Je suis Oleg Sokolov

Рознае

Je suis Oleg Sokolov

22 лістапада 2019 а 08:55

Вячаслаў Залуцкі

Беларускае грамадства адрэфлексавала забойства пецярбургскім дацэнтам сваёй аспіранткі.

Вядомы паліттэхнолаг накрапаў вершык пра “дзве жаночыя рукі”, галаву, пілу і студэнтку, якая не здала залік дацэнту. Аўтар Газеты “ARCHE” намагаўся паказаць, што Сакалоў і яго вучаніца не грэбавалі плагіятам. На тутбаі палічылі, што тут маем справу з  “трызненнем велічы”, згадалі “хворых людзей са звышкаштоўнымі ідэямі”. Тэма “зруху па фазе” a la Napoleon папулярная і ў іншых абмеркаваннях.

Але напалеонаўскі матыў у гэтай справе нічога не тлумачыць.

Тысячы мужчын забіваюць сваіх каханак, але мы ім не прыпісваем напалеонства. Застрэліў з самаробнага абрэза, вазюкаўся з пілой, быў застуканы ў самай што ні на ёсць непрэзентабельнай сітуацыі... Гора-Напалеон! Застрэліў, каб даказаць сабе, што ён не тварь дрожащая, а право имеет? Спадарства, не чытайце перад абедам Дастаеўскага, жывем у іншым тысячагоддзі!

Я ўжо не гавару, што наяўнасць у абвінавачанага псіхічнай хваробы яшчэ трэба даказаць. Пакуль гэта не будзе зроблена, датуль па змоўчанні мае дзейнічаць прэзумпцыя адсутнасці такога “зруху”.

У 2017 годзе траекторыя лёсу дацэнта перасеклася з жыццёвым маршрутам псеўдавучонага Я. Панасенкава. Абраны членам жартоўнай акадэміі ВРАЛ, Врунической академии лженаук (заслужыў!),

апошні абвінаваціў Сакалова ў плагіяце.

Фігуранты неаднаразова высвятлялі адносіны на юцюб-каналах і двойчы ў судах. Пра суд, у якім Сакалоў бараніў свой гонар, ён сам расказаў 30 кастрычніка 2019 года, за некалькі дзён да забойства Грошы на пакрыццё судовых выдаткаў

Сакалову збіраліся, дарэчы, краўдфандынгам.

Вывучэнне відэа, датычных да сутыкнення Сакалова з Панасенкавым, дазваляе паглядзець на дацэнта не толькі поглядам, які прышчапляе скандальна-рэпартажная журналістыка.

На відэа бачым  пажылога, з мяшкамі пад вачамі, олдскульнага прэпода, які імкнецца абараніць сябе і не разумее, як вартасць яго кніг можа быць пастаўлена пад сумненне.

Дзеля пацвярджэння сваёй годнасці  на другі запіс з нагоды спрэчкі з Панасенкавым летась Сакалоў прынёс свае працы. І стол літаральна аказаўся заваленым тоўстымі фаліянтамі на рускай, французскай і польскай мовах.  

                

Абвінавачаны дацэнт ні трохі не пакідае ўражання чалавека з напалеонаўскімі амбіцыямі. Пра свае працы ён гаворыць без самахвальства. Ён неаднаразова, падрабязна і вельмі паважліва выказваецца пра працы іншых даследчыкаў – і тых, чые погляды ён не падзяляе.

Сам факт таго, што ён стаў рэагаваць на такога фрыка, як Панасенкаў гаворыць пра няўпэўненасць дацэнта.

Але гэта проста немагчыма для нарцыса!

Паводзіць сябе Сакалоў на гэтых відэа як звычайны  прадстаўнік племені гуманітарыяў. Ён, выглядае, спадзяецца, што яго аргументы будуць пачуты, належным чынам успрыняты, справядлівасць здзейсніцца. Пасля перамогі ў судзе, лічыць дацэнт, усё вернецца на кругі свая. Вучоны з еўрапейскім іменем застанецца вучоным, а нахабны выскачка – выскачкам.

