Пра шкоду царкоўнаславянізмаў для нашай мовы

Рознае

Пра шкоду царкоўнаславянізмаў для нашай мовы

13 лістапада 2019 а 14:21

Юры Пацюпа

Нішто так не шкодзіць беларускай мове, як царкоўнаславянізмы. Але нават высокаадукаваныя людзі часта таго не разумеюць.

Часам кажу, нібыта запальваю чырвонае святло: «Гэта царкоўнаславянізм!» – маючы на ўвазе, што тое слова непажаданае ў нашай мове. А мне ў адказ: «Ну і што!» А калі чалавек яшчэ і праваслаўны, яшчэ і духоўнага сану, то ён часта крыўдзіцца, абражаецца: «Як! Табе не падабаецца царкоўнаславянская мова?! За што ты яе не любіш?» Ды падабаецца яна мне! Люблю я яе! Нават захапляюся. Не ў гэтым рэч.

Проста, беларуская мова і царкоўнаславянская – гэта як алей і тлушч, яны не зліваюцца ў арганічнае цэлае. Іх калі збоўтаць ды перамяшаць, то ўсё роўна нічога добрага не выйдзе. Абедзве будуць сапсаваныя. І тут нічога асабістага. Так склалася гістарычна.

Часам кажу: «У нас няма царкоўнаславянізмаў!» Мне не вераць.

Разважаюць прыкладна так. Першай пісьмовай у нас была царкоўнаславянская. Тысячу гадоў беларуская мова існуе побач. Як так, каб не было! «Ёсць! – кажуць. – Усё ёсць!» І раздражняюцца на маю ўпэўненасць. Думаюць, мова вялікая, капні – і знойдзеш. Ну не можа не быць! Часам я кажу: «Ну назавеце хоць адзін царкоўнаславянізм! І то такі, які б не меў аналагаў у старабеларускай мове ці ў дыялектах, без якога беларуская мова канечна не магла б абысціся». І нічога ўцямнага ніколі не магу пачуць. Вядома, пару-другую называюць, але ж гэта кропля ў моры, якая нічога не вызначае. Узяць тыя ж балтызмы, германізмы, лацінізмы, элінізмы ці англіцызмы, дык іх жа пачкамі можна называць, кожная група займае сваю адмысловую нішу ў мове, а тут такая галеча. Калі чалавек рацыянальны, то ён, не здолеўшы адказаць на пытанне, зведвае культурны шок. Калі ірацыянальны, то працягвае раздражняцца на мае сцверджанні.

Надоечы я задаў гэтае пытанне на Фэйсбуку ў суполцы «Толькі пра мову». З таго, што мне назвалі – толькі некалькі слоў царкоўнаславянскага паходжання можна прызнаць канечна патрэбнымі ў сучаснай беларускай мове: храм, прах, прычасце, праведнік, запаведзь. Але, варта звярнуць увагу, і гэтыя адзінкавыя царкоўнаславянізмы мы ніколі не сустрэнем у гаворках беларускіх рыма-католікаў, яны скажуць: касцёл, прох, камуня, святы (ці праўдзівы), наказ. Замацаванню названых царкоўнаславянізмаў у сучаснай літаратурнай мове мы абавязаныя перадусім усходняй традыцыі, пэўнай канфесійнай спецыялізацыі мовы. І замяніць іх пры жаданні можна, але ж пытанне не стаіць, каб не дапускаць ніводнага. Урэшце, кожнае правіла мае выняткі. Некаторыя ўдзельнікі суполкі, праціўнікі царкоўнаславянізмаў, нават прапаноўвалі заміж храм ужываць бажніца. У старабеларускіх лексіконах храм перакладаўся яшчэ прасцей – як дом. Але ў слова бажніца іншыя стылёвыя адценні, а дом не падыдзе з семантычных меркаванняў, храм – не ўсякі дом, а святыня – боскі дом. Усе астатнія царкоўнаславянізмы, якія называліся, маюць беларускія аналагі, і то даўныя, ведамыя яшчэ з XVI–XVII стст.: благодать ласка, блаженный шчаслівы, истина праўда правда справядлівасць), мятеж бунт, закалота, союз звязак (звяз), злучэнне. Заўважу, тут мы маем справу не з сінонімамі, а з дублетамі (чым яны розняцца – напішу іншым разам).

