ПЭН-цэнтр: перыяд "паўраспаду"

Грамадзтва

ПЭН-цэнтр: перыяд "паўраспаду"

30 кастрычніка 2019 а 21:52

Вячаслаў Залуцкі

Пасля правядзення суботняга агульнага сходу ПЭН-цэнтра засталося дзіўнае паслясмачча. З аднаго боку, кіраўніцтва ПЭНа істотна змянілася, і пры гэтым “партыя Севярынца” мала чаго дасягнула. Але “кепскі мір лепшы за добрую вайну” — і нічыйны зыход баталіі можна было б лічыць прымальным вынікам. З другога боку, на з’ездзе зашмат часу было аддадзена “персанальнай справе” адной асобы, Паўла Севярынца — гэта недазвольная раскоша для любой грамадскай арганізацыі. Пасля сходу Альгерд Бахарэвіч заявіў, што выйдзе з арганізацыі. Яго пазіцыя наступным днём займела больш вышуканую форму

Згодна з аўтарам “Сабак Еўропы”, з’езд павінен быў выключыць Паўла Севярынца з ПЭНа.

Яшчэ больш дзіўна тое, што новаабраная рада арганізацыі замест перадыхнуць пасля бурных падзей апошніх дзён уключыла турбарэжым. Яна вырашыла сабрацца на сваё першае рабочае паседжанне... ужо праз тры дні пасля схода. На парадку дня было абмеркаванне “казуса Севярынца”. Прычыны такой спешкі патлумачыла новая старшыня, Святлана Алексіевіч: аднаўленне на з’ездзе сяброўства Севярынца ў ПЭНе можа выклікаць раскол, таму да справы ёсць патрэба вярнуцца . Старшыня ПЭНа падзякавала неназваным радным, якія “не прамаўчалі” і заклікалі паўторна звярнуцца да гэтай справы. 29 кастрычніка на паседжанні Рады Павел  Севярынец з ПЭНа быў выключаны. Нібыта элегантная перамога?

Калі па-чэснаму, то згодна з п. 4.2 статута ПЭНа найвышэйшым органам РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” з’яўляецца “Агульны сход”. Так і напісана з вялікай літары. Калі па-бюракратычнаму, то згодна з падпунктам “а” пункта 4.5 Статута Рада ПЭНа (таксама з вялікай літары) мае “арганізоўваць выкананне рашэнняў Агульнага сходу” . Нішто сабе ў аўторак “выкананне” адбылося! Гэй, прабачце, чаму ў вас “хвост” круціць “сабакам”?

Згодна з п. 4.2 статута ПЭНа найвышэйшым органам РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр” з’яўляецца “Агульны сход”. Так і напісана з вялікай літары. Калі па-бюракратычнаму, то згодна з падпунктам “а” пункта 4.5 Статута Рада ПЭНа (таксама з вялікай літары) мае “арганізоўваць выкананне рашэнняў Агульнага сходу” . Нішто сабе ў аўторак “выкананне” адбылося! Гэй, прабачце, чаму ў вас “хвост” круціць “сабакам”?

Пасля паведамлення Севярынца пра тое, што пра паседжанне яго “імянной” рады ён даведаўся з інтэрнэта, я апасаўся, што ягоныя найбольш цвёрдыя прыхільнікі могуць заявіцца на пасяджэнне рады як “група ціску”. Гэтага не адбылося. Затое на паседжанні былі заўважаны іншыя людзі — тыя, хто лічыў выключэнне Севярынца абавязковым. Яны прынеслі з сабой падпісаны 32-ма сябрамі арганізацыі дакумент. Выглядае, што гэтыя людзі былі афіцыйна запрошаны.

Літаратары Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Сяргей Дубавец, Таццяна Нядбай, Дар’я Бялькевіч падчас паседжання Рады ПЭН-цэнтру. Фота belsat.eu

Магчыма, хто-небудзь з чытачоў памятае зварот нашага мілага Несцеркі “судзі чэсна!”? Можа, хто-небудзь глядзеў які-небудзь амерыканскі фільм пра суды прысяжных, дзе ледзь не галоўным клопатам з’яўляецца забеспячэнне незалежнасці сінкліта? Якая цана незалежнага і справядлівага пэнаўскага аўторкавага “суда” ў сітуацыі, калі староннія “пракуроры” на паседжанне былі пакліканы, а “адвакаты” ды і сам “падсудны” — не?

Якая цана незалежнага і справядлівага пэнаўскага аўторкавага “суда” ў сітуацыі, калі староннія “пракуроры” на паседжанне былі пакліканы, а “адвакаты” ды і сам “падсудны” — не?

