Дзяржаўная тэлевізія павінна мець прынамсі адзін беларускамоўны тэлеканал

Меркаваньні

Дзяржаўная тэлевізія павінна мець прынамсі адзін беларускамоўны тэлеканал

24 кастрычніка 2019 а 14:39

Алесь Чайчыц

Белтэлерадыёкампанія зноў заяўляе, што ня мае магчымасьці стварыць нават адзін тэлеканал цалкам на беларускай мове. Культурніцкі тэлеканал Беларусь-3, які калісь меўся быць беларускамоўным, мае толькі 30% беларускамоўнага кантэнту штодзень.

Між тым, у Маскве падпісчыкі ня вельмі мудрагелістага пакета спадарожнікавай тэлевізіі могуць глядзець, апрача шматлікіх расейскіх каналаў, прынамсі адзін тэлеканал на чачэнскай мове, адзін тэлеканал на чуваскай мове і ажно два тэлеканалы на татарскай мове. З навінамі, забаўляльнымі і дзіцячымі перадачамі на нацыянальных мовах. Ёсьць музычныя каналы кшталту TMTV. Ёсьць цалкам татарскамоўны дзіцячы тэлеканал Шаян ТВ.

То бок, генэральны прадусар Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман, якога па гэтай тэме цытуе Радыё Свабода, прапануе нам паверыць, што чатырохмільённы Татарстан, аўтаномія ў складзе Расеі, мае магчымасьць ствараць тэлевізію цалкам на нацыянальнай мове, а ўдвая з паловай большая сувэрэнная дзяржава Беларусь - ня мае.

Альбо возьмем, напрыклад, блізкую мне двухмільённую Латвію. Там існуе які тузін тэлеканалаў цалкам на латыскай мове.

Такім чынам, недастатковая колькасьць кантэнту на мове - гэта не аргумэнт.

Дзяржаўная тэлевізія ў шматмоўнай краіне

У шматмоўнай Швайцарыі, па насельніцтву крыху меншай за Беларусь, дзяржаўная тэлерадыёкампанія мае тры тэлеканалы на дзяржаўнай нямецкай мове, тры - на дзяржаўнай францускай мове і два - на дзяржаўнай італійскай мове. У дзьвюхмоўнай Бэльгіі, трохі большай па насельніцтве за Беларусь, ёсьць нават дзьве дзяржаўныя тэлерадыёкампаніі -- франкамоўная валёнская і галяндзкамоўная флямандзкая. У дзьвюхмоўнай Канадзе ёсьць дзяржаўная тэлевізія на ангельскай мове і на францускай мове.

Рэспубліка Беларусь мае дзьве дзяржаўныя мовы: расейскую і беларускую. Беларуская дзяржава ўтрымлівае сем дзяржаўных тэлеканалаў: некалькі пранумараваных каналаў “Беларусь” (1, 2, 3, 4, 5), а таксама каналы АНТ і СТБ.

Такім чынам, пры наяўнасьці дзьвюх дзяржаўных моваў у Беларусі працуе сем дзяржаўных тэлеканалаў на адной з гэтых моваў і нуль - на другой.

Тэлевізія на сваёй мове - пытаньне дзяржаўнага прэстыжу

Нават з павагі да статусу беларускай мовы як дзяржаўнай яна павінна быць адэкватна прадстаўленая ў дзяржаўных мэдыях, якія існуюць на дзяржаўныя (то бок, грамадзкія) сродкі і павінны ў сваёй дзейнасьці адлюстроўваць інтарэсы грамадзтва.

Сярод дзяржаўных газэтаў ёсьць беларускамоўная "Звязда". Агенцыя БелТА мае паўнавартасны сайт як на расейскай, так і на беларускай мовах. Дык чаму зь сямі дзяржаўных тэлеканалаў ня можа быць хаця б аднаго беларускамоўнага? Чаму ў савецкі час беларускамоўная тэлевізія з навінамі на беларускай мове была, а цяпер яе няма?

Беларускі канал патрэбны грамадзтву

Аргумэнт пра нібыта недастатковую запатрабаванасьць беларускай мовы варты сьмеху. Попыт на беларускую мову і беларускамоўны кантэнт ёсьць. Пра гэта кажа і сацыялёгія, і посьпех праектаў па дубляжу галівудзкіх фільмаў на беларускую мову кшталту “Кінаконга”.

У беларускім грамадзтве, у тым ліку сярод расейскамоўнай большасьці, існуе відавочны кансэнсус адносна таго, што беларуская мова - гэта нацыянальная каштоўнасьць.

Гэта значыць, што існуе грамадзкі запыт на тое, каб дзяржава разьвівала беларускую мову, падтрымлівала яе і пашырала яе ўжытак. Апошнія дваццаць гадоў беларуская мова выжывала сіламі амаль выключна грамадзянскай супольнасьці - і даказала сваю ня проста “жыцьцяздольнасьць”, але і пэрспэктыўнасьць. Таму і з гэтага пункту гледжаньня перавесьці цалкам на беларускую мову хаця б адзін зь сямі дзяржаўных тэлеканалаў - гэта тое, што неабходна было зрабіць ужо даўно.

Матар'яльна-тэхнічны аспэкт

Тэхнічных, матар’яльных ці арганізацыйных перашкодаў для беларусізацыі аднаго тэлеканала таксама няма ніякіх. На двары канец 2019 года, і пры жаданьні зрабіць гэта можна цягам месяца: за адзін дзень перакласьці тэксты заставак, за тыдзень перакласьці сайт і навучыць вядучых размаўляць па-беларуску, за астатні час - зрабіць беларускія субтытры да фільмаў і перадачаў ды распачаць дубляж фільмаў на беларускую мову.

Да таго ж, ад беларускай мовы ёсьць і такі цікавы бонус: былі прэцэдэнты, калі беларускай тэлевізіі было прасьцей набыць правы на трансляцыю спартовых спаборніцтваў на беларускай мове, чым на расейскай. Бо трансляцыя на расейскай мове - гэта падвышаная рызыка пірацтва і несанкцыянаванага перацёку кантэнту ў Расею і астатні былы СССР. Зь беларускамоўным кантэнтам такое рызыкі няма - ён запатрабаваны выключна ў Беларусі.

"Белсат" змог, а БТ ня зможа?

Канечне ж, жывым дакорам беларускім уладам быў і застаецца беларускамоўны “Белсат”. Беларускія чыноўнікі наракаюць, што ня маюць магчымасьцяў зрабіць тэлеканал на беларускай мове. А польская дзяржава і беларускія актывісты ў Польшчы, атрымліваецца, такую магчымасьць маюць, прычым ужо больш за дзесяць гадоў.

Відавочна, што магчымасьці, пра адсутнасьць якіх кажуць тэлевізійныя чыноўнікі - гэта магчымасьці не матар’яльныя і не арганізацыйныя. Магчымасьці - у дазволе або загадзе ад найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.

Таму грамадзянская супольнасьць павінна актыўна ўголас патрабаваць ад уладаў пераводу аднаго зь дзяржаўных тэлеканалаў на беларускую мову. Далібог, дабіцца ад іх беларускамоўнай тэлевізіі будзе куды прасьцей, чым дэмакратычных выбараў.

Вам можа спадабацца