Праўда, апытанне ў Фэйсбуку нікога ні да чога не абавязвае, удзельнікі маглі проста не назваць патрэбнага. Хоць я спадзяваўся, што мае зацятыя апаненты зададуць такі чосу і пакажуць шчырыя беларускія царкоўнаславянізмы. Гэтага не здарылася. Што ж… звернемся да «Курсу беларускай мовы» П. Юргялевіча, ён цікавы тым, што мае гістарычныя каментары. Аднак тут з царкоўнаславянізмамі яшчэ большая праблема. Самыя выразныя сярод іх – гэта член, шлем, ладдзя (шахматная фігура). Але не сакрэт, што да слова член беларусы здаўна шукаюць аналагі: то сябра (партыі), то чэлес (орган), таму прызнаць яго «сваім» – не выпадае. Нібыта больш пэўны шлем, але яшчэ ў слоўніках XVII ст. была яму замена – германізм гэлм (хэлм). А ў высокім стылі да гэтай пары ўжываецца ўсходнеславянскае шолам, як у перакладзе Ліста Св. Паўла а. Надсанам: Вазьміце таксама шолам спáсення і меч Духа, каторым ё слова Божае. Ад свайго дзеда з Лідчыны я заўсёды чуў хэлм, а ад бацькі (з Касцюковічаўшчыны) – нават іранічна зменены на тутэйшы лад царкоўнаславянізм шлём. Дый ладдзя не надта талеруецца нашымі слоўнікамі – у афіцыйным РБсл (ён жа РБС) як варыянт даецца тура, у В. Ластоўскага перакладаецца як лодзь. Адным словам, заўжды (чамусьці!) маем альтэрнатыву, і не абы якую, а паўнавартую, арыгінальную.

А значная частка г. зв. царкоўнаславянізмаў, падаваная ў таго ж Юргялевіча, насамрэч ёсць паланізмамі: трэба, дрэва (а тым больш драўніна), і нават млечны (шлях). Такая блытаніна адбываецца, бо ў польскай мове, як і ў царкоўнаславянскай, ёсць няпоўнагалоссе. Нездарма з паланізмам аблокі гарманічна дзеліць адну семантычную нішу адносна нядаўна пераняты з рускай мовы царкоўнаславянізм воблака. Аднак царкоўнаславянізмаў з іншымі фанетычнымі асаблівасцямі мы, пры ўсім жаданні, не знойдзем. А. Шахматаў вылучыў дванаццаць адрозненняў царкоўнаславянізмаў, хоць насамрэч іх значна больш, і кожны ўтварае страшэнны дысананс, як толькі ўводзіцца ў тканіну беларускай мовы.

У рускай жа мове ўсё наадварот, царкоўнаславянізмы ў ёй не проста ёсць, не проста звыклая і натуральная з’ява, яны для яе – арганічныя элементы, іх нельга нічым замяніць, царкоўнаславянізмы пранізваюць рускую мову, як грыбніца. На царкоўнаславянізмах трамваецца стылістыка рускай мовы, частка яе словаўтварэння.

Некаторыя тыповыя фанетычныя рысы царкоўнаславянізмаў наступныя:

– непаўнагалосныя оро / оло: власть, плен, сладкий, хранить, краткий;

– спалучэнні ра / ла заміж ро / ло: дубрава, разный, полагаться;

– спалучэнне жд заміж ж (ці дж): вражда, жажда, чуждый, прежде;

– гук щ заміж ч: вещь, пища, помощь, освещать, сокращать, общий;

– гук е заміж о: падеж, мятеж, совершенный;

– цвёрдае зг): польза, притязать (ад -тяг-), осязать (ад -сяг-);

– галосны о на месцы ъ: совет, союз, совершать, состав, сословие, восток;

– галосны е на месцы ь: греческий, отеческий.

