“Справа пісьменнікаў”: скандал у ПЭНе паказаў, што “не ўсё добра ў Дацкім каралеўстве”

Грамадзтва

“Справа пісьменнікаў”: скандал у ПЭНе паказаў, што “не ўсё добра ў Дацкім каралеўстве”

27 кастрычніка 2019 а 18:19

Вячаслаў Залуцкі

Пісьменнікі – гэта людзі, якія складваюць літары ў словы, а словы ў вобразы. Зманціраваныя ў форме вершаў або раманаў вобразы перадаюцца ў рэдакцыі ці выдавецтвы. Апошнія друкуюць высілкі вашай творчасці ў колькасці ад 50-ці да васьмі тысяч асобнікаў. У выніку потым вы маеце права сесці ля кампа і чакаць, пакуль ён прынясе вам весткі пра дабразычлівыя і прафесійныя разборы вашага твора крытыкамі або водгукі ўдзячных чытачоў. Так, коратка, выглядае працэс вырабу з нармальнага чалавека пісьменніка. Пасля здзейсненай публікацыі вам далей прамая дарога ў адзін двух саюзаў, ПЭН-цэнтр або, каму пашанцуе, у нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры.


Але працэс можа мець збоі. Ну, там, фарбу ў друкарню не падвязуць ці вы свой кампутар кавай зальеце. Можа быць, канкурэнты, або нават і крытыкі, будуць шырыць пра вас чуткі ды плёткі: могуць быць разборы – а могуць і “разборкі”... Нарэшце, ваша Муза загуляецца недзе і не будзе прыходзіць своечасова, калі вы сядзіце за сталом і нараджаеце ў пакутах. А пісаць без натхнення гэта, як у песні: “паставілі талеркі -- ды не далі гарэлкі”. Добра, калі вы маеце талент і ўжо авалодалі рамяслом... Карацей, праблем можа быць тышча ці нават мільён.


Напярэдадні чарговага агульнага сходу ПЭН-цэнтра адзін з яго былых членаў і складкаплатнікаў Павел Севярынец гучна абвінаваціў кіраўніцтва арганізацыі ў “лявацка-марксісцкай” арыентацыі. (Павел Севярынец, тонка намякнем у дужках, аўтар мінулагодняй першай кнігі выдавецтва “Золак” -- “хрысціянскага блокбастара” “Беларусалім” (800 старонак), шортлістар прэміі Гедройца, але да прэміі не дацягнуў.) Не жартачкі: у ПЭН апошнім часам не бяруць “пісьменнікаў-хрысціян” і выключылі з арганізацыі самога Севярынца! Севярынец пратэставаў супраць лініі ПЭНа і не плоцючы складак: маўляў, які сэнс мне падтрымліваць арганізацыю, якая прапагандуе садамію? Далей былі тлумачэнні цяперашніх і былых кіраўнікоў ПЭНа, суправоджаныя шматлікімі каментарамі чытаючай і пішучай публікі. Некаторыя вядомыя публічныя асобы паведамілі, што яны колісь таксама былі неабгрунтавана выключаны з ПЭНа або сышлі адтуль па ўласнай волі. Канфлікт набыў розгалас, і пра сітуацыю выказаліся ў тым ліку людзі, якія ў ёй мала разумеюць. Так, Юрый Зісер пракаментаваў сітуацыю такім чынам, што, маўляў, не разумею, навошта гэта такое нейкае як ПЭН і чым яны там займаюцца. Я, маўляў, не ведаю нічога пра тое, што ёсць такі пісьменнік Павел Севярынец. Несумненна, уласніку тутбая адказалі, і пра ПЭН, і пра Севярынца.

Павел Севярынец
Фота nn.by


Увогуле, лічу карысна, што, не адрываючыся апошнімі днямі ад “севярынцаўска-пэнаўскай” стужкі навінаў, мы ўсе неяк пашырылі свой кругагляд. Аказваецца, быць пісьменнікам – гэта не толькі выстукваць клавішамі свае вершы і раманы. Аказваецца, гэта яшчэ таксама -- прынамсі, нібыта так у ПЭНе -- плаціць складкі і хадзіць на справаздачна-выбарныя сходы, вытрымліваць на іх бюракратычную працэдуру падчас галасавання. Такія веды пра спецыфіку пісьменніцкай творчасці могуць нам спатрэбіцца. Пісьменнік сёння -- гэта любы блогер, а на свабоду творчасці любога можа наступіць улада. Вось тады ПЭН і можа ўзвысіць голас у вашу абарону, як некалі гэта рабіў у дачыненні да Паўла Севярынца. Любому можа спатрэбіцца...


На момант напісання гэтага тэксту сітуацыя, можна сказаць, развязалася. Сход прайшоў, і ПЭН не раскалоўся. Захоп марсіянамі пісьменнікамі-хрысціянамі кіраўніцтва ў ПЭНе (нехта прагназаваў і такое) не адбыўся. Яго ўзначаліла нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Членства Паўла Севярынца ў арганізацыі было адноўлена. Гэта выклікала дэмарш з боку часткі ўдзельнікаў сходу. Узнятыя эмоцыі маюць быць суняты, і ўсе зноў нібыта павінны аддацца ва ўладу Музы, сумленна пастаўляючы матэрыял для журы Гедройца ці Нобелеўскага камітэта.


Але не атрымаецца. Хоць і хуліганскім спосабам, дэмарш Севярынца закрануў некаторыя важныя светапоглядныя асновы быцця арганізацыі. У блізкім часе ў ПЭНе захаваецца турбулентнасць.


У сувязі з вынікамі агульнага сходу Альгерд Бахарэвіч заявіў пра свой выхад з ПЭНа, пракламуючы, што разам з ім можа выйсці яшчэ некалькі чалавек.

Алексіевіч закрыла сабой “ідэалагічную прарэху” (іначай: “адміністратыўны крызіс”) ПЭНа, але гэта толькі паспяховае тактычнае развязанне. Пэўна нобелеўская лаўрэатка не будзе непасрэдна кіраваць арганізацыяй; на колькі часу хопіць яе аўтарытэту, каб трымаць пад кантролем унутраныя супярэчнасці, няясна.


Скандал у ПЭНе паказаў, што “не ўсё добра ў Дацкім каралеўстве”. І хай сабе. Як той казаў, абы творы пісалі добрыя.


P. S. Дарэчы, членства Святланы Алексіевіч ў беларускім ПЭНе не вельмі зразумелае. Як вядома, Алексіевіч у студзені 2017 года выйшла з Рускага ПЭНа, але ці фармальна яна была ў гэты час ці пазней у беларускім ПЭНе, няясна. На сайце беларускага ПЭНа інфармацыі пра Святлану Алексіевіч – прынамсі, сярод ганаровых членаў -- няма. Калі нядаўна ў Маніле Алексіевіч абралі віцэ-прэзідэнткай міжнароднага ПЭНа, то прадстаўляла яе на кангрэсе не прысутная старшынька беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, а старшынька нямецкага ПЭНа. Выглядае, з афіліяцыяй у пэўных выпадках не толькі беларускі, але і міжнародны ПЭН можа абыходзіцца даволі вольна...

Вячаслаў Залуцкі – папулярны блогер, піша ў сацыяльных сетках.

Вам можа спадабацца