"Інтэрв’ю з Пуціным"

Рознае

"Інтэрв’ю з Пуціным"

Рэзанансны фільм пра расійскага лідара быў паказаны на пачатку “Лістападу”

4 лістапада 2019 а 16:31

Алег Дзярновіч

Сёлетні кінафэст “Лістапад” пачаўся для мяне досыць жорстка – з дакументальнай стужкі “Сведкі Пуціна” аўтарства расійскага рэжысёра Віталя Манскага. 2 лістападу гэты фільма дэманстраваўся ў Менску, а перад пачаткам сеансу з кароткім уступным словам выступіў рэжысёр. Мне не спадабалася снабісцкая пазіцыя рэжысёра: ён выказаў задавальненне, што ягоны фільм дэманструецца так блізка да Расіі, тым больш, што “Беларусь – тая яшчэ дэмакратыя”. Дысананс словам Манскага, які цяпер жыве ў Латвіі, складалі фармат кінафэсту і камфартабельная зала кінатэатру Galileo Silver Screen. Сам факт паказу падобнай дакументальнай стужкі ў Менску прымушае хутчэй задумацца, чым рытуальна агучыць чарговы набор палітычных клішэ.

Сама ж стужка прэтэндуе на гранічную шчырасць. Дзея ў ёй распачынаецца 31 снежня 1999 г. са сцэнаў у сям’і рэжысёра, якая рыхтуецца да навагодняга вечару. Выступленне Барыса Ельцына і ягоная заява пра адстаўку становіцца ўзрушэннем для сям’і Манскіх.

У штабе Уладзіміра Пуціна пасля агучвання першых вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 26 сакавіка 2000 г. За спінай Пуціна – Дзмітры Мядзведзеў. Кадр з фільму “Сведкі Пуціна”.

Але камера рэжысёра настойліва залазіць у патаемныя куткі прыватнага жыцця.

Адна з непрыемных сцэн у пачатку стужкі, як Манскі спрабуе пралезці з кінакамерай у ванны пакой, а ягоная 12-гадовая аголеная дачка супраціўляецца бацькоўскай настойлівасці. Такім жа гранічна аголеным рэжысёр спрабуе быць на працягу ўсяго фільма. І месцы для гэтага абраныя знакавыя – дом Ельцына і выбарчы штаб Пуціна ўвечары 26 сакавіка 2000 г., у дзень выбараў прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.

І тут нам нарэшце прыходзіць разуменне, адкуль у рэжысёра такія эксклюзіўныя кадры.

На працягу 2000 году Манскі здымаў фільм, які мусіў быў спрыяць легітымацыі новага рэжыму. Стужка мела красамоўную назву: “Расія – пачатак”. Таму рэжысёр меў доступ і да сям’і Ельцына, і да каманды Пуціна.

Сарказм нарастае ўжо ў мяне, калі прыгадваю ўступныя словы Віталя Манскага на менскай прэм’еры стужкі “Сведкі Пуціна”.

Перамогу Пуціна святкуюць у сям’і Ельцына. Злева направа: Наіна Ельцына, Таццяна Дз’ячэнка (дачка Ельцына), Барыч Ельцын, Міхаіл Лесін. Кадр з фільму “Сведкі Пуціна”.

У атачэнні Ельцына змагаліся два палітычныя блокі – “сілавікі” і “дэмакраты”. Праект “Пуцін” быў згенераваны як раз дэмакратычным крылом ельцынскага атачэння і ягонай “Сям’ёй”. Менавіта таму мы бачым у кадры так шмат знаёмых яшчэ з позняй Перабудовы ці першых гадоў ельцынскай Расіі персанажаў – Анатоль Чубайс, Міхаіл Касьянаў, Глеб Паўлоўскі, кіраўніцтва НТВ... Паміж сядзібай штаба Пуціна і домам Ельцына курсуе міністр інфармацыі і ўладальнік медыярэсурсаў Міхаіл Лесін. 5 лістападу 2015 г. у вашынгтонскім гатэлі “The Dupont Circle” мільянер і былы расійскі міністр будзе знойдзены нежывым, паводле пратаколу паліцыі, з “тупымі сілавымі траўмамі галавы”.

За час першага прэзідэнцтва ад выбарчай каманды 2000 году пры Пуціне застаўся толькі Дзмітры Мядзведзеў, тагачасны кіраўнік выбарчага штабу. Усе астатнія ў сваёй абсалютнай большасці: загінулі, эмігравалі, сышлі ў апазіцыю.

Рэжысёр Віталь Манскі робіць інтэрв’ю з Уладзімірам Пуціным. Кадр з фільму “Сведкі Пуціна”.

Некаторыя падзеі ў фільме толькі пазначаны і ім дадзена кароткая ацэнка. Як, напрыклад, праблема серыі падрыву жылых дамоў 4—16 верасня 1999 г. у Буйнакску, Маскве і Валгадонску. У выніку тых падзей у расійскім грамадстве ўзнікла патрэба ў “цвёрдай руцэ”, вуліцы гарадоў запоўнілі ваенныя, а рэйтынг прэм’ер-міністра Пуціна падскочыў з 2 % да 50 %.

Ужо пасля дэманстрацыі фільму ў Менску аўтар стужкі больш выразна агучыў сваю пазіцыю: ён не думае, што гэтыя тэрарыстычныя акты былі адмыслова арганізаваны ФСБ. Хутчэй за ўсё, спецслужбы ішлі па следу рэальных паўночна-каўказскіх баевікоў. У такім разе, застаюцца пытанні, як тэрарыстаў “вялі” і чаму ім не перашкодзілі.

У псіхалагічным плане, дакументальны фільм “Сведкі Пуціна”, бадай што, найбольш змрочны, з прадстаўленых на сёлетнім “Лістападзе”. А на пытанні з залі, што нас яшчэ чакае, Манскі адказаў: “Усё, што будзе, ужо адбылося”. І спаслаўся на свой уласны досвед – у Латвіі, дзе ён цяпер жыве, на апошніх прэзідэнцкіх выбарах прэзідэнта Расіі расійскія грамадзяне аддалі Пуціну сваіх 98,8 % галасоў. У гэтым сэнсе, лічыць рэжысёр, эміграваць няма куды.

У самым канцы Манскі прызнаўся: паказы ягонай карціны адбыліся ў 56 краінах, ад Мексікі да Тайваня, і нідзе пры фінішных сцэнах фільма не было такой трагічна маўклівай залі, як у Беларусі. Манскі паабяцаў асэнсаваць гэты феномен.