Брэст як беларускі Севастопаль

Гісторыя

Брэст як беларускі Севастопаль

Рэцэнзія на даведнік “Брест. Первое знакомство” (Брест, Полиграфика, 2018)

4 лістапада 2019 а 11:01

Алесь Белы

Выданне, якое рэцэнзуецца:

Брест. Первое знакомство. Научно-популярное издание. Брест: Полиграфика, 2018. Автор концепции и текста: А.М. Суворов. Фото: В.В. Байковский, А.М. Суворов, Ю.В. Мулявко.

Нядаўна меў нагоду коратка наведаць Берасце па архіўных справах. У абедзенны перапынак выскачыў з архіва дзеля кароткага шпацыру па горадзе, які сёлета досыць маштабна адзначаў сваё 1000-годдзе, і набыў даведнік “Брест. Первое знакомство”. Паліграфічна ён выглядае сучасна: крэйдаваная папера, шмат каляровых ілюстрацый. Кідаюцца ў вочы і цікавыя элементы афармлення: храналагічная табліца, схемкі некалькіх маршрутаў па цэнтральных вуліцах гораду. Ведаючы, як мала ўвогуле ў нас выдаецца масавай краіназнаўчай літаратуры для турыстаў, можна было б радавацца. Бо цяпер госць Берасця можа набыць даведнік па сучасным горадзе, які, на першы погляд, асвятляе не толькі гераічную руска-савецкую гісторыю. Прычым з салідным накладам 5 тысяч асобнікаў.

Даведнік “Брест. Первое знакомство”. Тыльная старонка вокладкі.

Але ў мяне гэтая кніга ўсё ж пакінула болей расчаравання чым радасці.

Гістарычны нарыс займае амаль палову кнігі, і нельга сказаць, што ён зусім пазбаўлены вартасцяў. Мякка, але з сумам паведамляецца і пра знішчэнне імперскімі ўладамі старога Берасця пры будаўніцтве крэпасці ў 1830-х, і пра падпал тымі самымі ўладамі ўжо новага гораду пры адступленні расійскіх войскаў у 1915 г. Згадваецца, коратка і не вельмі канкрэтна, пра паўстанне 1794 г. на чале з Т. Касцюшкам. Але ўсё-ткі недагаворак , няўцямна расстаўленых акцэнтаў або проста памылак у гэтым нарысе досыць шмат, і хочацца пра іх сказаць уголас. Не бяруся судзіць, ці яны выкліканыя межамі культурнага далягляду аўтара, ці ідэалагічнай цэнзурай або самацэнзурай.

Выхад у свет Берасцейскай Бібліі 4 верасня 1563 г. варта было б уключыць у спіс самых важных дат гісторыі гораду, бо гэта першая кніга, якая выйшла друкам на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Вельмі глуха, толькі паловай фразы ў апісанні помніка 1000-годдзя Берасця на с. 29, сказана пра Берасцейскую Біблію. Але ж яе выхад у свет 4 верасня 1563 г. варта было б уключыць у спіс самых важных дат гісторыі гораду, як эпахальную культурную падзею і абавязкова даць выяву яе вокладкі ці адной са старонак у якасці ілюстрацыі. Дарэчы, гутарка ідзе ўвогуле пра першую кнігу і друкарню на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Берасцейская Біблія. Тытульная старонка.

Амаль гэтак сама ж глуха сказана пра Берасцейскую царкоўную унію — да якой можна па-рознаму ставіцца, але немагчыма адмаўляць, што яна на некалькі стагоддзяў кардынальна ўплывала на гісторыю Усходняй Еўропы (і ў значнай ступені працягвае ўплываць). Дата і месца абвешчання уніі —  6-9 кастрычніка 1596 г. , царква Св. Мікалая — 

Свята-Мікольская царква ў Берасці (1759).

вартыя таго каб згадаць іх дакладна. Тым больш што існуюць і выявы гэтай царквы XVIII і пачатку XIX ст.

