1987 год у бутэльцы

Меркаваньні

1987 год у бутэльцы

25 кастрычніка 2019 а 14:34

Сяргей Грунтоў

Скарбы – не рэдкасць для Беларусі. Яны стагоддзямі напаўняюць надзеі і мары – пра што можна даведацца са шматлікіх зборнікаў фальклору, іх і насамрэч знаходзяць у зямлі – пра што пішуць у кнігах па нумізматыцы і археалогіі. Імі нікога не здзівіш, але на пачатку тыдня ў Менску з’явілася значна больш рэдкая знаходка – скарб, які змяшчаў не рэальную, а сімвалічную каштоўнасць.

Каля абеліска Перамогі знайшлі бутэльку ад шампанскага з пасланнем нашчадкам з 1987 года. На ўзор бляшанак з паветрам таго ці іншага горада, што дзеля жарту прадаюць турыстам, згаданая бутэлька захавала дух свайго часу. Вырваўшыся на паверхню, ён запоўніў стужкі навін і старонак сацсетак. Пасланне было пакінута нелегальна, а ў ім рабочыя, якія ў той час займаліся рэканструкцыяй помніка, скардзіліся на нізкі заробак.

Выява з тэлеграм-каналу «Минск сейчас»

«Потомки! Здесь надрывала свои спины ударная бригада Емельянова…» – так пачынаецца гэты ліст, і ў ім мы (усё яшчэ) лёгка пазнаем пародыю на савецкую рыторыку. Ліст быў схаваны неафіцыйна і паўтараў структуру тэкстаў з пасланнем нашчадкам, якія ў СССР любілі замуроўваць у сцены новых будынкаў. Меркавалася, што гэтыя самыя нашчадкі будуць жыць пры камунізме і такім чынам узгадаюць яго будаўнікоў. У 1987 годзе надзея ўбачыць пры сваім жыцці камунізм была не большай, чым надыход Царства Божага, але з гэтага ўсяго умелі пасмяяцца – так, як на прыклад, брыгада Емяльянава.

Гэта пасланне адметнае тым, што акрамя самой формы тэкста, тут працуюць разам і многія іншыя савецкія коды. Бутэлька была схаваная каля Вечнага агню, у сакральным локусе савецкага Менска, за апаганьванне якога і зараз можа пагражаць рэальны тэрмін зняволення. Ліст быў падпісаны 5 лістапада – перад святам Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі шчыльнасць афіцыйнай рыторыкі і прапаганды дасягала свайго піка. Закаркаваны ён быў у бутэльку з-пад савецкага шампанскага, золата для бедных свайго часу, якое неад’емна прысутнічала пры адзначэнні розных святаў. Гэты папулярны сурагат (які ў нас вырабляюць і дагэтуль), цалкам сцёр з памяці значэнне і статус французскага арыгінала, так што чытаючы раман з ХІХ ст. складана зразумець, што такога ў тым, што герой папрасіў прынесці яму бутэльку шампанскага, і ўвогуле няясна, навошта ён п’е гэты слабаалкагольны жаночы напой. Давяршаюць усё дзве аднакапеечныя манеты 1985 і 1987 гадоў, якія адначасова нагадваюць, што перад намі скарб-пародыя, і дазваляюць узгадаць, што ў савецкі час бутэлькі з-пад шампанскага нярэдка выкарыстоўваліся ў якасці скарбонак.

