Вольга Сабалеўская і Міхаіл Папоў: “смяротна пакрыўджаныя” навукоўцы

Меркаваньні

Вольга Сабалеўская і Міхаіл Папоў: “смяротна пакрыўджаныя” навукоўцы

10 лістапада 2019 а 21:29

Інэса Кур'ян

У сваіх успамінах пра розныя дробязі жыцця вядомы польскі пісьменнік Вітальд Гамбровіч напісаў неяк, што “смяротна пакрыўдзіўся на кузэна і яны год не размаўлялі”. Вядома, што ён пакрыўдзіўся, калі той шмараваў боты ў вулічнага чысцільшчыка. Гамбровіч, відаць, моцна перажываў, калі занатаваў гэта. Гэта было ў Аргентыне, быў сонечны дзень… Пры ўсёй павазе да вялікага пісьменніка, не размаўляць год – хіба ж гэта “смяротная крыўда”? Смяротная крыўда – крыўда да смерці.

… У публічнай прасторы ўсё часцей чуваць дэбаты за ці супраць смяротнага пакарання, не спыняюцца абмеркаванні рэпрэсій, якія прывялі да смерці сотняў тысяч людзей. Але пра “смяротныя крыўды” нашых вучоных гаварыць пакуль не прынята.

Як чалавек, які быў аднойчы “смяротна пакрыўджаны”, лічу, што маю права гэтую тэму закрануць.

За апошнія пару тыдняў мне на вочы патрапіліся гісторыі прынамсі дзвюх “смяротна пакрыўджаных” публічных асобаў, лёс якіх дзівосным чынам пераплятаўся міжсобку дый з маім лёсам таксама.

Прызнаюся, мяне вельмі ўразіла смерць вучонага-гісторыка Вольгі Сабалеўскай. Я асабіста яе не ведала, але боль на маім сэрцы не залежаў ад знаёмства. “Каралева беларускай іудаікі”, перспектыўная вучоная з Гарадзенскага ўніверсітэту, таленавітая, працавітая, на ўздыме сваёй навуковай кар’еры была “мэтава” звольнена, “мякка” скошана і, думаю, не без гэтай прычыны “смяротна захварэла”.

Вольга Сабалеўская (1974-2019). Адно з апошніх прыжыццёвых фота. Крыніца: Facebook.

Не кожны здольны вынесці, калі да цябе ставяцца, як да нікчэмнага бадылля.

Прыкладна ў той самы час мяне нямала здзівілі інсінуацыі вакол даўно выдадзеных у Гародні і Мінску навуковых кніжак-блізнятаў на рымска-каталіцкую тэматыку. Дыскутанты загаварылі пра магчымы плагіят.

Справа стала мне асабліва блізкай з той прычыны, што я асабіста ведала “смяротна пакрыўджанага” аўтара манаграфіі Міхаіла Папова. Пакрыўджанага і заўчасна памерлага.

Таямнічая “сумесная” манаграфія Міхаіла Папова выйшла крыху раней за яго самастойнае выданне. Падобным чынам мне давялося яшчэ ў 2006 г. выдаваць сваю “Анталогію польскай дзіцячай паэзіі”. Пра самастойную кнігу Папова можна сказаць, што гэта быў цэльны навуковы прадукт, які вызначаў перспектывы распрацоўкі тэматыкі. А вось вартасць “сумеснага” выдання нівелявалася абдрукоўкамі ды наогул кепскай падрыхтоўкай тэксту, дадаваннем непатрэбшчыны і пераўтварэннем цэласнасці ў труху.

Таму, калі вядзецца спрэчка ў сувязі са з’яўленнем дзвюх падобных кніжак, то думаю, што мы маем дачыненне не з плагіятам, а з маніпуляцыяй даробкам сумленнага навукоўца, які мог бы стаць лідарам у пэўнай навуковай тэме.

Мы не павінны маўчаць: наспела патрэба ў навуковай салідарнасці. Як бачым, адукаваным і сумленным вучоным галовы сякуцца адпрацаванымі прыёмамі, ператвараючы нашу навуку ў мёртвае поле.

Няма навукоўца – няма яго тэмы даследаванняў, няма працягу, бо няма вучняў… Ці трэба доўжыць ланцужок разважанняў далей?

На жаль, часта такія “смяротныя крыўды” пасля смерці “пакрыўджанага” залягаюць на дно. Добра, што ў выпадку Міхаіла Папова яны выплылі на яву.

Ва ўзгаданых спрэчках мільгаюць аўтарытэты ўзроўню загадчыка кафедры, прафесара, навуковага кіраўніка, аспіранта-дактаранта. Дзіка чуць, што аўтара артыкула ў навуковым часопісе за прынцыповы матэрыял пагражаюць выклікаць на дыван аж у два акадэмічныя інстытуты. Ці не памыліліся тут адрасам? Ніводная адэкватная навуковая ўстанова не можа ставіць сабе мэтай абмежаванне, а не развіццё навуковых ведаў.

Нам трэба вучыцца абараняць нашых навукоўцаў. Нехта хоча звесці гуманітарную галіну навуковых даследаванняў да нуля? Тады важнасць гэтага яшчэ больш відавочная.

Вам можа спадабацца