Дарэчы, дата 1563 г. у даведніку прысутнічае, але з досыць кур’ёзнай нагоды. Так датуецца літоўскі (віленскі) траяк Жыгімонта Аўгуста, што, як тут сцвярджаецца, выпускаўся берасцейскім манетным дваром. Выява гэтай манеты прыводзіцца як ілюстрацыя ягонай дзейнасці.

Але ж банальны энцыклапедычны факт, што насамрэч манетны двор у Берасці існаваў толькі ў 1666 г., вельмі кароткі час,  на стагоддзе пазней, і біў толькі сумна вядомыя “барацінкі”. Іх павучальную гісторыю варта было б прывесці заміж фэйкавага псеўдагістарычнага факту.

Берасцейскія баратынкі.

Хацелася б прачытаць і кароткую даведку, з тлумачэннем сімвалізму, прынамсі пра сучасны гарадскі герб, а можа нават і кароткую гісторыю ўсіх ягоных гербаў — у ВКЛ да Люблінскай уніі, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы яны былі адрознымі ад сучаснага (і магчыма, найболей гістарычна легітымнага).

Увогуле, аўтар даведніка досыць далёкі ад спробаў лакалізаваць найбольш важныя аб’екты старажытнага гораду на тэрыторыі крэпасці.

Кажучы пра тое, як будаўніцтва крэпасці знішчыла стары горад, выданне не раскрывае слядоў страчанай спадчыны ў прасторы iснуючага ландшафту: напрыклад, у выглядзе мемарыяльнай табліцы на мурах крэпасці, раскапаных руінаў, або выкладзеных камянямі абрысамі муроў.  Схема размяшчэння найбольш важных гістарычных аб’ектаў Берасця, якія адышлі ў нябыт, на сучаснай тапааснове дакладна прыдалася б самаму шырокаму турысту.

Ані слова ці карцінкі пра помнік Менахему Бегіну ў тэксце няма, хоць на карце ён пазначаны. Бегін — адзін з самых славутых у свеце мясцовых ураджэнцаў.

Асабліва няўдала асвятляецца ў кнізе гісторыя габрэйскай грамады гораду. Цалкам замоўчваецца яе выключная важнасць у маштабе ўсяго ВКЛ. Як лічыцца, менавіта берасцейскія габрэі ўпершыню атрымалі ад цэнтральнай улады ВКЛ прывілей, на ўзор якога пазней выдаваліся іншыя прывілеі, якія вызначалі правы і абавязкі габрэйскіх грамадаў. Менавіта ў Берасці (або “Брыску” як стагоддзямі называўся горад на ідыш) адбыўся ў 1623 г. устаноўчы Ваад габрэйскіх грамадаў ВКЛ. Толькі перад самымі падзеламі Рэчы Паспалітай сталічная Вільня адабрала ў Брыска званне эканамічнай і культурнай сталіцы літвакоў. Не згаданыя імёны славутых ураджэнцаў гораду-габрэяў. Ані слова ці карцінкі пра помнік Менахему Бегіну ў тэксце няма, хоць на карце ён пазначаны. Бегін — адзін з самых славутых у свеце мясцовых ураджэнцаў. А ўсяго сярод больш як 150 ураджэнцаў Берасця, чые імёны згадвае хаця б руская Вікіпедыя, —  габрэяў добрая палова. Хаця і з негабрэйскай паловы славутых землякоў у кнізе амаль ніхто не згаданы. Замоўчаныя даты і абставіны знішчэння габрэйскай грамады, якая скончыла сваё існаванне 15-18 кастрычніка 1942 г. — часткова ў горадзе і ваколіцах, часткова ў расстрэльных ямах каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара. І чаму было б не даць фота хаця б манумента ахварам Халакосту на вул. Куйбышава?

Манумент ахварам Халакосту на вул. Куйбышава.

