За апошнія гады неаднаразова даводзілася ўпэўніцца: беларускае грамадства не проста апалітычнае, а ўвогуле абыякавае амаль да ўсяго, што адбываецца навокал. І доказаў такому погляду хапае. Асабліва раўнадушша беларусаў праяўляецца ў моманты, калі трэба прадэманстраваць сваю пазіцыю, паказаць нязгоду з рашэннямі, якія прымаюцца “зверху”, і аб’яднацца. Пра ўдзел у мерапрыемстве або акцыі, якія тычацца нацыяльнай свядомасці, культуры, гісторыі і гонару краіны – і казаць не хочацца. Тут амаль усё непраглядна.
Давайце адразу пачнём з адносна свежых грамадска-палітычных падзей. Нагадаем: у мерапрыемствах мог паўдзельнічаць кожны жадаючы. У першую чаргу ў галаву прыходзіць “Ноч расстраляных паэтаў”, якую зладзілі ўвечары 29 кастрычніка ў Курапатах.
Імпрэзу (не палітычную акцыю!) прысвяцілі памяці пра ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі саветы расстралялі больш за 100 дзеячоў беларускай інтэлігенцыі. Па інфармацыі незалежных СМІ, Курапаты ў той вечар наведалі некалькі соцень чалавек.
У “Ланцугу памяці” каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці, які зладзілі амаль паралельна, удзел бралі 30-40 чалавек.
У традыцыйным шэсці і мітынгу на Дзяды, якія прайшлі праз 5 дзён, паўдзельнічалі 2-3 сотні. Нядзіўна, калі б аказалася, што вялікая частка з іх прыйшла і на “Ноч расстраляных паэтаў”.
Асобна ад усіх прыкладаў можна паставіць мірныя акцыі пратэсту супраць будаўніцтва, а пасля – супраць працы акумулятарнага завода ў Берасці. Гэта, мабыць, самы доўгайграючы прыклад адстойвання сваіх правоў і пазіцый беларусамі.
Берасцейцы зладжана і арганізавана кожную нядзелю выходзілі “пакарміць галубоў”, і з часам гэта прывяло да поспеху, хоць і лакальнага.
І што мае наша грамадства? Па-першае, гэта апатыя і раз’яднанасць. “Мая хата з краю”. Ніхто не пачне варушыцца, пакуль праблема не прыйдзе ў яго дом. І толькі тады сярэднестатыстычны беларус пачне штосьці рабіць, і тое, вытрымаўшы паўзу, падумаўшы, ці не прыляціць яму за гэта. Як прыклад – пратэсты людзей супраць падатку на дармаедства. І нават тады акцыі дзе-нідзе не ўражвалі колькасцю ўдзельнікаў.
Па-другое, тая ж самая колькасць гатовых узняць галаву.
У Курапаты прыйшлі 300 чалавек, але нават 3 тысячы там нічога б не змянілі. Усё проста: У Мінску зараз жыве амаль 2 мільёны чалавек.
Нават за выняткам дзяцей, нямоглых старых і тых, хто быў увечары 29 кастрычніка на працы, усё роўна застанецца вялікі працэнт насельніцтва сталіцы, які і тэарэтычна, і практычна мог бы адведаць вечарыну ў Курапатах. Але навошта? “Мяне гэта не тычыцца, я ў палітыку не лезу, усё роўна нічога не будзе, і ўваогуле ў мяне свае дзялы”. Колькасць тых, каму ёсць справа да будучыні, сучаснасці і мінуўшчыны краіны – крытычна нізкая.
І гэтая колькасць пераважна жыве ў Мінску. Рэгіёны ж ледзьве дыхаюць, выжываюць, але баяцца, каб не было горш. Бо кожны тут сам за сябе.
Масавасць і кансалідацыя можа быць у Грузіі, Малдове, Латвіі, Польшчы, Францыі, Каталоніі…
Ды дзе заўгодна, але не ў Беларусі. Спаць хоча парламент і дзяржаўныя СМІ.
Пра які-небудзь паказушны суботнік усё раскажуць і пакажуць, а пра расстраляных культурных дзеячаў нацыянальнага масштабу – не.
Ці маюць яны ўвогуле маральная права на гэта? Ніхто не прымушае рабіць прамыя ўключэнні ці рэпартажы з “Ночы расстраляных паэтаў”. Але чаму ўзгадваецца Хатынь, але замоўчваецца гэтая ноч 37-га? У абодвух выпадках гінулі невінаватыя людзі!
Адказ на паверхні:
у грамадства няма попыту на гістарычную памяць і свядомасць.
Выключэнне – памяць пра "Вялікую Айчынную вайну". Усё астатняе клапоціць толькі невялікую купку людзей.