Сюды ж адносіцца і вялізны пласт слоў з шэрагам царкоўнаславянскія суфіксаў. Найбольш выразныя фарманты – гэта -тель: вредитель, свидетель, хранитель; -ствие: действие, препятствие, отсутствие; -изна: отчизна, дороговизна, укоризна; -знь: боязнь, жизнь, козни, приязнь; -чий: зодчий, кормчий, стряпчий; -енный: огненный, естественный, возлюбленный; -ыня: благостыня, гордыня, твердыня; прыметнікі на -есный: древесный, словесный, чудесный, телесный; рознага кшталту словы-кампазіты: злословие, дружелюбие, доброжелательный, живописный, лицедей, лихоимец. Называючы іх, вельмі важна ўлічваць розныя дробныя нюансы, і фанетычныя, і семантычныя, каб не зблытаць з падобнымі, але зусім іншай прыроды беларускімі фармантамі. Аднак спыняцца на гэтым я не буду, каб пералічыць і паказаць усе адрозненні – трэба напісаць асобную манаграфію.

У рускай мове царкоўнаславянізмы ўтвараюць стылёвыя і семантычныя апазіцыі па лініі высокае нізкае (ці паэтычнае абыдзённае): глава голова, глас голос, град город, страж сторож, хлад холод; або абстрактнае канкрэтнае (кніжнае гутарковае): бремя беременная, власть волость, глава голова, здравый здоровый, краткий короткий, мощь нет мочи, невежда невежа, падеж падёж, совершенный совершённый, равный ровный, разница в розницу, полагать положить, совет свет, хранитьхоронить, чуждый чужой; літаратурнае дыялектнае: надежда надёжа, одежда одёжка. Пры гэтым царкоўнаславянскі элемент зазвычай выступае як высокае, паэтычнае, абстрактнае, кніжнае, літаратурнае, а ўласны народны элемент – як абыдзённае, нізкае, канкрэтнае, гутарковае, дыялектнае. Хоць часам здараецца і наадварот, як у парах: плен полон, шлем шелом.

Усё, што я збольшага апісаў, адбываецца ў матэрыяльным і відомым – даступным назіранню плане: фанетычным і граматычным. А што дзеецца ў ідэальным, семантычным плане – гэта асобная тэма даследавання, пра тое можна толькі здагадвацца. А між іншым, семантыка ў такой самай меры нацыянальная, як і граматыка, хоць многія гэтага не разумеюць.

У беларускай мове ні такой колькасці, ні такога сістэмнага выкарыстання царкоўнаславянізмаў няма і не было на працягу ўсіх стагоддзяў яе існавання. Нават калі нам пры ўсіх стараннях удасца назбіраць іх дзясятак, некалькі дзесяткаў (што вельмі сумнеўна), то і ў гэтым разе яны не будуць утвараць такой мікра- ці парасістэмы, якую можна назіраць у рускай мове. Цікава, што спроба іх знайсці, хаця б для ілюстрацыі, прыводзіць да кур’ёзаў, у ход ідуць, як мы бачылі, запазычанні з польскай мовы ці проста з’явы ілюструюцца рускімі словамі.

А на сайце «Мова нанова» каб праілюстраваць царкоўнаславянізмы з гукам щ, накшталт мощь, вещь, было названа агульнаславянскае слова плашч, якое да царкоўнаславянізмаў не мае ніякага дачынення. Досыць сімвалічна, што лепшага прыкладу не знайшлося.

