Мінскі “Лістапад” зрабіў ужо сваё 26-е кола. Гэтым разам выпала паглядзець тры фільмы: пазаконкурсныя “Свістуны” румына Карнэлію Парумбою, “Уяўны воўк” расіянкі Валерыі Гай Германікі і “Цела божае” паляка Яна Камасы.
Ужо вядомы вынікі фестывалю.
«Золата Лiстапада» за найлепшы фільм атрымала стужка «Атлантыда» ўкраінскага рэжысёра Валянціна Васяновіча. Фільм Яна Камасы перамог у конкурсе за найлепшую рэжысуру, атрымаў спецыяльны прыз журы, а таксама здабыў прыз глядацкіх сімпатый. “Уяўны воўк” узнагароджаны дыпломам «За пашырэнне межаў візуальнага мастацтва кіно».
Карнэлію Парумбою шэсць гадоў таму ўдзельнічаў у “Лістападзе” і атрымаў прыз “за эстэтычную дзёрзкасць”.
Не без сваволі аказаліся і зробленыя ў стылістыцы неа-нуару дэтэктыўныя “Свістуны”. Імпульсам для завязкі вострасюжэтнага фільма пра паліцэйскага-карупцыянера стала мова свісту аднаго з Канарскіх астравоў – настолькі незвычайная, што некаторыя крытыкі так і не разабраліся, ці гэта праўдзівая рэч, ці фантом. Дзёрзкасцю было і тое, што на ролю галоўнага героя быў запрошаны ўзроставы нехарызматычны акцёр.

У аснове інтрыгі фільма -- вялікія грошы, якія трэба здабыць; пажылы герой упадае ў каханне да ракавой маладой брунеткі.
І гэта звычайныя сюжэтныя лініі для шматлікіх баевікоў. Выкарыстанне шаблонных сюжэтных хадоў міжволі параджае рызыку стаць надта падобным да нейкіх фільмаў-папярэднікаў. Адносіны героя з гераіняй, перанос дзеяння ў канцы фільма ў Сінгапур міжволі злёгку нагадалі сюжэтныя лініі фільма мяжы тысячагоддзяў “Пастка” з Шонам Конэры і Кэтрын Зетай-Джонс, дзеянне якога адбываецца ў Малайзіі. Такое параўнанне фільм Парумбою вытрымаць не можа. Слаба распрацаваная любоўная лінія ў фільме выглядае як своеасаблівы “прыдатак” да сюжэту, свайго роду даніна жанру...
Фільм Валерыі Гай Германікі рэалізаваны як трымценнік, нечакана артхаусны.
Але задуманы фільм як прыпавесць.
Дзве гераіні, маці і дачка (яны ж бабуля і маці), ідуць з дыскатэкі начным зімовым лесам да свайго хутара. З імі іх гадовы ўнук і сын, а хутар называецца “Небывалае”.
Ролю бабулі выконвае Юлія Высоцкая, дарэчы, выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў.

