Агрэсіяй супраць Украіны Крэмль дасягнуў толькі аднаго: дэзынтэграцыі постсавецкай прасторы.
Гэта чарговы раз пацьвердзілася і падчас сустрэчы Лукашэнкі з Нурсултанам Назарбаевам і Касым-Жомартам Такаевым на пазамінулым тыдні.

Эўразійская эканамічная супольнасьць (ЭўрАзЭС) мелася быць клюбам постсавецкіх дыктатураў, аб'яднаных як геаграфіяй і расейскай культурай, так і ўсьвядомленай немагчымасьцю паўнавартаснай інтэграцыі з Эўрасаюзам і НАТО, для чаго, здавалася б, існавалі гісторыка-культурныя перадумовы.

Але Расея — цэнтральны элемэнт гэтай структуры — страціла давер усіх астатніх удзельнікаў "клюбу", ініцыяваўшы вайну ва Ўкраіне. І назарбаеўскі/такаеўскі Казахстан, і лукашэнкаўская Беларусь, нягледзячы ні на якія пацалункі і згадкі пра агульнае гніеньне ў акопах "Вялікай айчыннай", лёгка могуць уявіць сябе на месцы Ўкраіны, дзе такія ж унутраныя канфлікты, як ёсьць шмат дзе на постсавецкай прасторы, рукамі Расеі перарасьлі ў сапраўдную вайну. Пуцінская Расея хоча аднавіць кантроль над былымі калёніямі, а ў ідэале далучыць іх да сябе і фармальна, як сталася з Крымам. На гэты конт ніхто ня мае ілюзій.
І назарбаеўскі Казахстан, і лукашэнкаўская Беларусь страцілі давер да Расіі пасьля таго, як яна ініцыявала вайну ва Ўкраіне.
Але верагодна, што Расея на сустрэчах Лукашэнкі з Назарбаевым і Такаевым прысутнічала толькі ўскосна. Не выклікае найменшага сумневу, што і там тырчэлі вушы ўсюдыіснай расейскай выведкі, чыімі людзьмі нашпігаваная як лукашэнкаўская, так і назарбаеўская/такаеўская адміністрацыя. Расея рэальна была трэцім прысутным, якога маюць на ўвазе і пра якога думаюць, нават не называючы ўголас.
На сустрэчах Лукашэнкі з Назарбаевым і Такаевым тырчэлі вушы расейскай выведкі, чыімі людзьмі нашпігаваная як лукашэнкаўская, так і назарбаеўская/такаеўская адміністрацыя.
Пры гэтым, страціўшы давер да Расеі і будучы аб'яднаныя агульнай пагрозай, Астана і Менск не набылі поўнага даверу адзін да аднаго. Занадта розныя інтарэсы, занадта рознае геаграфічнае становішча, занадта розныя эканамічны, міжнароднапалітычны і ўнутрыпалітычны парадак дня, пачынаючы з рознага стаўленьня да Эўропы, ЗША і да Кітаю. Дый супольнага патэнцыялу не хапае, каб разам дыктаваць расейцам умовы.
Супольнага патэнцыялу Казахстану і Беларусі не хапае, каб разам дыктаваць расейцам умовы.

Казахстану няма нагоды дапамагаць Беларусі: казахскія інтарэсы ў Беларусі нулявыя. Вось і пагадненьне аб пастаўках нафты, на якое так спадзяецца афіцыйны Менск, так і не было падпісанае. Але ці мае яно той сэнс, які мусіла б мець, калі ягонае выкананьне ці невыкананьне ўсё роўна залежыць ад волі Крамля?
Што злучала Беларусь і Казахстан — гэта Расея. Цяпер яна перастала гэта рабіць, і ратавацца ад расейскай пагрозы цяпер кожны будзе самастойна. Пабачым, каму гэта лепш атрымаецца.