Андрэй Казакевіч: Мала хто будзе фінансаваць Беларусь толькі за дрэнныя адносіны з Захадам

Палітыка

Андрэй Казакевіч: Мала хто будзе фінансаваць Беларусь толькі за дрэнныя адносіны з Захадам

12 сакавіка 2013 а 12:00

Хто зараз з'яўляецца лепшымi сябрамi афiцыйнага Мiнска? Якiя краiны найбольш зацiкаўлены ў супрацоўнiцтве з Беларуссю?   Пасля смерці Уга Чавеса беларускім уладам будзе складана знайсці такога блізкага саюзніка. Магчымы варыянт для пошукаў – краіны Паўднёва-Усходняй Азіі (Кітай, В’етнам ды інш.). Такое меркаванне ў размове са Службай інфармацыі “ЕўраБеларусі” выказаў кіраўнік Інстытута палітычных даследванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.
На ягоную думку, эканамічныя праекты беларускіх уладаў у такіх краінах, як Іран ці Венесуэла заглохлі па прычыне адсутнасці выразнай стратэгіі ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва. “Хутчэй, памкненні ўладаў былі скіраваныя на тое, каб сітуатыўна выкарыстаць, напрыклад, антызаходнюю палітыку той ці іншай краіны”, - заўважыў палітолаг.
Прыйшоў час зірнуць на ўсход?
Аднак чым далей, тым складаней будзе такую рыторыку эксплуатаваць. “Бо, па-першае, у свеце ёсць абмежаваная колькасць краінаў, гатовых фінансаваць Беларусь толькі таму, што яна мае дрэнныя адносіны з Захадам. А па-другое, рост колькасці такіх антызаходніх дзяржаў быў шмат у чым звязаны з прэзідэнцтвам у ЗША Джорджа Буша-малодшага, ягоным уварваннем у Ірак ды іншымі знешнепалітычнымі падзеямі такога кшталту. Зараз сітуацыя ў знешнай палітыцы больш спакойная, і да антызаходняй рыторыкі не звяртаюцца новыя дзяржавы, а старыя па розных прычынах таксама ўсё менш праяўляюць актыўнасць у знешняй палітыцы”, - патлумачыў Андрэй Казакевіч.
Ён мяркуе, што адзіны напрамак для беларускіх уладаў, на якім можна дасягнуць пэўных вынікаў праз звыклы антызаходні падыход, - гэта краіны Паўднёва-Усходняй Азіі  (Кітай, В’етнам ды інш.). “Магчыма, у гэтых краінах уладам удасца знайсці нейкае новае апірышча для сваёй знешняй палітыкі, нейкую супрацьвагу Расіі і Еўропе”, - сказаў эксперт.
Апошнім часам асабліва вялікія надзеі афіцыйны Мінск ускладаў на Кітай. “Але тут ужо адбываецца пэўная змена канцэпцыі. Бо антызаходнія пазіцыі – неістотны фактар для Кітаю. А галоўны чыннік – гэта здольнасць Кітаю інвеставаць у розныя праекты па ўсім свеце. І Беларусь мае жаданне такія інвестыцыі прыцягваць”, - падкрэсліў суразмоўца.
Ці стала Венесуэла беларускім плацдармам у Лацінскай Амерыцы?
Што тычыцца Лацінскай Амерыкі, то, на думку Андрэя Казакевіча, больш-меньш блізкім паводле сваіх памкненняў да Уга Чавеса можна лічыць прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса: “Але Балівія – маленькая ізаляваная краіна са сваімі лакальнымі інтарэсамі. І, натуральна, што эканамічны патэнцыял у гэтай краіны нязначны. Падобная сітуацыя і з Эквадорам”.
Калі ж браць краіны, якія маюць больш істотную вагу ў рэгіёне, – Бразілію, Аргентыну, Мексіку – то ніводная з іх не падыходзіць для гульняў, якія вядзе беларускае кіраўніцтва, канстатаваў палітолаг. “Бо нават калі там ва ўрадзе і з’яўляюцца людзі левых поглядаў, яны паводзяць сябе значна больш прагматычна, не праводзячы выразна антызаходнюю палітыку”, - растлумачыў ён.
Андрэй Казакевіч не выключыў магчымасці, што з беларускага боку будуць рабіцца спробы выйсці на гэтыя краіны: “Але, думаю, у лепшым выпадку ўсё абмяжуецца інтэнсіфікацыяй эканамічнага супрацоўніцтва”.
Аднак, у рэшце рэшт, пакуль не варта забывацца і на Венесуэлу. Бо, як заўважыў суразмоўца “ЕўраБеларусі”, цалкам магчыма, што пэўныя праекты будуць працягнутыя. Да таго ж не варта выключаць, што пэўнае паразуменне будзе знойдзена і з новым кіраўніцтвам гэтай краіны, якім бы яно ні было.
 
Хто гатовы набываць рыторыку?
 
Агулам невялікую колькасць саюзнікаў афіцыйнага Мінску па ўсім свеце Андрэй Казакевіч патлумачыў тым,што з боку Беларусі стаўленне да супрацы з іншымі краінамі даволі цынічнае і прагматычнае. “Бо пытанне не столькі ў тым, што наша кіраўніцтва выступае супраць вэстэрнізацыі ці глабалізацыі. Мы проста шукаем фінансы для нашай слабой эканомікі. Безумоўна, цягам пэўнага часу можна прадаваць проста рыторыку, - заўважыў ён. – Але мінаюць два-тры гады, і ў партнёраў з’яўляецца разуменне, што гэта не больш, чым цынічны падыход. Акрамя таго, існуе фактар геаграфічнай аддаленасці, адрозненасці эканомік. Краінам цяжка знайсці нейкія сутнасныя двухбаковыя зацікаўленасці”.
У такіх умовах ці не адзінай краінай, якая мае ў Беларусі стратэгічныя інтарэсы, застаецца Расія. “Расійская эліта гатовая інвеставаць у беларускі рэжым, каб захоўваць за сабою гэты плацдарм. І знайсці іншую краіну, якая была б настолькі ж зацікаўленая ў Беларусі, напэўна, немагчыма”, - сказаў Андрэй Казакевіч.

Вам можа спадабацца