Выбары як свята

Меркаваньні

Выбары як свята

12 лістапада 2019 а 17:12

Сяргей Грунтоў


Атрыбуты савецкай эпохі марудна, але непазбежна сыходзяць з нашага жыцця. Па гарадах на цэнтральных плошчах яшчэ стаяць помнікі Леніну, але растуць пакаленні, якія цьмяна ўяўляюць, хто гэта такі. 1 мая і 7 лістапада – ўсё яшчэ з’яўляюцца дзяржаўнымі святамі і выходнымі днямі, але тыя сціплыя дэманстрацыі, якія ходзяць з партрэтамі Леніна/Сталіна, выглядаюць на менскіх вуліцах заўважна больш недарэчна, чым фестывальныя рэканструктары ў сярэдневечных строях. Так справы выглядаюць на паверхні, таму што адкрытасць гэтых форм савецкага непазбежна вядзе да усведамлення дэвальвацыі іх значэння ў сучасным свеце.

Значна больш устойлівымі з’яляюцца тыя формы савецкага, якія прысутнічаюць прыхавана і артыкулююцца толькі ўскосна. Яны не трапляюць у звыклае абыдзёнае дыскурсіўнае кола, якое магло б агаліць мізэрнасць іхніх значэнняў. Больш таго, яны вядуць да дэградацыі тых зместаў і культурных форм, з якімі ўступаюць ва ўзаемадзеянне. Добры прыклад гэтага – савецкая традыцыя трактаваць выбары як свята.

У часы СССР гэта было агульнапрынятай рытарычнай нормай, якая паўтаралася ў плакатах, газетах, прамовах. У таталітарнай краіне выбары мелі рытуальны характар фармальнай легітымізацыі існуючай улады. Раз на чатыры ці пяць гадоў калектыўная воля насельніцтва давала жыццё новаму складу Вярхоўнага Савета – пастарэўшаму варыянту старога. Палітычнае поле было рытуальнай сферай у Савецкім Саюзе, сакральным топасам рэлігіі без бога. Таму магчымасць нават фармальнага дзеяння, выказвання ў ім успрымалася як нешта надзвычайнае, не-абыдзённае.

У дзень выбараў апраналіся па-святочнаму – мужчыны ў касцюмы, жанчыны ў сукенкі (прынамсі, так было ў гарадах), і ішлі на выбарчы ўчастак. Спецыяльным адзеннем, асабліва ў мужчынскім варыянце, падкрэслівалі значнасць падзеі – адзін і той жа касцюм апранаўся на вяселлі, юбілеі, хаўтуры – і на выбары. Пасля здзяйснення акту – на які нярэдка прыходзілі вельмі рана, як на службу – вярталіся дадому, дзе накрывалі стол, елі і пілі алкаголь. Святочную атмасферу падкрэслівала аздабленне горада транспарантамі і плакатамі, таксама як у іншыя дні камуністычных святаў.

Азіраючыся назад, бачыш у гэтым нешта абсурднае – што праўда, тая ж абсурднасць праступае ў любой фестывалізацыі электаральнага працэсу.  Яскравы прыклад тут – выбарчыя кампаніі ў Злучаных Штатах. Але ж не – далёка азірацца не трэба, дастаткова паглядзець наўкол, каб зразумець, што мы загразлі ў гэтай мадэлі, якая тым больш бессэнсоўная, што даўно ўжо дысфункцыянальная. У гэтыя лістападаўскія дні адчуванне абсурднасці нарастае тым больш, што паміж сабою суседнічаюць два пустыя, страціўшыя значэнне, савецкія святы – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і Дзень выбараў.

Пра тое, ці з’яўляюцца ў Беларусі выбары святам, можна было б і паспрачацца, калі б не прамое ўказанне на гэта главы дзяржавы: "Выбары заўсёды былі ў Беларусі святам. Мы павінны арганізаваць гэты працэс як святочны, але не забываць пра тое, што гэта выбары, што мы абіраем прадстаўнікоў у парламент". Ясна, што за прыведзеным выказваннем стаіць прагматычнае жаданне зрабіць выбарчыя ўчасткі прывабнымі для наведвальнікаў за кошт танных буфетаў, падарункаў тым, хто галасуе ўпершыню, і канцэртаў, як гэта звычайна і бывае. Ясна, што на ўзроўні міфалагічнага мыслення гэта выказванне можна інтэрпрэтаваць як прамое ўказанне на неабходнасць забяспечыць чарговую перамогу сіл дабра, парадку, сістэмнай улады над сіламі зла, рэвалюцыі і несістэмнай апазіцыі. Ну чым не свята?

Але наяўнасць свята не азначае, што ёсць тыя, хто яго святкуюць. І хоць, канешне, знойдуцца і такія – прадстаўнікі выбарчых камісій пасля падліку галасоў (бо ўсё гэта скончылася), асобныя прадстаўнікі старэйшага пакалення (бо ўсё гэта ніяк не скончыцца), але для большасці шараговых грамадзян ідэя неяк адначаць гэты дзень падалася б абсурднай. Таму што ўнутры канцэпта “выбары як свята” зеўрае тая ж пустка, якая даўно раз’ела іншыя камуністычныя святы, помнікі Леніну і шыльды з савецкімі назвамі вуліц на дамах. Яго ўжыванне сёння патрабуе неадкладнай рэвізіі, у якой зацікаўлены і грамадства, і ўлады – пры мінімальна крытычным поглядзе на сітуацыю. Нават калі звесці выбары выключна да акту легітымацыі дзеючай улады і дзяржаўнага строя, то і тут іх прадстаўленне ў выглядзе афектыўнага і рытуальнага акта з’яўляецца не лепшай і не самай разумнай стратэгіяй.

А да таго ж (тут дазволю сабе метафару на завяршэнне), аб’яўляючы свята, карысна памятаць і тое, што пустата, якая жыве ў бутэльцы з-пад шампанскага, гэта не тое ж самае, што пустата, якая жыве ў бутэльцы з-пад гарэлкі.

Вам можа спадабацца