што кніга намінанта можа патрапіць у рукі журы прэміі і быць прачытанай. За тое, калі абвясцілі лаўрэатаў, аказалася, што іх творы можна прачытаць і па-беларуску, а гэта ўжо невялікая, але перамога беларускай перакладчыцкай традыцыі.

Вам можа спадабацца