Такі кантраст паміж рускай і беларускай мовамі ўзнік невыпадкова і не за адзін раз, а на працягу стагоддзяў. Як гэта здарылася?

Рэч у тым, што руская мова фармавалася ў сітуацыі царкоўнаславянска-рускай дыгласіі, а беларуская – у сітуацыі царкоўнаславянска-беларускага білінгвізму. Дыгласія – гэта такая моўная сітуацыя, калі дзве мовы ўнутры аднаго калектыву функцыянуюць як адна і ўспрымаюцца як адна, але выконваюць розныя функцыі: на адной пішуць, але не гавораць, а на другой гавораць, але не пішуць. На адной выказваюць высокі, сакральны змест, а на другой, штодзённы, пабытовы, нізкі. Пры дыгласіі немажлівы пераклад з аднае парнае мовы на другую, таму немажліва той самы змест выказаць на дзвюх мовах адразу, толькі на нейкай адной. Прыкладам, тэксты Святога Пісьма пісаліся толькі па-царкоўнаславянску, затое гаварыць на гэтай мове было не прынята, гаварылі па-руску.

У сітуацыі білінгвізму ўсё наадварот: дзве мовы ўступаюць у паралельнае суіснаванне, на абедзвюх мовах прынята было пісаць і высокае і нізкае, гаварыць таксама, перакладаць з аднае на другую – у самых розных прапорцыях і варыяцыях. Пры дыгласіі дзве мовы ўзаемадапаўняюцца, суіснуюць без канкурэнцыі, пры білінгвізме – яны не могуць не канкураваць аж да той пары, пакуль адна не выцісне другую.

З моманту прыняцця хрысціянства, і на беларускіх і на рускіх, і на ўкраінскіх землях панавала сітуацыя дыгласіі, аднак не пазней, як з пачатку XVI ст. на беларускіх і ўкраінскіх землях складваецца сітуацыя білінгвізму, бо ўзнікла літаратурная простая мова, якая пачынае канкураваць з царкоўнаславянскай і проціпастаўляць сябе ёй.

Тое, што было прынята ў адной не ўхвалялася ў другой. Таму наша сучаснае непрыняцце царкоўнаславянізмаў – гэта спаўненне тых кодаў моўных паводзінаў, якія бяруць пачатак з XVI ст. Зусім інакш было ў Расіі, там дыгласія праіснавала амаль да канца XVIII ст., праўда, на працягу XVIII ст. ішло фармаванне рускай літаратурнай мовы. Мова расійскай канцылярыі (прыказаў) так і не дарасла да таго статусу, які мела простая мова ў Беларусі і ў Украіне, яна фактычна была забытая, а замест яе пачала фармавацца новая літаратурная мова на грунце царкоўнаславянскай традыцыі. Усё гэта дало падставу вядомаму славісту, гісторыку мовы Б. Унбегаўну прыйсці да высновы, што

сучасная руская літаратурная мова – гэта ў аснове сваёй царкоўнаславянская, вынік яе развіцця на рускім грунце.

У гэтым плане, піша Унбегаун, руская мова «адрозніваецца ад усіх славянскіх моў».

Да падобных высноў прыходзілі самыя аўтарытэтныя гісторыкі мовы, можа, толькі не ў такой вострай форме, і нам з гэтага трэба зрабіць свае высновы.

Нават калі не лічыць рускую мову ў аснове сваёй царкоўнаславянскай, то трэба прызнаць, што ўсе найбольш яскравыя царкоўнаславянскія элементы руская мова ўвабрала і яны служаць візітоўкай, фасадам рускай мовы (калі не падмуркам). Царкоўнаславянскую мову часам называюць старабалгарскай, і ў значнай меры гэта так, але нават сучасная балгарская мова, не ўвабрала ў сябе гэтулькі царкоўнаславянізмаў, як руская. Не кажу ўжо пра сербскую, якая амаль вызвалілася ад царкоўнаславянізмаў, хоць яны ёй і больш блізкія, чым беларускай. Адным словам,

нам няма чаго браць з царкоўнаславянскай мовы, бо ўжо ўсё, што можна было ўзяць, узяла і запатэнтавала руская мова.