Сакалоў думае і паводзіць сябе як кніжнік, лох, батан і задрот.

У выніку расследавання гэтай сітуацыі я мог бы напісаць: Je suis Oleg Sokolov.

Следства выявіць матывы і акалічнасці злачынства, аднак пэўныя назіранні адносна таго, што адбывалася пасля трагічнай падзеі, маем ужо сёння. А адбывалася нешта дзіўнае.

На наступны пасля забойства дзень да Сакалова маюць прыйсці госці, труп знаходзіцца ў суседнім пакоі – але дацэнт не адмяніў візіта! Акрамя таго, трэба думаць, з гасцямі ён трымаўся вольна, нязмушана? У гэты ж дзень з ім дамаўляюцца пра запіс для тэлебачання – і ён адкладае сустрэчу на пару дзён. Як бы нічога ў яго жыцці не змянілася! Толькі праз суткі ён пачынае пазбаўляцца ад трупа. Як усё гэта можна растлумачыць?

Матывам злачынства дацэнт назваў сварку са сваёй каханай, якая пераўтварылася ў “пачвару з казкі”. Быўшы затрыманым, Сакалоў нагадвае, што ён толькі аднойчы “аступіўся ў сваім доўгім і  сумленным жыцці” і спадзяецца, што ў СІЗО ён будзе знаходзіцца ў камеры не з рэцыдывістамі-бандытамі.

Але хіба дарослы чалавек можа хоць бы мінімальна не ведаць турэмных нораваў і не разумець, што справядлівасці ў вязніцы чакаць не варта?      

Дык тое дарослы.

Але хіба Сакалоў такі? Як расцэньваць яго апантаную “гульню ў салдацікаў”?

Памятаеце, у фільме “Сцеражыся аўтамабіля” герой Смактуноўскага ў судзе гаворыць: “Адпусціце мяне, калі ласка. Я больш не буду, слова гонару”. А праўда, чаму б і не? Ёсць харошыя іванушкі-дурачкі і ёсць нехарошыя пачвары. Пачвар трэба забіваць, а харошым трэба спрыяць. Усё проста ў дзіцячым свеце.         

Савецкі лад і кінематограф узгадавалі інфантыльны тып мужчын, якія былі “ідэйнымі”, харызматычнымі, дарэшты аддадзенымі нейкай важнай справе.

У гэтых людзей ёсць “сэнс жыцця” – і яны, дарэчы, таму падабаюцца маладым рамантычным дзяўчынам. Прабачце, ну, не ў выкладчыкаў жа па хвалявых ваганнях ці аўтатрактарнай тэхніцы студэнткам закохвацца! Успомніце вялікаўзроставага мімімішачку Лукашына з “Іроніі лёсу”. У нейкай трохі складанай побытавай сітуацыі ён рэфлексіўна і па-дзіцячы выгуквае: “мама!” Прыйдзі і вырашы праблемы любімага сыночка.

Настачка ў жыцці-казцы дацэнта Сакалова раптоўна пераўтварылася ў “пачвару”, таму яе прыйшлося забіць. Але нічога асаблівага для Сакалова-інфантыла не здарылася. Гэта ж казка.

У казках, дзіцячых і галівудскіх фільмах пачвар забіваюць не простым узмахам нажа ці стрэлам, таму расчляненне – гэта дадатковая неабходная аперацыя. Вось і не дбаў Сакалоў адразу пасля забойства пра хаванне ўлік і выбудоўванне алібі. Нічога ж асаблівага не адбылося. Заўсёды можна ўсё вярнуць назад, трэба толькі махнуць чароўнай палачкай.

Ну, а калі Настачка не пачвара, а сапраўдная казачная красуня, то тады ёсць правераны спосаб. Трэба проста прыкласці галаву-ручкі-ножкі на месца і пырснуць жывой вадой. І ўсё будзе добра.

Тут і казачцы канец.

Не блытайце жыццё з казкай.

І паступайце вучыцца на аўтатрактарны.

І будзе вам шчасце.

Вам можа спадабацца