Колькі слоў у абарону Хэлоўіна

Меркаваньні

Колькі слоў у абарону Хэлоўіна

31 кастрычніка 2019 а 16:08

Сяргей Грунтоў


Штогод 31 кастрычніка ў Беларусі адзначаюць Хэлоўін і штогод чуваць крытычныя галасы, якія па розных прычынах асуджаюць гэтую практыку. Царкве і Касцёлу не падабаецца “паганскі” характар свята і адсылкі да дэманічнага свету ў касцюмах і паводзінах удзельнікаў. Педагогам розных узроўняў не падабаецца, што падлеткі ладзяць “шабашы”, апранаюцца так, што глянуць страшна і паводзяць сябе амаральна. Мала імпэту выклікае гэтае свята і сярод тых, хто падтрымлівае беларускую культуру і яе традыцыі. Хэлоўін для іх часта падаецца чужым, незразумелым, нетрадыцыйным святам, якое сімвалізуе адыход моладзі ад уласных каранёў у кірунку глабалізаванага свету. А карван ідзе, і штогод свята працягваюць даволі шырока адзначаць.

Сам гэты феномен – святкаванне Хэлоўіна ў сучаснай Беларусі – патрабуе некаторых каментароў і тлумачэнняў, якія, спадзяюся, дапамогуць паставіцца да яго крыху больш прыязна. Папулярнасць адзначэння Хэлоўіна у нас не можа быць патлумачана толькі логікай глабальнага спажывання. Ёсць некаторая лакуна, адсутнасць, якую ўсе гэтыя практыкі запаўняюць. Знайсці ёй назву нескладана – гэта ні што іншае, як карнавал, якога, на жаль, мы не знаходзім у іншых беларускіх святах. Тут можна запярэчыць і ўзгадаць абрад калядавання, але ў ім і раней пераапрананнем займалася невялікая група людзей, а зараз у межах сучаснай гарадской культуры ён стаў маргінальнай з’явай. Якія б іншыя дэталі з традыцыйнай культуры не былі ўзгаданыя, мы не знойдзем іх сёння на узроўні агульнага святкавання, а значыць лакуна карнавалу існуе і ў істотнай ступені запаўняецца менавіта Хэлоўінам.

Пра карысць карнавалу для функцыянавання грамадства напісана ўжо дастаткова шмат. Я не буду паўтараць гэтыя вядомыя выкладкі, але спынюся на адным менш відавочным аспекце. Хэлоўін, як новая традыцыя, застаецца адзіным святам, непадкантрольным розным сацыяльным інстытутам – дзяржаве, сям’і, царкве, працоўнаму калектыву. Спосабы святкавання тут найменш рэгламентаваныя і не адсылаюць да вялікіх значэнняў. Тут ніхто не абавязаны некага ўшаноўваць, нешта абараняць і нечаму адпавядаць. Для сучаснай Беларусі і беларусаў – гэта рэдкі і карысны досвед.

Важна пракаментаваць і значэнне памінання памерлых, і таго, чаму яно замяшчаецца такімі “дэманічнымі” формамі. І сапраўды, беларуская культура не адчувае недахопу ў Днях памерлых, такіх як Радаўніца і Дзяды, але істотнае іх адрозненне заключаецца ў тым, што яны апелююць да душы, духаў памерлых і практычна ніяк не суадносяцца з тэмай цялеснасці. Памерлыя памінаюцца як духі, дзяды, іх прысутнасць прадугледжваецца і на могілках, і за рытуальным сталом. Гэтыя традыцыі вельмі важныя, але яны практычна нічога не гавораць пра траўматычнае усведамлення цялеснага коду смерці. У гэтым напрамку не адбываецца “праца культуры”, і чалавек аказваецца сам-насам з адпаведнымі страхамі і фобіямі.

І вось тут Хэлоўін закрывае іншую важную лакуну. І сапраўды, усё тое, што мы бачым на вуліцах Менска і іншых гарадоў, мае вельмі аддаленае дачыненне да памінання як такога. Але вось тэма смерці – прывіды, хадзячыя мерцвякі, вампіры – прадстаўлены тут вельмі шырока. Апеляцыя да гэтых культурных форм дапамагае чалавеку асвойвацца з думкай пра смерць з яе секулярнай, цялеснай у першую чаргу, формай. Радаўніца і Дзяды маюць сэнсавы рэзананс унутры традыцыйнай мадэлі з начным чуваннем, адпяваннем, памінкамі, адыходам душы на неба, далучэннем да катэгорыі продкаў. Хэлоўін рэзануе ў сучаснай гарадской мадэлі са шпіталем, моргам, аўтапсіяй, крэматорыем ці страхам раскладання. Таму ён такі: культурная прагматыка спалучаецца ў ім з прагматыкай спажывецкай, што забяспечвае параўнальную лёгкасць уключэння гэтага свята ў новыя культуры.

Трэба заўважыць, што цялесны код Хэлоўіна праяўляецца яшчэ і ў іншай яго асаблівасці – заўважнай сэксуалізаванасці (у чым лёгка пераканацца, прагледзеўшы каталог касцюмаў на Хэлоўін у любой інтэрнэт-краме ці пагартаўшы фотасправаздачы са святкаванняў). Гэты трэнд падтрымліваецца логікай развіцця забаўляльнай індустрыі і робіць свята яшчэ больш прывабным для маладых людзей. У такой плоскасці яго цікава было б параўнаць з 8 Сакавіка і Днём Святога Валянціна, але гэта ўжо іншая тэма.

У нашым у значнай меры секулярызаваным свеце, дзе большасць прадстаўнікоў маладых пакаленняў не наведваюць набажэнствы ў храмах і не жывуць у рытме царкоўнага календара, Хэлоўін з’яўляецца важным досведам калектыўнага выхаду за межы татальнасці рацыянальнай рэчаіснасці. Па сутнасці, гэта казачны час з ведзьмамі і прывідамі, вялікі досвед дзіцячага перажывання дарослага свету. Урэшце, гэтага аднаго было б дастаткова, каб ухваліць Хэлоўін і пачаць яго адзначаць.

Але магчыма, усе гэтыя довады і залішнія. Магчыма, ад самага пачатку мы павінны былі б прызнаць права на існаванне культурных практык, якія нічым не апасродкаваны, якія могуць быць вольнымі ад традыцыі, гісторыі, маралі і не баяцца, што яны прывядуць да разбурэння названых катэгорый. Магчыма, можна проста выразаць вочы і пашчу ў гарбузе – толькі таму, што з пастаўленай унутр свечкай ён прыгожа выглядае ў начным пакоі.