Дый навошта было гэтулькі стагоддзяў вызваляцца ад царкоўнаславянізмаў, каб зноў вярнуцца да іх і закрэсліць увесь пройдзены шлях, усю моватворчую дзейнасць нашых продкаў?

Часам гучаць заклікі ўзбагаціць беларускую мову царкоўнаславянізмамі.

Так, прыкладам, разважаў Адам Багдановіч, бацька паэта, наракаючы, што нібыта беларускія адраджэнцы выпусцілі з пад увагі такую каштоўную крыніцу: «Напиши им, т.е. вам, нашенивцы, – почему они не черпают от общерусского источника», «этот источник помог бы Вам создать «высокий стиль», как он помог рассейцам».

Аднак ягоны сын, Максім Багдановіч, глядзеў на рэчы інакш і бачыў у царкоўнаславянскай мове толькі «наносны пясок», які «мёртвым слоем» закрывае ўрадлівую глебу народнага маўлення. І меў рацыю, бо нельга ўзяць тое, што ўжо ўзята, – узята рускаю мовай. Нават не проста ўзята, але і ёсць фактычна самой рускаю мовай. Гэта тое самае, што сказаць: «Вазьмеце рускую мову, каб узбагаціць беларускую».

Калі я кажу, што царкоўнаславяншчына дарэшты асвоеная і не проста асвоеная, а прыўлашчаная нашымі суседзямі, то гучаць нараканні, нібыта мы страцілі сваю, беларускую, рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы. А вось, маўляў, каб нам вярнуць нашу… то ўсё было б добра. Наіўныя спадзяванні! Настальгаваннікі па царкоўнаславяншчыне не ведаюць, што ўсё якраз наадварот. Не беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы заняпала, а руская. Менавіта беларуска-ўкраінская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы стала ўзорам для ўсіх, хто ёю карыстаўся, асабліва ў Расіі. Як гэта здарылася? Уявім сабе славянскі свет у канцы XVI – пачатку XVII стст. Чэхі даўно забыліся на стараславяншчыну, палякі ніколі да яе не звярталіся, балгары, сербы і іншыя паўднёвыя славяне ў гэты перыяд вялі змаганне з туркамі, рускія ўсё яшчэ не маглі адысці ад заняпаду прынесенага татарскай навалай, і толькі беларусы ды ўкраінцы маглі больш-менш вольна развіваць старажытную кніжнасць.

Менавіта нашы кніжнікі, Лаўрэн Зізаній, Мялеці Сматрыцкі, ствараюць у гэты перыяд першыя граматыкі царкоўнаславянскай мовы, якія становяцца ўзорнымі не толькі для славян, але і для некаторых суседніх народаў. Так што нічога мы не страцілі, яшчэ і іншым далі! Напісанне славяне, а не словяне, як было ў рускай рэдакцыі, норма вымаўлення ў рускай мове асобных слоў Бо[х], [h]осподи з фракатыўнымі гукамі – усё гэта вынікі ўплыву беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы. Аднак тая мова, нават у беларускай рэдакцыі, была дыяметральна праціўная старабеларускай «простай мове». Адрозненні розных рэдакцыяў царкоўнаславянскай мовы неістотныя, калі гаварыць пра іх агульны ўплыў на тую ці іншую мову.

