Лукашэнка і Эміраты: зброя, грошы і праклятая невядомасьць

Міжнародныя дачыненьні

Лукашэнка і Эміраты: зброя, грошы і праклятая невядомасьць

4 лістапада 2019 а 13:59

Баўтрамей Горбач

Што агульнага між Аляксандрам Лукашэнкам і чачэнскім аўтакратам Рамзанам Кадыравым? Любоў да Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Аляксандар Лукашэнка ўручае Рамзану Кадыраву ордэн Дружбы народаў. Фота Белта.

Беларусь даўно ня мае стасункаў на высокім узроўні з Эўрапейскім Саюзам ці ЗША — зь перадавымі разьвітымі грамадзтвамі, адным зь якіх яна культурна і цывілізацыйна магла б быць і сама.

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам ААЭ Халіфам ібн Заідам Аль Нахаянам.


Затое ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах беларускі кіраўнік Лукашэнка, як і Кадыраў, бывае досыць часта і падоўгу, а ягоны сын і дарадца Віктар і пагатоў.

Віктар Лукашэнка сустракаецца з прэзыдэнтам ААЭ Халіфам ібн Заідам Аль Нахаянам. Фота: tut.by

Эмірацкая арыстакратыя часьцей, чым прадстаўнікі любой іншай арабскай краіны, наведваюць Беларусь, дзе Лукашэнка выдзяліў ім зямлю і заўсёды прымае на найвышэйшым узроўні.
 

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з партнэрамі з ААЭ.

Эміраты асацыююцца з раскошай, бязьмежным багацьцем, шыкоўнымі хмарачосамі ў пустыні і штучнымі выспамі ў форме гіганцкіх пальмаў.

За гэтым фасадам ААЭ — канфэдэрацыя сярэднявечных абсалютных манархій, з рэлігійным фундамэнталізмам у якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі, з адсутнасьцю выбараў, адсутнасьцю свабоды слова, турэмным пакараньнем за гомасэксуальныя стасункі, выкраданьнем і катаваньнем апазыцыянэраў, дыскрымінацыяй жанчынаў і іншымі праявамі, не дастойнымі сучаснай дзяржавы ў дваццаць першым стагодзьдзі.

Мець шчыльныя адносіны з гэтай тыраніяй павінна быць сорамна, калі ты сам не тыранія. Але багацьце няспынна ліецца на Эміраты цягам апошніх 60 гадоў дзякуючы нафце і нядобрасумленным заходнім дзялкам, якія разам з грашыма не прынесьлі з сабой дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

Эміраты — важны міжнародны фінансавы цэнтар. Спалучэньне гэтага статусу з жорсткім аўтарытарным рэжымам і мэнтальнай блізасьцю да іншых дыктатураў з разьвіванага сьвету стварыла глябальны цэнтар адмываньня грошай, дзе алігархі і дыктатары могуць канфідэнцыйна запаркаваць свае не абавязкова сумленна заробленыя грошы падалей ад уласных грамадзянаў і магчымага будучага сьледзтва.

Дыктатары могуць тут надзейна схаваць свае грошы далей ад уласных грамадзянаў.


Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і ААЭ, пра якое шмат дзяжурных словаў прамаўляе беларуская дзяржаўная прапаганда — акрамя розных дробязяў, гэта перадусім не заўсёды празрысты гандаль зброяй. І даходы ад яго паступаюць не ў беларускі бюджэт, а ў нікому непадкантрольныя фонды прэзыдэнта Лукашэнкі.

Калі б у Беларусі была незалежная і прафэсіянальная сьледчая пракуратура, ёй было б, што праверыць. Але яе няма, і перад намі "зноў гэтая праклятая невядомасьць".

Вам можа спадабацца