У пераліку музеяў гораду не згаданы музей “Габрэі Берасця”

А пішучы пра міжваеннае будаўніцтва, аўтар ані словам не абмовіўся пра “Калонію Варбурга” — унікальны ансамбль драўляных двухпавярховікаў, за захаванне хаця б рэштак якога мясцовыя краязнаўцы і урбаністы вялі такую ўпартую барацьбу апошняе дзесяцігоддзе.

Агульнае ўражанне ад даведніка — што гэта праваднік менавіта па рускай гісторыі гораду (уключаючы савецкую). Фрагменты гісторыі эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай даюцца толькі ў той ступені, у якой яны адцяняюць яе пераможны поступ. Яны сутыкаюцца-варагуюць з руска-савецкай, а ўсё адно тая выходзіць пераможцам. Ятвягі, католікі, уніяты, габрэі, украінцы, як можна меркаваць, уяўляюцца аўтару кнігі (або яе ідэалагічным цэнзарам) чужынцамі, гісторыю якіх, нават калі яе асобныя факты маюць надзвычайнае значэнне ў маштабе ўсёй Усходняй Еўропы, трэба замаўчаць або прэпараваць. Ці ж не дзеля гэтага перадусім і была ў 1830-х гг. на месцы старога гораду пабудаваная расійская крэпасць?

Берасце паўстае тут гэткім пабрацімам Севастопаля, гераічным уцёсам у бурапенным моры гісторыі, які праз стагоддзі мужна грудзямі сустракае ўсё новыя і новыя чужынскія нярускія орды, і прымушае іх рассейвацца ў нябыце мінуўшчыны.

Але і пішучы пра новы горад, аўтар старанна працягвае гэтую ж стратэгію замоўчвання. Вось як ён апісвае  міжваенныя гады (с. 20): “.. в Брест в какой-то мере вернулись традиции толерантности и культурного разнообразия, которыми отличалось его далекое прошлое. В городе выходило несколько газет, ставились спектакли на разных языках, кипела светская жизнь…» Але як жа можна было не пералічыць не тое што некалькіх самых знакавых гарадскіх персанажаў гэтага часу, даць парачку афіш тых спектакляў як ілюстрацыі, але і прамаўчаць нават пра тое, якія канкрэтна гэта былі культуры. Зразумела, што польская дамінавала, але былі таксама ідыш, руская, і што асабліва важна — украінская. Перад вайной горад быў прыкметным цэнтрам украінскага культурнага жыцця, сілкуючыся натуральным чынам з навакольных украінскіх (заходнепалескіх) гаворак і традыцыйнай матэрыяльнай культуры. З ім звязана жыццё і дзейнасць некалькіх актывістаў УНР —  некаторыя з іх пахаваныя на мясцовых Трышынскіх могілках. Пра якія таксама варта было згадаць як пра сімвалічна важны мемарыяльны некропаль, менавіта што шматкультурны. І дарэчы, мясцовая ўкраінская традыцыя яшчэ не да канца вымерла — варта было б нагадаць і пра гэта.

А найбліжэйшыя ваколіцы Берасця? Скокі, Воўчын, Чарнаўчыцы — і адпаведныя фрагменты біяграфій Юліяна Урсына Нямцэвіча і Станіслава Аўгуста Панятоўскага? Не, не чулі. “Галендры” з недалёкіх Нойдарфа і Нойбрава? Таксама не. Белавежская Пушча — так, бо пра яе напісалі славутую песню Пахмутава і Дабранраваў, і яна ўвайшла ў Савецкі Канон, у рэчышчы якога, па сутнасці, напісаны і разгляданы даведнік.

Адрасаваны цалкам зрусіфікаванаму — не толькі па мове, але і па культурным багажы — земляку, а таксама гасцям гораду з іншых частак Рускага Свету. А іх не прынята траўмаваць залішнім пагружэннем у дэталі культурных традыцый нярускіх чужынцаў і “нацменаў”. І нават сам беларус у сваёй, быццам бы краіне, да якой ён усё ніяк не можа прызвычаіцца, пачуваецца тым самым “Русо Турысто”. З ваенна-патрыятычным ухілам.

Вам можа спадабацца