Усе разважанні аб «узбагачэнні» беларускай мовы царкоўнаславяншчынай – абстрактныя. Зазвычай іх вядуць людзі, якія не ўяўляюць матэрыялу, яны не называюць і не могуць назваць ніводнага слова, ніводнай формы ў канкрэтыцы. А калі і даходзіць да канкрэтыкі, то прапановы жалю вартыя і ніякаму «высокаму стылю» не спрыяюць. Наадварот, змяшэнне беларускай мовы з царкоўнаславянскай выклікае камічны эфект – «казус трасянкі». Каб не гаварыць абстрактна, як гэта робяць мае апаненты, працытую рэплікі панамара з драмы XIX ст. «Адвячорак»:

Баславі вас Бог, рабяты,

За трапезаю мір вам,

Баславі Бог вашы хаты,

Блага вашым дай дзяцям!

……………………………

Ежа, быста, так канечна

Уста сваі развяжу,

Коль глаголяць тут бяспечна,

То Вам прытчу раскажу.

……………………………

Як Рэвэка аслы поіць,

Так вы чэстуеця мя –

Гэта ўтробе аддаць стоіць,

Стаяць за вас не драмя.

Што, апрача смеху, можа выклікаць гэты ўрывак, ушчэрць насычаны царкоўнаславянізмамі? Ведама, ёсць людзі, якія не ведаюць і не адчуваюць беларускай мовы, яе ўласнага стылю. Ёсць сведамыя шкоднікі і русіфікатары. Такім закон не пісаны, яны будуць сілком заганяць у нашу мову царкоўнаславянізмы, не чуючы, як мова крычыць супраць такога гвалту.

Мне могуць запярэчыць і прытачыць не адзін тэкст, дзе старабеларуская мова густа перасыпаная царкоўнаславянізмамі, або паказаць, што і ў адносна чыстых старабеларускіх тэкстах, трапляюцца царкоўнаславянскія элементы. У адказ я магу паказаць старабеларускія тэксты перасыпаныя польскімі словамі і граматычнымі формамі. Ну і што! Гэта ж не значыць, што паміж беларускаю і польскаю моваю няма граніцы. І адпаведна не значыць, што няма граніцы паміж старабеларускаю і царкоўнаславянскаю. Трэба адрозніваць мову і маўленне, мову і канкрэтны тэкст. Пісьменнік часам сведама, дзеля эстэтычнага эфекту (як той аўтар «Адвячорка»), а часам нясведама, уносіць у тэксты чужародныя элементы. Такія рэчы трэба адрозніваць. Калі прыватнае ад агульнага, факт ад феномена не адрознівае просты чалавек, то такой бяды. Але калі лінгвісты не бачыць розніцы паміж беларускаю мовай і царкоўнаславянскаю, то гэта катастрофа. У рускай мове граніца сапраўды размытая. І не таму, што даўней такой мяжы не было, а таму што сучасная руская мова наследуе не так уласную канцылярскую мову, як царкоўнаславянскую. Дакладней, кожную патроху, але апошнюю найболей. У нас, нягледзячы на ўсе разрывы традыцыі, ідзе простая лінія ад старабеларускай мовы да сучаснай.

Балазе, граніцу паміж беларускаю і царкоўнаславянскаю мовамі не трэба канструяваць, яна была засведчаная, і не раз, у старажытных слоўніках, ці, як тады называлі, лексіконах. Старабеларускія слоўнікі Лаўрэна Зізанія, Памвы Бярынды, ананімныя «Лексіс» і «Сіноніма славенароская» гэтую граніцу правялі так дакладна (практычна не супярэчачы адно адному), што толькі гультай і зашораны рускімі стэрэатыпамі можа яе не бачыць.

