Гістарычная палітыка Расіі: сталінскія рэпрэсіі

Меркаваньні

Гістарычная палітыка Расіі: сталінскія рэпрэсіі

30 кастрычніка 2019 а 18:17

Зміцер Віцько

Калі кажуць пра змены ў расійскай гістарычнай палітыцы ў плане стаўлення да сталінскіх рэпрэсій, то ў першую чаргу згадваецца справа гісторыка Юрыя Дзмітрыева, кіраўніка карэльскага аддзялення таварыства “Мемарыял”, які адкрыў у Карэліі месцы растрэлаў вязняў Беламорска-Балтыйскага і Салавецкага лагероў, самае значнае з якіх – урочышча Сандармох, дзе былі растраляныя ад 7,5 да 9,5 тыс. чалавек, а таксама апублікаваў спісы растраляных.

У 2016 г. ён быў арыштаваны і яму былі выстаўлены абвінавачанні ў захоўванні зброі, разбэшчванні малалетняй (прыёмнай) дачкі і вырабе дзіцячай парнаграфіі. Доказы па апошнім эпізодзе былі здабытыя шляхам пранікнення ў жыллё ў адсутнасць гаспадароў. Сам Дзмітрыеў тлумачыў, што баяўся, каб у яго не забралі дачку і рабіў здымкі, каб мець магчымасць у выпадку чаго пацвердзіць яе фізічны стан. Прычым размова ішла пра некалькі здымкаў з больш чым сотні. Такое тлумачэнне можа падацца дзіўным, але абвінавачаны наогул быў чалавекам своеасаблівым. У выніку экспертыза не знайшла там прыкмет парнаграфіі, і ў 2018 г. Дзмітрыеў па гэтай справе быў апраўданы. Але ў тым жа годзе апраўдальны прыгавор быў адменены вышэйшым судом і была ўзбуджана новая справа – наконт гвалтоўных дзеянняў у дачыненні дачкі, па якой яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Што вялікі тэрмін можа быць цалкам рэальным, сведчыць яшчэ адна справа, узбуджаная ў тым жа 2018 г. у Карэліі супраць Сяргея Калтырына, дырэктара Мядзвежагорскага музея і галоўнага наглядчыка мемарыяльнага комплекса “Сандармох”. Ён абвінавачваўся ў распусных дзеяннях у дачыненні да непаўналетняга, здзейсненых групай асобаў, і таксама ў незаконным захоўванні зброі. Разам з ім быў затрыманы яго знаёмы. Пры гэтым хтосьці з іх даў прызнальныя паказанні. У выніку Калтырын быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.

Але гэта толькі фармальны бок. Ёсць у гэтых справах і грамадскі фон, які заключаецца ў тым, што адначасова ў Карэліі пачаліся спробы перагледзець гісторыю месца, якое аб’ядноўвае двух фігурантаў. Спачатку з’явіліся публікацыі і заявы асобных карэльскіх гісторыкаў, што ў Сандармоху пахаваныя не толькі савецкія вязні, але і растараляныя фінамі падчас вайны савецкія ваеннапалонныя (версія падазрона нагадвае спробы перагледзець гісторыю Курапатаў). Потым у асобных публікацыях іх колькасць стала большай за колькасць савецкіх вязняў. Версію з савецкімі ваеннапалоннымі актыўна адстойвае “Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства”, старшынёй якога з’яўляецца міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі. У 2018 г. таварыства, па ўсёй верагоднасці, без адпаведных дазволаў правяло ў Сандармоху раскопкі з мэтай знайсці растраляных палонных, і на яго думку, гэтая спроба з першага разу аказалася паспяховай. Сяргей Калтырын, хаця і не падтрымліваў гэтую версію, вымушаны быў супрацоўнічаць з капальнікамі і ўжо тады заяўляў, што баіцца паўтарыць лёс Дзмітрыева. А ўжо праз месяц быў арыштаваны. Усе гэтыя супадзенні выглядаюць даволі злавесна, інфармацыі па другой справе вельмі мала, меркаваць, што там адбылося, складана, але відавочна адно – вакол месца пахаванняў ідзе зацятая барацьба.

Тут трэба адзначыць, што ў Расіі існуе даволі шмат мемарыяльных комплексаў і музеяў палітычных рэпрэсій, пачынаючы ад Дзяржаўнага музея гісторыі ГУЛАГа ў Маскве, адчыненага ўжо пры Пуціне. Створана Асацыяцыя музеяў памяці, якая аб’ядноўвае 33 музеі.

Прызнаемся шчыра, штосьці падобнае складана ўявіць сабе сёння ў Беларусі. Адкрыццё музея палітычных рэпрэсій з’яўляецца для нас першачарговай задачай. А наведванне яго ў старэйшых класах, падобна да таго, як гэта адбываецца з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, павінна стаць абавязковай прышчэпкай у юнацкім узросце ад крайне левых ідэй.

