Некаторыя думаюць, што Пінк Флойд – гэта рэальная асоба.
Да такой аблуды спрычынілася сама група, у адной з песень якой ёсць нейкі Пінк. І выдуманы галоўны герой “Сцяны” таксама мае такое імя.
Франтмэны гурта Сід Барэт і Рык Райт памерлі больш як дзесяць гадоў таму.

Апошні раз сапраўдныя “флойды” былі на сцэне разам у 2005 годзе. У 2014 годзе яны выпусцілі свой апошні альбом “Бясконцая рака”, заснаваны пераважна на паберках -- раней не выкарыстаным матэрыяле.

У жніўні 2015 Дэйвід Гілмар абвесціў пра канчатковы распад групы.
Дык ці “флойды” яшчэ жывыя?
Роўна год таму я схадзіў на іх у мінскі Палац спорту. Не на сам “Пінк Флойд”, зразумела, а на іх брытфлойдаўскую рэінкарнацыю. Канцэрт быў да 45-годдзя альбома «Цёмны бок месяца».
Спачатку наш аркестр пры прэзідэнце папрактыкаваўся ў прэзентацыі рока ў класічнай форме. А пасля з’явіўся Дам’ян Дарлінгтан і таварышы.
І пайшло-паехала: “Ззяй, вар’яцкі дыямент”, «Хачу, каб ты была тут», “Грошы”, “Cвінні”, “Зручнае здранцвенне”, лазеры, надуўныя балонікі, слайды, піратэхніка.
Дарлінгтан з “Брыт Флойдам” ужо двойчы ўвайшоў у адну і тую ж раку. Да гэтага ён 17 гадоў быў у аўстралійскім флойдзе.
Флайдануты, ён іграе кампазіцыі гурта ўжо 25 гадоў.
У канцы канцэрта публіка стоўпілася ля сцэны, дэманструючы прыхільнасць да музыкаў.
Пры бліжэйшым разглядзе салістка-бландзінка з “Вялікага гігу ў нябёсах” аказалася мулаткай.
Недахопам “Брыт Флойд” з’яўляецца тое, што яны іграюць яшчэ лепш за арыгінальных. Іх рыфы адточаныя, сола размашыстыя, элегантныя і меладычныя, рэха выразнае і мнагазначнае.
Ну, і не толькі тэхніка выканання пасунулася наперад за 45 гадоў, але і проста тэхніка.
“Брыт Флойд” – гэта “Пінк Флойд”, ды не той. Ладна, пацерпім.
Выглядае на тое, што ў Беларусі “флойдаў” любяць. Учора ў Мінску зноў быў “Пінк Флойд”, у “Прайм-холе” на Праспекце Пераможцаў.
Не арыгінальныя, само сабой. І не леташнія.
Але таксама брытанскія -- “The Pink Floyd Show UK”.
У Вялікабрытаніі многа «пінк флойдаў”.
З “Цаглінай у сцяне”, трыб’ютам у гонар Барэта, да 40-годдзя альбома “Сцяна”.
Гэтыя іншыя брытанскія флойды гастралююць у Расіі, Казахстане, Азербайджане, Грузіі, вось аказаліся і ў Беларусі. Вэлкам!
...Адзіны жывы арыгінальны член групы барабаншчык Нік Мэйсан летась стварыў новую групу, каб наспеўваць музыку ранніх “флойдаў”.
У 1980-я гады Роджэр Уотэрс цягаўся за назву з Гілмарам, але гэта даўно ў мінулым.
То не так і дрэнна, што знаходзяцца ўсё новыя ахвотнікі-няфлойды ўзнаўляць гэту незвычайную музыку. Аўстралійскія перапеўнікі “флойдаў” робяць гэта з 1988 года.
Памяць пра “флойдаў” шануюць не толькі музыкі. Сід Барэт пазнаёміўся з Дэвідам Гілмарам у кэмбрыджскім пабе “Лятучая свіння”, і гэта месца важнае для аматараў гурта. Доўгі час снаваліся планы пераабсталяць паб, каб зліць яго з часткай суседніх офісных будынкаў. Аднак 14 тысяч чалавек падпісалі петыцыю. Днямі стала вядома, што паб такі будзе ўратаваны.
...Папраўдзе, тыя, хто думае, што Пінк Флойд – гэта нейкі рэальны чалавек, памыляюцца не так і моцна. Назва легендарнай групы выпадкова створана ад механічнага складання імёнаў двух сапраўдных прадстаўнікоў п’емонцкага блюзу Пінка Андэрсана і Флойда Каўнсыла, запісы якіх Барэт меў у сваёй калекцыі.
Магчыма, праз год у Мінск прыедуць аўстралійскія “флойды”? Я б схадзіў.
То скажам у духу апошніх дзён:
Каго любіш? -- Люблю “Пінк Флойд!”