Вядома, яны не змяшчаюць усяе даўнейшай лексікі, але паводле гэтых слоўнікаў мы можам прасачыць словаўтваральныя мадэлі, агульныя тэндэнцыі. Можам параўнаць змесціва слоўнікаў з тагачаснымі тэкстамі, прасачыць, наколькі ўстойлівыя былі тыя ці іншыя з’явы ў наступныя стагоддзі, наколькі матэрыял лексіконаў аказаны ў беларускіх гаворках. Усё гэта яшчэ чакае свайго даследніка, а для нас тут важна тое, што беларуская мова ўжо ў старажытныя часы выпрацавала ўласныя эквіваленты да царкоўнаславянскай лексікі і амаль усе захавала аж да пачатку XX ст. Вяртаючыся да пачатку нашай гаворкі і канфесійнага аспекту, хачу засведчыць, што старажытныя лексіконы ўкладалі якраз праваслаўныя, таму ніякага «каталіцкага следу» шукаць у іх не варта. Для праваслаўных XVI–XVII стст. нармальным беларускім словам было ласка, а не благодать, шчаслівы, а не блаженный, святаўлівы, а не преподобный.

Гэта можа падацца дзіўным і неверагодным, але за савецкі час беларуская мова больш «царкоўнаславянізавалася», чым за ўсе папярэднія стагоддзі. Насамрэч яна проста зрусіфікавалася, але русіфікацыйнымі элементамі служылі царкоўнаславянізмы.

Сярод непатрэбных запазычанняў збольшага савецкай пары можна назваць такія царкоўнаславянізмы як абшчына, бяссонны, вобласць, вогненны, ганенне, глава, грэчаскі, жывапісец, ідалапаклонства, ісціна, мяцеж, падаўленне, падвяргацца, падвяргаць, падзенне, пасланне, прымяняць, рашаць, савет, састаў, саюз, цялесны, член. І гэта толькі малая доля з таго, што ўлілося за некалькі дзесяцігоддзяў. Ніякай патрэбы ў гэтай лексіцы не было, яна не толькі не ўзбагаціла беларускую мову, але і выжыла нашы ўласныя словы, сказіла дачыненні паміж тымі, якія захаваліся, накінула нам семантыку і стылістыку рускай мовы. Таму можна сказаць так: калі ў нас і ёсць царкоўнаславянізмы, то гэта «саветызмы» – запазычанні савецкай пары. Сама цікава тое, што «царкоўнаславянізавацца» да канца мы не можам, толькі часткова, бо поўная «царкоўнаславянізацыя» будзе азначаць поўную русіфікацыю. А гэтае «часткова» ні да чога, апрача эклектыкі, не вядзе.

Сімвалам такой эклектыкі можа служыць слова-кентаўр “добразычлівы”.

Тут да арганічна засвоенага паланізму зычлівы дадалася ў савецкія часы частка добра-, на ўзор царкоўнаславянізму доброжелательный. Але калі ў рускай мове желательный і доброжелательный – гэта словы з зусім рознымі значэннямі, то ў нас частка добра- нічога не дадае, яна таўталагічная і ўзнікла адносна нядаўна ў выніку бяздумнага і бессэнсоўнага калькавання рускага (насамрэч царкоўнаславянскага) слова. Паланізм – гэта запазычанне аднаго тыпу, царкоўнаславянізм – запазычанне зусім іншага тыпу. У іх розная эстэтыка. Што добрае можна атрымаць, злучыўшы два запазычанні, якая тут можа быць эстэтыка, які тут можа быць стыль? Для яснасці прапаную скласці раўнанне: добразычлівы = зычлівы = доброжелательный. Яшчэ пачварнейшы кентаўр – нядаўна прыдуманае “ражджаство”, тут ужо адбылося механічнае злучэнне царкоўнаславянскай фанетыкі – жд з беларускай – дж. У лагічным канцы на ўзор гэтых слоў-кентаўраў, мы можам атрымаць мову-кентаўр, нічога лепшага нас не чакае. Сюжэт варты рамана Герберта Уэлса «Востраў доктара Манро».

Часта кажуць, што мова – гэта сістэма. Але мова гэта не толькі сістэма, гэта яшчэ і гісторыя.

