Чаму "кашмараць" МІУ

Грамадзтва

Чаму "кашмараць" МІУ

12 лістапада 2019 а 10:53

Аляксандр Кур’яновіч

Побач з маючымі адбыцца выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, фільмам блогера NEXTA, суботняй акцыяй на сталічнай плошчы Свабоды ўвагу прыцягнуў інцыдэнт з Мінскім інавацыйным універсітэтам — былым знакамітым Мінскім інстытутам кіравання па вуліцы Лазо. Аднаму з флагманаў прыватнай беларускай адукацыі не працягнулі акрэдытацыю па некалькіх важных спецыяльнасцях, што фактычна азначае яго закрыццё.

Самае скандальнае закрыццё недзяржаўнай ВНУ мела месца пятнаццаць год таму назад, у 2004-м, калі ўлады пазбавілі акрэдытацыі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. У 2012 годзе наступіла чарга «Энвілы». 

Пасля гэтага наступіў зацішак. Канешне, з вуснаў чыноўнікаў раз-пораз раздавалася пра тое, што такая колькасць прыватных ВНУ непатрэбная, што неабходная аптымізацыя і г.д. Далей словаў, праўда, гэта не ішло, а прыватныя ВНУ худа-бедна атрымоўвалі акрэдытацыю і працягвалі ліцэнзію.

А некаторыя, як МІТСО і той жа інстытут кіравання Сушы і больш таго: дамагліся статусу ўніверсітэту.

І вось праз сем гадоў міністэрства адукацыі пайшло ў атаку на старэйшую недзяржаўную ВНУ.

Некаторыя прычыну бачаць выключна ў асобе міністра-камуніста Ігара Карпенкі, які быццам бы вырашыў пакараць ўнівер за ідэалагічныя промахі. Менавіта такая думка была ўвасоблена на адным з плакатаў студэнтаў-забастоўшчыкаў.

Але ці з’яўляецца сам Карпенка ініцыятарам такой кампаніі?

Навошта міністру, хай і прыхільніку Леніна, зачыняць гэтую ВНУ, браць на сябе галаўны боль па пераводзе студэнтаў (а тых, хто рызыкуе застацца на вуліцы, каля 1600) у іншыя інстытуты і ўніверсітэты? 

У краіне, дзе адкрыццё і закрыццё установаў, прадпрыемстваў і музыкальных базараў, рэгулюецца на самым версе, Карпенка можа выконваць ролю не больш чым статыста.

Прычыны «наезду» на МІУ могуць мець іншы характар: па-першае, запалохаць выкладчыкаў і студэнцкую моладзь у выбарчы год.  Па-другое, разгортваецца канкурэнцыя і нават барацьба за студэнтаў.

У сувязі з дэмаграфічным крызісам некаторыя буйныя дзяржаўныя ВНУ пачалі істотна недабіраць навучэнцаў. Адначасова назіраецца перанасычанасць рынка юрыстамі і эканамістамі.

Аднак дзяржава, каб вырашаць гэтыя праблемы, не ідзе на рэальныя рэформы, а выкарыстоўвае старыя метады: зачыніць, аптымізаваць.  

Магчыма, дзяржава возьме курс на стварэнне адной буйной і цалкам падкантрольнай недзяржаўнай ВНУ. Ідэальным у гэтым сэнсе мог бы стаць Міжнародны ўніверсітэт “МІТСА” — установа адукацыі афіцыйных прафсаюзаў. У ім маецца ўся неабходная матэрыяльная база.

Цэнтральнай падзеяй у гэтай гісторыі стала, канешне, забастоўка студэнтаў.  Аўтар гэтых радкоў, які адпрацаваў у прыватных ВНУ больш за дзесяць год, можа засведчыць, што

пытанні, звязаныя з акрэдытацыяй, ліцэнзаваннем, адміністрацыя ВНУ заўсёды імкнулася вырашыць ціха, кулуарна.


І як Суша, вопытны адміністратар, не змог «дамовіцца» з міністэрствам? Што паслужыла пускавым механізмам з боку ведамства Карпенкі? Ці сапраўдны незадаволенасць уладаў сітуацыяй у МІУ, залішне «вольны» дух, студэнцкае самакіраванне? Бо наўіна меркаваць, што закрыццё МІУ адбываецца праз недахоп папяровых падручнікаў і дапаможнікаў.

Забастоўка студэнтаў МІУ адметна тым, што, безумоўна, адбылся з санкцыі і дазволу кіраўніцтва МІУ. Па-другое, на ёй ясна прагучалі палітычныя прэтэнзіі ў бок ідэалогіі, Карпенкі (чытай — Лукашэнкі), БРСМ. Падобныя публічныя закіды, як і сама забастоўка, хутчэй за ўсё, дорага абыйдуцца Сушы і яго выхаванцам.

Тое, што міністэрства, выбрала такі час атакі на МІУ, таксама невыпадкова. Наперадзе — выбары ў Палату прадстаўнікоў, які мусяць адбыцца якраз на дзень студэнта. Грамадству высылаецца недвухсэнсоўны сігнал.


 

І апошняе. У СМІ выказваецца занепакоенасць лёсам студэнтаў. Але нават пры найгоршым варыянце развіцця падзей гэтая праблема будзе вырашана. Частка студэнтаў будзе размеркавана па іншых ВНУ, хтосьці знойдзе магчымасць давучыцца сам.

Але што будзе з прафесарска-выкладчыцкім складам? Куды яны пойдуць? Для чалавека, які можа чытаць толькі лекцыі, закрыццё ўніверсітэту можа стаць сапраўднай жыццёвай драмай.

Вам можа спадабацца