Рамонтныя працы на Плошчы Перамогі ў 2019 годзе
Выява minsknews.by

У такім ракурсе разгляд знаходкі нагадвае ўтульную археалогію савецкіх кодаў і значэнняў у духу перадачы «Намедни-87», але насамрэч яна гаворыць не толькі пра час, але і пра людзей, замкнутых у гэтым часе. Пасланне – гэта сведчанне канфліктнай сітуацыі, сацыяльнай незадаваленасці (спіны надрывалі за «13 рублёў за змену») і таго, як на яе адказваюць – о, супадзенне – 13 мінскіх рабочых у 1987 годзе. Іроніяй, жартам, пародыяй – якая не перасясякае межы дазволенага ў той час на тэлебачанні ў выступленнях гумарыстаў. Канешне, тады і за такое праяўленне грамадзяскай пазіцыі маглі быць даволі сур’ёзныя наступствы. І ўсё ж, у кантэксце гісторыі пратэсту ў Беларусі за мінулыя больш чым трыццаць гадоў, варта задацца пытаннем: у чым асноўная прычына такога самаабмежавання ў пратэстным выказванні, чаму яно не набывае больш радыкальны змест? Гэта прышчэпленая дзесяцігоддзямі унутраная самацэнзура, страх пераступіць няясна акрэсленую мяжу? Ці гэта вызначаецца межамі даверу ўнутры калектыву з гэтых 13 чалавек? Да якой бы высновы мы не прыйшлі, будзе складана пазбегнуць спакусы таго, каб прызнаць яе валіднай і для ўсяго беларускага грамадства ў цэлым.

Цікава паглядзець і на тое, што завуць звычайна «повяззю часоў», якая мае тут розныя праявы. Прадказальна журналісты паспрабавалі звязацца з людзьмі, якія працавалі ў брыгадзе Емяльянава, знайшлі іх, але тыя адмовіліся даваць нейкія каментары. Так, як быццам Савецкі Саюз не да канца скончыў сваё існаванне, як быццам страх, што цэментаваў тую сістэму, не выветрыўся да канца і здзейсненае і дагэтуль падаецца нечым крамольным у краіне, якая працягвае адзначаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На іншым узроўні згаданая повязь праяўляецца ў чыста семіятычнай плоскасці: нам інтуітыўна лёгка прызнаць сябе адрасатам адкрытага ліста. Іначай кажучы, мы незаўважна прызнаем у сабе тых нашчадкаў, са звароту да якіх пачынаецца ліст. Мы яго атрымалі праз 32 гады! За гэты час змянілася так шмат, што лёгка забыцца на пераемнасць, на тое, што наша цяперашняе, неверагоднае з перспектывы 1987 года, усё ж арганічна вырастае з той самай эпохі, з’яўляецца яе працягам і большасць нашых складанасцяў ці праблем мае спадчынны характар. Названую сувязь найлепш адчуць, правёўшы нескладаную разумовую аперацыю. Дастаткова ўявіць гэты ліст як просьбу пра дапамогу, якую выкінулі ў мора – унутранае мора часу – у 1987 годзе. Сёння мы атрымалі яго, але як бы мы маглі дапамагчы гэтым людзям з перспектывы нашых сённяшніх ведаў пра нядаўнюю гісторыю? Што б мы параілі ім, запёртым у сваім часе не ў меншай ступені, чым мы ва ўласным?

Час – яшчэ адна важная тэма гэтай гісторыі. У 1987 ідэя будучыні і «нашчадкаў» відавочна яшчэ існавала ў свядомасці грамадства, хоць і выказвала сябе, як у нашым выпадку, у парадыйнай форме. У параўнанні з гэтай сітуацыяй мы жывем у вечна новым цяперашнім часе, напоўненым тэхналагічнымі навінкамі і халерычнымі зменамі ў модзе. Ідэя будучыні амаль знікла са свядомасці нашых сучаснікаў, таму што знікла адчуванне накіраванасці плыні гісторыі, наяўнасці русла – ідэалагічнага, ідэйнага – якое вызначае гэты рух. Таму сёння складана было б уявіць усур’ёз створанае пасланне нашчадкам, якія будуць жыць у аморфнасці нашых мараў і неартыкуляванасці нашых надзеяў.

Калі я аддаюся фантазіі і ўяўляю сабе сучасных рабочых у «доме Чыжа» ці на будоўлі чарговай жылой «высоткі» з бессэнсоўнай назвай, якія тайна замуроўваюць пасланне нашчадкам у бутэльцы, то думаю, што унутры павінен быць пусты аркуш. Нам застаецца спадзявацца, што нашчадкі неяк самі прыдумаюць, чым яго запоўніць.