Ніводная натуральная мова не ўзнікае ў адзін момант, яна стагоддзямі фармуе сродкі, выпрацоўвае традыцыі, змена якіх балючая, а то і разбуральная для мовы. Мы не можам змяніць ні сваю, ні рускую гісторыю, ці памяняць іх месцамі. Так склалася гістарычна. Усё так моцна зраслося, што замена аднаго элемента вядзе да поўнай перабудовы сістэмы.

Хочам мы таго ці не, падабаецца нам ці не, але царкоўнаславянізмы – гэта самыя злосныя, самыя праціўныя духу нашай мовы русіцызмы, гэта асноўны сродак русіфікацыі.

Толькі невялікую іх долю беларуская мова можа прыняць без шкоды для свайго арганізму. Яшчэ пэўную частку яна можа цярпець, але ў агульнай масе – гэта смерць для беларускай мовы. Мы хутчэй можам засвоіць рускія народныя словы без асаблівай шкоды для здароўя беларускай мовы, але толькі не царкоўнаславянізмы. Гэта «расейшчына» ў самым горшым значэнні гэтага слова. Лепш ужо рускае, чым «расейскае».

На гэтым лінгвістычная частка нашага артыкула скончылася, але засталася яшчэ ідэалагічная. Само найменне царкоўнаславянізм або стараславянізм настройвае нас на спакойны лад, таму мы і не бачым небяспекі. Нам здаецца, быццам гэта нешта нейтральнае, «нічыё» або «ўсіхнае», крыніца, з якой можа чэрпаць кожны, хто захоча, і таму паблажліва ўспрымаем небяспеку. Затое, калі пачуем слова паланізм, то адразу насцярожваемся і гатовыя выкараняць «заразу». Прызнанне, што пэўнае слова «паланізм» нібыта прыніжае нашу годнасць, нібыта робіць нас залежнымі. І мы, чыста інстынктыўна, калі і не адпрэчваем слова, то імкнёмся давесці, што гэта «ні ў якім разе не паланізм».

А насамрэч паланізмаў у беларускай мове адносна шмат і яны засвоеныя гэтаксама арганічна, як у рускай мове царкоўнаславянізмы.

Скажу больш, яны ў нас адыгрываюць прыкладна такую самую ролю, што і ў рускай мове царкоўнаславянізмы, толькі ў значна меншых маштабах. А цяпер удумаемся. У гістарычным плане царкоўнаславянізмы – гэта балгарызмы, у сучасным – гэта русіцызмы, прытым самыя «ядроныя», самыя відавочныя – з якога боку ні паглядзі, і тое і другое, калі ўжо на тое – «не наша». Дык чым нам бліжэй «паўднёвае» ад «заходняга»? Асабліва, калі гэтае «паўднёвае» ўжо здаўна служыць знакам усходняга суседа? Гэта далёка не нічыйны матэрыял!

Вось мы часта наракаем на «цыбуліны» ў архітэктуры, абураемся, што яны знішчаюць беларускі ландшафт, русіфікуюць яго, але не бачым, не хочам бачыць, што тое самае робяць царкоўнаславянізмы ў ландшафце нашай мовы. Я не супраць «цыбулінаў» у расійскім ландшафце, там яны мне вельмі імпануюць, але я катэгарычна супраць «цыбулізацыі» беларускага ландшафту. Гэтаксама я не супраць царкоўнаславянізмаў у рускай мове, там яны вельмі прыгожыя і дарэчныя, але я супраць «царкоўнаславянізацыі» беларускай мовы. Можна быць шчырым праваслаўным і абходзіцца без «цыбулінаў» на цэрквах. Гэтаксама праваслаўнасць – не падстава для насычэння беларускай мовы царкоўнаславянізмамі. Я не супраць таго, каб царкоўнаславянская мова выкарыстоўвалася ў чыстым выглядзе, але калі ласка, не мяшайце яе з беларускай мовай! Гэта дзве абсалютна розныя граматычныя і стылёвыя сістэмы – тым і цікавыя, тым і каштоўныя, што розныя.

Вам можа спадабацца