Хай два новыя часопісы для беларускіх дзяцей адкрыюць нам новыя гарызонты

Меркаваньні

Хай два новыя часопісы для беларускіх дзяцей адкрыюць нам новыя гарызонты

7 лістапада 2019 а 16:35

Андрэй Вашкевіч

Навіна аб тым, што ў Беларусі неўзабаве з’явяцца два беларускамоўныя дзіцячыя часопісы, не пакінула абыякавым.

Сам я вырас у рабочым раёне Гродна, дзе ў 80-х гг. беларушчыны было, мякка кажучы, малавата. Памятаю, што ў дзіцячым садку выхавацелька паходзіла аднекуль з Малдавіі, і там нават намёкаў не было на вывучэнне нават пачаткаў беларускай мовы. У

школе першыя гады было прыкладна тое самае.

Фізрука, які па прычыне свайго паходжання і ўзросту гаварыў па-беларуску, мы напаўсмяшліва напаўпагардліва называлі “дзяроўня”. 

Тым не менш,

беларускае асяроддзе было ў мяне хаця б у выглядзе бацькоў, якія заўжды “лупілі” па-свойму, ды бабулі, якая цудоўна гаварыла па-беларуску ─ “па-простаму”, хаця на пытанне аб нацыянальнасці нязменна гаварыла “усе мы тутака паляке”.

А яшчэ былі кніжкі з беларускімі казкамі, якім маці чамусці падсвядома аддавала перавагу і набывала іх для мяне.

“Піліпка-сынок”, “Сіняя світа налева пашыта” і іншыя кніжкі з цудоўнымі малюнкамі Міколы Купавы, Мікалая Селяшчука ды Валерыя Славука зачароўвалі не толькі вобразамі, але і таямнічасцю, незвычайнасцю беларускай мовы, якой у прапахлых гудронам “спальніках” вялікага горада было вельмі мала. Ну а далей была “Бярозка” з беларускамоўнымі коміксамі пра марсіянаў ды постэрамі з рок-зоркамі… 

Цяпер беларускамоўнае асяроддзе для моладзі стала яшчэ больш вузкім, чым у мяне трыццаць гадоў таму.

Гэта добра бачна па вучнях пачатковых класаў, якія прыходзяць да мяне на заняткі. Калі гадоў пятнаццаць таму яны яшчэ даволі хутка “лавілі” беларускія словы і звароты, то цяпер часам даводзіцца бачыць у вачах шчырае неразуменне. Здаецца, тлумачэнне тут даволі простае ─ дзве-тры гадзіны беларускай мовы ў школе ніяк не могуць замяніць вясковых дзеда і бабу, якіх у сучасных гарадскіх школьнікаў амаль не засталося.

Таму часта стаіш перад выбарам ─ расказаць нешта цікавае пра наша мінулае дзецям па-расійску ці патраціць большую частку занятка на тлумачэнне незразумелых словаў. 

Менавіта па гэтай прычыне мяне, скажу шчыра, уводзяць у шал выказванні пра тое, што прынцыповае гаварэнне па-беларуску ─ гэта святы абавязак кожнага беларуса. Я перакананы, што ўсім, хто рэальна хоча, каб беларуская мова ўмацоўвала свае пазіцыі ў грамадстве, трэба цвёрда ўсвядоміць ─ Беларусь ніколі не будзе беларускамоўнай. Тое, што можна было зрабіць, пачаўшы чвэрць стагоддзя таму, сёння зрабіць ужо немагчыма.

Любая спроба перавесці адразу рашуча і цалкам на беларускую мову школу, тэлебачанне, дзяржаўны апарат і г.д. будзе ўспрымацца відавочна негатыўна. 

Сёння паводле класіфікацыі ЮНЭСКА беларуская мова мае статус “уразлівай”.

Гэта прыкладна на ўзроўні башкірскай ды чувашскай моваў, але значна лепш чым у мовы ірландскай, на якой штодзённа гаворыць усяго 340 тысяч чалавек (на беларускай мове прыкладна 2 мільёны).

Гэта складаная, цяжкая, але зусім не смяротная сітуацыя. Мы, сёння маем усе падставы для таго, каб, адштурхнуўшыся ад дна моўнага заняпаду, пачаць усплываць наверх. І тут мы маем адну сур’ёзную перавагу, якой не маюць ні ірландцы, ні башкіры. 

Даследчыкі высветлілі, што родная мова забываецца за тры пакаленні. Спачатку дзеці вучацца іншай мове ў школе, але дома гавораць на мове бацькоў, гэтая мова для іх яшчэ родная. Ужо іх дзеці часцей за ўсё не ўжываюць мовы дзядоў, але ўсё яшчэ добра яе разумеюць. І вось іх дзеці забываюць ранейшую мову начыста. Відавочна, што для англамоўнага ірландца ці рускамоўнага башкіра вывучэнне мовы сваіх продкаў павінна быць свядомым учынкам, на які трэба патраціць мноства такога каштоўнага ў сучасным свеце часу. Пры чым выгоды гэтай ад працы, апрача пачуцця выкананага абавязку перад дзядамі, будуць сумнеўныя. Беларускую мову і аднавіць у памяці ці вывучыць з нуля для рускамоўнага беларуса ─  справа некалькіх тыдняў ці месяцаў, пры чым тое можа быць не цяжкая праца а, фактычна, гульня. Агулам кажучы ─ хто захоча беларускую мову вывучыць і карыстацца ёй ─ зробіць гэта вельмі лёгка. 

Адсюль відавочная задача ─ зрабіць беларускую мову настолькі моднай і патрэбнай, каб яе захацелі вывучаць. Найлепш, канешне, калі беларускамоўная адукацыя проста больш якасная, чым рускамоўная. Груба кажучы ─ гэта калі цябе тут па-беларуску добра навучаць і матэматыцы, і праграмаванню, і англійскай мове.

Сёння мы назіраем такую сітуацыю ў Мінску, дзе ў шэраг беларускамоўных гімназій стаяць чэргі, каб запісаць туды дзяцей.

І гэта пры тым, што традыцыйнае апірышча беларускамоўнай адукацыі ─  вясковыя школы ─ патроху русіфікуюцца. Выглядае дзіўна, але вытлумачальна ─

беларускамоўная вёска не ўспрымае родную мову як каштоўнасць,  а вось рускамоўны горад пачынае сваё стаўленне да мовы крышку мяняць. 

Відавочна, што той, чалавек, які ў свядомым узросце захоча вучыць беларускую мову ─ будзе чалавекам матываваным. І беларуская мова патрэбная яму як знак поспеху, адметнасці, сучаснасці, моды… чаго заўгодна. І таму вельмі важная задача ствараць на беларускай мове як мага больш самага разнастайнага кантэнту. Апошнім часам у гэтым кірунку ўсё больш працуюць і дызайнеры, і рэкламшчыкі, і музыкі. І гэта проста выдатна. 

Найлепш, аднак, калі чалавек засвойвае мову ў дзяцінстве. Для дзіцяці, фактычна, няма паняцця першай ці другой мовы і яно можа засвойваць адразу дзве мовы. Гэта адразу здымае пытанне пра матывацыю вывучэння мовы ў будучым. І няхай такіх людзей будзе няшмат, важна, каб яны былі. Тады будзе жыць і наша мова.

Вам можа спадабацца