Тое, што расійская дзяржава бярэ ўдзел ва ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, прызнаюць і падпісанты ліста ў падтрымку Дзмітрыева (больш за 200 дзеячоў навукі і культуры).

Акрамя выканання дзяржавай узятых на сябе абавязкаў, спрабуе сябе ў гэтай сферы і РГВА Мядзінскага. Вынік можна пабачыць непасрэдна паблізу беларускай мяжы – каля в. Катынь пад Смаленскам.

Катынь больш вядомая як месца растрэлу і пахавання амаль 4,5 тыс. палонных польскіх афіцэраў. У 2000 г. там быў адкрыты памятны мемарыял – сёння адзін з двух у Расіі (побач з Медным у Цвярской вобласці). Значна менш яна асацыюецца з местам пахавання жыхароў Смаленскай вобласці, растраляных у гады сталінскага тэрору. Свайго роду гэта смаленскія Курапаты. Толькі ў 2018 г. пры ўдзеле РГВА там быў узведзены мемарыяльны комплекс, размешчаны побач з польскім. Уключае ён у сябе і сцяну памяці з імёнамі некалькіх тысяч забітых жыхароў вобласці.

Незалежна ад таго, што рухала ініцыятарамі ўзвядзення, трэба прызнаць, што атрымалася даволі эфектна. Па эмацыйнай рэакцыі наведвальнікаў на словы гіда (а экскурсій уласна расійскіх туды прыбывае даволі шмат) можа скласціся ўражанне, што многія да гэтага ўяўлялі сабе тэрор даволі цьмяна. Нават калі падначаленыя Мядзінскага хацелі паказаць, што савецкія людзі пакутавалі таксама як і палякі, ці хацелі нейкім чынам добраўпарадкаваць месца памяці, каб яно не выглядала непрывабна побач з польскім, – усё адно комплекс выконвае свае функцыі. Тут жа адчынены і музей расійска-польскіх адносін, з даволі цікавай і арыгінальнай экспазіцыяй. Праўда, шукаць там згадкі пра сакрэтны пратакол Пакта Рыбентропа-Молатава бессэнсоўна, як і на сайце комплекса ці ў словах экскурсаводаў. Другой лыжкай дзёгцю выступае ўсталяваны на ўваходзе стэнд, прысвечаны савецкім ваеннапалонным у польскіх лагерах пасля вайны 1919–1921 гг., частка з якіх памерла ад голаду і хвароб. Пасыл яго даволі празрысты: “нашым у вас” было не лепш. Мала таго, што ён не мае дачынення да тэматыкі комлексу, дык усталяванне яго выглядае як нейкае недарэчнае звядзенне рахункаў на месцы растрэлу і памяці.

Стаўленне да сталінскіх рэпрэсій натуральным чынам звязанае са стаўленнем да асобы Сталіна. І апошнія тэндэнцыі ў гэтым плане не могуць не трывожыць: у Расіі расце колькасць тых, хто апраўдвае рэпрэсіі, і тых, хто слаба ўяўляе, пра што ідзе размова.

Ёсць і іншыя праявы, якія дазваляюць казаць пра дазаваную "рэабілітацыю" Сталіна: на тэлебачанне зарпашаюцца “эксперты”-сталіністы, прадаецца сувенірная прадукцыя з “правадыром”, расце колькасць пастаўленых яму помнікаў. Аднак, калі браць помнікі, то значная іх колькасць ёсць толькі ў двух рэгіёнах: Паўночнай Асеціі, дзе помнікі Сталіну стаяць ва ўсіх гарадах і многіх буйных сёлах, і Дагестане. У выпадку з Асеціяй гэта тлумачыцца асеціна-інгушскім канфліктам і спецыфічнай “падзякай” Сталіну за высяленне інгушоў і перадачу Асеціі аднаго з інгушскіх раёнаў. У іншых рэгіёнах колькасць помнікаў пакуль невялікая і з’яўленне іх звязана пераважна з ініцыятывай камуністаў, хаця асаблівых перашкодаў такая ініцыятыва часта не сустракае.

У цэлым расійскую гістарычную палітыку ў плане стаўлення да сталінскіх рэпрэсій можна акрэсліць, мякка кажучы, як супярэчлівую, з заўважнымі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Пры гэтым нельга сказаць, што адбылося вяртанне культа Сталіна, хаця, натуральна, перад уладамі ўвесь час маячыць спакуса выкарыстаць яго вобраз напоўніцу. Аднак ёсць да гэтага і перашкоды. Па-першае, гэта магчымы разлік, што ў будучыні ўдасца наладзіць адносіны з Захадам, і культ Сталіна быў бы пры гэтым вельмі непажаданы. Па-другое, гэта магчымы канфлікт палітыкі памяці ўнутры самой Расіі, дзе жывуць не толькі асобныя нашчадкі пацярпелых ад рэпрэсій, але і цэлыя рэпрэсаваныя народы, у тым ліку дастаткова ўплывовыя - на Паўночным Каўказе і ў іншых месцах.

Фота аўтара

Вам можа спадабацца