Я само сабой думаю, што кажу тут банальнасці. Калі не ведаеш, як зрабіць, каб было добра, то зрабі па правілах! Чаму ж гэтыя банальнасці не леглі ў аснову дзеянняў рады? Чаму з такой лёгкасцю занядбаны статут?

Чаму ж гэтыя банальнасці не леглі ў аснову дзеянняў рады? Чаму з такой лёгкасцю занядбаны статут?

Відаць, таму, што па з’ездзе “адкрылася” нешта такое, што на з’ездзе тры дні таму не было вядома. Што і каму — можна здагадацца. Пэўна, прадпісанні статута зламаны таму, што такі істотна змяніўся склад рады. Гэтым разам арганізацыю ўзначаліла асоба, якая апошнія некалькі гадоў па вядомых прычынах “жыве на нябёсах”. Бадай, правільна адзначана “няўменне або нежаданне нобелеўскай лаўрэаткі займацца грамадскай дзейнасцю” .

Алексіевіч апошнія некалькі гадоў “жыве на нябёсах”. Бадай, правільна адзначана  “няўменне або нежаданне нобелеўскай лаўрэаткі займацца грамадскай дзейнасцю” .

Ды й наіўна было б чакаць іншага. Селебрыці таму й селебрыці, што яны маюць права не апускацца да такіх “нізкіх” матэрый, як нейкі падпункт нейкага пункта статута. Якая розніца, што там напісана ў статуце, калі крызісным менеджэрам выступае наш паважаны нобелеўскі лаўрэат? Рабочыя стасункі з такімі людзьмі моцна ўскладнены, бо яны, строга сказаць, ужо не людзі, а “помнікі”. Першыя крокі новай рады нагадваюць дзеянні слана ў пасуднай лаўцы.

Рабочыя стасункі з такімі людзьмі моцна ўскладнены, бо яны, строга сказаць, ужо не людзі, а “помнікі”.

 Ужо позна гаварыць пра тое, што арганізатарамі сходу было зроблена “не так”. Відаць, нельга было справу канфліктагеннага Севярынца выносіць на сход. Трэба было ведаць, што ў пастаноўцы свайго пытання ў самы фокус былі вельмі зацікаўлены абодва бакі — і Павел Севярынец спрыяў не толькі прамоцыі сваёй ідэі, але, таго не хочучы, і артыкуляцыі праблем стараны, на якую ён так беспардонна нападаў. Арганізатарам сходу трэба было прадбачыць, што сутыкненне ў непасрэдным, пры гэтым моцна персаналізаваным, канфлікце прыхільнікаў дзвюх моцна проціпастаўленых ідэалогій непазбежна можа справакаваць раскол у арганізацыі. Цяпер у ПЭНе адбываецца нешта кшталту “паўраспаду”. Два дахадановічаўскія прэзідэнты ПЭНа, Баршчэўскі і Някляеў (здаецца, абодва маюць статус ганаровых старшыняў арганізацыі), вельмі крытычна ацанілі апошнюю пастанову Рады. Някляеў сцвердзіў пра страту ПЭНам пасля аўторкавага пасяджэння “істэрычнай” рады  сваёй рэпутацыі, а Баршчэўскі пакінуў арганізацыю. Пра свой выхад заяўляюць ці проста паведамляюць усё новыя члены. Можа ўзнікнуць і шэраг іншых “персанальных спраў”... Што гэта: часовая турбулентнасць ці крызіс у арганізацыі?

Цяпер у ПЭНе адбываецца нешта кшталту “паўраспаду”.

Баюся, ужо не першае. Што магло б дапамагчы (збоку глядзець вельмі лёгка) — гэта скліканне новага, добра падрыхтаванага, сходу. Але гэта могуць ініцыяваць толькі значная колькасць сяброў ПЭНу. У сітуацыю можа ўмяшацца Мін’юст, які можа спецыфічна паглядзець на нейкія дзеі ў ПЭНе. Увогуле, верагодны ціск на Алексіевіч праз ціск на ўзначальваную ёй арганізацыю — гэта асобная тэма. На жаль, дзеянні некаторых сяброў ПЭНа, часам і належных да кіраўніцтва, бязмежнае неўтаймаванае словапараджэнне ў тырнэтах, даюць падставы гаварыць пра міжвольную кампраметацыю арганізацыі ў вачах старонніх назіральнікаў.

На жаль, дзеянні некаторых сяброў ПЭНа, часам і належных да кіраўніцтва, бязмежнае неўтаймаванае словапараджэнне ў тырнэтах, даюць падставы гаварыць пра міжвольную кампраметацыю арганізацыі ў вачах старонніх назіральнікаў.

Я вось дык у справе ПЭНа абяцаю накласці на сябе мараторый.

Вам можа спадабацца