А побач нібы блукае воўк-людаед.
“Прыйдзе шэранькі ваўчок”. І ён прыходзіць. Спачатку ў выглядзе маскі-галавы, для хохмы надзетай адным з герояў. Потым у выглядзе мульцікавай карцінкі. Затым – у выглядзе убачанай дачкой анімацыі, на якой істота, падобная на гіганцкага дабермана, aka егіпецкага бога Анубіса, паядае парэшткі чалавека. А, можа, метафарычны “воўк” – гэта проста нешта “патаемнае”, што адбываецца ў гэтай сям’і?
Фільм адкрываецца пралогам пра паўстанне нейкага героя з нябыту, які нібы ўваскрэсе з мёртвых... “Уяўны воўк” заканчваецца працяглымі кадрамі, калі цягнік, у якім сядзіць дачка з сынам, ляціць у ірэальную вогненную прастору. Падчас дыскатэкі (яе галоўная гераіня – бабуля) раптам на кароткі час “разгортваюцца хлябі нябесныя”.
На лясным хутары, дзе адбываецца асноўнае дзеянне, у нейкі момант падлога, сцены і столь ходзяць ходарам – як у казцы. Але гэта казка не для дзяцей.
Паміж маці і дачкой спецыфічныя і вельмі зямныя адносіны: дачка прыехала да маці, каб папрасіць грошай (бабуля асуджальна гаворыць: “табе трэба не бабка, а бабкі”). Дыялогі маці і дачкі часта насычаны абсурднасцю і парадаксальнасцю. У нейкі момант у лесе бабуля гаворыць дачцэ, што для выратавання ад страшэннай пачвары трэба аддаць ёй на з’ядзенне.. ўнука, маўляў, зрабіць так будзе па правілах. Пераважна гэта сімвалічныя карціны і словы, якія дазваляюць гледачу інтэрпрэтаваць убачанае па-свойму.
Рэжысёрка нібыта імкнецца дыстанцыявацца ад засяроджання на сацыяльных праблемах, маскіруе іх пад двухсэнсоўнасцю і сімволікай. Аднак сцэнарый, сюжэт, героі, прагавораныя імі фразы не ў стане гэтую сацыяльную сатыру заглушыць.
Фільм паказвае, што адносіны паміж маці і дачкой добрыя толькі датуль, пакуль яны аб’яднаны агульным страхам. Як толькі страх мінае – гераіні зноў аддаляюцца адна ад адной на прывычную для іх касмічную дыстанцыю.
У фільме ўмела намяшана “ўсяго і ўсякага”. Цэласнаму ўспрыманню фільма перашкодзіла спалучэнне арыгінальных дыялогаў, насычаных моцным падтэкставым “сацыяльным гучаннем”, з проста ткі дзіцячым, аснашчаным мульцікам і анімацыяй, імкненнем расказаць утрапёным слухачам нешта вельмі-вельмі страшнае. Амаль як у піянерскім лагеры. Але, можа, я недаацэньваю шчырасць, непасрэднасць і глыбіню дзіцячых намераў і досведу?..
Фільм польскага рэжысёра Яна Камасы пабудаваны з апорай на рэальныя падзеі. Пасля вызвалення з калоніі для малалетніх дваццацігадовы Даніэль выпадкова замяняе пажылога парафіяльнага ксяндза, у якога ўзнікае патрэба падлячыцца. У выніку імшу і сакраманты на працягу пэўнага часу ў парафіі праводзіць не абазнаны і рукапаложаны законным спосабам ксёндз... а ўчорашні малады злачынца, самазванец. Не вельмі абазнаны ў рытуалах, ён інтуітыўна спрабуе нешта рабіць па-свойму -- і ў выніку гэта добра ўспрымаецца парафіянамі, стомленымі закасцянелай руцінай касцельных парадкаў. У парафіі ёсць свой “шкілет у шафе”: шасцёра маладых людзей загінулі, былі збіты машынай – і гэта доўгі час “не адпускае” іх бацькоў, якія варожа ставяцца да сёмага загінулага. Настолькі, што сёмаму загінуламу і, уласна, вінавайцу аварыі адмоўлена ў пахаванні – і яго прах дагэтуль захоўваецца дома ва ўдавы. Існуе вострае сутыкненне паміж бацькамі загінулых юнакоў і ўдавой кіроўцы, сёмага загінулага. Касцельная закрыстыянка, у якой у гэтай аварыі загінуў сын, штораз піша ўдаве, якая ў парафіі аказалася ізгоем, абразлівыя, такія не хрысціянскія, лісты-праклёны... Малады “ксёндз” становіцца на бок гнанай грамадствам удавы, спрабуе вылячыць таксама жалобу бацькоў загінулых дзяцей, але гэта настройвае іх супраць яго.

Што такое вера? Што такое дабро і што такое зло, ці яны моцна адрозніваюцца адно ад аднаго? Як мы шукаем выкуплення? Якое месца ў сучасным жыцці займаюць касцельныя інстытуцыі? Гэтыя і іншыя пытанні асэнсоўваюцца ў фільме. Заслугоўвае ўвагі выканаўца галоўнай ролі Барташ Бяленя, яму ўдалося паспяхова ўвасобіць такую незвычайную і складаную ролю.
...Перад пачаткам фестывалю генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі (студыя, паводле яго слоў, наўмысна не ўдзельнічала ў фестывалі ў конкурсе ігравога кіно) паабяцаў, што цяпер студыя будзе рыхтавацца да сусветных прэм’ер і на наступным фестывалі “выстраліць сур’ёзна”. “2020-ы год для нас будзе знакавым ва ўсіх адносінах”.
То чакаем.