Навінкі выдавецтва “Лімарыус”

Рознае

Навінкі выдавецтва “Лімарыус”

4 лістапада 2019 а 17:45

Марына Шыбко

Выданні, якія аглядаюцца:

Вакол Пятра Глебкі (Беларуская мемуарная бібліятэка). Уклад., прадм., камент. Ганна Севярынец. — Мінск : Лімарыус, 2019. —389 с.

Федута, Александр. Филомат в Империи : Документальная повесть о Франтишке Малевском. — Минск : Лимариус, 2019. — 464 с.

Хмяльніцкая, Людміла. Лёс інсургента: дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе (Бібліятэка «Наша XIX стагоддзе»). — Мінск : Лімарыус, 2019. —288 с.

Клейн, Борис. "Недосказанное". — Минск: "Лимариус", 2019. — 340 с.

Выдавецтва “Лімарыус” добра вядома чытачам кнігамі, прысвечанымі беларускай гісторыі і культуры. Яны звычайна добра падрыхтаваны, тэксты суправаджаюцца грунтоўнымі навуковымі каментарамі, што дазваляе чытачам пашырыць уяўленне пра эпоху і людзей, аб якіх пішуць аўтары.

Сярод серый, што друкуе “Лімарыус”, шырокую вядомасць атрымала “Беларуская мемуарная бібліятэка”. У ёй выдаюцца успаміны, дзённікі, ліставанне грамадскіх дзеячоў, мастакоў, літаратараў. Сенсацыяй стала падрыхтаваная Ганнай Севярынец кніга “Вакол Пятра Глебкі”, дзе распавядаецца пра лёс сям’і вядомага паэта, амаль што адзінага сябра аб’яднання “Узвышша”, хто не быў рэпрэсаваны.

Вокладка кнігі "Вакол Пятра Глебкі".

Чытач даведаецца з яе пра сяброўства Глебкі з Панцелямонам Панамарэнкам, прачытае дзённікавыя запісы, зробленыя Глебкам у Маскве адразу пасля гібелі Янкі Купалы. Асобная старонка — лёс жонкі паэта, Ніны Глебкі, якая засталася ў акупаваным фашыстамі Мінску, супрацоўнічала з падпольшчыкамі і выратавала жыццё габрэйскай дзяўчынцы, якая стала Глебкам дачкой. Знойдзеныя і апублікаваныя Ганнай Севярынец дакументы прымусілі інакш паглядзець на лёсы пісьменнікаў савецкай эпохі.

Новая серыя “Лімарыуса” – “Наша XIX стагоддзе”. У яе кнігах распавядаецца пра часы, якія ў нашай свядомасці звязаныя выключна з двума паўстаннямі. Але ж жыццё – гэта не толькі змаганне. На працягу 2019 года ў серыі выйшлі кнігі Аляксандра Фядуты “Филомат в Империи” і Людмілы Хмяльніцкай “Лёс інсургента”. У першая распавядаецца пра жыццёвы шлях аднаго з найбліжэйшых сяброў Адама Міцкевіча, сына рэктара Віленскага ўніверсітэту Францішка Малеўскага.

Вокладка кнігі "Филомат в Империи : Документальная повесть о Франтишке Малевском".

Высланы з роднай Вільні за ўдзел у патаемным студэнцкім таварыстве, Малеўскі зрабіў выдатную кар’еру дзякуючы сваім здольнасцям: ён стаў метрыкантам у Літоўскай метрыцы і адным з кіраўнікоў ІІ Аддзялення імператарскай канцылярыі. Сярод герояў кнігі, апроч Міцкевіча, Аляксандр Пушкін і Станіслаў Манюшка, Георг Фрыдрых Гегель і Феранц Ліст, вядомыя дзяржаўныя дзеячы першай паловы ХІХ стагоддзя.

Другая кніга – дакументальная аповесць Людмілы Хмяльніцкай “Лёс інсургента” – прысвечаная жыццю Аляксандра Рыпінскага, паўстанца 1830-га года, які эміграваў з радзімы, стаў на захадзе пісьменнікам і выдаўцом і надрукаваў адну з першых кніг аб родным краі, што так і называлася – “Беларусь”.

Вокладка кнігі "Лёс інсургента: дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе".

Паэт, які пісаў на польскай і беларускай мовах, фалькларыст, грамадскі дзеяч, Рыпінскі быў таксама адным з першых беларускіх фатографаў, чые здольнасці ў фатаграфіі асабліва праявіліся пасля яго вяртання на родную Віцебшчыну.

Па-за серыямі выйшла ў “Лімарыусе” кніга ўспамінаў вядомага беларускага гісторыка Барыса Клейна “Недосказанное”. Барысу Клейну, аднаму з найбліжэйшых сяброў Васіля Быкава, сёлета споўніўся 91 год.

Вокладка кнігі  "Недосказанное". 

Ён цяпер жыве з сям’ёй у Злучаных Штатах Амерыкі. Ягонае “Недосказанное” – шчыры расповед пра жыццё ў Гародні, пра цяжкія выпрабаванні, калі па загаду партыйных функцыянераў яго пазбавілі навуковай ступені і вучонага звання; пра сяброўства з Быкавым і Карпюком. Гарадзенцы даведаюцца шмат цікавага пра нядаўнюю гісторыю свайго горада, а ўсе аматары літаратуры – пра лёс так званага “гродзенскага трохкутніка”, даклад пра які на Палітбюро рабіў усёмагутны кіраўнік КДБ Юрый Андропаў.

У выдавецкіх планах “Лімарыуса” шмат яшчэ цікавага. Даведацца пра новыя кнігі выдавецтва можна на старонцы ў Фэйсбуку, а набыць іх – у мінскай кнігарні “Акадэмічная кніга”, незалежных распаўсюджвальнікаў і інтэрнэт-крамах.

Вам можа спадабацца